Бабруйчан запрашаюць абменьвацца раслінамі

Першы ў гэтым годзе і шосты па ліку бабруйскі абмен раслінамі пройдзе 15 сакавіка.

Як сцвярджае komkur.info, папярэднія абмены паказалі, што цікавасць да такіх мерапрыемстваў у бабруйчан вялікая, таму яго арганізатар Марына Сячкова вырашыла працягнуць добрую традыцыю і сёлета.

“На абмен, як звычайна, можна прыносіць насенне, тронкі, маленькія і вялікія расліны пакаёвыя і садовыя. Можна нічога не прыносіць, а проста ўзяць сабе любую ўпадабаную расліну. Таксама можна ўладкаваць непатрэбныя гаршкі, зямлю і іншы садовы інвентар. Усе выкладваецца на агульны стол і кожны бярэ тое, што спадабалася. Расліны прыносім да 16:30. Мерапрыемства бясплатнае. У каго ёсць жаданне, можна пакінуць ўзнагароджанне”, – кажа яна. 

Гэтым разам «жывы абмен» пройдзе 15 сакавіка з 15 да 17 гадзін па ранейшым адрасе: вул.Савецкая, 45 (другі паверх направа, першыя дзверы злева, Студыя «Эйва»)

У рамках мерапрыемства з 16.00 да 16.30 адбудзецца міні майстар-клас па вырабе гарбаты з кветак пладовых дрэў і не толькі. 

Таксама жадаючыя абмяняцца раслінамі заўсёды могуць далучыцца да тэлеграм-каналу “Абмен раслінамі. Бабруйск”.

Фотаздымак: komkur.info

У Бабруйску адбылася масавая бойка беларускіх хакеістаў з рускімі

Гульня бабруйскага “Дынама-Шынніка” з “Дынама” з Санкт-Пецярбурга завяршылася маштабнай бойкай.

Хакейны матч адбыўся 26 лютага ў межах рэгулярнага чэмпіянату МХЛ (Моладзевая хакейная ліга), і завяршыўся лікам 2:3 на карысць расійскіх гасцей. 

Як паведамляе hockey.by, пасля завяршэння серыі булітаў некалькі супернікаў адзін за адным сталі чапляць і правакаваць форварда бабруйчан Дзмітрыя Хабяна. Ён не рэагаваў на правакацыі, але пазбегнуць масавай бойкі ўсё ж не ўдалося.

Пасляматчавы поціск рук быў адменены. Па выніках інцыдэнту суддзі выпісалі камандам у суме 131 хвіліну штрафу (52 – «Дынама-Шынніку» і 79 – «Дынама» СПб).

Прынцыповасці супрацьстаяння дадаваў той факт, што каманды ідуць побач у турнірнай табліцы. “Дынама-Шыннік” з 66 ачкамі займае сёмае месца ў табліцы Залатога дывізіёна (у плэй-оф праходзяць восем каманд). У» Дынама ” Санкт-Пецярбург 64 балы і восьмы радок.

Скрыншот: ТГ “Хоккей Беларуси | Hockey.by”

Злачыннасць у Магілёўскім раёне амаль удвая вышэй чым па вобласці

Нягледзячы на зніжэнне злачыннасці ў Магілёўскі раёне, яна застаецца амаль удвая вышэйшая чым ў сярэднім па Магілёўскай вобласці.

 

У распараджэнні арганізацыі былых сілавікоў BELPOL аказаўся ўнутраны дакумент МУС, які адлюстроўвае рэальную крымінальную сітуацыю ў Магілёўскім раёне. Афіцыйная статыстыка дэманструе пэўнае зніжэнне агульных паказчыкаў, аднак дэталёвы аналіз сведчыць пра наяўнасць устойлівых і трывожных тэндэнцый.

Менш злачынстваў, але не менш рызык

 

Паводле справаздачы, у 2025 годзе ў раёне зарэгістравана 473 злачынствы супраць 530 у 2024-м (-10,8%). Зменшылася і колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах – з 61 да 48 (-21,3%). Не зафіксавана забойстваў (годам раней іх было тры), істотна скарацілася і колькасць кіберзлачынстваў – з 85 да 59 (-30,6%).

 

Аднак агульнае зніжэнне не змяняе галоўнага: узровень злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва складае 120,2 выпадка, што амаль удвая больш за сярэдні па Магілёўскай вобласці (72,9).

Рост цяжкіх злачынстваў і рэцыдыву

 

На фоне агульнага змяншэння колькасці злачынстваў павялічылася доля цяжкіх і асабліва цяжкіх – з 68 да 73 (+7,4%). Адначасова вырасла і рэцыдыўная злачыннасць: колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, павялічылася з 142 да 156 (+9,9%).

