У Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы пачаў працаваць новы корпус. Ён здольны прымаць больш за сто малых.
Унікальнасць новай медыцынскай установы – у комплексным падыходзе: маленькія пацыенты будуць аднаўляць страчаныя функцыі арганізма пасля перанесеных траўмаў, цяжкіх захворванняў і аперацый. Акрамя таго, тут будуць дапамагаць у развіцці навыкаў дзецям ранняга ўзросту.
Для многіх сем’яў Магілёўскай вобласці, якія выхоўваюць дзяцей, што маюць патрэбу ў працяглай рэабілітацыі, новы цэнтр стане вырашэннем мноства праблем. Гэтыя сем’і яны змогуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу, па-першае, у адным месцы, па-другое – не пакідаючы Магілёўшчыну.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў так званы спіс тэрарыстаў, дадаўшы ў яго яшчэ шэсць чалавек. Адзін з іх – палітвязень Бабруйскай калоніі №2 Мікалай Люцкевіч.
Мікалай Люцкевіч 1973 года нараджэння з Мінску. Ён быў асуджаны судом да трох гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму па трох артыкулах – за тое, што нібыта абразіў беларускага дыктатара, прадстаўніка ўлады і быццам бы распальваў варожасць.
31 кастрычніка 2025 года Люцкевіч быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія “маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.
Першапачаткова быў змешчаны ў СІЗА-1. Пазней яго перавялі ў СІЗА-4. На дадзены момант утрымліваецца ў Папраўчай калоніі №2 у Бабруйску.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Люцкевіча палітзняволеным 14 лістапада 2025 года.
У Крычаве людзі скардзяцца на адмену маршрутак з-за нечышчаных дарог, але чыноўнікі не бачаць ніякіх праблем.
У сеціве з’явілася відэа, дзе жыхар Крычава скардзіцца, што па горадзе амаль немагчыма праехаць з-за таго, што камунальныя службы не чысцяць дарогі ад снега. Аўтар відэа стаіць на грамадскім прыпынку і расказвае, што ў раёне піўзавода ўсе маршруткі адмянілі, а аўтобусы сталі хадзіць радзей – замест рэйса ў 15.00 наступны будзе толькі ў 16.00. Застаецца толькі ісці пешкі – а гэта чатыры кіламетры з малым дзіцёнкам на руках. У адказ на гэты зварот крычаўскія чыноўнікі тут жа запісалі відэа з начальніцай мясцовага ЖКГ Святланай Сямёнавай, якая заявіла, што ніякіх праблем і скаргаў няма. “Зваротаў не паступала за перыяд выпадзення ападкаў. Да ўсіх сацыяльных сфер доступ не абмежаваны” – сцвярджае жанчына.
На нядаўняй нарадзе пры першай намесніцы старшыні райвыканкама Святлане Ярмоленка яна заявіла, што сёння ў раёне расчысткай ад снежнага покрыва займаюцца не толькі дарожныя і камунальнае прадпрыемства, але дапамогу аказваюць сельскагаспадарчыя і чыгуначныя прадпрыемствы, ААТ «Крычаўцэментнашыфер», Водаканал, Гартоп і іншыя.
Не прызнаючы праблем гараджан, чыноўніца ў той жа час паведаміла, што асноўныя праблемы па сельскай мясцовасці. “Ёсць праблемы па дарогах, якія абслугоўваюцца ДРБУ-198 і часткова “Камунальнікам” – заявіла Сямёнава, не ўказваючы, дзе менавіта тыя праблемныя дарогі.
Вынікам нарады стала тое, што Ярмоленка даручыла ўзмацніць кантроль за станам дарог ДАІ, асабліва звяртаючы ўвагу на прыпыначныя пункты, пешаходныя пераходы. “Камунальніку” варта забяспечыць расчыстку канчатковых прыпыначных пунктаў, каб аўтобусы маглі свабодна развярнуцца. У сельскай мясцовасці старшыням сельвыканкамаў кантраляваць, каб дарогі былі расчышчаны для праезду хуткай медыцынскай дапамогі, аўтамагазінаў, школьны аўтобусаў і грамадскага транспарту.”
