Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў недапрацоўкі мясцовых уладаў у рамонце дарог.
Як паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА, у рэгіёне не было выканана заданне па рамонце мясцовых дарог за 2022 год. Камітэтам дзяржкантролю было ўстаноўлена, што летась не выкананы паказчыкі адпаведнай рэгіянальнай праграмы па рамонце мясцовых дарог у Бялыніцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Глускім, Горацкім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім раёнах.
Адзначым, што паказчыкі не выконваюцца ўжо не першы год. Так, у 2021 годзе была таксама правалена работа па рамонце дарог на Магілёўшчыне.
Сёння была апублікаваная пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, паводле якой мяняюцца правілы транслітарацыі назваў населеных пунктаў і геаграфічных аб’ектаў у Беларусі.
Пастанова вызначае, што цяпер геаграфічныя назвы ў Беларусі будуць перадавацца лацінскім алфавітам не праз беларускую лацінку, а праз транслітарацыю. Таксама яна вызначае, што перадача назваў можа брацца не толькі з беларускай, але і з рускай моў. Mogilev.media пісалі пра планы ўладаў па русіфікацыі геаграфічных назваў і адзначалі парадокс – у Беларусі няма рускіх геаграфічных назваў, усе яны беларускія, паколькі тысячагоддзямі ствараліся самім народам.
Што мяняецца – калі раней плошча Незалежнасці пісалася лацінкай як pl. Niezaležnasci, то зараз pl. Niezalezhnastsi, Mahiloŭ – як Mahiliou а Čavusy зараз будзе пісацца як Chavusy.
Лацінка – гэта адзін з традыцыйных нацыянальных беларускіх алфавітаў, які ўжываўся на нашых землях з глыбокай старажытнасці, на якім, напрыклад, былі напісаныя шматлікія дакументы Магілёўскага магістрата ў XVI – XVIII стагоддзях. Выкарыстанне беларускай лацінкі пры напісанні геаграфічных назваў заставалася да апошняга часу апошняй формай афіцыйнага ўжывання дадзенага алфавіту.
Пры дапамозе вось такога лацінізатара кожны ахвотны можа адчуць смак гэтай арфаграфічнай нормы.
Адметна, што ў 2012 годзе з ініцыятывы афіцыйных уладаў Беларусі ААН прыняла беларускую лацінку для міжнароднай перадачы беларускіх назваў.
З цяжкасцю адстаяўшы будынак гісторыка-культурнай каштоўнасці, магілёўцы сутыкнуліся з новай праблемай. Без уліку прававых і эстэтычных норм, проста перад будынкам музея імя Масленікава ставяць агромністую спаруду вертыкальнай паркоўкі з “Магілёўліфтмаша”.
У пачатку 2010-х будынак музея імя П. Масленікава ў Магілёве даводзілася бараніць актыўным гараджанам – уласнік гандлёвага цэнтра “Магніт” запланаваў пашырэнне свайго будынка і абсталяванне фасада люстэркавымі вокнамі. Шматмесячныя абмеркаванні, зборы подпісаў у той час завяршыліся перамогай магілёўцаў – было вызначана, што дадатковыя абёмы “Магніта” перашкодзяць візуальнаму ўспрыняццю музея, які з’яўляецца помнікам архітэктуры. Будаўніцтва новых частак гандлёвага цэнтра было адмененае.
Выяўляецца, што памяць пра вызначальныя рашэнні захоўваецца ненадоўга. Вечарам 29 сакавіка звязаны з Магілёўскім гарвыканкамам Тэлеграм-канал “Могилев мой город” абвясціў пра будаўніцтва перад будынкам музея імя Масленікава вертыкальнай ротарнай паркоўкі ад прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”.
“На вуліцы Міронава ў гэтыя дні ўстанаўліваюць і робяць наладку мадэлі ПР-12, гэта будзе вертыкальная паркоўка, якая змесціць у сябе да 12 легкавых аўтамабіляў.” – піша “Могилев мой город”.