 

Асобна адзначаецца рэзкі рост групавых злачынстваў – з 23 да 46. Фактычна іх колькасць падвоілася, што можа сведчыць пра пагаршэнне сацыяльнага асяроддзя і слабасць прафілактычнай працы.

Хатні гвалт і алкаголь

 

Адной з найбольш трывожных тэндэнцый стаў рост злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам – з 17 да 24 (+41,2%). Пераважная большасць з іх (21 з 24) учынена ў стане алкагольнага ап’янення.

 

У справаздачы таксама адзначаецца павелічэнне колькасці злачынстваў гэтай катэгорыі, учыненых жанчынамі, а таксама з’яўленне фактаў гвалту ў дачыненні да пажылых людзей.

 

У якасці «прафілактычнай меры» працягваецца накіраванне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У 2025 годзе ў ЛПП ізалявана 55 чалавек (52 — у 2024-м). Пры гэтым аналіз доўгатэрміновай эфектыўнасці такой практыкі ў дакуменце адсутнічае.

Крадзяжы: змяненне структуры

 

Агульная колькасць крадзяжоў знізілася са 148 да 138 (-6,8%). Аднак колькасць крадзяжоў з жылля, наадварот, вырасла — з 68 да 79 (+16,2%). Усё часцей аб’ектамі становяцца кватэры і прыватныя дамы, што непасрэдна ўплывае на адчуванне бяспекі жыхароў.

Праблемы ў аграрным сектары

 

Справаздача закранае і сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. У 2025 годзе ў раёне загінула 1 447 галоў буйной рагатай жывёлы супраць 1 157 годам раней. Асноўнымі прычынамі названы парушэнні тэхналогій кармлення і ўтрымання, а таксама недастатковая прафілактыка захворванняў.

 

Больш за палову страт (53,3%) прыпадае на цялят ва ўзросце да шасці месяцаў, што сведчыць пра сістэмныя праблемы ў кіраванні галінай.

 

Як лічаць у BELPOL, справаздача па Магілёўскім раёне дэманструе характэрную для сучаснай Беларусі сітуацыю: фармальнае зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў суправаджаецца ростам цяжкіх, рэцыдыўных і сацыяльна небяспечных правапарушэнняў. На гэтым фоне ўзровень злачыннасці застаецца амаль удвая вышэйшым за сярэднеабласны, што ставіць пад сумнеў аптымістычныя ацэнкі афіцыйнай статыстыкі.

 

Выява: BELPOL

На Магілёўскім аддзяленні БЧ стварылі небяспечную схему дастаўкі ваенных грузаў

На станцыі Навадворцы Магілёўскага аддзялення БЧ плануецца грузіць і выгружаць асабліва небяспечныя грузы для ваеннага “Завода корпусных вырабаў”.

 

Як піша “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”, у Слуцкім раёне Мінскай вобласці будуецца ЗАТ «Завод корпусных вырабаў» (ЗКВ) — прадпрыемства для масавай вытворчасці артылерыйскіх і рэактыўных боепрыпасаў. Аб’ект мае стратэгічнае значэнне ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны і ўключанасці Беларусі ў ваенную лагістыку РФ.

 

Завод узводзіцца на тэрыторыі былога арсенала каля вёскі Паўлаўка, дзе ў 1996 годзе адбыўся маштабны выбух боепрыпасаў. Нягледзячы на гэта, у 2023 годзе па сакрэтным распараджэнні беларускага дыктатара № 181-рп-с тут пачалося будаўніцтва новай ваеннай вытворчасці (праект «Участак»). Паводле расследавання BELPOL, плануецца выпуск не менш як 120 тысяч снарадаў для РСЗА «Град» і каля 120 тысяч артылерыйскіх стрэлаў калібру 152 мм штогод.

Лагістыка з падвышанай рызыкай

 

Першапачаткова разглядалася будаўніцтва пад’язнога чыгуначнага шляху непасрэдна да завода. Такая схема мінімізавала б перагрузкі і выключала транспарціроўку выбуховых рэчываў па дарогах агульнага карыстання. Аднак ад яе адмовіліся з меркаванняў эканоміі і тэрмінаў.

 

Замест гэтага каля станцыі Навадворцы Магілёўскага аддзялення БЧ пабудавана асобная пагрузачна-разгрузачная рампа. Адлегласць да завода — больш за 40 кіламетраў. Сыравіну і гатовую прадукцыю плануюць дастаўляць аўтамабільным транспартам.

