Значная колькасць тэрыторый Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў Магілёўшчыны ўваходзяць у зону адчужэння, наведваць якую без спецыяльных прапускоў забаронена. Раз у год, на Радаўніцу, гэтая забарона здымаецца, каб блізкія змаглі наведаць пахаванні сваіх родных і прыбрацца на іх. Наведванне зоны без прапускоў дазваляецца сёлета з 22 па 25 красавіка з 9.00 да 17.00.
Пры гэтым наведвальнікам неабходна прытрымлівацца асноўных правіл бяспекі. Ні ў якім разе не распальваць кастры і не спальваць смецце – яго можна толькі адносіць на спецыяльныя пляцоўкі.
Таксама, пры рабоце на могілках неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку – працаваць у медыцынскіх масках і пальчатках, пасля завяршэння страсануць сваю верхнюю вопратку, вымыць адкрытыя ўчасткі цела прывезенай з сабой вадой. Асаблівую ўвагу варта надаваць дзецям, каб яны не адхіляліся ад дарослых.
Следчы камітэт заявіў, што высветліў жахлівыя падрабязнасці знаходкі нованароджанай дзяўчынкі на казырку паштовага аддзялення на вуліцы Габраўскай у Магілёве. Паведамляецца, што ноччу дзіцячы крык пачула жыхарка дома, якая выйшла на балкон пакурыць. Жанчына ўбачыла нованароджанага дзіцёнка, што ляжаў у пакеце і выклікала міліцыю. Дзіця з пераахаладжэннем дастаўлена ў бальніцу. Яму аказана кваліфікаваная дапамога, дзяўчынка знаходзіцца пад назіраннем лекараў.
Папярэдне ўстаноўлена, што дзяўчынку нарадзіла 34-гадовая мясцовая жыхарка. Яна загарнула малую ў ручнік, паклала ў пакет і выставіла на казырок. У жанчыны ёсць яшчэ трое дзяцей, аднаго, двух і дзевяці год.
Заведзеная крымінальная справа за замах на забойства заведама малалетняга, што знаходзіцца ў бездапаможным стане.
Магілёўцы дзеляцца ў соцсетках назіраннямі – на Святым возеры ў Задняпроўі масава гінуць чайкі. Некаторыя птушкі дзіўна паводзяць сябе, не палохаюцца людзей і самнамбулічна круцяцца на адным месцы. Мы сабралі відэа з розных крыніц, паглядзіце.
Пакуль невядома, масавы мор птушак звязаны з экалогіяй, хваробамі ці чымсьці яшчэ.
Магілёўскі гарвыканкам абвясціў пра пачатак грамадскага абмеркавання Генеральнага плана горада Магілёва. Яно будзе праходзіць з 12 па 26 красавіка 2023 года.
Генеральны план – гэта праект, які вызначае стратэгію комплекснага горадабудаўнічага развіцця горада і прылеглых тэрыторый. Звычайна гэта амбіцыёзны план, якім прадугледжваецца комплекснае аднаўленне архітэктурных помнікаў гістарычнага цэнтра, развіццё транспартнай інфраструктуры, план па будаўніцтве новых жылых раёнаў і гэтак далей.
Проста песня
Новы Генплан Магілёва звярнуў увагу даследчыкаў тым, што паводле яго прадугледжваецца ўключэнне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў адразу некалькіх дзясяткаў (каля 80) будынкаў у гістарычным цэнтры Магілёва, што сфарміраваліся ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта даваенная і паваенная архітэктура вуліц Першамайскай, Ленінскай, Піянерскай, Лепяшынскага, Міронава і іншых.
А таксама ў тэксце генплана адзначаецца, што ў раёне вуліц Садовай, Мянжынскага, Пляханава, Вароўскага, Вакзальнай і інш. захаваліся прыклады драўлянай забудовы першай паловы ХХ стагоддзя, якія маюць характэрныя элементы драўлянай архітэктуры гэтага перыяду. “Прыклады драўлянай гістарычнай забудовы мэтазгодна захаваць і выпрацаваць рэгламенты (патрабаванні) па яе змесце і эксплуатацыі.”
“Проста нейкая песня” – пракаментавалі праект Генплана на Тэлеграм-канале “Спадчына”.
Следам за Stable Diffusion Online і DALL-E, якія па нашай просьбе малявалі альтэрнатыўны Магілёў, мы папрасілі новую нейрасетку Kandinsky 2.1 намаляваць наш горад. Але не простафантазійны, а такім, як яго маглі б выявіць славутыя мастакі.
Але спачатку спыталі штучны інтэлект, як бы ён выглядаў Магілёў у папулярных мастацкіх стылях. Напрыклад, кіберпанк.
Анімэ.
