Фарэль і грошы: пра што насамрэч гаварылі на семінары ў Краснаполлі

У Краснаполлі зноў разглядалі “рыбныя” справы і заклікалі тыражаваць вопыт. Насамрэч жа дэлегацыя намесніка міністра прыязджала ў рыбгас «Палуж» не любавацца басейнамі – гэта ўжо рабіў Лукашэнка і ў 2019-м, і ў 2023-м.

На гэты раз абмяркоўвалі, хто і на якіх умовах дасць грошы на наступныя восем комплексаў і куды пойдзе рыба, калі ўсе дзевяць прадпрыемстваў выйдуць на праектную магутнасць.

Такім чынам у Краснаполлі ішла звычайная для беларускай эканомікі размова пра размеркаванне рызык паміж Банкам развіцця, выканкамамі і дырэктарамі УП.

Застаецца толькі дадаць, што абсталяванне для «Палужа» пастаўляла польская KOL-tech Solutions, гэта значыць стартавыя інвестыцыі і частка будучага сэрвісу завязаныя на валютны імпарт з моцна недружалюбнай краіны.

Фота БелТА.

Бабруйчанін скраў у Глускім раёне бензапілу

У Глускім раёне 29-гадовы бабруйчанін праходзіў міма адчыненага гаража прыватнага дома і заўважыў дарагія інструменты.

Хлопец, ужо судзімы за ўгон і рабаванне, доўга не разважаў: хутка вынес з гаража бензапілу, два газавыя ключы і шліфавальную машынку.

Скрадзенае адвёз дадому ў Бабруйск.

Да моманту затрымання міліцыяй злачынец паспеў прадаць частку абсталявання.

Фота ілюстрацыйнага характару.

23 чэрвеня ў гісторыі. Алімпійскі і ўдовій дзень. Пішучая машынка. Аперацыя “Баграціён”. Нарадзіўся Ю. Хадыка

Міжнародны Алімпійскі дзень (International Olympic Day, з 1948 года).

Гэтая дата была абрана з мэтай увекавечыць дату стварэння Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) 23 чэрвеня 1894 года, пасля таго, як энтузіяст адраджэння алімпійскага руху П’ер дэ Кубертэн у Парыжы абвясціў свой гістарычны даклад перад міжнародным атлетычным кангрэсам.

Асноўным мерапрыемствам, якое суправаджае Міжнародны Алімпійскі дзень, з’яўляецца арганізацыя масавых забегаў на доўгія дыстанцыі. МАК рэкамендуе Нацыянальным алімпійскім камітэтам распаўсюджваць алімпійскую канцэпцыю “Спорт для ўсіх”.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі заснаваны ў 1991 годзе, што дало магчымасць беларускім спартсменам выступаць самастойнай камандай на Алімпійскіх гульнях.

Міжнародны дзень удоў (International Widow’s Day, з 2011 года).

У сувязі з неабходнасцю ўдзялення асаблівай увагі становішчу ўдоў усіх узростаў, якія жывуць у розных рэгіёнах і культурным асяроддзі, Генеральная Асамблея ААН устанавіла Міжнародны дзень удоў.

Доля ўдоў у Беларусі, паводле вынікаў перапісу 2019 года, склала 18,9% (па перапісе 2009 г. – 18,4, у 1999 г. – 13,0). Гэта амаль у 5 разоў больш, чым удовых мужчын (3,9%). У краіне больш за 800 тысяч удоў. І іх колькасць толькі расце, паколькі Беларусь – краіна жанчын, у краіне павышаная смяротнасць мужчын (алкагалізм, нізкая стрэсаўстойлівасць, траўматызм, захворванні) і больш нізкая працягласць жыцця «моцнай палавіны» – жывуць на 10 гадоў меней за жанчын.

Дзень дзяржаўнай службы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (United Nations Public Service Day, з 2003 года).

