Магілёўскі аўтобус № 34: новы расклад з 6 красавіка 2026

З 6 красавіка 2026 года ў Магілёве змяняецца расклад аўтобуса № 34 у буднія дні.

Змяняецца расклад руху аднаго з магілёўскіх аўтобусаў. Змены закранаюць усе прыпынкі маршруту №34 – ад аўтавакзала да гасцініцы «Магілёў», уключаючы прамежкавыя пункты.

Вось поўны, абноўлены расклад па кожным прыпынку.

Расклад па прыпынках

Аўтавакзал

07:50, 15:40, 17:31

Плошча Леніна

05:00, 06:17, 07:56, 15:46, 17:37

Вёска Новае Пашкава

05:22, 06:44, 08:23, 16:13, 18:04

Вёска Гаі

05:30 (да плошчы Леніна)

06:55, 08:34, 16:25

18:13 (у парк)

Асобныя рэйсы праз вёску Новае Пашкава

05:38 (да плошчы Леніна)

07:05, 08:43, 16:34

18:22 (у парк)

Вуліца Каліноўскага

05:51 (да плошчы Леніна)

07:18, 08:56, 16:47

18:35 (у парк)

Гасцініца «Магілёў»

06:08 (да плошчы Леніна)

07:36, 09:14, 17:05

18:53 (у парк)

Новы расклад уступае ў сілу ўжо 6 красавіка, таму пасажырам варта загадзя зверыць звыклы час паездак з абноўленымі дадзенымі, каб не прапусціць свой рэйс.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 1 красавіка. Дзень дурняў і птушак. Заснаваны Віленскі ўніверсітэт. «Устава на валокі». Дэбют С. Мігая

Міжанародны Дзень жартаў. Дзень смеху. Дзень дурняў.

Гісторыя дня бярэ пачатак з грэчаскай міфалогіі. Такую назву ён атрымаў дзякуючы розыгрышам, якія ставяць людзей у смешнае, але не ў крыўднае становішча. На працягу многіх стагоддзяў былі розныя жарты, якія запомніліся людзям. У некаторых краінах прынята адзначаць вясёлы дзень да абеду, каб потым не назвалі “красавіцкім дурнем”.

Падобныя звычаі былі вядомыя старажытным персам, рымлянам, індусам і шматлікім іншым народам.

Паводле паданняў старажытных славян, 1 красавіка прачынаецца дамавік, і таму трэба ўсяляк ашукваць адзін аднаго, каб збіць яго з панталыку.

Першае гістарычнае сведчанне святкавання Дня адносіцца да 1686 года, калі англійскі пісьменнік і даследчык старажытнасцей Джон Обры даслоўна згадаў у сваім рукапісе тэрмін “Свята дурня”.

Дзень смеху
Інсталяцыя, устаноўленая на Дзень смеху ў Капенгагене. 2001 год

Міжнародны дзень птушак  (International Bird Day, з 1894 года).

Экалагічнае свята, якое прымеркавана да пачатку вяртання птушак з месцаў зімовак. Мэта свята – захаванне краявіднай разнастайнасці і колькасці птушак.

Дзень птушак звязваюць з дзіцячым святам, уладкованым у 1894 годзе настаўнікам з амерыканскага горада Ойл-Сіці Ч. Бэбкокам. Яго падтрымала газета “Пітсбургская тэлеграфічная хроніка”, якая пачала актыўна папулярызаваць свята. Больш за тое, газета арганізавала спецыяльны клуб-музей па ахове птушак для школьнікаў. Неўзабаве Дзень птушак стаў шырока праводзіцца як народнае свята ва ўсіх штатах краіны, потым прыйшоў у Еўропу, а цяпер праходзіць у рамках біялагічнай праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера” ў многіх краінах свету.

У школы Расійскай імперыі Дзень птушак уведзены намаганнямі ўраджэнца Полацка прафесарам Дз. Кайгарадавым (1846–1924).

