Cёння адзначаецца 80-я гадавіна хатынскай трагедыі.
Хатынь – адна з 9097 вёсак, якія былі спалены фашыстамі на тэрыторыі Беларусі.
“Старэйшай сястрой” страшэннай трагедыі лічыцца вёска Боркі – месца найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 15 чэрвеня 1942 года нацысцкія карнікі вынішчылі яе разам з 6 навакольнымі пасёлкамі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны, забіўшы 2027 жыхароў.
Батальён “Дырлевангер”, які здзейсніў расправу над жыхарамі Борак знішчыў і Хатынь.
Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія пасёлкі не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. На месцы трагедыі ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны).
Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.
На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.
Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.
Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”
На вуліцы Міронава і бульвары Леніна ў Магілёве былі абноўлены інфармацыйныя стэнды і пачаўся перыяд платнай паркоўкі на ўзбочынах і тратуарах гэтых вуліц.
Нагадаем, што ў 2022 годзе сістэма платнай паркоўкі тут працавала ў тэставым рэжыме. Цяпер жа тарыф на першую гадзіну складае 1 рубель, а на кожную наступную 50 капеек. Аплата бярэцца за паркоўку з 8.00 да 18.00 у буднія дні.
Варта адзначыць, што новыя інфармацыйныя стэнды відавочна недапрацаваныя. Так, адсутнічае QR-код у адпаведным вакенцы, у тэксце дапушчана шмат памылак.
Магілёў стаў першым абласным цэнтрам, у якім рэалізаваная падобная сістэма аплаты за паркоўку. Раней падобную навацыю адпрацавалі ў Мінску.
Міністр юстыцыі Германіі Марк Бушман абвясціў, што выканае ордэр на арышт прэзідэнта Расіі У. Пуціна, калі ён ступіць на нямецкую зямлю – паведамляе Zeit.
У выпадку прыезду Пуціна Міжнародны крымінальны суд хутка звернецца да Інтэрпола і дагаворных дзяржаў і запатрабуе выканання ордэра.
– Тады Нямеччына будзе абавязаная арыштаваць прэзідэнта Пуціна, калі ён заедзе на нямецкую тэрыторыю, і перадаць яго ў Міжнародны крымінальны суд – сказаў міністр.
У адрозненне ад нацыянальных праваахоўных органаў, Міжнародны крымінальны суд можа таксама прымаць меры супраць кіраўнікоў дзяржаў, дадаў Бушман.
Раней канцлер Германіі Олаф Шольц прывітаў рашэнне МУС і заявіў, што ордэр на арышт Пуціна паказвае, што ніхто не стаіць над законам.
Mogilev.media ўжо паведамляў, што Палата дасудовай вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда выдала ордэры на арышт прэзідэнта Расіі У. Пуціна і М. Львовай-Бяловай, якая з’яўляецца ўпаўнаважаным прэзідэнта РФ па правах дзіцяці.
Сёння стала вядома таксама, што міністры юстыцыі з больш як 40 краін сустрэнуцца ў панядзелак у Лондане, каб абмеркаваць павелічэнне падтрымкі Міжнароднага крымінальнага суда і расследавання ваенных злачынстваў ва Украіне.
У Гродна падчас аказання ўзброенага супраціўлення спецпадраздзяленню КДБ ліквідаваны замежны грамадзянін – піша БелТА са спасылкай на Камітэт дзяржбяспекі.
“Падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў па спыненні дзейнасці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 года ў Гродне на вул. Курчатава ліквідаваны замежны грамадзянін Л. Указаная асоба з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказала ўзброенае супраціўленне байцам спецпадраздзялення КДБ, група “А”. – гаворыцца ў паведамленні.
У гарадзенскіх сацыяльных сетках паведамляецца, што выбухі і страляніну чулі на вуліцы Курчатава, 5. Каля дома былі заўважаныя каля 10 супрацоўнікаў спецслужб.
Жорсткімі кадрамі з інтэрната па вуліцы Куцепава, 16 у Магілёве падзяліўся Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”. Уваходнай дзверы ў адным з пад’ездаў няма наогул, рудыя разводы на столі паказваюць, што дах будынка пастаянна працякае.
У самім пад’ездзе сцены кішаць тараканамі.