ААН заклікала дзяржавы-члены арганізоўваць у гэты дзень спецыяльныя мерапрыемствы, якія асвятляюць значэнне і ўклад дзяржаўнай службы ў працэсе развіцця грамадства, праводзіць узнагароджанне дзяржаўных служачых, а таксама арыентаваць жыццёвыя інтарэсы моладзі ў напрамку прыняцця рашэнняў аб кар’еры дзяржаўнага служачага.

Аграфена Купальніца (Аграфена Лютыя Карэнні, народны каляндар, народная назва дня памяці Св. пакутніцы Агрыпіны).

Гэтае свята ў славянскіх народаў асацыявалася з пачаткам купальнага сезона. У дзень Аграфены Купальніцы ўпершыню пасля доўгай зімы людзям дазвалялася купацца ў рэках, ручаях, сажалках і азёрах. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень Бог апускае ў ваду цеплыню, а Ян Хрысціцель чысціць вадаёмы ад ведзьмаў, вадзяных, змей і іншага паскуддзя, якое апаганьвае іх.

Акрамя таго, лічылася, што вада ў гэты дзень атрымлівае ад сонца гаючую сілу, карысную для людзей. Людзі купаліся ў рэках і азёрах аголенымі, мыліся ў лазнях, аблівалі адзін аднаго вадой з студняў. Усё, што было звязана з вадой, лазняй і купаннем, знайшло адлюстраванне ў гэты дзень.

К. Макоўскі. Дзяўчына ў вянку.

1868 год. У ЗША запатэнтавана пішучая машынка.

Крыстафер Шоулз з Вісконсіна прыдумаў апарат для паслядоўнай нумарацыі кніжных старонак. Ад гэтай простай прылады і вядзе свой пачатак пішучая машынка.

Запатэнтаваная машынка была памерам з пісьмовы стол, друкавала толькі вялікімі літарамі, а машыністка не бачыла выніку сваёй працы, таму што папера хавалася ўсярэдзіне. Аднак, менавіта ад гэтай машынкі пайшла па свеце знакамітая раскладка QWERTY – першыя шэсць клавіш у верхнім радзе клавіятуры.

Замест клавішы з лічбай 1 выкарыстоўвалі літару “I”, ды і Shift быў дададзены толькі праз 10 гадоў, але раскладка засталася той жа самай.

Шоулз прадаў правы на машынку Ф. Рэмінгтону і яго інжынеры давялі распрацоўку да розуму і выпусцілі на рынак апарат пад назвай “Remington” 1 сакавіка 1873 года.

Адным з першых пакупнікоў прылады стаў М. Твен. Яго знакаміты раман “Прыгоды Тома Соера” стаў першым у свеце класічным творам, надрукаваным механічным спосабам.

З калекцыі пішучых машынак Клічаўскага краязнаўчага музея

1765 год. Нарадзіўся Ежы Валінскі (1765-1840).

Беларускі і польскі танцоўшчык тэатра. Выкладчык танцаў.

Працаваў у тэатры А. Тызенгауза, у варшаўскай трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці», удзельнік спектакляў у каралеўскім замку, у Лазенках, на сцэне Нацыянальнаго тэатра. 

Лазенкі

1933 год. Расстраляны епіскап Слуцкі Мікалай (Шамяціла, 1877-1933).

Беларускі праваслаўны дзеяч.

Падтрымліваў і прапагандаваў сярод вернікаў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння, прыхільнік ідэй аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі.

Арыштоўваўся ДПУ у 1926, 1933 гадах.

Па афіцыйнай версіі, памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі, па іншых звестках – расстраляны ў Мінскай унутранай турме ДПУ.

1938 год. Нарадзіўся Юрый Хадыка (1938-2016).

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, навуковец, доктар фізіка-матэматычных навук.

У 1969 годзе арганізаваў у АН БССР семінар па вывучэнню старажытнабеларускага мастацтва, прымаў удзел у зборы матэрыялаў і напісанні «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

Намеснік старшыні БНФ.

Памёр 11 верасня 2016 года на чужыне, у ЗША, але пахаваны ў Мінску.

1941 год. На другі дзень Вялікай Айчыннай вайны, войскі нацысцкай Германіі занялі беларускія гарады Беласток і Гродна.