 

Такім чынам, пагрузка і разгрузка выбуховых рэчываў і боепрыпасаў, а гэта найбольш небяспечны этап, вынесены за межы прадпрыемства і разарваны з ім дзясяткамі кіламетраў аўтамабільных маршрутаў, у тым ліку побач з населенымі пунктамі.

Эканомія замест бяспекі

 

Паводле базавай логікі прамысловай бяспекі, перагрузачныя аперацыі павінны адбывацца на тэрыторыі вытворцы або ў межах спецыялізаваных ваенных аб’ектаў. У дадзеным выпадку небяспечны груз дадаткова двойчы перавозіцца аўтатранспартам, што павялічвае сумарныя рызыкі.

 

Будаўніцтва рампы ажыццяўлялася сіламі БЧ (выканаўца ААТ «Дарбудмантажтрэст»), але пасля завяршэння ўзнікла пытанне, хто будзе балансаўладальнікам. Паводле наяўнай інфармацыі, ні БЧ, ні ЗКВ не гатовыя прыняць аб’ект на баланс. У выніку рампа павышанай небяспекі фактычна застаецца без выразна вызначанай адказнасці.

 

Рэалізаваная на Магілёўскім аддзяленні БЧ схема лагістыкі стварае зону падвышанай аварыйнай рызыкі: пагрузачная інфраструктура вынесена за дзясяткі кіламетраў ад вытворчасці, боепрыпасы будуць перавозіцца па дарогах агульнага карыстання, а пытанне адказнасці за эксплуатацыю рампы не вырашана. Усё гэта сведчыць пра прыярытэт хуткасці і эканоміі перад патрабаваннямі бяспекі, робяць выснову ў “Супольнасці чыгуначнікаў”.

 

Фотаздымак: railwayz.info

Магілёўскія следчыя злавілі мінчука на шматкротным кватэрным махлярстве

На ўлоўкі мінскага кватэрнага махляра павяліся дваццаць чалавек, якіх ён падмануў на пяць тысяч рублёў.

Ва УСК па Магілёўскай вобласці расследавалі крымінальную справу ў дачыненні да жыхара Мінска, якога абвінавачваюць у серыі кватэрных махлярстваў.

Паводле матэрыялаў справы, летам 2025 года мужчына размясціў на адной з папулярных інтэрнэт-пляцовак аб’яву пра здачу пакояў у сваёй кватэры ў Мінску. У чэрвені і ліпені на прапанову адгукнуліся 20 чалавек, якія шукалі жыллё для арэнды.

Падчас анлайн-камунікацыі «патэнцыйны арэндадаўца» для пераканаўчасці дасылаў фотаздымкі свайго пашпарта, дакументы на права ўласнасці на кватэру, а таксама план жылля. Пасля гэтага ён прапаноўваў унесці папярэднюю аплату за арэнду яшчэ да заключэння дамовы найму, і грошы трэба было перавесці на яго банкаўскую карту.

Атрымаўшы сродкі, мужчына, калі надыходзіў узгоднены тэрмін засялення, пачынаў пераносіць сустрэчу пад рознымі падставамі. Ён спасылаўся то на лячэнне ў бальніцы, то на іншыя абставіны. У выніку ніводзін з пацярпелых так і не атрымаў ані жылля, ані вяртання грошай.

Такім чынам хітры мінчук завалодаў грашыма пацярпелых на агульную суму каля 5 тысяч рублёў.

Як высветліла следства, мужчына з самага пачатку не меў намеру выконваць узятыя на сябе абавязанні. Большасць кліентаў ён планаваў «заселіць» у адзін і той жа час, пры гэтым сам знаходзіўся ў іншым горадзе.

Адметна, што ў 2023 і 2024 гадах ён ужо быў асуджаны за аналагічныя злачынствы, звязаныя з той жа кватэрай.

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу аб махлярстве. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура РБ

Бабруйская «Белшына» зноў пад еўрапейскімі санкцыямі

Еўразвяз працягнуў санкцыі супраць Беларусі – у спісе падсанкцыйных прадпрыемстваў у другі раз апынулася бабруйская «Белшына».

Рада Еўрапейскага звязу працягнула дзеянне санкцый супраць Беларусі яшчэ на адзін год — да 28 лютага 2027 года. У афіцыйным часопісе ЕЗ адзначаецца, што абмежаванні застаюцца ў сіле ў сувязі з рэпрэсіямі ўнутры краіны і ўцягваннем Беларусі ў расійскую агрэсію супраць Украіны.