Пры гэтым камунальныя паслугі для жыхароў інтэрната складаюць да 264 рублёў за месяц.
На вуліцы Болдзіна можна смела чакаць транспартны калапс, Пажарны прыме на сябе амаль усе маршруткі. Шукайце новыя прыпынкі і эканомце на праязных.
З 15 сакавіка па 31 мая будзе праводзіцца рамонт вуліцы Камсамольскай у Магілёве. Пагэтаму ўсю транспартную сістэму горада чакаюць змены да самага канца вясны. Mogilev.media дапамогуць разабрацца ў пераменах – проста і коратка. А заадно падкажам аўтамабілістам участкі дарог, якіх лепш пазбягаць на час рамонта.
Дзе будуць новыя прыпынкі?
Усе аўтобусы і маршрутныя таксі, якія рухаюцца з цэнтра горада ў бок Задняпроўя, цяпер будуць ехаць не па Камсамольскай вуліцы, а па Болдзіна. Прыпынак ад Драмтэатра пры гэтым пераносіцца на пляцоўку перад Абласным цэнтрам народнай творчасці (УНМЦ, Канцэртны зал “Магілёў”, “філармонія” – на фота).
Усе маршрутныя таксі, якія рухаюцца з боку Задняпроўя і Буйніч у цэнтр, дзеляцца на два патокі. Тыя, канечныя кропкі якіх на Восьмым і далей (1, 2, 16, 35) цяпер будуць ехаць па Піянерскай і праз аўтавакзал – прама на Крупскую. Прыпынак замест “Каледжа мастацтваў” пераносіцца на вугал “Педагагічнага коледжа” – па вуліцы Піянерскай, праз дарогу ад ранейшага.
Усе астатнія маршруткі з Задняпроўя і Буйніч пасля Арджанікідзэ будуць ехаць міма запраўкі “Беларуснафты” (верагодна, недзе тут і будзе новы прыпынак) па Пажарнаму завулку а далей па Першамайскай і сваім ранейшым шляхам.
Аўтобусы, якія рухаюцца з боку Задняпроўя і Чалюскінцаў у цэнтр, будуць ехаць па Піянерскай да праспекта Міра. 14, 24, 26, 40 і 238 адсюль будуць ехаць далей праз аўтавакзал на вуліцу Крупскай. Астатнія паварочваюць на праспект Міра і едуць ранейшым маршрутам.
Усе тралейбусы, якія рухаюцца з Задняпроўя ў цэнтр, будуць ездзіць толькі да Арджанікідзэ. Тралейбус №4 пры гэтым часова адмяняецца. На ўчастку ад Чыгуначнага вакзала да Пераезда яго функцыі будзе выконваць №5. Тралейбус №2, які рухаецца з Восьмага ў цэнтр, будзе курсіраваць толькі да Чыгуначнага вакзала.
Якіх маршрутаў пазбягаць аўтамабілістам
Як можна зразумець з новай схемы гарадскога транспарту, практычна ўвесь паток ляжа на вуліцу Болдзіна. Перагружаным маршрутнымі таксі апынецца таксама Пажарны завулак. Улічваючы, што да новай схемы праезду кіроўцы будуць прывыкаць яшчэ доўга, на гэтых двух участках гарадскіх дарог і бліжэйшых справядліва будзе чакаць высокую верагоднасць пробак і затораў. Рэкамендуем планаваць альтэрнатыўныя маршруты.
Можна смела чакаць, што істотна скарацяцца парковачныя месцы на ўзбочынах каля плошчы Арджанікідзэ (па вуліцы Карла Маркса) і па Пажарным завулку.
P.S.
Усе праязныя цяпер да канца вясны дзейнічаюць на ўсе віды транспару – аўтобусныя на тралейбус і наадварот.
P.P.S.
Магчымыя карэкціроўкі і змены ў размяшчэнні прыпыначных пунктаў, таму сачыце за абнаўленнямі матэрыяла і навінамі.
Сталі вядомы планы па рамонту аўтадарог на тэрыторыі Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”
Тут плануецца адрамантаваць 19,058 км дарог. Гэта 2,06% ад агульнай працягласці дарог альбо 5,4% ад агульнай працягласці дарог з цвёрдым пакрыццем. Астатнія ўчасткі дарог, верагодна, знаходзяцца ў ідэальным стане.
