“Магатэкс” атрымае з дзяржбюджэта 6 млн рублёў

Урад Беларусі пастанавіў накіраваць 6 млн рублёў дзяржпадтрымкі ААТ “Магатэкс” на закупку станкоў.

Паводле пастановы Саўміна, грошы “Магатэксу” пойдуць са сродкаў інавацыйных фондаў. У гэтым годзе ён атрымае 5,4 млн рублёў, а ў 2027 – яшчэ 0,6 млн рублёў, каб набыць 40 ткацкіх пнеўматычных станкоў з карэтачным механізмам зеваўтварэння.

У сувязі з гэтым, Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці сумесна “Магатэксам” даручана забяспечыць: да 30 верасня 2027 г. увод у эксплуатацыю абсталявання; да 30 сакавіка 2028 г. – выхад абсталявання на праектную магутнасць.

Таксама не пазней за 15 сакавіка года, наступнага за годам, устаноўленым для выканання паказчыкаў, канцэрн і “Магатэкс” павінны прадставіць у Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях справаздачу аб выкарыстанні сродкаў з тлумачальнай запіскай. У ёй мусіць адлюстроўвацца эканамічны эфект, дасягнуты ў выніку набыцця абсталявання. 

Нагадаем, што “Магатэкс” вырабляе прадукцыю для сілавога блока не толькі Беларусі, але і краін СНД, уключаючы Расію. Больш за тое, прадпрыемства ў 2023 годзе запусціла вытворчасць формы для расійскіх вайскоўцаў у Чачні. А таксама хацела супрацоўнічаць са структурамі акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. 

Фотаздымак: TUT.by