Поп-арт. Звярніце ўвагу, чым вянчаецца цэнтральная цыбуліна.
Наогул, звяртае на сябе ўвагу аднатыпнасць фантазіі нейрасеткі. Як бы мы ні фармулявалі пытанне, на цэнтральным месцы выявы амаль заўсёды знаходзіцца стылізаваная царква. А вось мастацкі почыркі знакамітых жывапісцаў амаль заўсёды Kandinsky улоўлівае трапна. Вось, напрыклад, пару варыянтаў ад “Босха”.
Кандзінскі.
Шагал.
А вось стыль Бялыніцкага-Бірулі, на наш погляд, зусім не ўгаданы. Відаць, нейрасетка брала за аснову не ўзорныя працы знакамітага ўраджэнца Магілёўшчыны, а нейкія выпадковыя выявы.
Казімір Малевіч так не расчараваў, хоць і не вельмі аказаўся падобным на сябе, хутчэй патрапіў пад моцны ўплыў Кандзінскага.
Таксама некуды не туды адбыўся зрух у стылістыцы Сая Твомблі, хоць у прынцыпе праца атрымалася прыемная, лаканічная.
Рэмбранд парадаваў.
Ну, і нарэшце, Сальвадор Далі.
Kandinsky 2.1 – гэта расійскі аналаг знакамітай нейрасеткі Midjourney, якую распрацавалі праграмісты “Сбербанка”.
10 красавіка 1942 года ў Магілёве адбылася незвычайная тэхнагенная катастрофа, аналагаў якой у гісторыі Белрусі больш не вядома. Патоп на невялічкай Дубравенцы забраў жыцці соцень магілёўцаў, вынішчыў дзясяткі дамоў у Магілёве.
Прычыны трагедыі на Дубравенцы і сама хада падзеяў зараз добра вядомыя даследчыкам, а сама катастрофа шырока асветленая ў СМІ. Зусім не так абстаялі справы яшчэ з пару дзясяткаў гадоў таму – пра “Магілёўскае цунамі” ведала толькі жменька спецыялістаў, а ў самім горадзе нічога не нагадвала пра патоп 1942 года і яго ахвяр.
У чэрвені 2022 года памяць пра “цунамі” ў Магілёве нарэшце была адзначаная ў гарадской прасторы – высілкамі магілёўскага актывіста Ігара Бадзькова, пры дапамозе гісторыкаў і краязнаўцаў Аляксея Бацюкова і Алега Лісоўскаага на месцы трагедыі была пастаўленая інфармацыйная таблічка.
“Магілёўскае цунамі” здарылася падчас Другой Сусветнай вайны. У чэрвені-ліпені 1941 года пры адступленні з Магілёва савецкія войскі падарвалі чыгуначны насып на Дубравенцы і ён прасеў, фактычна спыніўшы раку. Паводкавыя воды сабраліся за насыпам у агромністае возера, якое падчас адлігі 10 красавіка 1942 года прарвала насып.
Як выглядаў насып у 1942 годзе – фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
Люльку несла па плыні, а з яе даносіўся дзіцячы плач
“Першапачатковы вал вады з ільдзінамі дасягаў 15 метраў. – узгадваў катастрофу магілёвец Т. Крываносаў, відавочца падзей – Вада змятала ўсё на сваім шляху, над горадам падняўся страшэнны шум і грукат. Я пачуў яго дома (Ленінская, 27) і адразу накіраваўся за людзьмі, якія беглі, да Дубравенкі ў раён гарадскога парка. Адсюль адкрылася страшная карціна – мутная, карычневая вада заліла ўсю пойму Дубравенкі, у тым ліку і Быхаўскі рынак.”
Адразу пасля патопа ў гарадской прэсе паявілася нататка, у якой называлася прыблізная колькасць ахвяр у 2 000 чалавек. Сучасныя даследчыкі схіляюцца да ацэнкі ў некалькі соцень чалавек. Большасць з іх трапілі пад смяротны вал вады ў дамах, што стаялі абапал Дубравенкі і ў даліне ракі Струшні. Людзі гінулі, калі вада паглынала іх на вуліцы, затаплівала да самай столі іх дамы, калі лледзяныя глыбы разбівалі сцены. Сярод ахвяр апынулася шмат дзяцей – відавочцы распавядалі пра люльку з немаўляткам, якую несла па плыні, а з яе даносіўся дзіцячы плач.
Прычына трагедыі, як цяпер мяркуюць навукоўцы, палягала ў тым, што папсаваны падрывам чыгуначны насып увесь канец 1941-га года і ў пачатку 1942-га быў неабходны нямецкаму камандаванню для транспарціроўкі грузў па чыгунцы. Пагэтаму яны не дазвалялі гарадскому кіраўніцтву правесці своечасовыя рамонтныя работы.