Сярод прадпрыемстваў, якія зноў трапілі пад санкцыі, — бабруйская «Белшына». Гэта ўжо другі раз, калі завод уключаюць у санкцыйны спіс. Упершыню прадпрыемства знаходзілася пад абмежаваннямі з снежня 2021 года да сакавіка 2024-га. Тады «Белшына» стала адной з нешматлікіх беларускіх кампаній, якім удалося дамагчыся адмены санкцый праз суд. Суд палічыў недастаткова абгрунтаванымі сцвярджэнні пра фінансаванне рэжыму Лукашэнкі і падтрымку вайны супраць Украіны.

Аднак, паводле расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтру, прадпрыемства пастаўляла прадукцыю на расійскі рынак, дзе яна магла выкарыстоўвацца для патрэб арміі.

Цяпер у абгрунтаванні паўторнага ўключэння «Белшыны» ў санкцыйны пералік указваюцца падобныя прычыны. Прадпрыемства характарызуецца як буйны і прыбытковы вытворца шынаў, які прыносіць істотныя даходы дзяржаве, а таксама, паводле публікацыі «Зеркала», пастаўляе шыны расійскім вайскоўцам, задзейнічаным у баявых дзеяннях ва Украіне.

Акрамя знешнепалітычнага кантэксту, узгадваюцца і ўнутраныя фактары. Пасля электаральнай кампаніі 2020 года супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, на прадпрыемстве звальнялі або прымушалі да звальнення. Паводле праваабаронцаў, на заводзе таксама выкарыстоўвалася праца палітвязняў на небяспечных участках. Кампанія атрымлівае дзяржаўную падтрымку, у тым ліку падатковыя ільготы і доступ да дзяржаўных закупак без тэндарных працэдур, што, на думку еўрапейскага боку, сведчыць пра яе сувязь з уладамі.

Калаж Беларускага расследавальніцкага цэнтру

Статкевіч: Асіповічы і Крычаў – цэлі верагоднага ядзернага ўдара ў адказ

Былы палітзняволены палітык Мікалай Статкевіч у сваім першым пасля вызвалення аналітычным артыкуле прадбачыць еўрапейскі ядзерны ўдар па Магілёўшчыне.

У артыкуле “Апакаліпсіс заўтра. Зона смерці на “болконе”, апублікаваным ў тэлеграм-канале Статкевіча, сярод іншага выказваецца жорсткая крытыка размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. На яго думку, такая палітыка можа ператварыць краіну ў мішэнь для верагоднага ўдару NATO ў адказ на магчымыя дзеянні Масквы.

Статкевіч сцвярджае, што сама логіка размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі выклікае пытанні. Паводле яго, звычайна такія ўзбраенні размяшчаюцца ў гарантавана бяспечных месцах, а не ў непасрэднай блізкасці ад зоны баявых дзеянняў і не на тэрыторыі іншай дзяржавы. Асаблівую ўвагу палітык звяртае на тое, што Крэмль не прадугледжвае ніякага кантролю з боку Беларусі над гэтай зброяй, а заявы пра «сумеснае выкарыстанне» ён называе падманам або самападманам.

У артыкуле згадваюцца розныя віды ўзбраенняў, пра размяшчэнне якіх заяўлялася апошнім часам: авіяцыйныя ядзерныя боепрыпасы, ракеты сярэдняй дальнасці «Іскандэр», а таксама комплекс «Ярс», перароблены пад “Арэшнік”. Таксама, паводле адкрытых паведамленняў, будуецца сховішча для ядзерных боегаловак.

Статкевіч ставіць пад сумнеў ваенную мэтазгоднасць такіх крокаў. Ён адзначае, што Расія ўжо мае ядзерныя сістэмы ў Калінінградскай вобласці, а далёкасць дзеяння сучасных ракет дазваляе ім дасягаць мэтаў у Еўропе і без размяшчэння ў Беларусі. Разам з тым, на яго думку, перамяшчэнне боегаловак і носьбітаў у рэгіёне, набліжаным да зоны баявых дзеянняў, нясе дадатковыя рызыкі.

Палітык выказвае здагадку, што Беларусь можа разглядацца як пляцоўка для гіпатэтычнага першага ўдару па Еўропе. У такім выпадку, сцвярджае ён, адказ NATO можа быць скіраваны не па тэрыторыі Расіі, а па тэрыторыі, адкуль будуць запушчаныя ракеты. У якасці магчымых цэляў ён называе Асіповічы і Крычаў, дзе апошнім часам значна актывізаваліся працы па размяшчэнні расійскай зброі, а таксама іншыя аб’екты, звязаныя са стварэннем ядзернай інфраструктуры.