Фота. Баі на Беластоцкім выступе 22-25 чэрвеня 1941 года.

1944 год. Пачатак беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944).

У ходзе аперацыі савецкая армія нанесла найбуйнейшую паразу нямецкай арміі за ўсю ваенную гісторыю Германіі, разграміўшы групу армій «Цэнтр» Вермахта.

Да чэрвеня 1944 года лінія фронту на ўсходзе падышла да лініі Віцебск – Орша – Магілёў – Жлобін.

З савецкага боку ў чатырох задзейнічаных франтах на пачатак аперацыі лічылася больш за 1,6 млн чалавек (без тылавых частак). З нямецкага боку, у групе армій “Цэнтр” – 486 тыс. вайскоўцаў (усяго 849 тысяч, уключаючы тылавыя часткі). Да пачатку аперацыі СССР меў перавагу ў танках у 23 разы, у артылерыі ў 9,4, у авіяцыі ў 10,5. Нямецкае камандаванне не чакала савецкага наступу на гэтым участку фронту, замест эшаланаванай мабільнай абароны Гітлер настойваў на абароне фіксаваных геаграфічных кропак-«крэпасцей» Мінск, Віцебск, Бабруйск, Магілёў і іншых.

У першыя 3 дні савецкія войскі ўзялі 11 з 12 «крэпасцяў». Вялікую ролю ў паслабленні рэзерваў нямецкіх войск адыграла высадка саюзнікаў у Нармандыі.

1944 год. У межах аперацыі “Багрыціён” пачалася магілёўская наступальная аперацыя.

Завяршылася 27 чэрвеня вызваленнем Глуска, 28 чэрвеня – Магілёва, Асіповічаў, 29 чэрвеня – Бабруйска.

1946 год. Заснавана Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства імя Ф. Скарыны.

Існавала ў 1946-1949 гадах у Германіі, у 1949-1976 – у ЗША.

Заснавана ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я. Станкевіч, А. Адамовіч  і А. Махноўскі.

Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навуковай працы ў галіне беларусазнаўства.

Таварыства займалася зборам дакументаў, рукапісаў, беларускіх выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Беларускім архіве.

Спыніла дзейнасць у 1976 годзе.

Я. Станкевіч

1967 год. У ЗША памёр Мікалай Дзямідаў (1888-1967).

Беларускі грамадска-палітычны і ваенны дзеяч, настаўнік.

Унучаты пляменнік К. Каліноўскага.

Удзельнік Імперыялістычнай вайны, паручнік. Прадстаўнік Рады БНР і камендант Гродна. З уласна сфарміраваным батальёнам ваяваў у складзе арміі С. Булак-Балаховіча. Арганізатар таварыстваў «Беларуская хата» і «Рунь» у Латвіі. Адзін з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады.

Круглянская раёнка: 85 гадоў таму Германія вераломна напала на Беларусь

Круглянскія ідэёлагі ўзялі новую вышыню ў фальсіфікацыі гісторыі. Паводле іх, 85 гадоў таму Германія пачала вайну з Беларуссю.

22 чэрвеня 1941 года нацысцкая Германія са сваімі саюзнікамі, парушыўшы Дамову ад дружбе і ненападзенні з СССР, напала на свайго ўжо былога саюзніка, з якім разам распачала Другую Сусветную вайну. Мэтай нападзення быў, перш за ўсё, захоп тэрыторый. Нападзенне адбылося па ўсёй заходняй савецкай мяжы, частка якой, прычым зусім невялікая, тычылася БССР. 

Гэта ўсім вядомая гісторыя, ніхто не спрачаецца, што ва ўзгаданы дзень Германія без абвяшчэння вайны нападала на СССР, у які састаўной, абсалютна несамастойнай часткай уваходзіла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Але ў Круглым гісторыя цяпер іншая. 

