Дзень у гісторыі. 4 сакавіка. Адна з першых узгадак пра Магілёў. Нарадзіўся Барыс Маісееў

Міжнародны дзень акулярыка (International day of bespectacled)

Першыя лінзы знайшлі яшчэ пры раскопках Троі – іх узрост каля 2500 гадоў да н.э.

Старажытным цывілізацыям былі вядомыя празрыстыя лінзы з горнага крышталя. Але няма ніводнага гістарычнага сведчання, што гэтыя лінзы выкарыстоўваліся ў якасці лупы для практычных мэт.

У І палове XI стагоддзя арабскі навуковец Ібн аль-Хайсам апісаў лінзы, якія павялічваюць. Але Усход не здолеў зрабіць з гэтага ніякіх практычных высноваў. На Захадзе першым у 1267 годзе паспрабаваў выкрыстаць лінзы для вачэй навуковец і мысляр Роджэр Бэкан.

Першыя акуляры з’явіліся ў XIII стагоддзі ў Італіі. У 1285 годзе майстар-шкловыдзімальнік Сальвіна Армаці з Фларэнцыі першым арганізаваў вытворчасць акуляраў з лінзамі, якія ўстаўляліся ў аправу і дазвалялі карэкціраваць дальназоркасць. 

У Беларусі акуляры носяць да 40% мужчын і больш за 45% жанчын. Гэта не тычыцца сонечных акуляраў.

Дзень акулярыка

1484 год. У  Вільні памёр Казімір Казіміравіч, Святы Казімір (1458-1484).

Намеснік вялікага князя літоўскага, кананізаваны каталіцкай царквой. Каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі. Каталіцкі святы, патрон Вільні, апякун земляў Вялікага Княства Літоўскага, патрон Гродзенскага біскупства.

Сын Казіміра Ягелончыка. Кіраўнік справамі ў Польшчы (1481-1483), займаўся дабрачыннасцю.

Кананізаваны ў 1522 годзе.

Асаблівае значэнне культ Святога Казіміра атрымаў на землях ВКЛ, дзе ў яго гонар праводзіцца асобная служба 4 сакавіка. У Вільні ў гэты дзень адбываецца святочны кірмаш – “Казюкас”.

Святы Казімір

1488 год. Адна з самых ранніх узгадак пра Магілёў.

Магілёў быў згаданы ў лісце караля Казіміра Ягайлавіча мінскаму купцу Л.Цярашкевічу ў ліку гарадоў, дзе яму дазволена гандляваць бяспошлінна.

Казімір Ягайлавіч

1634 год. Нарадзіўся Казімір Лышчынскі.

Вялікалітоўскі філосаф, мысліцель-атэіст, педагог і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай. Упершыню ўжыў тэрмін «атэіст». Пакараны смерцю за атэізм.

Скончыў Віленскую акадэмію. Прымаў удзел у маскоўскай, шведскай, турэцкай ваенных кампаніях. Выкладаў у Львове, Берасці. Працаваў настаўнікам, меў юрыдычную практыку.

У 1666 годзе выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пераехаў у свой родавы маёнтак Лышчыцы на Берасцейшчыне. Карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты. Шмат судовых спраў правёў на карысць мяшчан і шляхты, якія судзіліся з езуітамі за захопленыя землі, даўгі. Меў сваю школу, вучыў дзяцей шляхты і сялян.

Напісаў трактат «Аб неіснаванні Бога». Рукапіс кнігі выкраў агент езуітаў Ян Бжоска.

У 1687 годзе царкоўны суд за цяжкае злачынства –  атэізм – пастанавіў спаліць яго жывога на вогнішчы. Па ўласнай просьбе асуджанага кара была заменена на адсячэнне галавы.

30 сакавіка 1689 года на плошчы Старога Мяста ў Варшаве абезгалоўлены і спалены на вогнішчы.

Казімір Лышчынскі

1782 год. Нарадзіўся Казімір Ельскі.

Беларускі скульптар, архітэктар, мастак; выхаванец Віленскага ўніверсітэта і яго прафесар. Прадстаўнік класіцызму. Сын мастака і скульптара Караля Ельскага.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, удасканальваў сваё майстэрства ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу.

Выкладаў ў Віленскім універсітэце, стварыў бюсты прафесараў для новай залы ўніверсітэцкай бібліятэкі, працаваў над рознымі элементамі дэкору для будынкаў універсітэта, заснаваў кабінет скульптуры.

Аўтар працы пра сувязь архітэктуры, скульптуры і жывапісу – першую на польскай мове. Стваральнік паркавых скульптур, надмагільных помнікаў для радавых капліц.

Рэстаўраваў ковенскую Ратушу, ляпныя ўпрыгожванні Пажайсляйскага кляштара.

Адным з яго вучняў быў віленскі мастак А. Сляндзінскі.

Казімір Ельскі

1812 год. Памёр Яўхім Храптовіч (1729–1812).

Грамадскі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, публіцыст, паэт і перакладчык. Апошні канцлер вялікі літоўскі (1793-1795), граф.

Пасля стварэння Адукацыйнай камісіі (1773) – першага ў свеце міністэрства адукацыі – стаў камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школаў ВКЛ, значна павялічыў колькасць школ розных узроўняў.

Аўтар вершаў на польскай мове і латыні, на гутарковай беларускай мове лацініцай. Валодаў кніжнасцю на старабеларускай мове.

Яўхім Храптовіч

1852 год. Памёр Мікалай Гогаль (Янкоўскі) (1809–1852).

Рускі і ўкраінскі пісьменнік, драматург, паэт. Заснавальнік крытычнага рэалізма ў рускай літаратуры.