Нейкая страшная жалязяка
Публікацыя звязанага з гарвыканкамам Тэлеграм-канала сабрала негатыўныя водгукі – “Навошта так нявечыць прыгожае месца ў цэнтры горада?”, “Нейкая страшная жалязяка, на якой будуць стаяць машыны, і проста перад прыгожым старадаўнім будынкам…”
На будаўніцтва паркоўкі звярнуў увагу таксама Тэлеграм-канал Aktahon, які спецыялізуецца на ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
“Гаргара” ў прынцыпе не можа тут узводзіцца – па законе
“Ізноў з Магілёва: перад фасадам будынка пазямельна-сялянскага банка (цяпер абласны мастацкі музей), які пабудаваны ў стылі мадэрн у 1903-1914 гадах і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, узводзіцца сінія металічная гаргара – вертыкальная паркоўка ад мясцовага «Магілёўліфтмаша». – піша аўтар канала Aktahon.
Па-першае, гэтае дысгарманічнае збудаванне парушае візуальнае ўспрыманне помніка архітэктуры, па-другое — яна ў прынцыпе не можа быць зараз узведзена ў гэтым месцы.
Прычын таму дзве: у 2021 годзе былі значна пашыраны на поўнач граніцы гістарычнага цэнтра, але ягоны праект зон аховы так і застаўся нескарэктаваным аж у версіі 2005 года. Паколькі ў 2020 годзе катэгорыя гістарычнага цэнтра горада была паднятая да другой (рэспубліканскага значэння), узгадненні работ у яго межах адбываюцца праз Міністэрства культуры.
Другая прычына – будынак банка хоць і знаходзіцца цяпер у межах гістарычнага цэнтра, але з’яўляецца самастойнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, для якой увогуле не выяўлены зацверджаны праект зон аховы. Без яго зацвярджэння распрацоўка праектнай дакументацыі для аб’ектаў побач з ім забаронена палажэннямі Кодэкса аб культуры.”
Такім чынам, ахоўнае заканадаўства катэгарычна забараняе будаваць падобныя канструкцыі ў межах гістарычнага цэнтра і паблізу ад гісторыка-культурнай каштоўнасці. і ўлічаць гэта ўлады горада?
У сувязі з падняццем грунтавых вод і масавым затапленнем вуліц і жылых дамоў у Крычаве аб’яўлены рэжым надзвычайнага становішча.
На дадзены момант затапіла нямала дамоў у розных раёнах горада. Аднак найбольш пацярпелі вуліцы, у тым ліку з шматпавярховай забудовай, у раёне так званага “Цэмзавода”. У сувязі са стыхіяй у горадзе ў кругласутачным рэжыме арганізавана работа гарачай лініі, куды могуць звярнуцца крычаўляне.
Як паведамляе “Крычаўскае жыццё” сітуацыя настолькі крытычная, што камунальным і ратавальным службам прыйдзецца працаваць кругласутачна, каб аказаць дапамогу ўсім пацярпелым. Для таго каб справіцца са стыхіяй, быў выдзелены дадатковы транспарт з мясцовага цэментнага завода, а таксама з Магілёва.
Мясцовай уладай прынята рашэнне, што рэжым надзвычайнай сітуацыі будзе зняты толькі пры спрыяльных прыродных умовах.
Прадстаўнікі водаканала, камунальных і ратавальных службаў будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме да таго моманту, пакуль не знімуць вастрыню сітуацыі ў горадзе.
На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Магілёўскага рэгіёна склала 989 703 чалавекі – паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнанні з сітуацыяй на 1 студзеня 2022 года колькасць жыхароў вобласці скарацілася на 11 142 чалавекі. Гэта больш чым цэлы Дрыбінскі, Хоцімскі альбо Краснапольскі раён – у гэтых раёнах колькасць жыхароў не сягае і 10 000 у кожным.
У параўнанні з колькасцю жыхароў рэгіёна ў 2021 годзе, насельніцтва Магілёўшчыны скарацілася на 25 140 чалавек за два гады. Гэта можна параўнаць з тым, калі б за два гады ў рэгіёне цалкам “вымер” такі горад як Крычаў і яшчэ паўтары тысячы чалавек.
Насельніцтва горада Магілёва склала, паводле стытыстыкі, крыху больш за 354 тысячы чалавек. Бабруйска – крыху больш за 209 тысяч.