“Роўна 85 гадоў таму, у 4:15 раніцы, нацысцкая Германія вераломна напала на Беларусь”, – піша яе тэлеграм-канал “PRO Круглое”. З такім падыходам у вызначэнні ваенных дзеянняў можна меркаваць, што была нейкая нямецка-беларуская вайна.

З іншага боку, па той жа логіцы круглянскіх ідэёлагаў і прапагандыстаў, варта ставіць пытанне, а калі ж закончылася нямецка-беларуская вайна, якую распачала Германія нападзеннем на Беларусь. Калі лічыць заканчэннем поўны захоп тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі, то недзе напачатку верасня 1941 года, пэўна, у Германіі святкавалі перамогу над Беларуссю. Праўда, аб такім святкаванні сведчанняў мы не знойдзем, як не знойдзем нічога аб нападзенні Германіі на Беларусь.

Фотаздымак: ТГ “PRO Круглае”

Крычаўскія міліцыянеры спрабуюць змагацца з гвалтам у семьях

У Крычаўскім раёне штодня адбываюцца здарэнні ў сферы побыту, адна з асноўных прычын – беспрабуднае п’янства.

У раёне з 8 па 30 чэрвеня праходзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне злачынстваў супраць жыцця і здароўя, у тым ліку ў сямейна-бытавой сферы.

Як паведаміў першы намеснік начальніка РАУС Уладзімір Аляксандраў, здарэнні на бытавой глебе ў раёне адбываюцца практычна штодня.

Паводле дадзеных міліцыі, за пяць месяцаў гэтага года ў раёне зарэгістраваныя два злачынствы ў сферы быту. Яшчэ 90 чалавек былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне пабояў і іншыя формы гвалту ў дачыненні да блізкіх сваякоў або членаў сям’і.

Адной з галоўных прычын сямейных канфліктаў у міліцыі называюць злоўжыванне алкаголем. «Праблемы п’янства і гвалтоўнай злачыннасці цесна звязаныя паміж сабой. Сямейнае няшчасце, злоўжыванне спіртным і канфлікты нярэдка прыводзяць да цяжкіх наступстваў», – адзначыў Аляксандраў.

У РАУС заклікалі жыхароў раёна не замоўчваць выпадкі хатняга гвалту і паведамляць пра іх у міліцыю. Для гэтага дзейнічаюць кругласутачныя тэлефоны: 22-174 і 102.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Жыхар Асіповіцкага раёна самастойна зрабіў сонечны электраровар

Жыхар Асіповіцкага раёна Дзмітрый Пацкевіч сабраў у расійскім Дагестане электравеласіпед на сонечных батарэях і прыехаў на ім дадому менш чым за два месяцы.

Сваю першую вялікую паездку на самаробным электравеласіпедзе Дзмітрый Пацкевіч завяршыў восенню мінулага года. За 52 дні жыхар Асіповіцкага раёна пераадолеў больш за 2300 кіламетраў ад Дагестана да Беларусі.

Незвычайны транспарт мужчына збіраў у Махачкале. Паводле яго слоў, для кузава і хадавой часткі выкарыстоўваў дэталі, знойдзеныя на гарадскіх звалках, а сонечныя панэлі і электроніку набываў асобна.

«Калі ёсць сонца, можна ехаць бясконца. У пахмурнае надвор’е запасу хапае прыкладна на 50 кіламетраў», – расказаў Дзмітрый.

У дарогу ён выправіўся 22 верасня 2025 года. Маршрут пралягаў праз Растоў-на-Доне, Варонеж, Арол і Бранск. Па словах вандроўніка, на трасе кіроўцы часта сігналілі яму і паказвалі жэсты адабрэння, а супрацоўнікі расійскай аўтаінспекцыі больш цікавіліся канструкцыяй транспарту, чым дакументамі.

Без цяжкасцяў не абышлося. Падчас падарожжа Дзмітрыю даводзілася дзясяткі разоў рамантаваць прабітыя колы, а таксама чакаць замены для электронных вузлоў, якія выходзілі са строю. Калі побач не было гасцініцы, начаваў проста ў кузаве свайго электравеласіпеда.