Штогод у розных краінах свету выбіраецца птушка – сімвал года. Птушкай 2023 года ў Беларусі абрана звычайная галубка.

Да 2022 года мерапрыемствы да Дня птушак праводзіліся пад эгідай ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (1985–2022). Але арганізацыя ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі.

дзень птушак

1548 год. Памёр Жыгімонт Стары (1467–1548).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506–1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 8 снежня 1506 года стаў каралём польскім.

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Імкнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

Жыгімонт Стары

1557 год. Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі». 

Пачатак правядзення зямельнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая прывяла да хуткага роста дабрабыту дзяржавы. Ва ўсіх валасцях, у тым ліку Магілёўскай, фальваркі павінны былі стварацца толькі пры тых замках і дварах, дзе адпаведна меліся ўраджайныя глебы.

Рэформа пачалася з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці караля Жыгімонта Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Пад час рэформы спраўджваліся правы на зямлю, ствараліся комплексныя панскія гаспадаркі – фальваркі, уводзілася адзіная мера абкладання залежных сялян – валока, рэгламентаваліся павіннасці сялян, разбуралася сялянская абшчыны.

Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання падаткамі сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў яго развіцця і адгукаюцца дагэтуль.

Жыгімонт Аўгуст

1579 год. Каралём Стэфанам Баторыям заснаваны Віленскі ўніверсітэт.

Створаны на базе Віленскага езуіцкага калегіума. Першапачаткова складаўся з двух факультэтаў, тэалагічнага і філасофскага. Зачынены пасля паўстання у 1832 годзе. З  1919 года працаваў як адзін з універсітэтаў Польшчы, у 1939 годзе, калі Вільня ўвайшла ў склад Літвы, набыў свой цяперашні статус.

Другая вышэйшая навучальная установа на беларускіх землях – Полацкі калегіум – быў адкрыты ў 1581 годзе. На яго базе працавала акадэмія ў 1812–1820 гадах. Цяпер працуе Полацкі ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

двор Віленскага ўніверсітэта
Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта з вежай абсерваторыі ў канцы XVIII стагоддзя

1862 год. Нарадзіўся Адам Багдановіч.

Беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнаўца, бацька паэта Максіма Багдановіча.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Загадваў гарадскім пачатковым вучылішчам у Мінску, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і дырэктарам публічнай бібліятэкі ў Гродна, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага музея, выкладаў у мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 годзе арыштаваны ДПУ, але вызвалены па хадайніцтве К. Пешкавай – жонкі М. Горкага.

Збіральнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аўтар прац па этнаграфіі, мовазнаўству, успамінаў пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна. Яго рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук..

Памёр 16 красавіка 1940 года ў Яраслаўлі.

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў у яго гонар устаноўлены помнік.

Адам Багдановіч

1877 год. Нарадзіўся Васіль Захарка.

Прэзідэнт БНР (1928–1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898–1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Памёр 14 сакавіка 1943 года. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Васіль Захарка

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Пясецкі.

Адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання XX стагоддзя.

Сёмы клас уладзімірскай гімназіі для Пясецкага скончыўся турмой, калі ён паспрабаваў пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера. З турмы ён уцёк.

Бальшавіцкі тэрор у Маскве настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў шэрагах партызан («Зялёны Дуб»), у  Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. У міжваены час займаўся кантрабандай у Ракаве, быў асуджаны за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. У зняволенні прачнуўся літаратурны дар.

Яго турэмная проза  прыцягнула ўвагу вядомага пісьменніка М. Ваньковіча, які дапамог выдаць першую кніжку «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Антысавецкая сатыра «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» прынесла аўтару сусветную вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 мовах свету.

Падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у фарміраваннях Арміі Краёвай.  У 1946 годзе эмігруе ў Італію, потым у Вялікабрытанію.

