“Магатэкс” атрымае з дзяржбюджэта 6 млн рублёў

Урад Беларусі пастанавіў накіраваць 6 млн рублёў дзяржпадтрымкі ААТ “Магатэкс” на закупку станкоў.

Паводле пастановы Саўміна, грошы “Магатэксу” пойдуць са сродкаў інавацыйных фондаў. У гэтым годзе ён атрымае 5,4 млн рублёў, а ў 2027 – яшчэ 0,6 млн рублёў, каб набыць 40 ткацкіх пнеўматычных станкоў з карэтачным механізмам зеваўтварэння.

У сувязі з гэтым, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці сумесна “Магатэксам” даручана забяспечыць: да 30 верасня 2027 г. увод у эксплуатацыю абсталявання; да 30 сакавіка 2028 г. – выхад абсталявання на праектную магутнасць.

Таксама не пазней за 15 сакавіка года, наступнага за годам, устаноўленым для выканання паказчыкаў, канцэрн і “Магатэкс” павінны прадставіць у Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях справаздачу аб выкарыстанні сродкаў з тлумачальнай запіскай. У ёй мусіць адлюстроўвацца эканамічны эфект, дасягнуты ў выніку набыцця абсталявання. 

Нагадаем, што “Магатэкс” вырабляе прадукцыю для сілавога блока не толькі Беларусі, але і краін СНД, уключаючы Расію. Больш за тое, прадпрыемства ў 2023 годзе запусціла вытворчасць формы для расійскіх вайскоўцаў у Чачні. А таксама хацела супрацоўнічаць са структурамі акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. 

Фотаздымак: TUT.by

“Магатэкс” пачаў выпускаць пасцельную бялізну з эўкаліпта

Выпуск тканіны ліяцэл з драўніны эўкаліпта асвоіла магілёўскае прадпрыемства “Магатэкс”.

“Дзякуючы выкарыстанню драўніны эўкаліпта, валокна ліяцэла валодаюць прыроднай антыбактэрыйнасцю. У іх не заводзяцца ні пылавыя кляшчы, ні цвіль, ні іншыя мікраарганізмы”, – заявіла ў эфіры СТБ эканаміст-менеджэр аддзела развіцця прадукта кіравання маркетынгу Валерыя Дземідзенка.

Раней такую тканіну імпартавалі з Турцыі і каштавала яна нятанна. 

Ды і цяпер вытворчасць ліяцэла – дарагі працэс, таму тэкстыль з яго менш даступны, чым баваўняныя і сінтэтычныя тканіны. Цэны на пасцельную бялізну са 100% ліяцэлу могуць у некалькі разоў перавышаць кошт камплектаў з бавоўны. Аднак часцяком вытворцы выбіраюць тканіны, у якіх ліяцэл змяшаны з іншымі валокнамі – натуральнымі або сінтэтычнымі. Гэта дазваляе зменшыць кошт выніковага выраба, зрабіць яго больш трывалым і ўстойлівым да зносу.

Фотаздымак: СТБ

На “Магатэксе” мёрзнуць працаўнікі але прафсаюзам гэта норм – “ёсць лакальныя кропкі холада”

Работнік “Магатэкса” паскардзіўся на холад на працы. Прафсаюз пагадзіўся з праблемай, але прызнаў яе не крытычнай.

З праверкай па скарзе на холад, пры якім немагчыма нармальна працаваць, на ААТ “Магатэкс” прыехаў тэхнічны інспектар працы прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш” Сяргей Індзюхін.

Пахадзіўшы па цэхах і паглядзеўшы на тэрмометры, ён заявіў, што “сітуацыя ў цэлым не носіць крытычнага характару, аднак ёсць лакальныя кропкі холада, якія патрабуюць адраснай увагі”.

Не крытычнай, па меркаванні інспектара, ёсць сярэдняя тэмпература па прадпрыемству ад 16 да 18,6 градусаў цяпла. Гэта значыць, што ў якім-небудзь цеплапункце альбо кабінеце гендырэктара больш за 20, а ў цэхах сапраўды “холад сабачы”. Пры чым інспектар прызнае, што ў асобных зонах тэмпература ўвогуле каля 13 градусаў. Згодна санітарным нормам для гэтай вытворчасці, аптымальнай там з’яўляецца тэмпература каля 19 градусаў.

“Плюс-мінус невялікая разбежка ў дадзеных умовах цярпіма” – лічыць інспектар, які сам працуе ў цёплым кабінеце. Ён выказаў даволі дзіўнае сцвярджэнне, што “працэс паляпшэнняў ўжо запушчаны”, бо супрацоўнікі ў больш прахалодных зонах забяспечаны уцепленай спецвопраткай. Ці параіў інспектар закупіць для работнікаў, якія мёрзнуць на “Магатэксе”, цуда-курткі з падагрэвам, што цяпер выпускаюцца на бабруйскай фабрыцы “Славянка” – не паведамляецца.

Відаць, выключна, каб не злаваць кіраўніцтва “Магатэкса”, якое дапусціла такі холад у цэхах, інспектар “замест прадпісанняў засяродзіўся на практычных рэкамендацыях, накіраваных на павышэнне энергаэфектыўнасці без маштабных выдаткаў”. Гэта значыць, як вялікі спецыяліст па ўцяпленні, ён параіў заткнуць шчыліны і пачысціць цеплаабменнікі ад пылу. Да яго на “Магатэксе” такія рэкамендацыі, відаць, даць не мог ніхто.

У адказ на такія лагодныя паводзіны “змагара за працоўныя правы” кіраўніцтва прадпрыемства паведаміла, што калі-небудзь яно закупіць нейкае новае абсталяванне і прыме меры па лакальным уцяпленні. 

Фотаздымак: mogilev.1prof.by