У родную вёску каля Асіповічаў ён вярнуўся 15 лістапада.

Цяпер самаробны транспарт выкарыстоўваецца не толькі для паездак. Сонечныя панэлі дазваляюць забяспечваць электраэнергіяй бытавую тэхніку ў доме. А сам вынаходнік ужо думае над новымі ўдасканаленнямі. Хоча павялічыць запас ходу і абшыць кузаў дадатковымі сонечнымі панэлямі.

Фотаздымак: komkur.info

Пад Клічавам перакуліўся Opel: загінуў 16-гадовы пасажыр

У Клічаўскім раёне ўвечары 21 чэрвеня адбылася аварыя з удзелам непаўналетніх. Паводле папярэдняй інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, каля 21:00 на другім кіламетры дарогі Клічаў — Смолярня — Буднеў 16-гадовы юнак за рулём Opel Astra не справіўся з кіраваннем.

Аўтамабіль з’ехаў у левы па ходзе руху кювет і перакуліўся. Адзін з пасажыраў — равеснік кіроўцы — загінуў на месцы. Яшчэ адну дзяўчыну з траўмамі даставілі ў бальніцу.

Абставіны здарэння высвятляюцца. ДАІ праводзіць праверку.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

22 чэрвеня ў гісторыі. Абарона Брэсцкай крэпасці. Выбух у Мінскім тэатры. Першыя пенсіі. Нарадзіўся А. Цвікевіч. Дзень памяці В. Быкава

Дзень памяці і смутку. Дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

22 чэрвеня 1941 года – адна з самых маркотных дат у гісторыі Беларусі – пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Супраць СССР выступілі Румынія, Італія, а праз некалькі дзён Венгрыя, Славакія і Фінляндыя. Цяжкая кровапралітная вайна доўжылася 1418 дзён і начэй, завяршылася 9 мая 1945 года.

Агульныя людскія страты СССР у ходзе вайны склалі 26,6 мільёнаў чалавек (з 61 мільёна ахвяр Другой Сусветнай вайны).

Сярод 34,4 мільёна савецкіх воінаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на франтах, звыш 1,3 мільёна – беларусы і ўраджэнцы Беларусі. На нашай зямлі вайна цягнулася 3 гады, 1 месяц і 6 дзён – з 22 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944 года. 

На беларускай зямлі нямецкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў, 10 961 (раней лічылася 9 200) вёсак, знішчана 10 000 калгасаў, 1 200 000 сельскіх будынкаў. На тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных, але з улікам ўскосных страт за гады вайны загінула ад 2,5 да 3,0 мільёнаў жыхароў Беларусі – кожны трэці.

Штогод у гэты дзень а 12:00 адбываецца нацыянальная хвіліна маўчання.

1633 год. Адрачэнне Галілеа Галілея ад сваіх поглядаў.

Гэта адбылося ў дамініканскім манастыры святой Мінервы. Галілей на каленях адрокся ад сваіх поглядаў на тым самым месцы, дзе Джардана Бруна выслухаў смяротны прысуд.

На наступны дзень Папа Рымскі ў парадку памілавання замяніў Галілею зняволенне ў турме інквізіцыі выгнаннем, і той мог вярнуцца на вілу Медычы. Там ён павінен быў жыць у строгай адзіноце.

1706 год. У Магілёў з Оршы прыбыў рускі цар Пётр І.

Яго, як кіраўніка саюзнай дзяржавы ў вайне са Швецыяй пышна сустрэлі члены гарадскога магістрату, рускія ваенаначальнікі, якія знаходзіліся з войскамі пад Магілёвам з сакавіка 1706 года.

Крыху пазней у Магілёўскі замак прывязлі паланянку – служанку марыенбургскага пастара Марыю Скаўронскую (пазней стала жонкай Пятра, імператрыцай Кацярынай І).

Літаральна праз два тыдні пасля гэтай падзеі горад быў заняты войскамі Карла XII.

У Магілёве няма помнікаў Пятру І, а вось у Горках, у гонар наведвання яго Пятром у 1706 годзе, 26 чэрвеня 2019 года памятную шыльду ўстанавілі.