Падчас навучання ў Нежынскай гімназіі выступаў на сцэне тэатра як акцёр і рэжысёр-пастаноўшчык спектакляў, заснаваных на сюжэтах антычнасці або побыту, спазнаў сусвет старажытнай украінскай гісторыі, народных звычаяў і народнай творчасці.

Пасля пераезду ў 1828 годзе ў Пецярбург, займаўся напісаннем паэм, аповесцей, апавяданняў, драматычных твораў, камедый.

Этапнай у гісторыі тэатра стала яго сацыяльная камедыя «Рэвізор» (1836). Пасля  яе прэм’еры, вандраваў па Германіі, Швейцарыі, Францыі, Італіі, пісаў паэму-раман «Мёртвыя душы» (1842). У 1848 годзе вярнуўся ў Маскву і працаваў над другім томам «Мёртвых душ», але незадоўга перад смерцю рукапіс спаліў.

У 1828 годзе наведваў Магілёў.

Раздзелы другога тома «Мёртвых душ» занава перапрацаваў нібыта на падставе накідак, якія былі атрыманы ад сябра Гогаля М. Пракаповіча, магілёўскі інжынер М. Ястржэмбскі. У студзені 1872 года чытачы гістарычнага часопіса “Руская даўніна”, да свайго невымоўнага здзіўлення, выявілі “Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы. Паэма Н. У. Гогаля. Новыя ўрыўкі і варыянты” – містыфікацыю ад Ястржэмбскага па матывах Гогаля.

У гонар М. Гогаля названы вуліца і 3 завулкі ў Магілёве, вуліцы ў большасці буйных гарадоў Беларусі.

Мікалай Гогаль

1877 год. Амерыканскі вынаходнік Эміль Берлінер стварыў мікрафон.

За год да гэтага А. Бэл таксама стварыў мікрафон, які зваўся вадкасным перадатчыкам. Гэты перадатчык быў прадстаўлены на Філадэльфійскай выставе. Там яго і ўбачыў Берлінер і вырашыў, што зможа зрабіць прыбор не горшым.

Берлінер здолеў ачысціць і ўзмацніць гукі і вынайшаў своеасаблівы тэлефонны перадатчык з няшчыльным кантактам, які назваў мікрафонам. Дзякуючы ўдасканаленням Берлінера тэлефон перастаў быць проста тэхнічнай навінкай і стаў эфектыўным сродкам сувязі, здольным перадаваць гукі на вялікія адлегласці.

А. Бэл спрабаваў судзіцца з Берлінэрам, але суд стаў на бок Берлінера. Тады Бэл вырашыў пайсці іншым шляхам – ён выкупіў патэнт у Берлінера за 50 000 даляраў, а сам вынаходнік быў прыняты ў Bell Telephone Company ў якасці галоўнага спецыяліста па тэлефоннай тэхніцы.

Эміль Берлінер

1890 год. Нарадзіўся Вінцук Адважны (Язэп Германовіч).

Беларускі пісьменнік, каталіцкі святар усходняга абраду, паэт, публіцыст.

Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Працаваў у касцёлах Беласточчыны, Слонімскага, Дзісненскага павету, Друйскім кляштары марыянаў, у Друйскай гімназіі, у Харбіне (Маньчжурыя), Вільне. Член Таварыства беларускай школы, арганізаваў беларускую школу, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове.

Яго празаічныя і паэтычныя творы рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку. Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

У 1948 годзе арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены КДБ. Асуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у сібірскіх лагерах.

Па вызваленні ў 1955 годзе выехаў у Польшчу, у 1959 – у Рым, потым ў Лондан. Быў дырэктарам школы-інтэрнату Св. Кірылы Тураўскага, выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам», прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай – Сібір – Масква», якія былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах.

Памёр 26 снежня 1978 года ў Лондане. Пахаваны на Могілках Святога Панкрата ў Лондане у адной магіле з айцом Львом Гарошкам, з якім меў пры жыцці не найлепшыя адносіны.

Вінцук Адважны

1911 год. Нарадзіўся Васіль Стома.

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч эміграцыі.

З 1949 года жыў у ЗША. Адзін з дзеячаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшыня ў Беларускім культурна-асветным камітэце, сябра рэдкалегіі газеты «Беларус», сябра Рады БНР, выкладчык беларускай суботняй школы, ініцыятар школьных тэатральных пастановак.

Памёр 31 мая 1992 года ў Нью-Брансуіку. Пахаваны на могілкай царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансуіку.

Васіль Стома

1932 год. У Пінску нарадзіўся Рышард Капусцінскі.

Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».

Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў першую ўзнагароду – Залаты Крыж Заслугі – за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

Удзельнік руху «Салідарнасць».

Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у 1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.

Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага, Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і ўзнагарод.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Памёр 23 студзеня 2007 года.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.

Рышард Капусцінскі

1938 год. У Оршы нарадзіўся Леанід Трушко.

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст БССР.

Працаваў у  Аршанскім народным,  Беларускім тэатры імя Якуба Коласа (1967-1999).

Выканавец шматлікіх ролей у пастаноўках «Радавыя», «Парог» А. Дударава, «Трыбунал» А. Макаёнка, «Амністыя» М. Матукоўскага, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта, «Званы Віцебска» У. Караткевіча і іншых, ролей у кіно.

Леанід Трушко
Мастацкі фільм “Вясна на Одары”, 1967.

1954 год. У Магілёве нарадзіўся Барыс Маісееў.

Савецкі і расійскі артыст, танцоўшчык, харэограф, эстрадны спявак, кінаакцёр. Заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі. Шматразовы лаўрэат расійскіх музычных прэмій “Авацыя” і “Залаты грамафон”. Адзін з першых спевакоў-геяў у Расіі, якія здзейснілі камінг-аўт.