Начальнік філіяла “Магілёўаблдарбуда” Дзмітрый Канцавы паведаміў, што яго прадпрыемства ДРБУ №128 абслугоўвае 921 км мясцовых аўтадарог, з якіх 351 км асфальтабетонных і цэментабетонных. У 2023 годзе на бягучы рамонт мясцовых раённых дарог выдзелена з рэспубліканскага бюджэту 5 814 300 рублёў, а на ўтрыманне дарог з абласнога бюджэту – 1 973 400 рублёў.
Планамі прадугледжаны рамонт участкаў дарог Завадская Слабада – Каменка – Арлянка (3,14 км), Вендараж – Бярозаўка (0,63 км), на якіх жвіровае пакрыццё будзе заменена на асфальт. Яшчэ будуць адрамантаваны 3 км дарог з жвіровым пакрыццём, дарога ў в. Сафіеўка. Усяго асфальтабетоннае пакрыццё будзе пакладзена на 16,06 км аўтадарог.
Акрамя таго, плануецца паставіць новыя прыпынкі на аўтадарозе да аг. Раманавічы, на аўтадарозе Сідаравічы – Днепр, правесці ямачны рамонт, замяніць дарожныя знакі, афарбаваць і абнавіць гарызантальную разметку дарог.
Пратэсты ў Грузіі, якія працягваліся два дні, прывялі да перамогі мітынгоўцаў. Кіруючыя партыі краіны выступілі з афіцыйнай заявай пра адкліканне скандальнага законапраекта – паведамляе партал “Навіны Грузіі”.
Парламенцкая большасць раніцай 9 сакавіка аб’явіла, што адклікае з парламента законапраект аб “іншаагентах”, які выклікаў хвалю акцый пратэсту ў краіне і сур’ёзную занепакоенасць заходніх партнёраў.
“Мы прынялі рашэнне безумоўна адклікаць падтрыманы намі раней законапраект без якіх-небудзь агаворак” – гаворыцца ў сумеснай заяве кіруючай партыі і руху “Сіла народа”, які ініцыяваў прыняцце закона.
Аўтары заявы пішуць, што рашэнне прынятае з мэтай захавання міру ў краіне. Яны адзначаюць, што законапраект выклікаў рознагалоссі ў грамадстве з-за працы “машыны хлусні” і яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўлена як адыход ад еўрапейскага курса.
На гэты момант імя украінскага ваеннапалоннага, якога пасля словаў “Слава Украіне” расстрэльваюць расійскія ваенныя, застаецца пакуль невядомым, але менш за суткі ён ужо ператварыўся ў новы сімвал непахіснасці і самаахвярнасці украінскіх воінаў.
Кароткае відэа з расстрэлам бяззбройнага украінскага ваеннапалоннага з’явілася 6 сакавіка. Чалавек за кадрам у пачатку відэа кажа “я здымаю” і накіроўвае камеру на ўкраінскага палоннага. Той прамаўляе «Слава Украіне», пасля чаго расейцы адразу ж прыцэльным агнём выстрэльваюць украінскаму палоннаму ў галаву – ён падае, і акупанты яшчэ некалькі разоў цэляць у цела загінулага. Сыходзячы з таго, што расійскія ваенныя наўмысна пачалі здымаць украінскага палоннага, накіраваўшы на яго аўтаматы, а таксама з тых абставін, што ён стаіць у яміне альбо варонцы ад снарада, і паліць сваю апошнюю цыгарэту – можна меркаваць, што на відэа расіяне мэтанакіравана запісвалі расстрэл украінца.
Апошнія словы украінскага салдата ператварылі яго ў новы сімвал непахіснасці і гераізма абаронцаў Украіны. “Украінцаў аб’ядналі ярасць і боль” – пішуць СМІ. “Расіяне думалі, што забілі салдата. Але яны спарадзілі сімвал, які не памрэ” – заўважаюць іншыя. Хэштэг #SlavaUkraini узначаліў сусветныя трэнды ў Twitter.
Да гэтага часу грамадскасці невядома імя украінскага героя. Журналіст Масі Наем нават прапанаваў грашовую ўзнагароду тым, хто паведаміць асобу забітага воіна.