У Касцюковічах знайшлі небяспечны энергетык з Расіі

Энергетычны напой з перавышэннем сінтэтычнага фарбавальніка знайшла санстанцыя ў касцюковіцкім магазіне “Тры цаны”.

Паводле даных Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі”, газіраваны энергетык “Ягуар культ” (JAGUAR CULT) з ягадным смакам змяшчаў больш за дапушчальны ўзровень сінтэтычнага фарбавальніка “Понса 4R”.

Напой быў выраблены ў Цвярской вобласці Расіі на ТАА «Юнайтэд Ботлінг груп».

Магазін “Тры цаны”, дзе знайшлі небяспечны энергетык і які месціцца ў касцюковіцкім мікрараёне Маладзёжны, належыць ТАА “Плэй Хард”. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Вырасце доля дзяржавы ў цэментных прадпрыемствах Магілёўшчыны

Дзяржава будзе валодаць большай колькасцю акцый “Беларускага цэментнага завода” і “Крычаўцэментнашыфера”.

Згодна рашэнню ўрада Беларусі, якое апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўжо ўступіла ў сілу, гэтыя прадпрыемствы, а таксама тры з іншых рэгіёнаў, перададуць свае акцыі наўзамен сумы, выдзеленай на іх падтрымку ў 2025 годзе.

За мінулы год “Беларускі цэментны завод” атрымаў 2,5 млн рублёў дапамогі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 9 млн рублёў. У першага акцыя каштуе пяць рублёў, а ў другога – дзве капейкі. Адпаведна, “Беларускі цэментны завод” перадасць 500 824 свае акцыі, а “Крычаўцэментнашыфер” – 453 315 591 акцыю.

Пры гэтым на 2019 год 98,63% акцый ААТ “Беларускага цэментнага завода” знаходзілася ў рэспубліканскай уласнасці, 0,39% – у камунальнай. Акцыямі “Крычаўцэментнашыфера” валодае кіруючая кампанія холдынгу “Беларуская цэментная кампанія”.

У дакуменце сказана, што акцыі перададуць да 1 верасня 2026 года.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Агароджы ў Краснаполлі не вытрымліваюць і тыдня, але дрэнна ўсё ў палякаў

Краснапольская газета выбрала для абмеркавання тэму платоў. У Польшчы іх будуюць, у Краснаполлі – ламаюць.

Першы апублікаваны матэрыял – трывожны рэпартаж пра тое, як Польшча будуе на мяжы новы чатырохметровы паркан з калючым дротам. Сур’ёзная геапалітыка, аналітыка, развагі пра лёсы радзімы.

Другі – слязлівы плач пра тое, што ў самім Краснаполлі платы ўздоўж вуліц Калініна, Курака і Ленінскай не вытрымліваюць і тыдня. Адрамантавалі – зламалі. Зноў адрамантавалі – зноў зламалі.

Вядучы інжынер УПКП «Жылкамунгас» разводзіць рукамі: толькі паспелі аднавіць адно, як ламаюць другое.

Адчулі дыстанцыю? Журналісты сурова хмураць бровы на польскі калючы дрот за сотні кіламетраў ад дома. Іншыя краснапольцы проста пад вокнамі рэдакцыі метадычна выломваюць дошкі з уласнага плота. 

Нагадваем, што Краснапольскі раён – адзін з самых правальных у Магілёўскай вобласці, якая сама па сабе стабільна ў аўтсайдарах амаль па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках.

Самая нізкая зарплата ў краіне – менавіта ў Магілёўшчыны, а ўнутры вобласці Краснапольскі раён у тройцы горшых з паказчыкам 1898 рублёў. На ўвесь раён – адно сельгаспрадпрыемства, ААТ «Краснапольскі», якое значыцца ў спісе неплацёжаздольных. Адзін калгас на раён – і той банкрут. Насельніцтва скарачаецца, жывёла гіне.

Усё гэта абмяркоўвалася ў Краснаполлі на знакамітай нарадзе ў Лукашэнкі – і скончылася звыклымі крыкамі «разабрацца і пасадзіць».

Пры чым тут польскі плот? Логіка простая: у нас уласная гаспадарка гадамі ў банкрутах, платы ў пасёлку не трымаюцца і тыдня, зарплата – адна з самых нізкіх у краіне. Затое ў палякаў таксама дрэнна. У нас дзірка ў штакетніку на вуліцы Ленінскай, але духоўна мы вышэй. А з платамі разбяромся. Як і з усім астатнім – да 2030 года.

Фота раённай газеты.

У Круглянскім раёне незаконна выкапалі 11 тыс. м3 пяску

Пракуратура Круглянскага раёна выявіла сумарна 11 315,48 м3 незаконна здабытага пяску.

Незаконную распрацоўку нетраў пракуроры знайшлі на чатырох аб’ектах на Кругляншчыне. Так, у адной з сельскагаспадарчых арганізацый раёна пры здабычы пяску для ўнутрыгаспадарчых мэтаў было дапушчана перавышэнне глыбіні яго выпрацоўкі больш чым у два разы, што пацягнула незаконную здабычу пяску аб’ёмам 8 796,74 м3.