Аўтар 12 раманаў, а таксама навел, кінасцэнарыяў, публіцыстычных артыкулаў. Паводле яго твораў здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы, у тым ліку ў Італіі.

Пясецкі пісаў да самай сваёй смерці ў 1964 годзе.

Сяргей Пясецкі

1912 год. Дэбют у маскоўскім Вялікім тэатры ўраджэнца Магілёва Сяргея Мігая (1888–1959).

Артыст оперы. Народны артыст РСФСР. Прафесар Маскоўскай кансерваторыі.

Меў насычаны голас цёплага тэмбру, вялікага дыяпазону, дасканала валодаў вакальнай тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна), Дэман («Дэман» А. Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, Ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж. Вердзі) і іншыя.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.

У гонар артыста ў Магілёве названы завулак.

Сяргей Мігай

1940 год. Загінуў Язэп Лёсік (1883-1940).

Беларускі мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.

Выкладчык БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта, акадэмік. Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

На пачатку педагагічнай дзейнасці працаваў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе.

Быў у царскай ссылцы ў Сібіры (разам з Алесем Гаруном).

Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, член Беларускага нацыянальнага камітэта, Вялікай беларускай рады, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 2-гі старшыня Рады БНР.

Даследчык вытокаў беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ВКЛ, кнігадрукавання, старадрукаў. Аўтар прац «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.», падручнікаў «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы» і іншых.

Арыштоўваўся ў 1922, 1930, 1938 гадах. Быў у турмах, ссылцы.

Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. Месца пахавання невядомае.

У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

Язэп Лёсік

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Басалыга.

Беларускі савецкі графік, ілюстратар, калекцыянер.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці, галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстар экслібрыса.

Для яго творчасці характэрныя сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора.

Галоўнымі тэмамі творчасці з’яўляліся тыя, якія звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя «Мова наша родная»), архітэктурай (цыкл «Помнікі дойлідства Беларусі»).

Памёр 7 чэрвеня 2020 года.

Уладзімір Басалыга

1941 год. У Бабруйску нарадзіўся Леанід Марчанка.

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнік ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі – характарыстыкі кожнай істотнай дэталі – раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

Памёр 11 сакавіка 1996 года.

Леанід Марчанка
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола, Літаратурных прэмій імя І. Мележа,  імя Я. Коласа. Бацька журналіста Дз. Жука.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у газеце «Літаратура і мастацтва»,  часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх апавяданняў, кніг апавяданняў, празаічных зборнікаў. Па яго творах зняты мастацкі  фільм «Палігон», ставіліся спектаклі.

Адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

Алесь Жук

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Антончык.

Беларускі палітык. Член БНФ.

Адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі, актыўны ўдзельнік страйку працоўных у красавіку 1991 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990–1995).

Быў у складзе антыкарупцыйнай парламецкай камісіі, якую ўзначальваў А. Лукашэнка. Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савету 20 снежня 1994 года з дакладам аб карупцыі ў атачэнні прэзідэнта. Газеты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі з «белымі плямамі». Па выніках дакладу кіраўнік справаў прэзідэнта І. Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасці, які Антончык прайграў, яго маёмасць была часткова канфіскаваная.

У красавіку 1995 года быў збіты разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парламента.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, але зняў сваю кандыдатуру на карысць М. Марыніча.

Пазней займаўся стварэннем незалежных прафсаюзаў.

Сяргей Антончык

2010 год. Памёр Яўген Дзямідчык (1925–2010).

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.

Яўген Дзямідчык

2020 год. У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны першы падцверджаны выпадак каронавіруснай інфекцыі.

На сёння застаецца невядомай колькасць памерлых ад інфекцыі.

каранавірус

Магілёвец, які напісаў гімн Амерыкі

Хлопчык з Магілёўскай губерні стаў аўтарам песні «God Bless America» – неафіцыйнага гімна ЗША. Яго ведаюць як Ірвінга Берліна. Але пры нараджэнні яго звалі Ізраіль Бейлін.

