хто той украінскі герой, што перад расстрэлам выгукнуў “Слава Украіне”

Названыя дзве, найбольш верагодныя асобы – хто той украінскі герой, што перад расстрэлам выгукнуў “Слава Украіне”

Паводле папярэдніх дадзеных, якія агучвае прэс-служба 30-й асобнай механізаванай брыгады Украіны, загіблым ваеннапалонным, пра якога пісалі mogilev.media з’яўляецца Цімафей Шадура (на фота злева). Цімафей Шадура лічыўся прапаўшым без вестак 3 лютага 2023 года падчас баявых дзеянняў у раёне горада Бахмут. Канчатковае пацвярджэнне асобы будзе ўстаноўлена пасля вяртання цела і правядзення адпаведных экспертыз – адзначае прэс-служба.

У той жа час украінскі журналіст Юрый Бутусаў называе іншае імя – Маціеўскі Аляксандр Ігаравіч, баец роты агнявой падтрымкі 163-га батальёна тэрытарыяльнай абароны горада Нежына 119-й брыгады войскаў ТРА (на фота справа). Журналіст падкрэслівае, што на фота ёсць характэрная прыкмета – рана, заклееная пластырам над правым брывом. Таксама Бутусаў звяртае ўвагу на зялёны шаўрон Узброеных Сіл Украіны, які салдату ўручыў камандзір узвода – ён мае асаблівасці, бо вырабляўся на заказ. А таксама вядома, што цела Маціеўскага ўжо пахаванае, але перад пахаваннем была праведзеная судова-медыцынская экспертыза, што засведчыла тыя ж раненні, што атрымаў чалавек на відэа з расстрэлу.