Рускі цар наведаў Магілёў амаль праз год пасля таго, як Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасці каранаванай асобы: 11 ліпеня 1705 года ў полацкім Сафійскім саборы Пётр разам з світай забіў 5 манахаў-базыльянаў.

1888 год. Нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч (1888-1937).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст, аўтар прац «Кароткі нарыс узнікнення БНР», «Западна-русізм».

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады, міністр замежных спраў БНР, кіраўнік ураду БНР (1923-1925).

Працаваў вучоным сакратаром Інбелкульта, у Інстытуце гісторыі акадэміі навук. Арыштоўваўся ў 1930, 1937 гадах.

Расстраляны НКУС 30 снежня 1937 года.

1898 год. Нарадзіўся Браніслаў Туронак (1896-1938).

Беларускі грамадскі дзеяч, доктар лекарскіх навук, папулярызатар аховы здароўя. Бацька Ю. Туронка (1929-2019), беларускага гісторыка, аўтара кнігі «Беларусь пад нямецкай акупацыяй».

Арганізатар беларускіх школ на Дзісеншчыне, сустваральнік Беларускага сялянскага саюза, папулярызатар аховы здароўя, аўтар кнігі «Гігіена ўзгадавання дзіцяці».

Уваходзіў ва ўправу, быў старшынём управы Віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

Памёр 19 верасня 1938 года.

1889 год. Германія стала першай краінай у свеце, якая ўвяла пенсіі па ўзросту.

Сучасная сярэдняя пенсія ў Германіі каля 782 еўра.

У СССР толькі ў 1930 года было прынята «Палажэнне аб пенсіях…», у 1932 годзе быў устаноўлены ўзрост выхада на пенсію: 55 гадоў для жанчын і 60 – для мужчын.

Час выхада на пенсію па ўзросту ў Беларусі – 58 гадоў для жанчын і 63 для мужчын.

Абавязковай умовай для атрымання пенсіі па ўзросту з’яўляецца наяўнасць страхавога стажа.

Кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер. Як гаворыцца на сайце Мінпрацы і сацабароны, на сёння ў краіне атрымальнікамі працоўных пенсій з’яўляюцца 2,3 мільёна чалавек. Сярэдняя працоўная пенсія па ўзросце ў краіне 705 рублёў (235 долараў), яна  на ўзроўні 40% сярэдняга заробку ў эканоміцы. 

Вялікія пенсіі маюць пенсіянеры Кувейта  – 3000, Даніі – 2900, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – 2800, Японіі – 2700, Фінляндыі – 2000, Аўстрыі – 1700, Ізраіля, Нідэрландаў, Францыі – 1600, ЗША, Канады  – больш за 1500 долараў ЗША.

1941 год. Пачатак гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.

Мужная барацьба 3 500 абаронцаў крэпасці скавала буйныя сілы гітлераўскіх захопнікаў. Арганізатарамі і кіраўнікамі абароны былі капітан І. Зубачоў, палкавы камісар Я. Фамін, маёр П. Гаўрылаў, лейтэнант А. Кіжаватаў.

Па разліках гітлераўцаў, крэпасць павінна была быць узятая да 12:00 22 чэрвеня, але супраціў асобных груп абаронцаў цягнуўся да 20 ліпеня.

Апошні надпіс абаронцаў на крэпасных сценах выдрапаны менавіта: “Паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма”.

8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-Герой”. У 1971 годзе тут з’явіўся мемарыял: гіганцкія скульптуры “Мужнасць” і “Смага”, пантэон славы, плошча Цырыманіялаў, закансерваваныя руіны і адноўленыя казармы крэпасці.

1943 год. Выбух у Мінскім беларускім тэатры арганізаваны савецкімі партызанамі.