Магілёў да гэтага часу не ўвекавечыў памяць свайго знакамітага ўраджэнца Берліна афіцыйна. Між тым гарады па ўсім свеце змагаюцца за права называцца яго Радзімай. Прычым Магілёўшчына мае на гэта найбольшыя падставы.

Магілёў ці не – пытанне адкрытае

Біяграфія Берліна пачынаецца з загадкі, якая не вырашана і па сённяшні час. У сваіх інтэрв’ю 1930-1940 гадоў Берлін распавядаў, што з’явіўся на свет у Магілёве.
Шэраг крыніц указвае на Талачын – тады гэта быў Аршанскі павет Магілёўскай губерні. Бацька Ізраіля, Майсей Бейлін, быў кантарам мясцовай сінагогі.
Заблытаў сітуацыю сам кампазітар: калі Стывен Спілберг у 1980-х гадах задумаў здымаць фільм пра Берліна і сустракаўся з ім з гэтай нагоды, той распавёў, што на самай справе родам з Табольска.
Цюменскія сайты неадкладна запісалі яго ў свае землякі. Магілёўская версія, зрэшты, устойлівая: сам Берлін прытрымліваўся яе большую частку жыцця.
І гэта дае Магілёўшчыне поўнае права лічыць яго сваім.
Так ці інакш, карані сям’і Бейліных – у Магілёўскай губерні. Тут нарадзіліся яго бацькі, тут прайшлі першыя гады будучага кампазітара. Магілёў тады быў адным з найбуйнейшых гарадоў рысы аселасці – прасторы, за межы якой яўрэям Расійскай імперыі выязджаць не дазвалялася. Яўрэйскае жыццё кіпела тут на працягу стагоддзяў: сінагогі, рамесныя кварталы, гандлёвыя рады.
Сям’я кантара Бейліна была часткай гэтага свету – сціплай, але жывой яго часцінкай.
Магілёў даў Амерыцы не толькі Ірвінга Берліна. З беларускіх губерняў выйшлі дзясяткі людзей, якія пакінулі след у сусветнай культуры і навуцы. Але Берлін – выпадак асаблівы: хлопчык, які з’ехаў пяцігадовым, не ведаў англійскай мовы, без адукацыі і сродкаў, здолеў стаць голасам цэлай нацыі. Голасам, які гучыць да гэтага часу.

З Магілёва – у Ніжні Іст-Сайд

14 верасня 1893 года сям’я прыбыла ў Нью-Ёрк. Бейліны пасяліліся на Манхэтэне, у раёне Ніжняга Іст-Сайда, у паўпадвальнай кватэры без вокнаў, з халоднай вадой. Тыповы лёс яўрэйскай сям’і з рысы аселасці – такіх у гэтым квартале былі тысячы.
Неўзабаве памёр бацька. Ізраіль пайшоў працаваць:

  • разносіў газеты;
  • спяваў на вуліцах за грошы;
  • працаваў спяваючым афіцыянтам у кавярні.

Па замове гаспадара кавярні ён напісаў сваю першую песню – «Мэры з сонечнай Італіі». Берліну заплацілі за яе 37 цэнтаў. Ён так і не навучыўся чытаць і пісаць ноты, у школе скончыў толькі два класы – але гэта не перашкодзіла яму стаць самым вядомым песенным кампазітарам у гісторыі Амерыкі.

Як Бейлін стаў Берлінам

У 1907 годзе Ірвінг звярнуўся ў друкарню для друку сваёй песні. Наборшчык дапусціў памылку: замест Бейлін напісаў Берлін. Так і прыжылася прозвішча-псеўданім. Адкуль узялося імя Ірвінг замест Ізраіля – гісторыя маўчыць.
Кара’ера Берліна – гэта ланцужок хітоў, расцягнуты на паўстагоддзя:

  • 1911 – «Alexander’s Ragtime Band» – першы сусветны хіт, які перавярнуў папулярную музыку;
  • 1917 – «God Bless America» – песня, якая стала неафіцыйным гімнам ЗША;
  • 1926 – «Blue Skies» – адна з самых выканальных песень XX стагоддзя;
  • 1942 – «White Christmas» у выкананні Бінга Кросбі – самая прадаваная пласцінка ў гісторыі.

