Знайшлі жанчыну, што пакінула сваё нованароджанае дзіця ў пакеце на казырку

Следчы камітэт заявіў, што высветліў жахлівыя падрабязнасці знаходкі нованароджанай дзяўчынкі на казырку паштовага аддзялення на вуліцы Габраўскай у Магілёве. Паведамляецца, што ноччу дзіцячы крык пачула жыхарка дома, якая выйшла на балкон пакурыць. Жанчына ўбачыла нованароджанага дзіцёнка, што ляжаў у пакеце і выклікала міліцыю. Дзіця з пераахаладжэннем дастаўлена ў бальніцу. Яму аказана кваліфікаваная дапамога, дзяўчынка знаходзіцца пад назіраннем лекараў.

Папярэдне ўстаноўлена, што дзяўчынку нарадзіла 34-гадовая мясцовая жыхарка. Яна загарнула малую ў ручнік, паклала ў пакет і выставіла на казырок. У жанчыны ёсць яшчэ трое дзяцей, аднаго, двух і дзевяці год.

Заведзеная крымінальная справа за замах на забойства заведама малалетняга, што знаходзіцца ў бездапаможным стане.

Фота: Следчы камітэт