Цяпер Круглянская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя павінна разлічыць шкоду, якая была нанесена ў выніку самавольнай здабычы карысных выкапняў, каб потым даць ацэнку дзеянням адпаведных службовых асобаў.

Акрамя таго, пракурорская праверка выявіла факты няякаснага правядзення рэкультывацыі ўчасткаў нетраў і неналежнай планіроўкі іх паверхняў. Было і непрыняццё мер па ахове нетраў і зямель ад засмечвання. 

Фотаздымак: Генеральная пракуратура

“Кожны мяшок, як голас” – у Быхаве пра суботнік ужо складаюць песні

У сваім адзіным парыве паўдзельнічаць у суботніку ў Быхаве дайшлі да таго, што пачалі складаць песні пра ўборку вуліц.

Паказальна, што жаданне практыкавацца ў песеннай творчасці часцей за ўсё ўзнікае ў месцах, дзе няма колькі-небудзь рэальных дасягненняў. Быхаў – якраз такі горад. Нагадваем, што нават відаўшы віды Лукашэнка, прадстаўляючы новага старшыню Быхаўскага райвыканкама Аляксандра Кісялёва заявіў, што Быхаў мае патрэбу ў навядзенні элементарнага парадку. Парадку з тых часоў больш не стала, затое песні пра гэты самы парадак складаюцца спраўна. Будзе чым адчытвацца перад начальствам, якое ў чарговы раз спытае за бардак. Тэксты быхаўскіх паэтаў-песеннікаў максімальна непатрабавальныя і ўкладваюцца ў схему “нескладушкі-неладушкі”:

Село и проспект,

Маленький город, пруд.

Где бы ни жили мы,

“Все вместе, вперед!” – маршрут.

Каждый мешок, как голос:

Я за чистоту!

За красивую страну, друзья…

Республиканский субботник!

Выходи все!

Адразу відаць, што такія песні часу адбіраюць няшмат, а карысці ад іх, між іншым, цэлы вагон. 

Фото районной газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

Цялятам у Дрыбіне вырашылі даць дах над галавой

Магілёўская вобласць дала краіне вугля на рэспубліканскім суботніку. У вёску Нікольск Дрыбінскага раёна прыехаў “губернатар” Анатоль Ісачанка і “дэпутат” Аляксандр Гарашкін, якім Лукашэнка нядаўна растлумачыў, што нават у Дрыбіне ў кароўніка можа быць дах.

Прэс-рэліз “Магілёўскіх ведамасцей” коратка тлумачыць, у чым сутнасць гістарычнага моманту. Прафілакторый у Дрыбіне «дазволіць поўнасцю адмовіцца ад вулічнага ўтрымання цялят у індывідуальных доміках і перанесці працэс пад дах».

То бок дагэтуль, усю гісторыю суверэннай Беларусі цяляты на Дрыбіншчыне жылі на вуліцы. Пад дажджом, снегам і крыху пад сонцам. І толькі цяпер у рэгіёне саспела ідэя: а што, калі ў памяшкання будзе дах?

Маштаб задумы ўражвае. Ісачанка паведаміў, што па вобласці запланавана 43 такіх прафілакторыя. Сорак тры дахі.

Гэта, безумоўна, вялікая рэгіянальная стратэгія – такая вялікая, што ўкладваецца акурат у трыццаць два гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Па даху на кожны год, плюс яшчэ крыху зверху.

Суботнік – працяг таго, як месяц таму Лукашэнка асабіста прыязджаў ратаваць Дрыбін.

Пасёлку было абяцана:

  • удваенне пагалоўя да 2030 года;
  • «зялёная вуліца» праекту;
  • «жалезная дысцыпліна»;
  • і «дакладны разлік».

На развітанне састарэламу лідару нацыі ўручылі цельную карову.

Асобную пікантнасць сітуацыі надаюць лічбы, якія сельгаспрадпрыемствы звычайна ва ўрачыстых прамовах не згадваюць.

За паўтара года Дрыбінскі раён страціў больш за 2 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 645 кароў. То бок генеральная лінія выглядае так: пагалоўе змяншаецца хутчэй, чым рост колькасці дахаў над ім.

Да 2030 года, калі тэмпы захаваюцца, на кожнае выжыўшае цяля будзе прыходзіцца па персанальным ангары, а то і два.

Рэспубліканскі суботнік – зручны момант, каб падводзіць вынікі эпохі. У Дрыбінскім раёне вынік фармулюецца так: трыццаць з лішнім гадоў улада была занята пытаннямі стратэгічнай глыбіні – выбарамі, рэферэндумамі, шматвектарнай палітыкай, барацьбой з экстрэмізмам у месенджарах.

Было проста не да дробязяў. І вось нарэшце дайшлі да самага галоўнага. Як у Булгакава: калі яны зоймуцца прамым сваім абавязкам, чысткай хлявоў ад гною, разруха знікне сама сабой.

Фота: “Могилевские ведомости”.

