Вада ідзе – Друць затапіла дарогу ў Магілёўскім раёне, яна зачынена

29 сакавіка апасля абеду выявілася, што пры пад’ёме вады на рацэ Друць адбылося падтапленне ўчастка ў 10 метраў дарогі каля аўтамабільнага моста каля в. Гарадзішча Магілёўскага раёна – паведамляе абласное упраўленне надзвычайных сітуацый.

Мост размешчаны на аўтамабільнай дарозе Семукачы–Гарадзішча.

Праезд па дарозе перакрыты. Пад’езд да в. Гарадзішча ажыццяўляецца па аб’язной дарозе праз Бялыніцкі раён па трасе М-4.

Насельніцтва Магілёўшчыны стала меншым за мільён – статыстыка

На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Магілёўскага рэгіёна склала 989 703 чалавекі – паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнанні з сітуацыяй на 1 студзеня 2022 года колькасць жыхароў вобласці скарацілася на 11 142 чалавекі. Гэта больш чым цэлы Дрыбінскі, Хоцімскі альбо Краснапольскі раён – у гэтых раёнах колькасць жыхароў не сягае і 10 000 у кожным.

У параўнанні з колькасцю жыхароў рэгіёна ў 2021 годзе, насельніцтва Магілёўшчыны скарацілася на 25 140 чалавек за два гады. Гэта можна параўнаць з тым, калі б за два гады ў рэгіёне цалкам “вымер” такі горад як Крычаў і яшчэ паўтары тысячы чалавек.

Насельніцтва горада Магілёва склала, паводле стытыстыкі, крыху больш за 354 тысячы чалавек. Бабруйска – крыху больш за 209 тысяч.

Фота з адкрытых крынц.

У Магілёве прадавалі джынсы, якія “не дыхаюць”

Партыю кітайскіх жаночых джынсаў пяці розных марак забралі з продажу ў індывідуальнага прадпрымальніка ў Магілёве спецыялісты Дзяржстандарта. Выявілася, што па такім стандарце як “паветрапранікальнасць” гэтая прадукцыя мае паказнікі ў два разы ніжэйшыя за норму. Уся партыя забраная ў прадпрымальніка, а пяці маркам жаночых джынсаў забаронены ўвоз на тэрыторыю рэгіёна і рэалізацыя – паведамляе БелТА. 

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёў вярнулася зіма – фота

Снегападам накрыла і Магілёўшчыну – следам за цэнтральнай часткай краіны тут прайшоў цыклон. Мінусавыя тэмпературы на сёння і заўтра даюць спадзяванне, што яшчэ прынамсі два дні снежнай зімы будзе ў магілёўцаў сёлета. 

Бліжэй да выходных чакаецца паступовае пацяпленне да +3 +8 градусаў.

Фота: mogilev.media

Будзе вецер, мінусавыя тэмпературы – надвор’е на заўтра

29 сакавіка, у сераду, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, ноччу па ўсходзе краіны захаваюцца моцныя ападкі – снег, мокры снег, дождж.

У ноч з 29 на 30 (чацвер) сакавіка, прагназуецца ў Магілёўскай вобласці рэзкае паніжэнне начных тэмператур да -5 -6°С, месцамі пры праясненнях да -11°С.

Фота mogilev.media

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскія пляжы на Фацінскай затоцы і кар’еры ў Брадах адкрыюць для купання

Да сёлятняга сезона купання ў Магілеве будуць адкрыты 5 афіцыйных пляжаў. Летась іх было 3.

У гэтым годзе купацца будзе дазволена на пляжы Пячэрскага вадасховішча, на Святым возеры, на гарадскім пляжы ракі Днепр, а таксама на пляжы вадаёма ў вёсцы Брады і на Фацінскай затоцы Дняпра. 

Купанне ў апошніх двух месцах у мінулыя гады было забаронена, што не спыняла жыхароў Магілёва, і яны станавіліся масавымі парушальнікамі закону. Людзі цягнуліся ў спякоту да гэтых вадаёмаў, часам на гэтай глебе здараліся канфлікты з праваахоўнікамі, пра што пісалі mogilev.media. 

Найперш, трэба павіншаваць гараджан з легалізацыяй пляжа на Фацінскай затоцы. Яно лагічнае, бо вакол заліва ўжо праведзена добраўпарадкаванне: створана вулічная мэбля для адпачынку, створана ўтульная пляжная зона і месцы для паркоўкі транспарту. 

Пляж у Брадах яшчэ патрабуе навядзення парадку. 

На Магілёўшчыну ідзе шторм, будзьце асцярожныя

На Мінскай трасе зараз вось такая абстаноўка. МНС і ДАІ папярэджваюць пра неспрыяльную абстаноўку на дарогах. Снегам заваліла пераважна Міншчыну, але мінусавыя тэмпературы і ападкі паступова набліжаюцца да заходніх раёнаў Магілёўшчыны. 

Моцныя снегапады паралізуюць рух транспарта, выклікаюць пашкоджанне дрэў, ліній электраперадач, дахаў будынкаў і збудаванняў – папярэджваюць ратавальнікі. Пагэтаму рэкамендуецца пазбягаць дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі – мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў.

Пракуратура стварае пад Палыкавічамі новае гісторыка-мемарыяльнае пахаванне

У Магілёўскім раёне Генпракуратура ініцыюе прысваенне статусу гісторыка-мемарыяльнага месца брацкім магілам каля Палыкавіч – паведамляе БелТА.

Каля Палыкавічаў, што пад Магілёвам, знаходзіцца месца масавага расстрэлу і спалення больш як 10 000 мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Даследчыкі мяркуюць, што большая частка пахаваных тут людзей, гэта ахвяры Халакосту. У афіцыйных жа крыніцах у апошнія гады нацыянальная прыналежнасць забітых не праблематызуецца, іх усіх агулам залічваюць да ахвяр “генацыду беларускага народа”.

Пры Міністэрстве абароны па ініцыятыве Генпракуратуры створана міжведамасная камісія, якая вызначае памятныя ўзбуйненыя месцы пахаванняў астанкаў ахвяр генацыду.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

Дождж змыў апошні снег і пераўтварыў гарадскі пляж у Магілёве ў востраў. Фотазамалёўка.

Начныя дажджы змылі снег і абверглі прагнозы на мінімальную паводку Дняпра. Рака ўжо выйшла месцамі з берагоў у Магілёве і падтапіла гарадскі пляж.

Яшчэ пару дзён таму крыгі ад студзеньскага крыгахода ўпрыгожвалі берагі Дняпра. І здавалася, што паводка зноўку будзе мінімальнай, як і ўсе апошнія гады. Але адзін моцны дождж змыў снег з палеткаў і дазволіў Дняпру выйсці месцамі ў пойму.

Дняпро ў Магілёве ўпёрся ў мураваную набярэжную. Толькі маленькая дарожка яшчэ вядзе на тэрыторыю гарадскога парку.

Месцамі ўжо затоплены пешаходныя і веладарожкі гарадскога парку.

Ужо некалькі дзён стражытная ратуша ізноў бачыць былую веліч Дняпра.

Любавацца шырынёй паўнаводнага Дняпра ў Шклове, Магілёве, Быхаве можна будзе яшчэ некалькі дзён.