Ён адбыўся падчас цырымоніі заснавання Саюза беларускай моладзі. Міна, устаноўленая пад сцэнай, мусіла ўзарвацца ў той час, калі ў тэатры знаходзіўся гаўляйтар В. Кубэ. Але выбух прагучаў пазней, у час спектакля паводле камедыі «Пан міністар» Ф. Аляхновіча, на якім гаўляйтар ужо не прысутнічаў.

У час выбуху на сцэне быў артыст Б. Уладамірскі. Яго выбуховай хваляй шпурнула праз усю сцэну, але ён застаўся цэлы. Некаторых ўдзельнікаў спектакля выбуховай хваляй выкінула вонкі праз дзверы.

Загінулі некалькі сяброў Саюза беларускай моладзі, у тым ліку А. Братко, Я. Кушаль – сын паэтэсы Н. Арсенневай і Ф. Кушаля, К. Мокат, Т. Насеннік, М. Негіна, М. Сабалеўская, Л. Слаўнін і трое неапазнаных асоб, усяго 13 чалавек. Некалькі дзесяткаў былі цяжка параненыя. Паводле савецкіх крыніц было звыш 30 забітых і 100 параненых, таксама паведамлялася, што забіта 70 і паранена 110 нямецкіх салдат і афіцэраў.

Пасля рамонту тэатр зноў адкрыўся 2 красавіка 1944 года.

1999 год. Фаніпаль атрымаў статус горада.

18-тысячны горад у Дзяржынскім раёне, вядомы з 1856 года як вёска. Па паданнях, назва ад імёнаў дачок пана Багдашэўскага – Фані і Полі.

Вядомы сваімі птушкафабрыкай «Агракамбінат Дзяржынскі» і вырабам адна- і двухпавярховых электрацягнікоў і цягнікоў для метро «Штадлер-Мінск».

1913 год. Нарадзіўся Аляксандр Авечкін (1913-1980).

Ваенны лётчык, дзіцячы пісьменнік, журналіст.

Працаваў уласным карэспандэнтам газеты “Калгасная праўда”, загадчыкам аддзела брэсцкай абласной газеты “Зара”, старшым рэдактарам брэсцкай абласной студыі тэлебачання.

Аўтар шматлікіх аповесцяў для дзяцей, зборнікаў прозы.

А. Авечкін у цэнтры.

1976 год. Нарадзіўся Андрэй Жук (1976-2019).

Французскі вайсковец, ураджэнец Беларусі.

Кавалер ордэна Ганаровага Легіёна, удзельнік міжнародных антытэрарыстычных аперацый ў Афганістане, Гвіяне, Малі.

Загінуў у 25 лістапада 2019 года ў Малі.

Памятная цырымонія ў 2-м замежным інжынерным палку ў Сен-Крыстолі, дзе служыў А. Жук, адбылася 6 снежня, у дзень Св. Варвары (нябёснай заступніцы сапёраў), з удзелам камандзіра 27 брыгады генерала Пьера-Жозэфа Гіўрэ.

27 снежня 2019 года ўрну з прахам даставілі на радзіму ў Баранавічы. Пахаваны на баранавіцкіх могілках Русіно.

2003 год. Памёр Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і  БССР, Ленінскай прэміі.

Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.

Большасць твораў – аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Па яго творах пастаўлены каля 20 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада», на беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы — «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».

Многія яго аповесці інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.

Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.

У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.

На Магілёўшчыне змянілі час правядзення мітынгу-рэквіема на больш адэкватны

Пасля многіх гадоў правядзення мітынгаў-рэквіемаў 22 чэрвеня на золку, сёлета іх правядуць апоўдні.

На 12:00 22 чэрвеня 2026 года ў Беларусі абвешчана агульнанацыянальная хвіліна маўчання ў памяць аб загіблых падчас нямецка-савецкай вайне. Афіцыйна 22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа.

Такі мітынг-рэквіем цягам многіх гадоў праводзіўся, у прыватнасці, на Буйніцкім полі ў 4:00 раніцы. Такі ранні час, па меркаванні арганізатараў, быў закліканы нагадаць момант 22 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія войскі ўварваліся на тэрыторыю Савецкага Саюза. Заспаныя дзеці і дарослыя стаялі на тым мітынгу, чакаючы пакуль ён скончыцца, каб, калі гэта быў выходны дзень, пазней адаспацца. Ну а калі не выходны, то ў стане самнамбулы працаваць. 

