Названыя дзве, найбольш верагодныя асобы – хто той украінскі герой, што перад расстрэлам выгукнуў “Слава Украіне”

Паводле папярэдніх дадзеных, якія агучвае прэс-служба 30-й асобнай механізаванай брыгады Украіны, загіблым ваеннапалонным, пра якога пісалі mogilev.media з’яўляецца Цімафей Шадура (на фота злева). Цімафей Шадура лічыўся прапаўшым без вестак 3 лютага 2023 года падчас баявых дзеянняў у раёне горада Бахмут. Канчатковае пацвярджэнне асобы будзе ўстаноўлена пасля вяртання цела і правядзення адпаведных экспертыз – адзначае прэс-служба.

У той жа час украінскі журналіст Юрый Бутусаў называе іншае імя – Маціеўскі Аляксандр Ігаравіч, баец роты агнявой падтрымкі 163-га батальёна тэрытарыяльнай абароны горада Нежына 119-й брыгады войскаў ТРА (на фота справа). Журналіст падкрэслівае, што на фота ёсць характэрная прыкмета – рана, заклееная пластырам над правым брывом. Таксама Бутусаў звяртае ўвагу на зялёны шаўрон Узброеных Сіл Украіны, які салдату ўручыў камандзір узвода – ён мае асаблівасці, бо вырабляўся на заказ. А таксама вядома, што цела Маціеўскага ўжо пахаванае, але перад пахаваннем была праведзеная судова-медыцынская экспертыза, што засведчыла тыя ж раненні, што атрымаў чалавек на відэа з расстрэлу.

“Слава Украіне” – расстрэл безыменнага украінскага героя падняў хвалю салідарнасці ва ўсім свеце

На гэты момант імя украінскага ваеннапалоннага, якога пасля словаў “Слава Украіне” расстрэльваюць расійскія ваенныя, застаецца пакуль невядомым, але менш за суткі ён ужо ператварыўся ў новы сімвал непахіснасці і самаахвярнасці украінскіх воінаў.

Кароткае відэа з расстрэлам бяззбройнага украінскага ваеннапалоннага з’явілася 6 сакавіка. Чалавек за кадрам у пачатку відэа кажа “я здымаю” і накіроўвае камеру на ўкраінскага палоннага. Той прамаўляе «Слава Украіне», пасля чаго расейцы адразу ж прыцэльным агнём выстрэльваюць украінскаму палоннаму ў галаву – ён падае, і акупанты яшчэ некалькі разоў цэляць у цела загінулага. Сыходзячы з таго, што расійскія ваенныя наўмысна пачалі здымаць украінскага палоннага, накіраваўшы на яго аўтаматы, а таксама з тых абставін, што ён стаіць у яміне альбо варонцы ад снарада, і паліць сваю апошнюю цыгарэту – можна меркаваць, што на відэа расіяне мэтанакіравана запісвалі расстрэл украінца.

Апошнія словы украінскага салдата ператварылі яго ў новы сімвал непахіснасці і гераізма абаронцаў Украіны. “Украінцаў аб’ядналі ярасць і боль” – пішуць СМІ. “Расіяне думалі, што забілі салдата. Але яны спарадзілі сімвал, які не памрэ” – заўважаюць іншыя. Хэштэг #SlavaUkraini узначаліў сусветныя трэнды ў Twitter.

Да гэтага часу грамадскасці невядома імя украінскага героя. Журналіст Масі Наем нават прапанаваў грашовую ўзнагароду тым, хто паведаміць асобу забітага воіна.