«Галоўнае жаданне». Бабруйчанка шые лялькі, абрусы, торбы, а яшчэ яна мылавар

Мылаварствам Алена Маскалёва захапілася чатыры месяцы таму і лічыць сябе ў гэтым рамястве пачаткоўцам. Яна вынаходзіць рэцэптуру для свайго мыла і яго прадае на кірмашах. Каб дагадзіць пакупнікам дадае ў вырабы разнастайныя пігменты, аддышкі, упрыгожвае іх пялёсткамі кветак, піша «Вечерний Бобруйск».

 

«Нашы людзі любяць усё яркае, прыгожае і з бліскаўкамі»

Алена вучыцца рамяству самастойна, шукаючы патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце. Кажа, што яе мыла для сваіх патрэбаў купляюць жанчыны, больш сталага ўзросту, а яшчэ бяруць яго на падарункі дзецям і ўнукам.

«Нашы людзі любяць усё яркае, прыгожае і з бліскаўкамі», – кажа  рамесніца журналістцы 

У мылаварэнні ёй падабаецца працаваць з алеямі. Бярэ какосавы, пальмавы, аліўкавы.

Пакупнікі сталі «нейкімі адчужаным».

Мылаварства, адзначае Алена, занятак не танны. Па яе словах за час яго асваення на неабходныя рэчы ўжо патраціла 1200 рублёў. Прыбытку, прызнаецца яна, пакуль не мае.

«На дадзены момант – мылаварэнне для мяне больш задавальненне, чым заробак», – прызнаецца майстрыца.

Яна адзначае, што людзі менш купляюць такога тавару, бо не ўсе маюць на тое грошы. А яшчэ, дадае яна, пакупнікі сталі «нейкімі адчужаным».

 

«Дзеці сталі абыякавыя да прыгажосці»

Алена Маскалёва вывучалася на мастака роспісу дрэва і інкрустатара саломкі. Але па прафесіі не працавала. Звязала сваю дзейнасць з творчасцю.

Да мылаварства, на якім засяроджаная цяпер, Алена шыла лялькі. Іх таксама прадавала. Цяпер гэты занятак адышоў на другі план.

«Прычына ў тым, што дзеці сталі абыякавыя да прыгажосці, іх яна не чапляе», – дзеліцца назіраннямі майстрыца.

Паводле яе такая тэндэнцыя з’явілася, як «дзецям далі ў рукі тэлефоны». Лялькі сталі менш запатрабаваныя з-за іх кошту і таму, што частка бацькоў успрымае такія рэчы, як пылазборнікі.

Хобі мае прыносіць радасць.

Акрамя мылаварэння і лялек, Алена шые абрусы і торбачкі-шоперы, а ў будучыні плануе ўзяцца за біжутэрыю.

Яна кажа: знайсці сваё хобі, якое будзе прыносіць радасць і самарэалізоўвацца, нескладана.

«Галоўнае – жаданне, – падсумоўвае Алена, – а таксама трэба шукаць і спрабаваць».

фота: media.bobruisk.ru

У Бабруйску машынай збілі лася. Падобнае днямі здарылася ў Бабруйскім і Мсціслаўскім раёнах

Здарэнне ў Бабруйску адбылося на выездзе з гораду.

У машыне ехала маладая пара. Хлопец і дзяўчына не пацярпелі, а жывёла загінула, піша «Бобруйский курьер».

Ад удару лася адкінула з дарогі на некалькі метраў. Аўтамабіль атрымаў сур’ёзныя механічныя пашкоджанні.

Здарылася тое на шашы Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы.

Днямі ў Бабруйскім раёне была падобная гісторыя. Машынай ля вёскі Міхайлаўка збілі лася, які выйшаў на праезную частку.

Тое ж адбылося і ў Мсціслаўскім раёне.

У апошніх двух здарэннях, справакаваных дзікімі жывёламі, пацярпелі чацвёра чалавек, сярод іх дзіця.

У Бабруйску патануў 14-гадовы падлетак. Купаўся на кар’еры

Цела тапельца выратавальнікі адшукалі на глыбіні трох метраў за пяць мэтраў ад берагу. Кар’ер не быў прыдатны для купання.