“Сябры, звярніце ўвагу: час правядзення памятнага мерапрыемства на Буйніцкім полі змяніўся!  

Было: 22 чэрвеня, 04:00.  

Стала: 22 чэрвеня, 12:00”

Такая абвестка апубікавана 20 чэрвеня, у прыватнасці, у тэлеграм-канале ААТ “Магілёўхімвалакно”.

Падобныя абвесткі з’явіліся і ў рэгіянальных выданнях. “Увага! Зменены час правядзення мітынгу-рэквіема 22 чэрвеня. Мітынг-рэквіем, запланаваны на 22 чэрвеня, перанесены з 04:00 на 12:00”, – напісаў “Асіповіцкі край” пра запланаваную акцыю ля брацкай магілы каля вёскі Цяплухі. 

У некаторых раёнах ні пра які перанос ўвогуле не ўзгадвалі. Так, “Глуск інфо” 18 чэрвеня паведамляла, што мітынг-рэквіем “Звон смутку” пройдзе ў Глуску 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы на мемарыяльным комплексе “Воінская Слава”. А ўжо 21 чэрвеня тое ж “Глуск інфо” піша, што мітынг-рэквіем “Звон смутку” пройдзе ў Глуску 22 чэрвеня ў 12:00 на мемарыяльным комплексе “Воінская Слава”.

А дзе-нідзе вырашылі, напэўна, двойчы ўзгадаць аб падзеях 22 чэрвеня 1941 года. Так 19 чэрвеня “PRO Круглое” напісала, што “ў панядзелак, 22 чэрвеня, у 4.00 ля брацкай магілы ў горадзе Круглае адбудзецца мітынг-рэквіем у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Звон смутку», прысвечанай 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 21 чэрвеня тое ж СМІ распавяло, што ў панядзелак, 22 чэрвеня, у 12.00 ля помніка сям’і Зелікавых у д.Новопрудье адбудзецца мітынг-рэквіем у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Звон смутку», прысвечанай 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 

Ні аб якім пераносе не толькі часу, але і месца правядзення “Звону смутку” круглянская раёнка не ўзгадвае. Такім чынам варта меркаваць, што ў Круглянскім раёне акцыі будзе дзве. 

Варта адзначыць, што традыцыі правядзенне мітынгаў-рэквіемаў на Буйніцкім полі ў 4:00 было каля 20 гадоў.

Фотаздымак: “Веснік Магілёва”

“Магатэкс” пачаў выпускаць пасцельную бялізну з эўкаліпта

Выпуск тканіны ліяцэл з драўніны эўкаліпта асвоіла магілёўскае прадпрыемства “Магатэкс”.

“Дзякуючы выкарыстанню драўніны эўкаліпта, валокна ліяцэла валодаюць прыроднай антыбактэрыйнасцю. У іх не заводзяцца ні пылавыя кляшчы, ні цвіль, ні іншыя мікраарганізмы”, – заявіла ў эфіры СТБ эканаміст-менеджэр аддзела развіцця прадукта кіравання маркетынгу Валерыя Дземідзенка.

Раней такую тканіну імпартавалі з Турцыі і каштавала яна нятанна. 

Ды і цяпер вытворчасць ліяцэла – дарагі працэс, таму тэкстыль з яго менш даступны, чым баваўняныя і сінтэтычныя тканіны. Цэны на пасцельную бялізну са 100% ліяцэлу могуць у некалькі разоў перавышаць кошт камплектаў з бавоўны. Аднак часцяком вытворцы выбіраюць тканіны, у якіх ліяцэл змяшаны з іншымі валокнамі – натуральнымі або сінтэтычнымі. Гэта дазваляе зменшыць кошт выніковага выраба, зрабіць яго больш трывалым і ўстойлівым да зносу.

Фотаздымак: СТБ