Пра адказнасць панесеную хоць кімсьці за тое, што дапушчана праблема з нечышчанымі ад снега дарогамі і, як вынік, з курсаваннем грамадскага транспарту, не паведамляецца.
Першая Посная куцця. Перадкалядная вячэра (праваслаўны каляндар). Які дзень, такі і год.
Гэта назва звязана са звычаем праваслаўных хрысціян ужываць у гэты дзень у ежу куццю – сушаныя хлебныя зерні, што размочаныя ў вадзе, папросту кажучы – кашу. Куццёй называлі не толькі кашу і ўсякую посную ежу, а таксама сок, ці, як казалі раней, “малако” рознага насення: макавае, канаплянае, сланечнікавае, гарчычнае, арэхавае, міндальнае і іншыя. Гэтым “малаком” запраўлялі кашы падчас 40-дзённага Піліпавага паста перад Калядамі і ў калядную куццю.
Ужо ў IV стагоддзі былі прыняты правілы як святкаваць вячэру перад Раством. У V стагоддзі Анатоль, Патрыярх Канстанцінопальскі, затым Анатоль і Сафроній Іерусалімскія (VI стагоддзе), Козма Маюмскі і Іаан Дамаскін (VIII стагоддзе) напісалі для свята Нараджэння Хрыстовага святыя спевы, якімі Царква і ў цяперашні час услаўляе свята.
Самая вясёлая частка перадкаляднай вячэры – раздача падарункаў. Сачэльнік (ад сочыва) – адзін з нямногіх выпадкаў, калі дзеці садзіліся за стол разам з дарослымі.
Узнік у першыя стагоддзі хрысціянства на Усходзе, у праваслаўнай царкве звязваецца з хрышчэннем Ісуса Хрыста Янам Хрысціцелям і сашэсцем на яго Духа Святога ў выглядзе голуба (19 студзеня).
У каталіцызме Багаяўленне святкуецца з ІV стагоддзя, яго сімволіка звязваецца з паведамленнем евангелляў, як паганскія цары-варажбіты Каспар, Мельхіёр і Балтазар, папярэджаныя анёлам, прыйшлі пакланіцца немаўляці Ісусу і прынеслі дары. У памяць гэтага ў касцёлах служаць удзячныя малебны, Хрысту прыносяцца ў ахвяру як цару – золата, як Богу – ладан, як чалавеку – міра.
Асвечанай у касцёле крэйдай на дзвярах дамоў пішуць першыя літары іменаў трох каралёў, перамяжаючы іх крыжыкамі, і нумар году, накшталт: +М+M+Х+Х+ІІІ (2023). «Шчодрым вечарам» напярэдадні гэтага свята заканчваюцца «святыя вечары», г.зн. вечары ад Божага Нараджэння да свята Трох каралёў. Дзецям і сваякам у вечар напярэдадні свята, 5 студзеня, дараць падарункі, раздаюць пірагі. З самога свята пачынаюцца карнавальныя гульні і забавы, якія заканчваюцца на Папялец.
Традыцыйна на вячэру самога свята ў Рэчы Паспалітай пяклі мігдалавы торт або пірог з запечаным у сярэдзіне вялікім мігдалам. Той, каму даставаўся кавалак з гэтым мігдалам, мусіў сваім коштам арганізаваць вечарыну на Папялец; дзяўчыне ў гэтым выпадку варажылі хуткае замужжа. У канцы ХІХ ст. звычай быў крыху зменены, і таго, хто даставаў мігдал, абвяшчалі «мігдаловым каралём», г.зн. ганаровым маршалкам банкету.
1582 год. Заключаны Ям-Запольскі мір. Скончылася Інфлянцкая (Лівонская) вайна.