Барыс Маісееў

1962 год. Запрацаваў ядзерны рэактар АЭС на амерыканскай антарктычнай станцыі Мак-Мерда. Адзінкавы выпадак у гісторыі Антарктыды.

Лічылі, што электрастанцыя дазволіць зэканоміць вялізныя сродкі, якія выдаткоўваюцца на падвоз дызпаліва і яго бесперапынны падагрэў – каб пазбегнуць замярзання. 

Аднак у 1972 годзе ў корпусе рэактара выявіліся расколіны. Было прынята рашэнне ўстаноўку дэмантаваць, а з прычыны тэхналагічных складанасцей і экалагічных рызык ад далейшых праектаў развіцця атамнай энергетыкі ў Антарктыдзе – адмовіцца.

Мак-Мерда рэактар

1982 год. У Магілёве нарадзіўся Андрэй Рыбакоў.

Беларускі цяжкаатлет.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2004, 2008 гадоў у Афінах, Пекіне атрымаў срэбныя медалі ў мужчынскай вагавай катэгорыі да 85 кг. Але ў 2016 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў яго пекінскага срэбра за ўжыванне допінгу.

Чэмпіён Беларусі 2012 года ў катэгорыі да 94 кг.

Яму належаць сусветныя рэкорды ў катэгорыі да 85 кг у рыўку – 187 кг (чэмпіянат свету, 2007) і па суме рыўка і штуршка – 394 кг (пекінская алімпіяда, 2008). Рэкорд па суме перасягнуты іранцам Кіянушам Растамі ў 2016 годзе.

Андрэй Рыбакоў

2005 год. Памёр Карлас Шэрман (1934-2005).

Беларуска-уругвайска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.

Нарадзіўся ва Уругваі ў сям’і выхадца з Заходняй Беларусі. Працаваў у аргенцінскіх газетах. У 1956 годзе прыехаў на Беларусь.

Дэбютаваў у аргенцінскім перыядычным друку ў 1952, у рускай перыёдыцы Беларусі – з 1964, на беларускай мове – з 1975 года.

Загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР,  віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Перакладчык іспанамоўных аўтараў: Г. Гарсія Маркеса, Н. Гільена, Ф. Піта Радрыгеса і іншых.

З беларускай на іспанскую пераклаў асобныя творы А. Куляшова, М. Танка, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Купалы,  Я. Коласа, Р. Барадуліна і іншых.

Аўтар кніг, зборнікаў паэзіі.

Карлас Шэрман

Дзень у гісторыі. 2 лютага. Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі

Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў (World wetlands day, з 1997 года).

Устаноўлены ў гонар  падпісання ў іранскім горадзе Рамсар “Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях”. 

Асноўнай мэтай канвенцыі з’яўляецца захаванне і рацыянальнае выкарыстанне водна-балотных угоддзяў як сродку дасягнення ўстойлівага развіцця ва ўсім свеце. 

Слова “балота” паходзіць з балта-славянскіх моў. Таму нядзіўна, што прарадзімай славян называюць багністую мясцовасць паміж Беларускім Палессем і Балтыйскім морам.

Водна-балотныя ўгоддзі – адны з самых прадуктыўных, з’яўляюцца прадуцэнтамі кіслароду, месцамі біялагічнай разнастайнасці, крыніцамі вады і першаснай прадуктыўнасці, ад якіх залежыць існаванне шматлікіх відаў раслін і жывёл, памяншэнне ўтрымання вуглякіслага газу ў паветры.

Балота Ельня 
Балота Ельня

Грамніцы (Стрэчанне).

Дзень прынясення ў Іерусалімскі храм немаўляці Ісуса Хрыста яго бацькамі на 40-вы дзень пасля Нараджэння і на 32-гі дзень пасля Абразання. У Іерусалімскім храме Святое сямейства сустрэў  (адсюль «стрэчанне») на ганку Сімяон Багапрыімец. 

 «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы», «Грамніца – хлебу палавіца».

У гэты дзень, у 1914 годзе зафіксаваны самы ранні сход снега на Магілёўшчыне.

Стрэчанне
Невядомы аўтар. «Стрэчанне», 1731 год. Успенская царква, аграгарадок Басценавічы  Мсціслаўскага раёна

1348 год. Бітва на рацэ Стрэве каля Коўна паміж арміяй Тэўтонскага ордэна і злучанымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Смаленскага княства. 

Перад бітвай ордэнскае войска – прускія рыцары і наёмныя – англійскія, французскія і іншыя – на працягу тыдня спусташала землі Панямоння. 

Гэта быў паход ці не ўсёй Еўропы супраць ВКЛ. Саюзныя войскі Альгерда і Кейстута складалася, апроч уласна ліцвінаў, з атрадаў Уладзіміра-Валынскага, Бярэсця, Віцебска, Смаленска, Полацка.

Бітва скончылася вельмі цяжкай паразай вялікалітоўскіх сіл, сярод загінулых адзначаны князь Нарымонт, але і заваёўнікі стратэгічна нічога не выйгралі.

Бітва на рацэ Стрэве

1348 год. У бітве на Стрэве загінуў Нарымонт-Глеб Гедзімінавіч. 

Князь полацкі (1336-1345), пінскі.

Другі сын Гедзіміна. Быў князем у Ноўгарадзе (1333-1335), атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Ускосна згадваецца як полацкі кароль у дагаворы Смаленска з Рыгай (1340).

Пасля 1345 года атрымаў Пінскае княства, якое заставалася і за яго нашчадкамі – Нарымонтавічамі да канца XIV стагоддзя. 

З’яўляўся буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найуплывовейшым князем ВКЛ. Супраць яго і Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут, што прымусіла да ўцёкаў у 1345 годзе да залатаардынскага хана Джанібека (Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю).

Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ і браў удзел у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна.

Нарымонт-Глеб

1386 год. Вялікі князь ВКЛ Ягайла абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслаў II Ягайла. 

Ягайла – старэйшы сын вялікага князя Альгерда ў другім яго шлюбе, з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай, князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377–1392), кароль польскі (1386–1434) і вярхоўны князь літоўскі (з 1392).

Падпісаў Крэўскую унію (1385) – дынастычны саюз паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ, прыняў каталіцтва і быў ахрышчаны як Уладзіслаў у Кракаве, ажаніўся з каралевай Ядвігай.

У 1410 годзе разам з Вітаўтам кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы.

Ягайла заклаў падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі, заснаваў дынастыю Ягелонаў – галіну Гедзімінавічаў, якая да канца XVI стагоддзя правіла ў ВКЛ і Польшчы і стала адной з самых уплывовых дынастый у канцы сярэдневяковай і ранняй сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Уладзіслаў II

1494 год. Нарадзілася Бона Сфорца. 

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста.

Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Правяла эканамічную рэформу Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны (апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў), прыпраў (шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру), а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. Найбольш яскравым новаўвядзеннем лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Памерла 19 лістапада 1557 года.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

Бона Сфорца
Бона Сфорца пэндзля Банавентуры Дамброўскага, 1840-я гады

1536 год. Нарадзіўся Пётр Скарга. 

Царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, пачынальнік польскай аратарскай прозы. 

Прафесар, першы рэктар Віленскай акадэміі, стваральнік і першы рэктар полацкага езуіцкага калегіума, заснавальнік калегіумаў у Рызе і Дэрпце (Тарту). Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596 года. 

Празваны сучаснікамі Златавустам. У ХІХ стагоддзі разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны, бо папярэджваў, што прамаруджванне цэнтралізацыі ўлады шкодна адаб’ецца на лёсе краіны.

Памёр 12 верасня 1612 года.

Пётр Скарга

1838 год. Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. 

У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі добраахвотнікі полк імя Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі

1892 год. Памёр Люцыян Крашэўскі. 

Беларускі і польскі мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятана Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў. 

Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863–1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.

Люцыян Крашэўскі

1892 год. Уільям Пэйнтэр атрымаў патэнт на металічны бутэлькавы корак, які быў названы Crown Cork – кронен-корак. 

У 1880-я гады коркі, якія ўжываюцца для бутэлькавай укупоркі розных напояў, не зачынялі бутэльку досыць шчыльна і нярэдка разбураліся. У выніку якасць напою псавалася, вуглякіслы газ не ўтрымліваўся ўнутры, а звонку трапляла паветра. 

Каб вырашыць гэтую праблему, амерыканскі вынаходнік У. Пэйнтэр з Балтымора, вынайшаў корак у форме кароны, які герметычна закаркоўваў бутэлькі. 

Корак меў гафрыраваны фланцавы край і тонкі ўкладны дыск з кары коркавага дуба на донцы. Такі корак просты і эканамічны ў вырабе. Кронен-корак шырока выкарыстоўваецца і дагэтуль, толькі колькасць зубцоў на гафрыраваным фланцавым краі паменшана з 24 да 21.

Crown Cork

1902 год. Нарадзіўся Станіслаў Грынкевіч. 

Беларускі лекар-псіханеўролаг, пісьменнік, культурны, грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі.

Вучыўся на медыцынскіх факультэтах Віленскага, Познаньскага ўніверсітэта. Працаваў лекарам-псіханеўролагам у клініках Познаньскага ўніверсітэта, Беластока, Вільні, быў прызнаны найлепшым маладым псіхіятрам Польшчы 1937 года. 

Выкладаў гігіену ў Віленскай беларускай гімназіі, псіхіятрыю ў Медыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. Узначальваў Беларускае навуковае таварыства, актыўна друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах.

З лекцыямі па медыцыне ездзіў па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках.

Аўтар прац «3 зацемак аб характары беларусаў», «Аб праве на Бацькаўшчыну», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Узгадаванне характару», «Народ», кніг «Парады хворым і здаровым», «Аб тэатры», шэрагу п’ес, апавяданняў, аповесцяў, эсэ.

З прыходам у Вільню савецкіх войск арыштаваны, але здолеў уцячы з цягніка падчас вывазу вязняў. У гады нямецкай акупацыі ў Вільні браў удзел у нацыянальным падполлі. Арыштаваны НКДБ у 1944 годзе і вывезены спачатку ў Мінск, потым у Магілёў.

18 мая 1945 года ваенным трыбуналам прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 25 ліпеня 1945 года ў Магілёве. Існуюць таксама версіі, што памёр на этапе, альбо ў лагеры.

Станіслаў Грынкевіч

1957 год. Нарадзіўся Аляксей Ляляўскі. 

Беларускі рэжысёр тэатра лялек, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

У 1982–1986 гадах працаваў галоўным рэжысёрам Магілёўскага тэатра лялек. З 1986 года – галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод найлепшых пастановак для дзяцей у Магілёўскім тэатры «Віні-Пух і ўсе, усе, усе…» паводле А. Мілна, «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н. Слепаковай паводле Шарля Перо, «Дзед і жораў» В. Вольскага.

Цікавыя і моцныя яго пастаноўкі і для дарослых.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Славеніі.

Аляксей Ляляўскі

1983 год. Трагічна загінуў на пажары Мікола Прашковіч. 

Беларускі дысідэнт, перакладчык, адзін з самых таленавітых беларускіх літаратуразнаўцаў ХХ стагоддзя.