У Бабруйску прадаецца магазін, якому не дазволілі гандляваць алкаголем уначы

Уладальнікі магазіна “Нарасхват” вырашылі пазбавіцца ад магазіна ў Бабруйску, супраць начнога гандлю алкаголем у якім выступілі мясцовыя жыхары.

Абвестка аб продажы магазіна на вуліцы Бахарава 317 з’явілася на электроннай гандлёвай пляцоўцы “ІПМ-таргі”. За будынак плошчай 622,5 м2 просяць 599 тыс. рублёў. Першы аўкцыён па ім прайшоў акурат сёння, 17 красавіка 2026 года, але пераможца ў таргах не вызначыўся. Магчыма, цана будзе зніжана альбо ўладальнік магазіна – магілёўскае ТДА “Тібер” – зможа знайсці арандатара на ўсю яго плошчу.

Гісторыя магазіна адметна тым, што, адкрыўшы яго ў 2020 годзе, праз чатыры гады “Тібер” спрабаваў перавесці гандлёвую кропку ў фармат “24/7” з кругласутачным продажам алкагольных вырабаў. Аднак мясцовыя жыхары былі катэгарычна супраць такіх планаў. Справа нават дайшла да Эканамічнага суда, які стаў на антыалкагольную пазіцыю жыхароў. Апеляцыя ад “Тібера” ў Вярхоўным судзе таксама была разгледжана на карысць яго апанентаў.

Праработаўшы да пачатку бягучага года, магазін “Нарасхват” на вуліцы Бахарава ў Бабруйску закрыўся. “Тібер” мае яшчэ адзін магазін у раённым цэнтры каля чыгуначнага вакзала. 

Фотаздымак: ipmtorgi.by

Клімавічы будучыні: робаты, датчыкі і ўдвая больш свіней

У Клімавіцкім раёне будуецца свінагадоўчы комплекс, які пераверне ўяўленні магілёўцаў пра прагрэс. Усё аўтаматызавана, усё ў анлайне. І свіней у раёне стане ў два разы больш.

Лічбавізацыя прыйшла ў вёску дзякуючы прэферэнцыям указа Лукашэнкі «Аб мерах па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці».

Тры гады таму ў Клімавіцкім раёне ўжо запрацаваў рэпрадуктар на 3,6 тысячы свінаматак. Цяпер дабудоўваюць другую чаргу – комплекс па адкорме на 51 тысячу галоў у год.

Гатоўнасць 85 працэнтаў, увядзенне – чэрвень бягучага года. Калі пагалоўе свіней у раёне падвоіцца, вытворчасць свініны павялічыцца ў чатыры разы.

Праўда, усё гэта толькі планы. Калі абапірацца на факты, можна канстатаваць, што з кожным годам на Магілёўшчыне кратна павялічваюцца зусім не пагалоўі кароў і свіней, а абяцанні ўладаў.

Фота: “СБ”.

Крымінальны аўтарытэт з Асіповічаў кіраваў бандай тэлефонных махляроў у Мінску

У Мінску затрымана злачынная група, якая займалася тэлефонным махлярствам. Паводле інфармацыі МУС, на чале банды стаяў 44-гадовы ўраджэнец Асіповічаў – крымінальны аўтарытэт.

Затрыманне правялі супрацоўнікі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання. Акрамя асіповічаніна, за кратамі апынуліся двое яго падзельнікаў – раней судзімыя жыхары Мінска.

Тэлефонныя аферысты тэлефанавалі пажылым людзям, запалохвалі іх і выманьвалі грошы. Адна з ахвяр – 77-гадовая пенсіянерка, у якой злачынцы забралі больш за 40 тысяч рублёў.

Падчас ператрусаў у затрыманых знайшлі больш за 10 тысяч долараў наяўнымі і 12,5 тысячы пачкаў замежных цыгарэт без беларускіх акцызных марак. Гэта значыць, паралельна з махлярствам група, відаць, зарабляла і на кантрабандзе тытуню.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала МУС Беларусі.

У Бабруйску школьная заўгас папалася на крадзяжы ў дзяцей

Кулічы, ёгурты, кандытарскія вырабы і мяса спрабавала вынесці з адной з бабруйскіх школ яе загадчыца гаспадаркі.

Падазрона сябе паводзячую маладую жанчыну заўважылі падчас праверкі супрацоўнікі Бабруйскага аддзела аховы. Яна відавочна нервавалася, азіралася па баках і з цяжкасцю несла два аб’ёмныя пакеты.

Пры аглядзе рэчаў, у пакетах былі выяўленыя прадукты харчавання: кулічы, ёгурты, кандытарскія вырабы і мяса. Як высветлілася, загадчыца гаспадаркай вырашыла такім чынам разнастаіць свой рацыён за кошт школьнай каморы. Агульны кошт канфіскаванага харчавання склаў больш за 80 рублёў. У дачыненні да бабруйчанкі складзены адміністрацыйны пратакол па факце дробнага крадзяжу.

Фотаздымак: ohrana.gov.by