Мірны дагавор паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай заключаны на 10 год у в. Ківерава Гара, за 15 вёрст ад Запольскага Яма пасламі Івана Грознага і Стэфана Баторыя пры пасярэдніцтве папскага легата Антоніа Пасевіна.
Вайну пачаў Іван Грозны з Вялікім княствам Літоўскім за валоданне Лівоніяй. Паводле ўмоў міру Іван Грозны адмовіўся ад Інфлянтаў і Полацка, Маскоўская дзяржава атрымала назад Вялікія Лукі і некаторыя іншыя землі. Падчас Інфлянцкай вайны Магілёў быў адной з мэтаў маскоўскай агрэсіі. У 1581 годзе горад здолеў абараніцца ад 30 000-га войска Маскоўскай дзяржавы, дзякуючы самаабароне мяшчан і подзвігу гусар пад кіраўніцтвам Марціна Казаноўскага, якіх налічвалася ўсяго некалькі соцень.
1892 год. Нарадзіўся Адам Станкевіч.
Беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец і публіцыст.
Святар з 1914 года. У Петраградзе ўзначальваў беларускі гурток, супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».
Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, ініцыятараў правядзення з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).
Адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў.
Адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».
Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, кнігі «Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі».
Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення». Даследчык нацыянальнай асветы, беларускага нацыянальнага адраджэння. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.
У 1949 годзе (у другі раз) арыштаваны, асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў лагер у Іркуцкую вобласць, дзе і памёр.
1906 год. У Магілёве нарадзіўся скульптар Пётр Яцына.
Савецкі скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай і Сталінскай прэмій. Сын магілёўскага скульптара Пятра Рыгоравіча Яцыны. Аўтар першых помнікаў Леніну ў СССР. Удзельнік Другой Сусветнай вайны – на фронт пайшоў добраахвотнікам. У Магілёве ў яго гонар названа вуліца, вісіць мемарыяльная шыльда на доме №3.
1912 год, стварэнне падмурка сучаснай геалогіі.
На з’ездзе Германскага Геалагічнага таварыства ў Франкфурце нямецкі метэаролаг, геафізік і палярны даследчык Альфрэд Вегенер у гэты дзень выступіў з дакладам, азагалоўленым “Утварэнне буйных форм рэльефу зямной кары кантынентаў і акіянаў”.
У ім на падставе комплексу навуковых дадзеных вучоны ўпершыню публічна выклаў сваю канцэпцыю дрэйфу кантынентаў, якая стала падмуркам сучаснай геалогіі.
У пачатку лістапада 1930 года Вегенер трагічна загінуў у льдах Грэнландыі.
1942 год. У в. Сушчаўская Слабодка Чавускага раёна нарадзіўся Мікалай Кірэеў.
Беларускі мастак і педагог.
Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажаў. Галоўнае ў творчасці – паэтычнае спасціжэнне народнага жыцця. Рэальнай паэтыкай народных вобразаў вылучаецца работа «Кветкі маёй Радзімы». Рамантыкай дыхае палатно «У купальскую ноч». Мастак фарбамі здолеў перадаць цеплыню чалавечых адносін.
Чавуская прырода для мастака – музыка душы, крыніца натхнення.
Загадчык кафедры «Рысунак, жывапіс і скульптура» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
????????????????????????????????????
1942 год. Памёр ураджэнец в. Паддуб’е Магілёўскага раёна Герасім Якушка.
Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.
Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.
У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.
Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.
У Магілёве захаваўся яго праекта 5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (“Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.
1943 год. У СССР уведзены наплечныя пагоны для асабовага складу Савецкай Арміі.
Першапачаткова пагоны насілі практычны сэнс. З іх дапамогай трымаўся рамень патроннай торбы. Таму і пагон спачатку меўся толькі адзін, на левым плячы, бо патронная торба насілася на правым баку.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі дэкрэтам Саўнаркама РСФСР былі адменены пагоны ў арміі і нашыўкі ў флоце, як сімвал няроўнасці. Адменены былі і воінскія званні.