Статкевіч мяркуе, што ўдары ў адказ маглі б наносіцца магутнымі тэрмаядзернымі боегалоўкамі, што прывяло б да маштабных разбурэнняў і радыёактыўнага забруджання. Для параўнання ён узгадвае выбух у Хірасіме і падкрэслівае, што сучасныя зарады значна перавышаюць яго па магутнасці. На яго думку, нават некалькі такіх удараў маглі б мець катастрафічныя наступствы для краіны.

У тэксце гучыць і шырэйшая палітычная ацэнка. Статкевіч лічыць, што ў выпадку эскалацыі Беларусь можа быць выкарыстаная як «прынада» для ўдараў, каб мінімізаваць рызыкі для тэрыторыі Расіі. Ён крытычна выказваецца і адносна ступені суверэнітэту афіцыйнага Мінска, спасылаючыся на публічныя заявы беларускіх уладаў пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

Завяршаючы артыкул, палітык заклікае беларусаў самастойна ўплываць на будучыню краіны і не спадзявацца на дзеянні дзяржавы. На яго думку, толькі грамадства можа прадухіліць сцэнар, які ён называе вар’яцкім і смяротна небяспечным для Беларусі.

Фотаздымак: pixabay.com

Абяцаў свята і знікаў. Дырэктар магілёўскага прадпрыемства прысвоіў грошы кліентаў

Свята, якое заўсёды з табой – пры ўмове, калі ты не заплаціў за яго гэтаму магілёўцу.

У Магілёве 50-гадовы дырэктар аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў браў грошы за арганізацыю забаўляльных мерапрыемстваў і раствараўся ў паветры. Свята не надыходзіла, а грошы ішлі на асабістыя патрэбы прадпрымальнага кіраўніка.

У Ленінскі РУУС звярнуліся адразу некалькі магілёўцаў, якія паверылі аднаму і таму ж абяцанню і пазбавіліся ў агульнай складанасці каля 3 тысяч рублёў. 

Схема працавала безадмоўна: прыняў заказ, узяў аплату, знік.

Свята ў выніку ўсё ж адбылося – але ўжо для следчых. Узбуджана крымінальная справа.

 

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Рэктар БДУТ злоўжывае службовым становішчам для палітычных мэт

У сценах магілёўскага БДУТ рэктар Максім Кіркор, насуперак закону, прыняў студэнтаў у праўладную палітычную партыю “Белая Русь”. 

 

Мерапрыемства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій (БДУТ) прайшло 24 лютага 2026 года ў форме “ўрачыстага ўручэння членскіх білетаў” у адной з аўдыторый прама ў навучальнай установе.

 

Рэктар Максім Кіркор, які з’яўляецца намеснікам старшыні Савета Кастрычніцкага раённага аддзялення палітычнай партыі “Белая Русь” асабіста ўручыў партбілеты новым яе сябрам. Само аддзяленне было створана ў маі 2023 года, пасля чаго рэктар універсітэта стаў непрыкрыта злоўжываць службовым становішчам для прыцягнення студэнтаў у шэрагі палітычнай партыі.

 

Пры гэтым пункт 3 артыкула 2 “Асновы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі абвяшчае: “Ва ўстановах адукацыі не дапускаецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама стварэнне, ананімная ці іншая дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая супярэчыць заканадаўству”.

 

Паколькі Беларусь ужо не першы год жыве ў рэжыме “не да законаў”, то дзеля палітычных мэт можна не зважаць на нейкі там Кодэкс аб адукацыі і праводзіць дзейнасць праўладнай палітычнай партыі ў сценах ВНУ.

 

Фотаздымак: Mayday

Трэцяе “экстрэмісцкае фармаванне” інкрымінуюць 19-гадоваму магілёўцу

Ужо да трэцяга па ліку “экстрэмісцкага фармавання” абвешчаны датычным 19-гадовы Уладзіслаў Бутвянкоў з Магілёва.

 

24 лютага 2026 года МУС прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем” праект “Размова Фарватэра”. Датычным да яго пазначаны 19-гадовыя Уладзіслаў Бутвянкоў і Дзмітрый Зуеў, піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

 

Такім чынам вакол Бутвянкова ўтварылі ўжо трэцяе «экстрэмісцкае фармаванне». Раней ён узгадваўся як датычны да праекта Sandӓr, дзе публікаваліся мемы сумнеўнага характара, а таксама да магілёўскага рыцарскага клуба «Барысфен».

 

Хутчэй за ўсё, Бутвянкоў быў арыштаваны ў лістападзе 2025 года, мяркуе “Наша Ніва”.

 

Фотаздымак: “Наша Ніва”