Трэба адзначыць, што гарадскія ўлады папярэджвалі жыхароў дамоў на Дубравенцы пра небяспеку загадзя.
“Тапельцаў збіралі на берагах Дняпра і дастаўлялі іх у гандлёвы павільён на Быхаўскім рынку. – распавядаў іншы відавочца, Е. Кавалькоў – Тут былі жанчыны, мужчыны, малечы ў пялёнках. Даліна Дубравенкі непазнавальна памяняла свой выгляд – скразная пустыня сярод высокіх берагоў і глыбы блакітнага лёду, што таялі пад прамянямі веснавога сонца.
Даследчыкі фармакалагічнай кампаніі Moderna лікуюць – ужо ў самай бліжэйшай перпектыве чалавецтва можа атрамаць універсальную вакцыну ад раку, сардэчна-сасудзістых і аўтаімунных захворванняў – піша The Guardian.
Мільёны жыццяў могуць быць выратаваны з дапамогай наватарскага набору новых вакцын ад шэрагу захворванняў, уключаючы рак, кажуць эксперты з кампаніі Moderna. Гэтая фармацэўтычная фірма заявіла, што прэпараты для лячэння рака, сардэчна-сасудзістых і аутаіммунных захворванняў і многіх іншых будуць гатовыя да 2030 года.
А доктар Пол Бертан, галоўны ўрач Moderna, наогул лічыць, што іх фірма зможа прапанаваць рэвалюцыйныя метады лячэння «розных хвароб» ужо праз пяць гадоў.
– У нас будзе такая вакцына, яна будзе вельмі эфектыўнай і яна выратуе многія сотні тысяч, калі не мільёны жыццяў. – сказаў ён – Я думаю, што мы зможам прапанаваць персаналізаваныя вакцыны ад раку супраць розных тыпаў пухлін людзям ва ўсім свеце.
Новы метад лячэння будзе заснаваны на прымяненні мРНК. Малекула мРНК, уведзеная ў арганізм, інструктуе клеткі вырабляць бялок. Вакцына папярэджвае імунную сістэму чалавека пра рак, які ўжо расце ў арганізме чалавека, каб яна вынішчала гэтую хваробу, не кранаючы здаровыя клеткі. Для гэтага будзе дастаткова ўзяць пункцыю з ракавай пухліны, каб ідэнтыфікаваць бялковыя фрагменты на паверхні ракавых клетак. Пасля секвеніравання генетычнага матэрыяла медыкі вызначаюць мутацыі, якіх няма ў здаровых клетках. Гэта выкарыстоўваецца як маркер для вакцыны, якая ўказвае імунітэту чалавека на тыя клеткі, якія неабходна знішчаць.
Гэты рэвалюцыйны метад лячэння мог бы вынаходзіцца яшчэ гадоў пятнаццаць – заўважаюць спецыялісты. Аднак паскоранае вывучэнне спосабаў прымянення вакцын падчас пандэміі каронавіруса дазволіла “сціснуць” гэтыя 15 гадоў у 12-18 месяцаў.
Але навукоўцы папярэджваюць, што паскораны прагрэс, які вырас «на парадак» за апошнія тры гады, будзе змарнаваны, калі не будзе падтрымлівацца высокі ўзровень інвестыцый.
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў недапрацоўкі мясцовых уладаў у рамонце дарог.
Як паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА, у рэгіёне не было выканана заданне па рамонце мясцовых дарог за 2022 год. Камітэтам дзяржкантролю было ўстаноўлена, што летась не выкананы паказчыкі адпаведнай рэгіянальнай праграмы па рамонце мясцовых дарог у Бялыніцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Глускім, Горацкім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім раёнах.
Адзначым, што паказчыкі не выконваюцца ўжо не першы год. Так, у 2021 годзе была таксама правалена работа па рамонце дарог на Магілёўшчыне.
Сёння была апублікаваная пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, паводле якой мяняюцца правілы транслітарацыі назваў населеных пунктаў і геаграфічных аб’ектаў у Беларусі.
Пастанова вызначае, што цяпер геаграфічныя назвы ў Беларусі будуць перадавацца лацінскім алфавітам не праз беларускую лацінку, а праз транслітарацыю. Таксама яна вызначае, што перадача назваў можа брацца не толькі з беларускай, але і з рускай моў. Mogilev.media пісалі пра планы ўладаў па русіфікацыі геаграфічных назваў і адзначалі парадокс – у Беларусі няма рускіх геаграфічных назваў, усе яны беларускія, паколькі тысячагоддзямі ствараліся самім народам.
