Пад Бранскам была збіта расійская авіягрупа, якая атакавала Украіну – падрабязнасці

Днём 13 мая ў ваколіцах горада Клінцы Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты Мі-8, а таксама самалёты Су-34 і Су-35. Самалёты пры гэтым падымаліся ў паветра для нанясення ўдараў па тэрыторыі Харкаўскай вобласці Украіны, а верталёты выкарыстоўваіся для прыкрыцця і на выпадак неабходнасці падбіраць пілотаў самалётаў.

Як пісалі mogilev.media, першая атака на расійскі верталёт адбылася апоўдні 13 мая ў небе над горадам Клінцы, у якім размяшчаецца вялікая вайсковая база. Верталёт Мі-8 разбіўся ў прыватным сектары горада, экіпаж загінуў. Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў пра разбурэнне пяці дамоў у Клінцах у выніку падзення верталёта – перадаюць “Навіны Бранска”.

Крушэнне самалёта Су-34 адбылося следам за падзеннем верталёта і пэўны час прычына аварыі была няяснай. Да вечара 13 мая правяралася інфармацыя пра магчымае збіццё альбо аварыю яшчэ двух “бартоў” расійскай арміі – самалёта і верталёта. Пазней інфармацыя пацвярдзілася – сумарна 13 мая ў Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты і два самалёты.

Як мяркуецца, самалёты павінны былі нанесці ўдары па цэлях у Чарнігаўскай вобласці (Украіна), а верталёты іх падстрахаваць, у тым ліку падабраць экіпажы – піша “Свабодная прэса”.

У сацсетках з’явіўся выкладзены мясцовымі жыхарамі відэазапіс атакі на адзін з верталётаў. Мяркуючы па ім, па Мі-8 нанеслі ўдар з зямлі. Для пошуку магчымых дыверсантаў у Бранскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Вынікі пакуль невядомыя. Гэтаксама, няма дакладнай інфармацыі, адкуль быў ненесены ўдар па іншых верталёце і самалётах – з зямлі, ці з паветра.

Як паведамляе тэлеграм-канал Baza, у выніку крушэння загінулі дзевяць чалавек. У верталёце Мі-8 у Клінцах знаходзіліся тры члены экіпажа. Другі верталёт Мі-8 упаў ва Унецкім раёне. Там таксама знаходзіліся тры члены экіпажа. У вёсцы Ніжняе загінулі два пілоты знішчальніка-бамбардзіроўшчыка Су-34. У вёсцы Сурэцкі Муравей загінуў пілот знішчальніка Су-35.

Па масштабах, страта расійскай арміяй цэлай авіягрупы за адзін дзень, супастаўляльная толькі з масавымі стратамі ў самым пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Фота з адкрытых крыніц

Бабруйск у небяспецы: расійскія ваенныя самалёты другі раз за тыдзень падаюць на жылыя дамы

Бабруйскія паблікі з насцярогай сустрэлі паведамленні пра падзенне расійскіх вайсковых самалётаў на жылыя кварталы расійскіх гарадоў, бо побач з Бабруйскам знаходзіцца ваенны аэрадром.  

Учора 23 кастрычніка на жылы дом у Іркуцку ўпаў самалёт СУ-30. Шматмэтавы знішчальнік Су-30 як метэарыт упаў у жылы масіў. Авіякатастрофа адбылася падчас выпрабавальнага палёту. Пілоты паветранага судна загінулі. Дзякуючы шчасліваму збегу абставін ахвяр сярод цывільнага насельніцтва няма. 

Гэта ўжо другое падзенне ваеннага самалёта ў Расіі за апошні тыдзень. 17 кастрычніка франтавы бамбавік Су-34 урэзаўся ў дзевяціпавярховы дом у Ейску Краснадарскага краю. Пілоты тады пакінулі самалёт да падзення і выратаваліся. А вось страты цывільных аказаліся жахлівымі. У выніку катастрофы, паводле апошніх звестак, загінулі 14 чалавек, яшчэ 42 пацярпелі.

Усяго Расія пасля лютаўскага ваеннага ўварвання ва Украіну ўжо мае больш за дзясятак не баявых страт ваенных самалётаў.  Па сведчанню вайсковых экспертаў галоўная прычына аварый заключаецца ва ўзрослай інтэнсіўнасці палётаў расійскай авіяцыі. Тэхнічны персанал не паспявае абслугоўваць самалёты ў адпаведнасці з рэгламентам. Да таго ж, многія расійскія самалёты элементарна старыя. Іх тэхнічны знос патрабуе спісання суднаў, а вайна вымагае іх выкарыстоўваць. 

Паколькі ваенны аэрадром ля Бабруйска ўжо не адзін раз выкарыстоўваўся для ваенных мэт расійскімі лётчыкамі, то насцярога бабруйчан, страх перад магчымымі авіякатастрофамі мае рэальныя падставы.