За сваё жыццё ён напісаў больш за 900 песень, 19 мюзіклаў і музыку да 18 кінафільмаў. Амерыканскі кампазітар-песеннік Джэром Керн лічыў: «Гаварыць пра месца Ірвінга Берліна ў гісторыі амерыканскай музыкі немагчыма, бо ён сам – гэта гісторыя».

Развітальны акорд

Берлін памёр у сне 22 верасня 1989 года. Яму быў 101 год. На пахавальнай цырымоніі ў Бостане прэзідэнт Джордж Буш-старэйшы ўзначаліў жалобную калону, якая спявала «God Bless America», а затым выступіў з прамовай, у якой назваў Берліна «легендарным чалавекам, чые словы і музыка будуць дапамагаць разуменню гісторыі нашага народа».
Хлопчык з Магілёўскай губерні, які не ўмеў чытаць ноты і скончыў два класы школы, быў удастоены прэзідэнцкага пахавання. Уся Амерыка спявала яго песню.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўскія сілавікі спрабуюць дыстанцыйна кантраляваць з’ехаўшых палітвязняў

Расписку “з відам на эміграцыю” вынайшлі магілёўскія “ахоўнікі беззаконня”. Пяць гадоў татальных “чыстак” прывялі да таго, што міліцыянеры застануцца без працы і перайшлі “на дыстанцыйку”.

Сілавікі запатрабавалі ад былога палітвязня з Магілёва пісьмова пацвердзіць, што ён не мае намеру вяртацца на радзіму.

Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва Аляксандр Табуноў звязаўся з мужчынам і прапанаваў запоўніць спецыяльны дакумент. У ім патрабуецца ўказаць, ці плануе чалавек вяртанне ў Беларусь, а калі так – назваць канкрэтную дату.

Гэтым справа не абмежавалася. Запоўнены дакумент трэба сфатаграфаваць, а затым зрабіць здымак самога сябе – з паперай у руках. Свайго роду лічбавае пацверджанне.

Прыкметная дэталь: беларускі пашпарт у былога палітвязня ўжо ануляваны. Гэта акалічнасць сілавікоў не збянтэжыла – распіску запатрабавалі ў любым выпадку.

Практыка патрабаваць ад палітычных эмігрантаў пісьмовых запэўненняў фіксуецца праваабаронцамі ўсё часцей. Відаць, беларускія сілавыя структуры выбудоўваюць сістэму дыстанцыйнага кантролю над тымі, хто пакінуў краіну пасля рэпрэсій.

Фота MAYDAY.

У Магілёве таджыкскім студэнтам пагражалі смяротным пакараннем

У Беларускім дзяржуніверсітэце харчовых і хімічных тэхналогій студэнтаў з Таджыкістана засцерагалі ад экстрэмізму і тэрарызму, палохаючы вышэйшай мерай.

Мерапрыемства з вельмі дзіўнай назвай “Экстрэмізм – грані разумнасці” правяла выхавацель універсітэцкага інтэрната №2 Галіна Стальмахова. Мэтай так званага круглага стала была прафілактыка экстрэмізма і міжнацыянальных канфліктаў. 

Замежнікам з Таджыкістана спачатку нагадалі пра падзеі ў паўднёваасецінскім Беслане ў 2004 годзе, дзе загінулі 334 чалавекі, сярод якіх 186 дзяцей. А потым паведамілі, што ў Беларусі асоба, прызнаная вінаватым у здзяйсненні акту тэрарызму, у залежнасці ад абставін злачынства і цяжкасці наступстваў, караецца альбо пазбаўленнем волі, пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем.

