Магілёўскае прадпрыемства гатовае абшываць расійскіх сілавікоў. Прадукцыю паказвала на выставе Міністэрства абароны Расіі

Акцыянернае таварыства «Магатэкс», якое лічыцца лідарам тэкстыльнай галіны Беларусі, шукае заказы для загрузкі сваёй вытворчасці.

Вядома, што «Магатэкс» другі год запар спрацоўвае ў мінус. Па выніках 2021 года чыстыя страты перавысілі 6 мільёнаў рублёў. Годам раней было прыкладна мінус 15 мільёнаў, пісаў Магілёў.media.

У ліпені быў звольнены з пасады шматгадовы кіраўнік прадпрыемства Віктар Маціевіч. На яго месца паставілі былога намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандра Пацёмкіна. Ён, як вынікае з ягонай біяграфіі, найдаўжэй працаваў чыноўнікам – 8 гадоў. У прамысловасці на розных кіроўных пасадах доўга не затрымліваўся.

«Магатэкст» шукае пакупнікоў сваёй прадукцыі пераважна на расійскім рынку. Прадпрыемства і раней прадавала там багата вырабаў.

На ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2022», які шмат год склікае Міністэрства абароны, магілёўскае прадпрыемства прадставіла тканіну для дэмісезоннай і зімовай формы супрацоўнікаў сілавых структур і форменнае адзенне з іх, а таксама іншыя віды тканіны, з рознымі відамі ахоўных і спажывецкіх уласцівасцяў, зацверджаных у сілавых ведамствах.

На сайце «Магатэкс» напісана, што выстава ў Падмаскоўі для яго – «адна з ключавых пляцовак для дэманстравання як традыцыйных класічных узораў прадукцыі, так і перспектыўных распрацовак».

Да вайны ва Ўкране «Магатэкс» ездзіў на выставы ў Еўропу. У 2017 годзе прадстаўнікі прадпрыемства пабывалі ў Германіі. Паведамлялася, што там былі перамовы аб пастаўцы тканін і атрыманні заказаў на пашыў гатовых вырабаў у Польшчу, Германію, Кітай, Грэцыю, Украіну, Сербію, Партугалію, Італію, Румынію, Вялікабрытанію, Ірландыю, Данію, Латвію, Венгрыю, Канаду.

У тым жа годзе «Магатэкс» паказваў сваю прадукцыю ў Чылі і разлічваў мець заказы для сілавых структураў краін Паўднёвай Амерыкі.

фота: mogotex.com

«Галоўнае жаданне». Бабруйчанка шые лялькі, абрусы, торбы, а яшчэ яна мылавар

Мылаварствам Алена Маскалёва захапілася чатыры месяцы таму і лічыць сябе ў гэтым рамястве пачаткоўцам. Яна вынаходзіць рэцэптуру для свайго мыла і яго прадае на кірмашах. Каб дагадзіць пакупнікам дадае ў вырабы разнастайныя пігменты, аддышкі, упрыгожвае іх пялёсткамі кветак, піша «Вечерний Бобруйск».

 

«Нашы людзі любяць усё яркае, прыгожае і з бліскаўкамі»

Алена вучыцца рамяству самастойна, шукаючы патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце. Кажа, што яе мыла для сваіх патрэбаў купляюць жанчыны, больш сталага ўзросту, а яшчэ бяруць яго на падарункі дзецям і ўнукам.

«Нашы людзі любяць усё яркае, прыгожае і з бліскаўкамі», – кажа  рамесніца журналістцы 

У мылаварэнні ёй падабаецца працаваць з алеямі. Бярэ какосавы, пальмавы, аліўкавы.

Пакупнікі сталі «нейкімі адчужаным».

Мылаварства, адзначае Алена, занятак не танны. Па яе словах за час яго асваення на неабходныя рэчы ўжо патраціла 1200 рублёў. Прыбытку, прызнаецца яна, пакуль не мае.

«На дадзены момант – мылаварэнне для мяне больш задавальненне, чым заробак», – прызнаецца майстрыца.

Яна адзначае, што людзі менш купляюць такога тавару, бо не ўсе маюць на тое грошы. А яшчэ, дадае яна, пакупнікі сталі «нейкімі адчужаным».

 

«Дзеці сталі абыякавыя да прыгажосці»

Алена Маскалёва вывучалася на мастака роспісу дрэва і інкрустатара саломкі. Але па прафесіі не працавала. Звязала сваю дзейнасць з творчасцю.

Да мылаварства, на якім засяроджаная цяпер, Алена шыла лялькі. Іх таксама прадавала. Цяпер гэты занятак адышоў на другі план.

«Прычына ў тым, што дзеці сталі абыякавыя да прыгажосці, іх яна не чапляе», – дзеліцца назіраннямі майстрыца.

Паводле яе такая тэндэнцыя з’явілася, як «дзецям далі ў рукі тэлефоны». Лялькі сталі менш запатрабаваныя з-за іх кошту і таму, што частка бацькоў успрымае такія рэчы, як пылазборнікі.

Хобі мае прыносіць радасць.

Акрамя мылаварэння і лялек, Алена шые абрусы і торбачкі-шоперы, а ў будучыні плануе ўзяцца за біжутэрыю.

Яна кажа: знайсці сваё хобі, якое будзе прыносіць радасць і самарэалізоўвацца, нескладана.

«Галоўнае – жаданне, – падсумоўвае Алена, – а таксама трэба шукаць і спрабаваць».

фота: media.bobruisk.ru