У студзені 1919 года былі заснаваны знакі адрознення па родах войскаў і знакі адрознення каманднага складу вайскоўцаў Чырвонай Арміі. У верасні 1921 года былі ўведзены першыя знакі адрознення і ў флоце.
1945 год. Памерла Магдалена Радзівіл.
Беларуская мецэнатка з роду Завіша, арыстакратка, дзяячка беларускага культурнага руху.
Дзяцінства правяла ў родавых маёнтках Жорнаўка (зараз Асіповіцкі раён) і Кухцічы.
Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.
Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі В. Іваноўскі, I. Луцкевіч, А. Луцкевіч, Р. Скірмунт і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло. У знак удзячнасці ёй В. Іваноўскі і І. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».
Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.
У ліпені 2017 года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Святых Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.
1963 год. Памёр Андрэй Александровіч.
Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.
У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».
Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.
Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты»), працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.
Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.
Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.
1975 год. Памёр Юрка Віцьбіч (Серафім Шчарбакоў).
Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.
У студзені 1941 года быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пад час вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 г.одзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”.
У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года знаходзіўся на эміграцыі.
У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”.
Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.
1988 год. Памёр Рэм Салавухін.
Беларускі савецкі фізік, прафесар БДУ. Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР і Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Лаўрэат Ленінскай прэміі.
Узначальваў Інстытут цепла- і масаабмену імя А. Лыкава Акадэміі навук БССР, працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры БДУ.
Працаваў у галіне фізікі ўдарных хваляў, фізікі плазмы, квантавай электронікі, высокатэмпературнай газадынамікі.
Прапанаваў метады вымярэння ціску, шчыльнасці, тэмпературы і іншых параметраў працэсаў ва ўдарных хвалях.
Аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.
1998 год. У Капенгагене варвары адрэзалі галаву помніку Русалачцы.
Ханс Крысціян Андэрсан пісаў прыгожыя, але сумныя казкі. І яго казкі сталі знакамітымі на ўвесь свет, таму што нясуць у сабе дзіўную дабрыню. А ў рэальным жыцці знаходзіцца велізарная колькасць маральных вырадкаў, якія нясуць толькі зло і разбурэнні.
Помнік у гонар Русалачкі, гераіні казкі Андэрсана, быў узведзены ў 1913 годзе і стаў адной з галоўных славутасцяў сталіцы Даніі. З таго часу ён неаднаразова падвяргаўся апаганьванню.
У пачатку вандалы абмяжоўваліся толькі размалёўкай скульптуры, але ўжо ў 1964 яна ўпершыню пазбавілася галавы, праз 20 гадоў ёй адрэзалі правую руку, у 1990 годзе зноў была здзейснена чарговая спроба абезгаловіць няшчасную, на шыі помніка знойдзены надрэз 18 сантыметровай глыбіні.
11 верасня 2003 года, у гадавіну тэракту ў Нью-Ёрку, пад статую была падкладзена ўзрыўчатка, статую выбухам знесла з пастамента.
У 2007 годзе ўлады Капенгагена аб’явілі, што статуя будзе перанесена далей у гавань, каб пазбегнуць далейшых выпадкаў вандалізму і для прадухілення пастаянных спроб турыстаў узлезці на яе.
Карламарксаўская «дэпутатка» Святлана Язерская прапіянерствавала ўсё жыццё і праводзіла «Дажынкі».
Ці заўважалі вы, што ў большасці біяграфій «народных абраннікаў» у Беларусі стаіць грыф «цалкам сакрэтна»? І калі пра прыкметных дзеячаў эпохі Лукашэнкі яшчэ можна знайсці нейкія звесткі, то пра тых, хто «служыць народу» ў глыбінцы, амаль нічога не вядома. Свае біяграфіі яны, як правіла, выкладаюць асабіста і, што цалкам натуральна, прыбіраюць з іх усе спрэчныя моманты. Амаль як лонданскі «вампір» Джон Хэйг у аповесці «Мая споведзь».