Праўдападобна, што жаданнем правесці такое прафілактычнае мерапрыемства менавіта з таджыкамі ў магілёўскім універсітэце натхніліся пасля нядаўняга прысуда ў Расіі па справе аб тэракце ў “Крокус сіці холе”. У Маскве 12 сакавіка 2026 года закончыўся суд над 19 абвінавачаннымі ў датычнасці да злачынства. Большасць з іх – грамадзяне Таджыкістана.

Фотаздымак: bgut.by

Толькі ў шасці раёнах Магілёўшчыны ўчора не было прыродных пажараў

Узгаранні сухой расліннасці і лесу пачасціліся на Магілёўшчыне напрыканцы сакавіка.

Паводле даных Магілёўскага абласнога ўпраўлення МЧС, за суткі з 30 па 31 сакавіка ратавальнікі ліквідавалі 28 загаранняў сухой расліннасці. А з пачатку года ў Магілёўскай вобласці адбылося 149 пажараў сухой расліннасці на агульнай плошчы 23 га, 8 пажараў лесу на агульнай плошчы 7 га.

Пры гэтым лес учора гарэў у трох месцах – у Бабруйскім, Клімавіцкім і Шклоўскім раёнах. 

Як сведчыць карта ўчарашніх пажараў, прыродныя адбыліся ў большасці раёнаў Магілёўшчыны. Не зафіксавалі іх толькі ў Бялыніцкім, Глускім, Краснапольскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чэрыкаўскім. 

Згодна з картай Мінлясгаса, па ўсёй Магілёўскай вобласці наведванне лясоў абмежавана. Гэта значыць, у іх нельга заязджаць на машыне і распальваць вогнішчы.

Фотаздымак: МНС РБ

Ужо і ўкраінскія дроны лятаюць над Магілёўшчынай

Неба над Магілёўскай вобласцю цяпер стала хабам для ўкраінскіх ударных дронаў, якія ляцяць руйнаваць расійскую нафтавую інфраструктуры каля Санкт-Пецярбурга.

Памежныя раёны Беларусі ўсё часцей аказваюцца ў эпіцэнтры паветранай вайны. Расійскія маніторынгавыя каналы сцвярджаюць, што ўкраінскія ўдарныя беспілотнікі выкарыстоўваюць неба над Магілёўскай вобласцю як частку маршруту пры атаках на аб’екты ў глыбіні Расіі.

Паводле гэтых паведамленняў, дроны заходзяць з украінскага боку праз Бранскую вобласць і далей рухаюцца ў напрамку Смаленскай. Аднак іх траекторыя не абмяжоўваецца выключна расійскай тэрыторыяй, і беспілотнікі перыядычна заходзяць у паветраную прастору Беларусі.

Як тлумачыць Z-канал «Беларускі сілавік», прычына ў геаграфіі. Магілёўская вобласць утварае своеасаблівы выступ паміж Бранскай і Смаленскай абласцямі, што дазваляе пракласці больш кароткі маршрут. Замест таго каб аблятаць гэты «клін», дроны рухаюцца па прамой, фактычна «разразаючы» мяжу і некалькі разоў перасякаючы яе.

Такім чынам, гаворка ідзе не пра выпадковыя інцыдэнты, а пра сістэмнае выкарыстанне асаблівасцяў мяжы для аптымізацыі палётаў. Гэта, верагодна, дазваляе не толькі эканоміць час, але і ўскладняе працу сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Падобная сітуацыя назіраецца і на поўдні краіны. У Гомельскай вобласці, дзе мяжуюць адразу некалькі ўкраінскіх рэгіёнаў і Бранская вобласць Расіі, таксама фіксуецца актыўны рух беспілотнікаў. Складаная канфігурацыя межаў стварае ўмовы, пры якіх дроны могуць свабодна манеўраваць паміж тэрыторыямі.