Адзін з першых пачаў даследаваць паэзію Сімяона Полацкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія Сімяона Полацкага”. Першым напісаў вялікі артыкул пра творчасць Ларысы Геніюш «Шлях паэта» (1967).

Спецыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры. Некаторыя яго выступленні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. 

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны М. Прашковіч быў выкарыстаны КДБ, пад пільным наглядам якога знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых патрыётаў, фабрыкацыі справы і выкрыцця ў 1973–1974 гадах «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у АН БССР, у выніку чаго пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў.

Па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 годзе быў звольнены з работы ў АН БССР.

Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вечерний Минск».

Мікола Прашковіч
Алесь Белакоз і Мікола Прашковіч (справа)

Дзень у гісторыі. 29 студзеня. Арыштавалі Каліноўскага. Нарадзіўся Антон Луцкевіч

Дзень мабілізацыі супраць ядзернай пагрозы (Day of mobilization against the nuclear threat, з 1985 года). 

Адзначаецца з моманту прыняцця Дэлійскай дэкларацыі аб прынцыпах свабоды ад ядзернай зброі і негвалтоўнага міру. Дэкларацыя змяшчае заклік да спынення гонкі ядзернага ўзбраення, скарачэння і паступовай ліквідацыі ядзерных арсеналаў і ліквідацыі пагрозы ядзернай вайны.

Заснавальнікі даты сцвярджаюць, што магчымасці ратавання ад уздзеяння ядзернага выбуху вельмі абмежаваныя. У выніку буйнамаштабнай ядзернай вайны адбудзецца глабальная кліматычная катастрофа.

Хоць ядзерная зброя выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях усяго двойчы, у 1945 годзе, усе наступныя дзесяцігоддзі міжнародная дыпламатыя і ваенная стратэгія дзяржаў знаходзіліся пад моцным уплывам планаў вядзення магчымай ядзернай вайны, якія распрацоўваліся. 

Трынітраталуолавы эквівалент бомбы, скінутай на Хірасіму, складаў 13 кт. Выбуховая моц савецкай стратэгічнай ракеты SS-18, у 1540 разоў больш.

Занепакоенасць выклікае агрэсія Расіі, якая мае значны ядзерны арсенал, супраць Украіны.

ядзерная вайна

Дзень беларускай навукі (з 1993 года). 

Апошняя нядзеля студзеня. Вядучым даследчым і навуковым цэнтрам краіны з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе. У Нацыянальнай акадэміі працуе больш за 18 тысяч даследчыкаў, тэхнікаў, дапаможнага і абслуговага персаналу, сярод якіх нямала дактароў і кандыдатаў навук.

Адзін з найважнейшых паказчыкаў навуковай дзейнасці – навукаёмістасць ВУП – у апошнія гады складае каля 1%. Гэта вышэй, чым у большасці краін СНД, але значна ніжэй, чым у развітых краінах. У краінах супастаўных з Беларуссю па памеры і насельніцтве – Фінляндыі і Швецыі – навукаёмістасць ВУП роўная 3%.

беларуская навука

1720 год. Нарадзіўся Францішак Багамолец. 

Польскі і беларускі драматург, публіцыст, выдавец. Выкладчык у Віленскім, Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. Вылучаўся шматбаковай дасведчанасцю. 

Заснаваў і рэдагаваў у Варшаве часопісы «Wiadomości Uprzywilejowane Warszawskie», «Kurier Warszawski».

Аўтар вершаў, больш за 20 камедый для школьнага тэатра, у якіх з пазіцый памяркоўнага асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы шляхты. Складаў вершы.

Апублікаваў хронікі М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, М. Кромера, А. Гваньіні, лісты Я. Каханоўскага, П. Каханоўскага, С. Любамірскага, М. Сарбеўскага.

Выступаў супраць засілля ў літаратуры лацінскай мовы, але дапускаў запазычанні з блізкароднасных моў, у тым ліку з беларускай. Збіраў беларускія прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў дапоўніць зборнік С. Рысінскага.

Меў непасрэднае дачыненне да першай польскай оперы – «Ашчасліўленая беднасць», напісанай паводле яго лібрэта кампазітарам М. Каміньскім і пастаўленай 11 ліпеня 1778 ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве.

Памёр 24 красавіка 1784 года.

Францішак Багамолец

1864 год. У Вільні арыштаваны Канстанцін Каліноўскі. 

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Царскім уладам ён быў выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам.

Публічна павешаны 22 сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зраўняныя з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы ў Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе на Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі

1878 год. Нарадзіўся Уладзімір Самойла. Беларускі публіцыст, літаратурны крытык, філосаф.

Удзельнік беларускага літаратурна-грамадскага руху, адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906). Супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях «Минский курьер», «Наша ніва».

Хатні настаўнік Івана Луцэвіча, адыграў значную ролю ў творчым станаўленні Янкі Купалы, адзін з першых высока ацаніў яго здольнасці і літаратурную творчасць.

Аўтар артыкулаў, эсэ прысвечаных творчасці расійскіх і замежных пісьменнікаў.

З 1918 года жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіі і публіцыстам у газетах «Віленская мова», «Віленскія навіны», быў адным з вядучых публіцыстаў заходнебеларускага друку вызваленчага кірунку, рэцэнзентам на выданні Інбелкульта і Акадэміі Навук, працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І. Луцкевіча.

Арыштаваны НКУС у кастрычніку 1939 года. Вязень беластоцкай турмы. 

Расстраляны, верагодна, у 1941 годзе.

Уладзімір Самойла

1884 год. Нарадзіўся Антон Луцкевіч. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі. 

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні. Перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў. Памёр 23 сакавіка 1942 года ў лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

Антон Луцкевіч

1904 год. У Магілёўскім Іосіфаўскім кафедральным саборы праасвяшчэнным Максімам быў прачытаны народу Найвышэйшы маніфест аб вайне з Японіяй і здзейснены малебен аб дараванні перамогі расійскім войскам. 

