У Крычаве абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі

У сувязі з падняццем грунтавых вод і масавым затапленнем вуліц і жылых дамоў у Крычаве аб’яўлены рэжым надзвычайнага становішча. 

На дадзены момант затапіла нямала дамоў у розных раёнах горада. Аднак найбольш пацярпелі вуліцы, у тым ліку з шматпавярховай забудовай, у раёне так званага “Цэмзавода”. У сувязі са стыхіяй у горадзе ў кругласутачным рэжыме арганізавана работа гарачай лініі, куды могуць звярнуцца крычаўляне.

Як паведамляе “Крычаўскае жыццё” сітуацыя настолькі крытычная, што камунальным і ратавальным службам прыйдзецца працаваць кругласутачна, каб аказаць дапамогу ўсім пацярпелым. Для таго каб справіцца са стыхіяй, быў выдзелены дадатковы транспарт з мясцовага цэментнага завода, а таксама з Магілёва. 

Мясцовай уладай прынята рашэнне, што рэжым надзвычайнай сітуацыі будзе зняты толькі пры спрыяльных прыродных умовах. 

Прадстаўнікі водаканала, камунальных і ратавальных службаў будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме да таго моманту, пакуль не знімуць вастрыню сітуацыі ў горадзе. 

Фота ілюстрацыйнае

Насельніцтва Магілёўшчыны стала меншым за мільён – статыстыка

На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Магілёўскага рэгіёна склала 989 703 чалавекі – паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнанні з сітуацыяй на 1 студзеня 2022 года колькасць жыхароў вобласці скарацілася на 11 142 чалавекі. Гэта больш чым цэлы Дрыбінскі, Хоцімскі альбо Краснапольскі раён – у гэтых раёнах колькасць жыхароў не сягае і 10 000 у кожным.

У параўнанні з колькасцю жыхароў рэгіёна ў 2021 годзе, насельніцтва Магілёўшчыны скарацілася на 25 140 чалавек за два гады. Гэта можна параўнаць з тым, калі б за два гады ў рэгіёне цалкам “вымер” такі горад як Крычаў і яшчэ паўтары тысячы чалавек.

Насельніцтва горада Магілёва склала, паводле стытыстыкі, крыху больш за 354 тысячы чалавек. Бабруйска – крыху больш за 209 тысяч.

Фота з адкрытых крынц.

Ядзерную зброю, якую плануюць размясціць на Беларусі, будзе кантраляваць Расія – МЗС

Такая выснова вынікае з фрагмента афіцыйнай заявы беларускага Міністэрства замежных спраў, апублікаванага прэс-службай МЗС.

– Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Мінску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогій, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. – гаворыцца ў заяве.

25 сакавіка прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін выступіў з заявай, што на Беларусі рыхтуецца сховішча для тактычнага ядзернага ўзбраення і да ліпеня 2023 года такая зброя паступіць у Беларусь. Інстытут вывучэння вайны адзначае, што “Пуцін, верагодна, імкнуўся размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года”, а сутнасць сучасных гучных заяў заключаецца ў вядзенні ім інфармацыйнай кампаніі, накіраванай застрашыць краіны што ўваходзяць у NATO і ЕС ад перадачы зброі Украіне. 

Фота ілюстрацыйнае.

На Магілёўшчыну ідзе шторм, будзьце асцярожныя

На Мінскай трасе зараз вось такая абстаноўка. МНС і ДАІ папярэджваюць пра неспрыяльную абстаноўку на дарогах. Снегам заваліла пераважна Міншчыну, але мінусавыя тэмпературы і ападкі паступова набліжаюцца да заходніх раёнаў Магілёўшчыны. 

Моцныя снегапады паралізуюць рух транспарта, выклікаюць пашкоджанне дрэў, ліній электраперадач, дахаў будынкаў і збудаванняў – папярэджваюць ратавальнікі. Пагэтаму рэкамендуецца пазбягаць дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі – мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў.

Культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе будуць Бялынічы

Культурнай сталіцай-2024 стануць Бялынічы Могілёўскай вобласці. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры па выніках разгляду прэзентацыйных матэрыялаў на наданне статусу “Культурная сталіца года” ў 2024 годзе – паведамляе афіцыйны Тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі.

У спісе прэтэндэнтаў былі таксама гарады Камянец Брэсцкай вобласці, Глыбокае Віцебскай вобласці, Мазыр Гомельскай вобласці, Свіслач Гродзенскай вобласці.

