Пад Бабруйскам загінуў кіроўца фуры. Мог заснуць за стырном

Машына маркі DAF пратараніла бетонную агароджу і сутыкнулася з МАЗам, які меў паўпрычэп.

Тэлеграм-канал «Милиция Могилевщины» піша, што 49-гадовы кіроўца грузавога аўтамабіля з паўпрычэпам праігнараваў патрабаванні дарожных знакаў аб правядзенні рамонтных працаў. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы.

Па папярэдняй інфармацыі мужчына заснуў за рулём. Па факце здарэння праводзіцца праверка.

Бабруйскі суд прызначыў працяглыя тэрміны зняволення для групы абвінавачаных у «тэрарызме»

Справа разглядалася на закрытым працэсе, які пачаўся 15 ліпеня. Вырак яшчэ не набыў моцы і фармальна абвінавачаныя не сталі асуджанымі. Праўладныя медыі абвінавачаных называюць «злачынцамі» і «тэрарыстамі».

Тэлеграм-канал «MOGILEVNEWS» называе імёны абвінавачаных і тэрміны, якія ім прысудзілі.

Канстанцін Ермаловіч – 16 гадоў пазбаўлення волі;

Віталій Мінкевіч – 15 гадоў пазбаўлення волі;

Ігар Казлоў – 14 гадоў пазбаўлення волі;

Надзея Полькіна – 2 гады пазбаўлення волі;

Наталля Кед – 2 гады абмежавання волі.

Паводле «MOGILEVNEWS» ім інкрымінавалася спроба ўчынення акту тэрарызму, абраза прэзідэнта і супрацоўніцтва з арганізацыяй, якая ў Беларусі прызнаная экстрэмісцкай.

Пра матывы ўчынкаў абвінавачаных не паведамляецца.

Паводле праваабаронцаў 30 верасня абласная міліцыя выпусціла відэа, на якім Віталь Мінкевіч прызнаецца ў закладцы «вучэбных мін» на чыгунцы.

Праваабаронцы паведамляюць, што Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года і яны былі змешчаныя у бабруйскае СІЗА-5. Траіх КДБ унёс у «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

фота: wikimapia.org

У Бабруйску правалілася дарога, не вытрымаўшы маршруткі

Яміна на праезнай частцы ўтварылася ў выніку вымывання грунту вадой.

Як паведамляе  тэлеграм-канал газеты «Вечерний Бобруйск» правал утварыўся на праезнай частцы вуліцы Арджанікідзэ. Праезд па ёй перакрыты.

Асфальт праваліўся пад вагою маршруткі, якая стаяла перад чыгуначным пераездам, удакладняе выданне.

На праблемным участку дарогі працуюць камунальнікі.

У Бабруйскім раёне пачалі ставіць ахоўныя дошкі на помніках археалогіі

На тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі дзясяткаў аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пераважна гэта курганы і курганныя комплексы, размешчаныя ў лясных масівах. На іх, як правіла, няма ніякіх адзнак пра культурную каштоўнасць аб’екта, што часам вядзе да знішчэння помніка праз неабачлівасць мясцовых гаспадароў і службовых асоб.

Паводле Кодэкса аб культуры, каб знізіць пагрозу для такіх аб’ектаў, усе яны, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, павінны мець свае пашпарты і ахоўныя дошкі.

Акцыю па ўсталяванні ахоўных дошак правялі супрацоўнікі Бабруйскага лясгаса сумесна з супрацоўнікамі Нацыянальнай Акадэміі навук – напісана сайце райвыканкама.

Дошкі былі ўсталяваныя на курганных магільніках і адзінокіх курганах X – XIII стагоддзяў у Мірадзінскім лясніцтве, каля вёсак Лекерта, Брожка і іншых.

Фота: Сайт Бабруйскага райвыканкама

Бабруйск у святле афіцыйнай статыстыкі. Колькасць работнікаў і зарплата зніжаюцца, праца прадпрыемстваў з прыбыткам

Нацыянальны статыстычны камітэт падсумаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Журналісты «Вечернего Бобруйска» сабралі афіцыйныя звесткі пра сітуацыю ў сваім горадзе і вось, што выйшла.

ЗАНЯТАСЦЬ

Колькасць занятых у эканоміцы гораду ў параўнанні з 5 месяцамі 2021 году скарацілася з 85 033 да 83 696 чалавек. Мінус 1 337 чалавек. Узровень беспрацоўя «трымаецца» на – 0,4%.

ЗАРОБАК

Намінальны заробак вырас з 1074,8 да 1219,1 рублі. Плюс 144,3 рублёў. Рэальная зарплата знізілася на 7,2 працэнта.

ПРАЦА ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Праца прадпрыемстваў за пяць месяцаў 2022 году прынесла прыбытак 7485 тыс. руб. Летась гэты паказчык быў адмоўным і складаў 24479 тыс. руб.

Знізілася ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў і арганізацый гораду: з 22,5 працэнта да 12,4 працэнта, рэнтабельнасць продажаў вырасла з 4,1 працэнта да 6,9 працэнта.

ЖЫЛЛЁ

За паўгода ўведзена жытла – 23 558 кв. м. агульнай плошчы, што больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года на 8258 кв.м. Летась гэты паказчык быў – 15 300 кв.м.