У маі 1910 года тут 3 дні знаходзіліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, якія накіроўваліся з Кіева ў Полацк. Праз 25 гадоў, 29 студзеня 1929 года гарадскія улады вырашылі сабор зачыніць. У 1932 годзе, у будынку адкрыўся музей гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе было прынята рашэнне аб зносе сабора і будаўніцтве гасцініцы “Дняпро” для новай беларускай сталіцы ў Магілёве.

Сабор Святога Іосіфа – першы ўзор класіцызму ў культавым дойлідстве на тэрыторыі Беларусі, праваслаўны сабор на Саборнай плошчы ў Магілёве. Першы камень у падмурак будучага сабора, ля пляцоўкі з драўлянай царквой Уваскрэсення Хрыстова, быў закладзены 29 мая 1780 г. Кацярынай ІІ і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II.

Храм быў пабудаваны ў 1798 годзе па праекце М. Львова і ўпрыгожаны карцінамі і іконамі Ул. Баравікоўскага.

У кастрычніку 2011 года намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка заявіў, што Іосіфаўскі сабор у ліку першых стаіць у чарзе на аднаўленне разбураных архітэктурных помнікаў Магілёва. Прайшло 15 гадоў, але ніякіх выразных крокаў па аднаўленні святыні не зроблена.

Сабор Іосіфа

1924 год. Нарадзіўся Арцём Баханькоў. 

Беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў ў Інстытуце мовазнаўства акадэміі навук, загадчыкам кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме НАН Беларусі.

Даследаваў лексіку, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, лексіку мовы Ф. Скарыны. Аўтар і суаўтар шматлікіх даследаванняў, сярод якіх «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы», «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», «Беларуска-рускі слоўнік».

Памёр 12 жніўня 2001 года.

Арцём Баханькоў

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Бароўскі. 

Беларускі футбаліст і трэнер.

У 1972-1987 гадах – гулец, у 1984-1985 – капітан  мінскага «Дынама». У чэмпіянаце СССР правёў 400 матчаў, з іх 270 у вышэйшай лізе. Чэмпіён СССР (1982).

У 1981-1985 гадах выступаў за зборную СССР, у 1982 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету ў Іспаніі.

У 1989 годзе пачаў трэнерскую кар’еру: нацыянальная зборная, у розных клубах Латвіі, Малдовы, Літвы, Украіны, Беларусі (“Металург”, “Дынама” Мінск, “Шахцёр”, БАТЭ).

Пад яго кіраўніцтвам зборная атрымала адну з найвядомейшых перамог – у 1995 годзе над зборнай Нідэрландаў (1:0) і адно з найцяжэйшых паражэнняў – у 2000 годзе ад Андоры (0:2).

У 2014 годзе прывёў салігорскі «Шахцёра» да перамогі ў Кубку Беларусі 2013/2014, вывеў яго ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы, на 3 месца чэмпіяната Беларусі.

З 2019 года трэнер каманды «Іслач».

Сяргей Бароўскі

1965 год. Нарадзіўся Генадзь Галоўчык

Знакаміты магілёўскі гадзіннікавы майстар, генеральны канструктар. 

Нарадзіўся ў г. Белазёрску Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце, пасля заканчэння вучобы застаўся працаваць у Магілёве. Працаваў на заводах “Чырвоны металіст”, “Протас” і іншых. 

У пачатку 1990-х гадоў аднавіў гадзіннікавы механізм на Тэатральнай плошчы ў Магілёве, які быў паламаны больш за 20 гадоў.

У 2008 годзе стварыў унікальны гадзіннікавы механізм на вежы магілёўскай ратушы – стрэлка на адным з цыферблатаў робіць поўны абарот за 500 гадоў.

Стаў ініцыятарам і стваральнікам фігуры механічнага гарадскога трубача Магіслава на ратушы.

У 2021 годзе пакінуў пасаду гадзіннікавага майстра Музея гісторыі Магілёва ў знак салідарнасці з пацярпелымі ад палітычнага пераследу калегамі.

Гена Галоўчык

Дзень у гісторыі. 18 студзеня. Нарадзіўся Іосіф Лангбард

Вадохрышчанскі вечар, вечар перад Багаяўленнем, Галодная куцця, Вадзяная каляда, Вадохрышчанская каляда. 

Вечар напярэдадні Вадохрышча. У гэты дзень успамінаецца хрышчэнне Ісуса Хрыста Іаанам Прадцечам (Хрысціцелем) у рацэ Іардан.

Па традыцыі ўся сям’я збіраецца за святочным сталом. Пачынаць трапезу можна толькі калі ў небе з’явіцца першая зорка. Спачатку чытаюць малітву, а затым спрабуюць святочныя посныя пачастункі. Пасля ўрачыстай трапезы хрысціяне адпраўляюцца ў храмы. Апоўначы, з надыходам свята Вадохрышча, праводзіцца вялікае асвячэнне вады. Звычайна людзі прыносяць крыху святой вады дадому, каб акрапіць ёю жыллё.

Вадохрышча таксама называецца і Богаяўленнем, бо ў гэты дзень Бог явіў Сябе свету ў трох асобах Свайго Бажаства: Бог Сын – Ісус Хрыстос прымаў хрышчэнне ў Іардане, Дух Святы сышоў на Яго ў выглядзе голуба, Бог Айцец засведчыў Ісуса Хрыста голасам з неба.

Вадохрышчанскі вечар з’яўляецца завяршэннем Калядных свят. Заканчваюць гадаць, варажыць, калядаваць.