Працягваем вывучаць працоўныя шляхі дэпутатаў Магілёўскай вобласці. Гэтым разам – на прыкладзе старшыні слаўгарадскага «савета дэпутатаў» Святланы Аляксандраўны Язерскай.
Нарадзілася яна ў 1967 годзе, а першым працоўным месцам Святланы Язерскай стала пасада старшай піянерважатай, якую яна заняла ў 1986 годзе. Гэта значыць, школьная актывістка, атрымаўшы сярэднюю адукацыю, нікуды не паступала або, хутчэй за ўсё, не паступіла. Вышэйшую педагагічную адукацыю яна атрымала толькі ў 1994 годзе, ва ўзросце дваццаці сямі гадоў. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што Магілёўскі педінстытут Святлана Аляксандраўна заканчвала завочна.
Далей была плаўная кар’ера сярэднестатыстычнай грамадзянкі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – настаўніца, намесніца дырэктара і дырэктарка мясцовага ліцэя.
Да 2010 года Язерская цалкам саспела для таго, каб трапіць у райвыканкам – на пасаду намесніцы старшыні па сацыяльнай сферы.
У 2018 годзе, адзначыўшы паўвекавы юбілей, яна, як гэта часта бывае, была «аднагалосна» абраная старшынёй Слаўгарадскага раённага «савета дэпутатаў», а паралельна – старшынёй раённай арганізацыі «Белая Русь» і старшынёй раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру».
Само сабой зразумела, Святлана Аляксандраўна заўсёды і ва ўсім падтрымлівала Лукашэнку і без запінкі хлусіла пра тое, што «ад грамадзян гучалі прапановы, як прадугледзець, каб усе выбаршчыкі адказна падыходзілі да выбару кіраўніка дзяржавы, каб самаробныя блогеры і дыванныя палітыкі не маніпулявалі грамадскай думкай».
Пры такой пастаноўцы справы Святлана Язерская глыбока перакананая, што прынесла Слаўгарадчыне шмат карысці, «пацвярджэннем чаго з’яўляюцца прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, годнае правядзенне фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі”».
Прапіянерстваваўшы ўсё свядомае жыццё, «дэпутатка» па карламарксаўскай выбарчай акрузе паводзіць сябе ў Слаўгарадзе так, быццам помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Галубая крыніца» без яе ўжо даўно б перасох.
На жаль, Язерская – не Маісей, які здабываў ваду ўдарам посаха аб скалу.
Нягледзячы на ўсе прызавыя месцы і годнае правядзенне «Дажынак», Слаўгарадскі раён – адзін з самых адсталых у вобласці. І ў гэтым якраз-такі і ёсць немалая заслуга такіх, як Святлана Аляксандраўна.
Праблемы з ізаляцыяй сталі прычынай забароны Магілёўскай інспекцыяй Дзяржстандарта кітайскіх свяцільнікаў маркі Lumion.
Паводле інспекцыі, калекцыя бра LEDIO 5238/6WL, якая выпускаецца пад вышэйзгаданай маркай, не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламента Мытнага саюза з-за таго, што не забяспечвае неабходны ўзровень ізаляцыйнай абароны. Гэта выяснілі пры выпрабаваннях, калі пры адпаведным току паміж токавядучымі і металічнымі часткамі была прабіта ізаляцыя.
Цяпер завозіць і прадаваць гэтыя свяцільнікі на тэрыторыі Беларусі забаронена. Рэшткі тавара канфіскаваны ў прадаўца.
Наменклатура, якая перажыла ўласную ідэалогію, уволю наглядзелася на атрыбуты савецкай піянерскай арганізацыі, бюсты Леніна і друкаваныя выданні СССР.
Валерый Малашка пафасна назваў убачанае пасылам у будучыню, а Міхаіл Жудро ад каментароў устрымаўся.