ГАНДАЛЬ

Рознічны тавараабарот знізіўся на 3,1 працэнт, з 104,1 да 101 працэнты.

Фота з рэсурсу: zviazda.by

«Вялізная запазычанасць, нас высяляюць». Бабруйская арганізацыя дапамогі бяздомных жывёлам просіць аб дапамозе

Грамадская суполка «Дабрачыннасць» – гэта прытулак для бадзяжных і кінутых жывёлаў. Яе заснавальнікі пішуць, што «рахункі пустыя, ежу купляць няма за што, аплачваць гаспадарчыя выдаткі мы не можам».

«Жывёлы асуджаныя! Мы молім, падтрымайце нас! Не дапусціце высялення 80 сабак з перабывання! Не дапусціце голаду ў прытулку» гаворыцца ў звароце арганізацыі на яе старонцы «Укантакце».

«Дабрачыннасць» – недзяржаўная ўстанова, паўсталая з ініцыятывы невялікай групы людзей. Арганізацыя юрыдычна зарэгістраваная.

Прытулак не мае дзяржаўнага фінансавання. Ён арандуе больш за 11 сотак зямельнай дзялянкі, на якой размешчаныя вальеры. Яго дзейнасць трымаецца на працы валанцёраў, якія не маюць заробкаў.

У прытулку стэрылізуюць як бадзяжных, так і свойскіх жывёлаў. Акрамя прыгляду за гадаванцамі валанцёры займаюцца асветніцкай і агітацыйнай дзейнасцю. Праводзяць урокі дабрачыннасці ў школах, акцыі, экскурсіі.

фота: vk.com/public_dobrodetel

Жыхар Бабруйску знайшоў хованку з патронамі. Іх прызналі боепрыпасамі

Але з 89-ці стрэліў толькі адзін.

Па словам мужчыны на патроны ён натрапіў падчас пошуку мэталу ў кар’еры. Аб небяспечнай знаходцы паведаміў у міліцыі.

Паводле даследаванняў Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз патроны вырабленыя завадскім спосабам, з’яўляюцца боепрыпасамі, прызначанымі для стральбы з наразной агнястрэльнай зброі. Іх можна выкарыстоўваць для рэвальвераў сістэмы «Наган», аўтаматаў «АК», пісталетаў Токарава «ТТ», ручных кулямётаў і пісталетаў-кулямётаў.

Экспертамі зроблены адстрэл патронаў – адзін з 89 аказаўся прыдатным для стральбы, піша выданне «Комерческий курьер».

Прыканцы чэрвеня ў Магілёве, паведамляў тады Магілёў.media у адным з мясцовых гандлёвых цэнтраў наведніца таксама наткнулася на хованку з патронамі. З 37-мі прыдатным да стральбы аказаўся адзін.

Патроны былі схаваныя пад дэкаратыўнай пліткаю.

«Беларусбанк» малюе муралы. Адзін з іх з’явіўся ў Бабруйску

У Бабруйску манументальную мастацкую карціну назвалі «Адраджэнне».

Яе намалявалі ў межах праекту «Беларусбанка» – «Традыцыі дзеля будучыні». Ён задуманы да стогадовага юбілею фінансавай установы, як іміджавая кампанія.

Праект прадугледжвае стварэнне манументальных мастацкіх твораў у дзесяці гарадах Беларусі. Муралы акрамя Бабруйску ўжо зʼявілася ў Пінску, Мазыры і Полацку.

citydog.io

У кожным горадзе аўтары ў муралах ствараюць сучасныя сюжэты, якія натхняюць беларусаў рухацца наперад, абапіраючыся на багаты культурны бэкграўнд краіны.

У Бабруйску над муралам працавалі трое мастакоў. Ганна Дзюкава з Мінску стварыла эскіз, а перанёс яго на будынак пінскі мураліст Яўген Сасюра з калегам з Бабруйска Леанідам Ніфёдавым.

Агульная плошча іх бабруйскага твору – 400 квадратных метраў. Яго стварэнне было зрасходавана 300 кілаграмаў фарбы.

 

 

 

67 пацярпелых. Кіраўніка фірмы рытуальных паслуг вінавацяць у прысабечванні сродкаў заказчыкаў

Крымінальную справу супраць дырэктара бабруйскай фірмы рытуальных паслугаў разглядае суд Кіраўскага раёну.

Яму выстаўленыя абвінавачванні ў невыкананні абавязкаў і завалоданні грашыма заказчыкаў.

Паводле газеты «Вечерний Бобруйск» пацярпелымі прызнаныя 67 чалавек.

Справу плануюць разгледзець на працягу 2 месяцаў.

 

У Бабруйскім раёне пенсіянер разразаў снарад і выбухам яму адарвала нагу

67-гадовы мужчына снарад часоў вайны вырашыў распілаваць балгаркай.

Снарад знайшла падчас рамонтных работ сямейная пара і, каб пазбегнуць выбуху выкінула яго ў меліярацыйны канал побач з домам. Вестка пра знаходку дайшла да бацькі гаспадыні. Ён выцягнуў снарад і спрабаваў яго распілаваць, паведамляе Следчы камітэт.

Выбухам пенсіянеру адарвала частку левай нагі і ў цяжкім стане ён знаходзіцца ў шпіталі.

фото: sk.gov.by