Хрышчэнне

1401 год. У Вільні вялікі князь Вітаўт выдаў першыя акты Віленска-Радамскай уніі. 

Заключана ў Вільні і ратыфікавана Кароннай Радай у Радаме. Па ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавалася кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

князь Вітаўт

1892 год. Нарадзіўся Іосіф Лангбард. 

Беларускі савецкі архітэктар. Заслужаны дзеяч мастацтваў і архітэктуры БССР. Доктар архітэктуры, прафесар.

Адзін з выдатных архітэктараў Еўропы ХХ стагоддзя, чыя мастацкая спадчына аказвае значны ўплыў на развіццё сучаснай архітэктуры. Яго архітэктурныя шэдэўры ў вялізнай ступені паўплывалі на фарміраванне аблічча Мінска, Магілёва і з’яўляюцца пярлінамі беларускага дойлідства.

Яго асноўныя працы ў Беларусі: Мінскія Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Дом урада БССР, Дом афіцэраў, галоўны корпус акадэміі навук, у Магілёве – Дом Саветаў. Акрамя гэтага – будынкі ў Кіеве, Ленінградзе, Маскве, Кастраме.

Адзін з аўтараў схемы генплана паваеннага Гомеля і эскіза планіроўкі Мінска.

У 1938 годзе меркавалася па яго планах пабудаваць хмарчос на магілёўскай плошчы Славы (тады Савецкай): старыя храмы знеслі, а гмах не пабудавалі. Засталіся ў эскізах і лангбардаўскі Драматычны тэатр і яго ж манументальны новы будынак ЦК КПБ(б) для Магілёва.

Прафесар Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе.

Памёр 3 студзеня 1951 года.

Іосіф Лангбард

1895 год. Нарадзіўся Лявон (Леонт) Більдзюкевіч. 

Беларускі педагог, матэматык, грамадскі дзеяч.

Скончыў Мінскую гімназію, Кіеўскія ўніверсітэт і камерцыйны інстытут.

Друкаваў апавяданні ў газеце «Наша ніва», уваходзіў у кіеўскі беларускі культурна-асветны гурток «Зорка».

Загадваў Мінскай школай сляпых, дзе ў 1919 годзе перавёў навучанне на беларускую мову. Член Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускай школьнай рады Міншчыны.

Выкладаў у Мінскай беларускай гімназіі, Бабруйскім, Рагачоўскім педтэхнікумах, у Беларускім політэхнічным інстытуце, БДУ, працаваў у Інстытуце торфу БССР.

Член Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па матэматыцы, касмаграфіі і фізіцы. Пераклаў на беларускую мову шэраг падручнікаў па матэматыцы.

У 1938 годзе арыштаваны ДПУ, высланы ў лагер на Калыму, дзе і загінуў 18 жніўня 1942 года.

Лявон Більдзюкевіч

1903 год. Нарадзіўся Аляксандр Фурсенка. 

Беларускі навуковец-палеантолаг. Член-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Працаваў ва Усесаюзным геолагаразведачным інстытуце, загадчыкам лабараторый Інстытута геалагічных навук АН БССР, Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АН СССР, прафесарам, загадчыкам кафедры БДУ.

Аўтар прац па мікрапалеанталогіі і стратыграфіі.

Правёў палеанталагічныя вывучэнні даантрапагенавых парод у Беларусі, удзельнічаў у складанні геалагічных карт тэрыторыі рэспублікі.

Памёр 30 верасня 1975 года.

Аляксандр Фурсенка

1912 год. Нарадзіўся Пётр Сыч. 

Беларускі пісьменнік, журналіст «Радыё Свабода», мемуарыст, герой Монтэ-Касіна.

Трапіў у савецкі палон як польскі жаўнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі. У 1942 г. патрапіў у армію генерала У. Андэрса. Паручнікам прымаў удзел у шматлікіх баях, у тым ліку пад Монтэ-Касіна. 

Актыўны дзеяч эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Памёр 20 чэрвеня 1963 года ў Мюнхене.

Пётр Сыч

1936 год. Нарадзіўся Васіль Сёмуха. 

Вядомы беларускі перакладчык з еўрапейскіх моў.

Працаваў рэдактарам у дзяржаўным выдавецтве, выкладчыкам нямецкай мовы ў школе, БДУ, у газэце «Літаратура і мастацтва», у выдавецтва «Мастацкая літаратура», у гуманітарным ліцэі.

У 1967 годзе напісаў запыт міністру замежных справаў Гурыновічу, спытаўшы, ці можа ён патрабаваць ад ураду Германіі кампенсацыі за страчаную маёмасць, каб выдаць пераклад «Фаўста». Выключаны з Саюзу пісьменьнікаў БССР з фармулёўкай: «…за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць „Фаўста“ ў Мюнхене». Супраць выключэння галасаваў толькі Васіль Вітка. 

Акрамя перакладаў класікаў, рабіў пераклады для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з  кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опер Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.

Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песню Саламонаву», «Новы Запавет. Псалтыр». Яго пераклад «Бібліі» выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў.

Памёр 3 лютага 2019 года.

Васіль Сёмуха

1984 год. Памёр Панцеляймон Панамарэнка. 

Беларускі і савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, генерал-лейтэнант. Старшыня Савета Міністраў БССР (1944-1948), начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху (1942-1944).

Як Першы сакратар ЦК КПБ (1938-1947) даваў згоду на арышт і асуджэнне дзяржаўных і партыйных работнікаў, з 15 верасня па 15 лістапада 1938 года ў якасці ўдзельніка «тройкі» НКУС вынес 4650 расстрэльных выракаў.