У памежжы, паводле назіранняў, фактычна сфармавалася зона пастаяннай дронавай актыўнасці. Мясцовыя жыхары і назіральнікі адзначаюць, што ў небе можна ўбачыць розныя тыпы апаратаў, сярод якіх як расійскія «Герані», так і ўкраінскія «Лютыя». Пры гэтым сітуацыя ўскладняецца тым, што ў цёмны час сутак адрозніць прыналежнасць беспілотніка практычна немагчыма. 

Фотаздымак: ТГ “Беларускі сілавік”

Магілёўскія функцыянеры Глаз і Бойка здзейснілі штогадовае пацісканне рук

У Магілёве ў чарговы раз сустрэліся старыя і новыя камсамольцы. Яны і падпісалі чарговы план сумесных дзеянняў.

Абласное аб’яднанне прафсаюзаў, арганізацыя ветэранаў і БРСМ падпісалі план сумесных мерапрыемстваў на 2026 год.

«Падзея» гэта чыста ўмоўная: цырымонія праводзіцца штогод і бакі паспелі так добра вывучыць адзін аднаго, што падпісваюць дакумент не гледзячы. Тым не менш, план урачыста замацаваў тое, што і без яго было відавочна: людзі, якія выраслі ў адной сістэме каардынат, працягваюць працаваць у ёй жа.

Анатоль Глаз, старшыня абласной арганізацыі ветэранаў, вядомы сваёй шчырай любоўю да працы на беларускай зямлі. Хоць гэтая зямля для яго ўсё жыццё была дзесьці там, за акном райкама, абкама і наступнага абкама.

Алег Бойка, першы сакратар абласнога камітэта БРСМ – дакладная копія, малады дубль Анатоля Глаза.

Чалавек, які нібыта матэрыялізаваўся адразу ў байцоўцы і з тэчкай пад пахай. Адкуль ён узяўся – гісторыя маўчыць, затое куды рухаецца – абсалютна зразумела. Нідзе, акрамя структур з прыстаўкай «кам», заўважаны не быў.

У падпісаным плане ёсць усё неабходнае:

  • патрыятычныя акцыі;
  • велапрабегі;
  • ушанаванне працоўных дынастый;
  • і чамусьці «кветнікі каля жылых дамоў».

Першы сакратар Бойка запэўніў, што пагадненне «арыентавана на канкрэтныя вынікі». Якія менавіта – не ведае ніхто, уключаючы яго самога.

Фота “Могилевские ведомости”.

Бабруйскі антыстрэс аказаўся крыніцай стрэсу

Няякасныя кітайскія цацкі канфіскавалі з продажу ў Бабруйску.

У Бабруйску ў аднаго з прадпрымальнікаў канфіскавалі кітайскія цацкі-антыстрэс маркі Darvish. Яны прызначаліся дзецям ад трох гадоў.

Магілёўская абласная інспекцыя Дзяржстандарту ўстанавіла: цацка не адпавядае патрабаванням бяспекі – узровень гуку ў ёй перавышае дапушчальныя нормы. Спецыялісты папярэдзілі, што рэгулярнае выкарыстанне такой цацкі можа нашкодзіць слыху дзіцяці. Увоз і продаж гэтых вырабаў на тэрыторыю краіны забаронены.

Фота БелТА.

У Магілёве котка пасябравала з львом

У Магілёўскім заасадзе чорная котка пасялілася ў адным вальеры са львом.

Хто з іх цар звяроў цяпер не зусім зразумела. Наведвальнікі не хаваюць захаплення і ахвотна дзеляцца здымкамі незвычайнай паркі. Котка трымаецца ўпэўнена – ніякай пашаны да суседа, толькі звыклае пачуццё гаспадыні становішча. Леў, у сваю чаргу, церпіць. Заасад рэкамендуе ўбачыць гэты саюз на ўласныя вочы.

Фота: скрыншот відэа “Падслухана Магілёў”.