Як высветлілася, барацьбу за званне лепшага стэнда ў экспазіцыі вядуць прадстаўнікі ажно сямі раённых арганізацый КПБ. Так што сутычка чакаецца не жартоўная нават па мерках камуністаў, якія ў Беларусі не проста настальгуюць па страчанай уладзе, але і займаюцца прапагандай сталінізму, услаўленнем чэкістаў і іншымі відамі цемрашальства.
За рызыкоўныя манеўры на Mercedes, якія засняў для сацсетак малады вадзіцель у Бабруйску, ён быў пакараны па шасці адміністрацыйных артыкулах.
24-гадовы вадзіцель Mercedes размясціў відэа, якое ў ДАІ назвалі як «адно з небяспечных парушэнняў правілаў дарожнага руху». У роліку ён “здзяйсняе наўмысны занос – так званы дрыфт”.
І хоць манёўр быў зроблены на абсалютна пустыннай дарозе, інспектары палічылі гэта свядомым парушэннем правілаў дзеля эфектнага кадра. У дачыненні да парушальніка складзена шэсць адміністрацыйных матэрыялаў.
“ДАІ нагадвае: рызыкоўныя дзеянні ў грамадскіх месцах і на аўтамабільных дарогах з’яўляюцца недапушчальнымі і могуць пацягнуць за сабой негатыўныя наступствы як для самога парушальніка, так і для іншых удзельнікаў дарожнага руху» – адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.
Парк Дняпроўскай выратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах горада Магілёва папоўніўся аэралодкай “Алігатар”.
Паводле ратавальнікаў, дзякуючы аэралодцы, яны могуць перасоўвацца ў зарасніках чароту ці нават па тонкім лёдзе. “Тонкі лёд, балота, плыткаводдзе або снежная каша – для гэтай тэхнікі не існуе непраходных месцаў” – адзначаюць у таварыстве, сцвярджаючы, што дзякуючы авіяцыйнаму вінту аэралодка развівае “вар’яцкую хуткасць”.
У таварыстве абяцаюць, што цяпер выратавальныя аперацыі на Дняпры стануць больш эфектыўнымі ў любы сезон і пры любым надвор’і.
Аэралодкі “Алігатар” вырабляюцца ў Расіі, маюць матор ад Honda.
Падарункавы сертыфікат «Белiта», набыты ў Пiнску, адмовіліся прымаць у Магілёўскай вобласці.
На «неканвертаванасць» падарункавага сертыфіката «Белiта» паскардзiлася адна з пакупніц фiрменнай крамы «Белiта». Сертыфікат яна набыла ў Пiнску, а падарыла яго сваёй маці ў Магiлёўскай вобласцi. Нягледзячы на тое, што крама таксама мела брэнд «Белiта», сертыфікат там не прынялi.
«Купiла сертыфікат у краме “Белiты” ў Пiнску. Падарылa мацi ў Асiповiчах. А ёй кажуць, што прымаюць сертыфікаты толькi выдадзеныя ў Магiлёўскай вобласцi. Гэта як? Папярэдзiць перад пакупкай было не варыянт?!» – паскардзiлася пакупніца.
Афiцыйны прадстаўнiк кампанii «Белiта» патлумачыў сiтуацыю наступным чынам: акцыю праводзiла не фiрма «Белiта», а канкрэтная крама. Паколькi ж крамы ў Брэсцкай i Магiлёўскай абласцях належаць розным юрыдычным асобам, сертыфікат на Магiлёўшчыне не дзейнiчае.
Пакупніцы параiлi больш уважлiва прачытаць тэкст на адваротным баку сертыфіката, дзе павiнен быць указаны спiс крамаў. Паколькi жанчына не прадставiла фота таго самага сертыфіката, выглядае, што прадаўцы мелi рацыю.
Аднак, улiчваючы тое, што сертыфікат усё ж падарункавы, вельмі хацелася б, каб геаграфiя яго дзеяння не абмяжоўвалася той жа крамай, у якой ты яго набываеш.