Купацца ў ім пайшлі чацвёра дзяцей – родныя браты і сястра. Падлетак адышоўшы на пяць мэтраў ад берагу, нырнуў і на паверхні больш не з’яўляўся. Дзеці самі спрабавалі адшукаць пад вадой хлопца, але бясплённа.

На іхны лямант адгукнулася жанчына, якая і выклікала выратавальнікаў.

З пачатку чэрвеня ў рэгіёне патанула 18 чалавек. З іх трое дзяцей.

У Бабруйску ўзяліся адрамантаваць мост. Сродкі інвеставаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які сышоў з Беларусі

Рамонт маста праз Бярэзіну пачалі яшчэ ў канцы мінулага году. Працы трывалі да першых дзён сакавіка, а потым спыніліся на пяць месяцаў.

Тым часам, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які ў 2020 годзе выдзеліў 259 мільёнаў еўра на рамонт 12 мастоў, сярод якіх быў і бабруйскі, як пачалася вайна ва Ўкраіне згарнуў дзейнасць у Беларусі. Разам з ім сышлі і падрадчыкі, што ўзяліся рэканструяваць аб’ект.

Увесь комплекс прац вымагае амаль 90 мільёнаў рублёў. Акрамя фактычнай замены старой пераправы, узведзенай у 1957 годзе, абяцалася злучыць два бярэзінскія берагі новым мостам, піша выданне «Бобркуйский курьер».

З неабходнай на рамонт сумы з рэспубліканскага бюджэту выдзяляць 21 мільён рублёў.

Рэканструкцыю абяцаюць завяршыць у 2024 годзе.

фота: babruysk.by

У Бабруйску дамы спаборнічалі за званне «Аўталедзі-2022». Пабачце, як тое было

На ўдзел у конкурсе наважыліся толькі чатыры спадарыні: дзве кладаўшчыцы, юрысткансультантка, бухгалтарка.

Перамагла юрысткансультантка, піша інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер». Яшчэ яе адзначылі, як найхутчэйшага кіроўцу.

Траіх яе суперніц журы ўганаравала прызамі ў намінацыях «Інтэлект», «Зачараванне». Іх арганізатары яшчэ падзякавалі за ўдзел у конкурсе.

«Бобруйский курьер» адзначае: конкурс прадэманстраваў, што аўташколам ёсць над чым працаваць. Дыяганальную паркоўку па люстэрках змагла выканаць толькі юрысткансультантка. Іншыя канкурсанткі зрэзаліся або па часе або па габарытах.

фота: babruysk.by

 

 

Людзі «Z» стваралі масоўку на афіцыйнай урачыстасці ў Бабруйску. Фота з імі апублікавала мясцовая раёнка

У Бабруйску на ўрачыстасці з нагоды гадавіны вызвалення гораду ад нямецкага-фашысцкіх захопнікаў удзельнікі трымалі транспарты з сімволікай, якую выкарыстоўваюць прыхільнікі расійскага нападу на Ўкраіну. Ёю пазначаюць расійскія вайскоўцы сваю тэхніку. У некаторых краінах такія знакі забароненыя як фашыстоўскія.

Фотаздымкі з транспарантамі, на якіх была пазначана «Z» і выведзеныя надпісы «Своих не бросаем» і «Офицеры России» апублікавала газета мясцовага гарвыканкаму «Бабруйскае жыццё».

У цырымоніі ўскладання кветак удзельнічала кіраўніцтва гораду, начале з старшынём гарвыканкаму Аляксандрам Студнёвым. Праходзіла яна на плошчы Перамогі, на якой стаіць танк. Да яго і ўскладалі вянкі з кветкамі. Людзі з правакацыйнымі транспарантамі стваралі масоўку. На групавых фота вакол Студнёва людзі з такія транспарантамі побач з ім.

У Бабруйску ўшанавалі памяць аб ахвярах Халакосту. Ля мясцовай «Сцяны плачу» паставілі помнік

Месца для памятнага знаку знайшлося на тэрыторыі ўратаваных ад разбурэння рэшткаў старой сінагогі. Тут створаная музейная пляцоўка пад адкрытым небам. У Бабруйску яе называюць мясцовай «Сцяною плачу». Месціцца яна на перакрыжаванні вуліц Чонгарскай і Бахарава. 15 хвілінаў пешшу ад цэнтру гораду.