Тыповы магілёўскі пейзаж выхаднога дня, ад якога хочацца плакаць – фота

Чытачы mogilev.media падзяліліся сваімі сумнымі назіраннямі. Прадпрыемствы, размешчаныя на ўчастку Свабоднай эканамічнай зоны на паўднёвым усходзе Магілёва па выхадных днях вось так радуюць жыхароў навакольных паселішчаў.

У паветры стаіць моцны непрыемны пах. Падобныя выкіды рэдка назіраюцца ў працоўныя дні – заўважылі чытачы.

Дым падымаецца ледзь не з усіх труб Омск-карбона, з труб “Кранаспана” і “ВМГ індастры”.

Фота ад чытачоў mogilev.media

Сейм Літвы прыняў праект закона па прыпыненні выдачы віз беларусам – у першым чытанні

У дачыненні да грамадзян краін-агрэсараў у вайне з Украінай, а да гэтага ліку літоўскія парламентарыі адносяць беларусаў і расіян, прапануецца прыняць абмежавальныя меры па атрыманні літоўскіх віз і віду на жыхарства.

“Пераважная большасьць грамадзян Расіі падтрымліваюць ваенныя дзеянні і агрэсію сваёй краіны, яны не робяць крокаў, каб спыніць агрэсію рэжыму сваёй краіны, таму адказнасьць ляжыць і на грамадзянах гэтых краін. Каб змяніць іх паводзіны, мэтазгодна ўвесці абмежавальныя меры, звязаныя з магчымасцю грамадзян Расіі і Беларусі наведваць Літву і ўязджаць на тэрыторыю Еўрасаюза – так патлумачыла законапраект намеснік міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне паведамляе афіцыйны сайт літоўскага Сейма.

Законапраект прадугледжвае прыпыненне прыёму візавых заявак грамадзян Расіі і Беларусі ў літоўскіх візавых службах за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў Літвы выступае пасярэднікам у падачы візавай анкеты. Таксама прыпыняецца прыём заяў на афармленне нацыянальных літоўскіх віз грамадзянамі Расіі і Беларусі праз знешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой. 

Паводле законапраекта будзе прыпынены прыём заяў ад грамадзян Расіі і Беларусі на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве. Адносна тых грамадзян Беларусі і Расіі, якія ўжо падалі заявы на дазвол, працэдура надання права часовага пражывання будзе спыненая.

Пасля абмеркавання праект у першым чытанні ухвалілі 113, супраць не прагаласаваў ніводзін, устрымаліся 9 членаў Сейма. Калі ён будзе прыняты ў другім чытанні, то атрымае сілу закона.

Фота з адкрытых крыніц.

Боркі – “старэйшая сястра” Хатынскай трагедыі

Cёння адзначаецца 80-я гадавіна хатынскай трагедыі. 

Хатынь – адна з 9097 вёсак, якія былі спалены фашыстамі на тэрыторыі Беларусі. 

“Старэйшай сястрой” страшэннай трагедыі лічыцца вёска Боркі – месца найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 15 чэрвеня 1942 года нацысцкія карнікі вынішчылі яе разам з 6 навакольнымі пасёлкамі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны, забіўшы 2027 жыхароў. 

Батальён “Дырлевангер”, які здзейсніў расправу над жыхарамі Борак знішчыў і Хатынь. 

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія пасёлкі не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. На месцы трагедыі ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). 

Фота. Mogilev.media

П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

Запрацавала платная паркоўка ў цэнтры Магілёва

На вуліцы Міронава і бульвары Леніна ў Магілёве былі абноўлены інфармацыйныя стэнды і пачаўся перыяд платнай паркоўкі на ўзбочынах і тратуарах гэтых вуліц.

Нагадаем, што ў 2022 годзе сістэма платнай паркоўкі тут працавала ў тэставым рэжыме. Цяпер жа тарыф на першую гадзіну складае 1 рубель, а на кожную наступную 50 капеек. Аплата бярэцца за паркоўку з 8.00 да 18.00 у буднія дні.

Варта адзначыць, што новыя інфармацыйныя стэнды відавочна недапрацаваныя. Так, адсутнічае QR-код у адпаведным вакенцы, у тэксце дапушчана шмат памылак.

Магілёў стаў першым абласным цэнтрам, у якім рэалізаваная падобная сістэма аплаты за паркоўку. Раней падобную навацыю адпрацавалі ў Мінску.

Фота: mogilev.media