Такая выснова вынікае з фрагмента афіцыйнай заявы беларускага Міністэрства замежных спраў, апублікаванага прэс-службай МЗС.
– Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогій, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. – гаворыцца ў заяве.
25 сакавіка прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін выступіў з заявай, што на Беларусі рыхтуецца сховішча для тактычнага ядзернага ўзбраення і да ліпеня 2023 года такая зброя паступіць у Беларусь. Інстытут вывучэння вайны адзначае, што “Пуцін, верагодна, імкнуўся размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года”, а сутнасць сучасных гучных заяў заключаецца ў вядзенні ім інфармацыйнай кампаніі, накіраванай застрашыць краіны што ўваходзяць у NATO і ЕС ад перадачы зброі Украіне.
На Мінскай трасе зараз вось такая абстаноўка. МНС і ДАІ папярэджваюць пра неспрыяльную абстаноўку на дарогах. Снегам заваліла пераважна Міншчыну, але мінусавыя тэмпературы і ападкі паступова набліжаюцца да заходніх раёнаў Магілёўшчыны.
Моцныя снегапады паралізуюць рух транспарта, выклікаюць пашкоджанне дрэў, ліній электраперадач, дахаў будынкаў і збудаванняў – папярэджваюць ратавальнікі. Пагэтаму рэкамендуецца пазбягаць дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі – мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў.
Культурнай сталіцай-2024 стануць Бялынічы Могілёўскай вобласці. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры па выніках разгляду прэзентацыйных матэрыялаў на наданне статусу “Культурная сталіца года” ў 2024 годзе – паведамляе афіцыйны Тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі.
У спісе прэтэндэнтаў былі таксама гарады Камянец Брэсцкай вобласці, Глыбокае Віцебскай вобласці, Мазыр Гомельскай вобласці, Свіслач Гродзенскай вобласці.
Чытачы mogilev.media падзяліліся сваімі сумнымі назіраннямі. Прадпрыемствы, размешчаныя на ўчастку Свабоднай эканамічнай зоны на паўднёвым усходзе Магілёва па выхадных днях вось так радуюць жыхароў навакольных паселішчаў.
У паветры стаіць моцны непрыемны пах. Падобныя выкіды рэдка назіраюцца ў працоўныя дні – заўважылі чытачы.
Дым падымаецца ледзь не з усіх труб Омск-карбона, з труб “Кранаспана” і “ВМГ індастры”.
У дачыненні да грамадзян краін-агрэсараў у вайне з Украінай, а да гэтага ліку літоўскія парламентарыі адносяць беларусаў і расіян, прапануецца прыняць абмежавальныя меры па атрыманні літоўскіх віз і віду на жыхарства.
“Пераважная большасьць грамадзян Расіі падтрымліваюць ваенныя дзеянні і агрэсію сваёй краіны, яны не робяць крокаў, каб спыніць агрэсію рэжыму сваёй краіны, таму адказнасьць ляжыць і на грамадзянах гэтых краін. Каб змяніць іх паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя меры, звязаныя з магчымасцю грамадзян Расіі і Беларусі наведваць Літву і ўязджаць на тэрыторыю Еўрасаюза – так патлумачыла законапраект намеснік міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне паведамляе афіцыйны сайт літоўскага Сейма.
Законапраект прадугледжвае прыпыненне прыёму візавых заявак грамадзян Расіі і Беларусі ў літоўскіх візавых службах за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў Літвы выступае пасярэднікам у падачы візавай анкеты. Таксама прыпыняецца прыём заяў на афармленне нацыянальных літоўскіх віз грамадзянамі Расіі і Беларусі праз знешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой.
Паводле законапраекта будзе прыпынены прыём заяў ад грамадзян Расіі і Беларусі на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве. Адносна тых грамадзян Беларусі і Расіі, якія ўжо падалі заявы на дазвол, працэдура надання права часовага пражывання будзе спыненая.
Пасля абмеркавання праект у першым чытанні ухвалілі 113, супраць не прагаласаваў ніводзін, устрымаліся 9 членаў Сейма. Калі ён будзе прыняты ў другім чытанні, то атрымае сілу закона.