Знак выкананы ў чырвоных і чорных колерах. Ён сімвалізуе трагізм і адраджэнне. Усё – ад ідэі да дызайну – належыць кіраўніку гарадской іўдзейскай абшчыны Шаулю Хабабо, у мінулым дызайнеру, паведамляе інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер».

Адкрыццё прымеркавалі да гадавіны вызвалення Бабруйску ад нацысцкай акупацыі. На ўрачыстасць прыйшлі старшыня гарвыканкаму Аляксандр Студнёў з групай падначаленых чыноўнікаў ды кіраўнік іўдзейскіх абшчын краіны Ўладзімір Малінкін.

У Бабруйску нацысты ў 1941 годзе стварылі на тэрыторыі цяперашняга заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў гета. Яно існавала з 1 жніўня да 30 снежня. Мясцовымі ахвярамі Галакосту сталі больш за 10 тысяч чалавек. Іх масава забівалі, вывеўшы за горад.

Тавар заказвалі, але не атрымлівалі. Як працуюць махляры ў інтэрнэце

Больш за 20 жыхароў рэгіёну сталі ахвярамі махлярства. Іх страты ацэненыя ў больш чым 10 тысячаў рублёў.

Найбольш крымінальных справаў па фактах махлярства пад выглядам інтэрнэт-крамаў распачата ў Бабруйску. Мясцовыя аператыўнікі расследуюць 9 такіх злачынстваў.

Усяго ж у вобласці больш за два дзясяткі падобных крымінальных справаў, піша газета «Маяк Прыдняпроўя».

Паводле абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў пацярпелыя цікавіліся аб’явамі ў Інстаграме аб продажу садовай мэблі, надзіманых басейнаў. Удакладніўшы ў махляроў пытанні аб тавары, перапісваючыся з імі ў інтэрнэце, пералічвалі 100 працэнтаў перадаплаты, але замоўленай рэчы не атрымлівалі.

 

У Бабруйску адкрываецца “Вянок дружбы” – калісьці прадстаўнічы фальклорны фэст

Фестываль народнай творчасці праходзіць у Бабруйску пачынаючы з 2003 года. Да пандэмічнага 2020 года ён збіраў удзельнікаў з дзясяткаў краін і розных кантынентаў. Праграма традыцыйна складаецца з канцэртных праграм, вулічных мерапрыемстваў і знаёмства з нацыянальнымі кухнямі гасцей.

фота: bobruisk.by

Сёлета фестываль будзе праходзіць з 23 па 27 чэрвеня. На ім чакаюцца госці з Расіі і Азербайджана. Праграма ўключае гала-канцэрт 24 чэрвеня на “Бабруйск-арэне”, Open-air з удзелам расійскіх і беларускіх дыджэяў і фестываль ежы 25 чэрвеня. Урачысты канцэрт-закрыццё фестываля пройдзе 26 чэрвеня таксама на “Бабруйск-арэне”. 

Больш падрабязнасцяў пра праграму сёлетняга фэсту – у афішы мерапрыемства.

У бабруйскай краме наведнікам раздаюць жывёлаў. Бясплатна

У Бабруйску працуе незвычайная заалагічная крама. У ёй не прадаюць жывёлаў, а аддаюць.

Месціцца яна ў гандлёвым цэнтры «Карусель». Штодня ў краме праводзіцца выставы жывёлаў, якія шукаюць сабе дом. Любы ахвотны можа ўзяць сябе ўпадабанага звярка бясплатна.

 

Інтэрнэт-выданьне «Бобруйский курьер» піша, што такая крама адзіная ў Беларусі. Яе заснавальніца – бабруйчанка, зааваланцёрка Алёна Граўцава.

Па яе словах яна доўга шукала памяшканне пад краму. Арэндадаўцы адмаўлялі ёй прадстаўляць плошчу, калі даведваліся пра жывёлаў.

Пагадзіліся, кажа яна, толькі ў гандлёвым цэнтры «Карусель». Да гэтага валанцёрка праводзіла ў ім дабрачынныя выставы бяздомных жывёлаў. На іх наведнікі маглі разжыцца гадаванцам.