Што мяняецца – калі раней плошча Незалежнасці пісалася лацінкай як pl. Niezaležnasci, то зараз pl. Niezalezhnastsi, Mahiloŭ – як Mahiliou а Čavusy зараз будзе пісацца як Chavusy.
Лацінка – гэта адзін з традыцыйных нацыянальных беларускіх алфавітаў, які ўжываўся на нашых землях з глыбокай старажытнасці, на якім, напрыклад, былі напісаныя шматлікія дакументы Магілёўскага магістрата ў XVI – XVIII стагоддзях. Выкарыстанне беларускай лацінкі пры напісанні геаграфічных назваў заставалася да апошняга часу апошняй формай афіцыйнага ўжывання дадзенага алфавіту.
Пры дапамозе вось такога лацінізатара кожны ахвотны можа адчуць смак гэтай арфаграфічнай нормы.
Адметна, што ў 2012 годзе з ініцыятывы афіцыйных уладаў Беларусі ААН прыняла беларускую лацінку для міжнароднай перадачы беларускіх назваў.
З цяжкасцю адстаяўшы будынак гісторыка-культурнай каштоўнасці, магілёўцы сутыкнуліся з новай праблемай. Без уліку прававых і эстэтычных норм, проста перад будынкам музея імя Масленікава ставяць агромністую спаруду вертыкальнай паркоўкі з “Магілёўліфтмаша”.
У пачатку 2010-х будынак музея імя П. Масленікава ў Магілёве даводзілася бараніць актыўным гараджанам – уласнік гандлёвага цэнтра “Магніт” запланаваў пашырэнне свайго будынка і абсталяванне фасада люстэркавымі вокнамі. Шматмесячныя абмеркаванні, зборы подпісаў у той час завяршыліся перамогай магілёўцаў – было вызначана, што дадатковыя абёмы “Магніта” перашкодзяць візуальнаму ўспрыняццю музея, які з’яўляецца помнікам архітэктуры. Будаўніцтва новых частак гандлёвага цэнтра было адмененае.
Выяўляецца, што памяць пра вызначальныя рашэнні захоўваецца ненадоўга. Вечарам 29 сакавіка звязаны з Магілёўскім гарвыканкамам Тэлеграм-канал “Могилев мой город” абвясціў пра будаўніцтва перад будынкам музея імя Масленікава вертыкальнай ротарнай паркоўкі ад прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”.
“На вуліцы Міронава ў гэтыя дні ўстанаўліваюць і робяць наладку мадэлі ПР-12, гэта будзе вертыкальная паркоўка, якая змесціць у сябе да 12 легкавых аўтамабіляў.” – піша “Могилев мой город”.
Нейкая страшная жалязяка
Публікацыя звязанага з гарвыканкамам Тэлеграм-канала сабрала негатыўныя водгукі – “Навошта так нявечыць прыгожае месца ў цэнтры горада?”, “Нейкая страшная жалязяка, на якой будуць стаяць машыны, і проста перад прыгожым старадаўнім будынкам…”
На будаўніцтва паркоўкі звярнуў увагу таксама Тэлеграм-канал Aktahon, які спецыялізуецца на ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
“Гаргара” ў прынцыпе не можа тут узводзіцца – па законе
“Ізноў з Магілёва: перад фасадам будынка пазямельна-сялянскага банка (цяпер абласны мастацкі музей), які пабудаваны ў стылі мадэрн у 1903-1914 гадах і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, узводзіцца сінія металічная гаргара – вертыкальная паркоўка ад мясцовага «Магілёўліфтмаша». – піша аўтар канала Aktahon.
Па-першае, гэтае дысгарманічнае збудаванне парушае візуальнае ўспрыманне помніка архітэктуры, па-другое — яна ў прынцыпе не можа быць зараз узведзена ў гэтым месцы.
Прычын таму дзве: у 2021 годзе былі значна пашыраны на поўнач граніцы гістарычнага цэнтра, але ягоны праект зон аховы так і застаўся нескарэктаваным аж у версіі 2005 года. Паколькі ў 2020 годзе катэгорыя гістарычнага цэнтра горада была паднятая да другой (рэспубліканскага значэння), узгадненні работ у яго межах адбываюцца праз Міністэрства культуры.
Другая прычына – будынак банка хоць і знаходзіцца цяпер у межах гістарычнага цэнтра, але з’яўляецца самастойнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, для якой увогуле не выяўлены зацверджаны праект зон аховы. Без яго зацвярджэння распрацоўка праектнай дакументацыі для аб’ектаў побач з ім забаронена палажэннямі Кодэкса аб культуры.”
Такім чынам, ахоўнае заканадаўства катэгарычна забараняе будаваць падобныя канструкцыі ў межах гістарычнага цэнтра і паблізу ад гісторыка-культурнай каштоўнасці. і ўлічаць гэта ўлады горада?