Ён у справаздачы І. Сталіну 1938 года «О Белорусском языке, литературе и писателях» абражаў культуру і мову, фактычна падпісваў смяротны прысуд літаратурным дзеячам, абвінаваціўшы іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай працы, ідэйна кіраваных заўсёды дзясяткам прафашысцкіх пісьменнікаў, у тым ліку Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Член Ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі, сукіраўнік войск, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пераканаў Сталіна ў далучэнні Палесся з Брэстам і Пінскам да БССР.

Пасля вызвалення БССР Сталін прапанаваў перадаць РСФСР Полацкую вобласць, але яе адстаяў Панамарэнка.

Пасля ад’езду з Беларусі працаваў міністрам нарыхтовак, культуры СССР, быў членам Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратаром ЦК Кампартыі Казахстана, амбасадарам у Польшчы, Індыі і Непале, Нідэрландах.

Панцеляймон

2005 год. Упершыню афіцыйна паказаны публіцы аэробус A380. 

Найбуйнешы авіялайнер у гісторыі. 

У паказе ў французскай  Тулузе, дзе вядзецца зборка самалёта, узяла ўдзел больш за 5 000 чалавек, кіраўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Іспаніі. 

Максімальная колькасць пасажыраў – 840, максімальная далёкасць палёту  15 000 км. Кошт аднаго самалёта складае да 500 мільёнаў долараў. 

Беларусь не мае ніводнага такога самалёта.

аэробус A380

2008 год. Памерла Яўгенія Мальчэўская. 

Беларуская паэтэса. 

Скончыла Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці, філалагічны факультэт БДУ. Працавала рабочай на Бабруйскім заводзе гумавых вырабаў, у бабруйскай газеце «Камуніст», чашніцкай «Чырвоны прамень», у абласных выданнях «Віцебскі рабочы», «Выбар», у газеце «Белорусская нива», настаўнічала у Чэрвеньскім раёне, Талачыне, Віцебску.

Яе першыя вершы з’явіліся ў 1969 годзе ў газеце «Магілёўская праўда». Суаўтар паэтычных зборнікаў, аўтар паэтычнага цыкла «Святло асенняе зярнят», зборнікаў, кніг, апавяданняў.

Яўгенія Мальчэўская

Дзень у гісторыі. 15 студзеня. Створана Магілёўская вобласць

1850 год. Нарадзілася Соф’я Кавалеўская (Корвін-Крукоўская).

Матэматык, механік, пісьменніца і публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук.

Нарадзілася ў сям’і выхадца са старажытнага беларускага шляхецкага роду генерала В. Корвін-Крукоўскага.

Дзяцінства правяла ў Віцебскай губерні, вывучала звычаі і традыцыі беларусаў і ў мемуарах падкрэслівала значэнне беларускай прыроды ў станаўленні яе асобы. Яе першае каханне было звязана з іменем надзвычай вядомага чалавека таго часу, які таксама мае беларускія карані, – Ф. Дастаеўскім.

Каб мець магчымасць займацца навукай, узяла з беларусам У. Кавалеўскім (заснавальнік палеанталогіі) фіктыўны шлюб (пазней стаў сапраўдным) і паехала ў Гайдэльберг вывучаць матэматыку.

У 1874 атрымала ў Гётынгенскім універсітэце ступень доктара філасофіі. У 1883-1891 гадах прыват-дацэнт Стакгольмскага ўніверсітэта

Аўтар прац па матэматычным аналізе, матэматычнай фізіцы і нябеснай механіцы. Даследавала задачу Лапласа пра раўнавагу кольцаў Сатурна.

Лаўрэат прэмій Парыжскай і Шведскай акадэмій навук.

Аўтар аповесцей, драмы, сямейнай хронікі, мемуараў.

Памерла 10 лютага 1891 года.

Соф'я Кавалеўская

1908 год. У Лідзе нарадзіўся Стэфан Вітажэнец. 

Польскі лётчык, ас-знішчальнік у Другую сусветную вайну ў складзе польскай і англійскай авіацыі.

Скончыў Лідскую гімназію імя гетмана Хадкевіча, лётныя курсы і школы.

Пад час вайны здзейсніў 208 баявых вылетаў. За два месяцы паветранай бітвы над Вялікабрытаніяй збіў 5 нямецкіх самалётаў, адным з іх кіраваў нямецкі ас Хорст Тэтзен. Камандаваў эскадрыльяй, дывізіёнам, знішчальным крылом.

Пасля вайны служыў у апараце камандавання Паветраных Сіл, быў камендантам Цэнтра падрыхтоўкі лётчыкаў у Модліне, палкоўнік. Узначальваў Саюз польскіх лётчыкаў.

Правёў у паветры 4238 гадзін, лётаў на 31 тыпе самалётаў.

Стэфан Вітажэнец – злева 

Стэфан

1926 год. У Вільні выйшаў першы нумар беларускага ілюстраванага сатырычнага часопіса «Маланка». 

Выдаваўся да 26 снежня 1928 года раз на два тыдні. Агулам выйшла 43 нумары. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі І. Касяк, М. Луцэвіч, Я. Маразовіч (Янка Маланка). 

Асобныя нумары былі канфіскаваныя польскімі ўладамі, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (1928 год). 

Выступаў у абарону інтарэсаў народа Заходняй Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нацыянальнай і палітычнай свядомасці, асуджаў палітыку сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту польскіх уладаў. Публікаваў вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты, публіцыстычныя артыкулы, допісы.

Часопіс Маланка

1936 год. Нарадзіўся Янка Сіпакоў. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт», часопісах «Вожык»,  «Маладосць», «Беларусь», у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, кніг паэзіі, паэм у прозе, нарысаў, кніг прозы, кнігі прытчаў, фантастычна-прыгодніцкай аповесці, цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак.

Пераклаў на беларускую мову асобныя кнігі паэзіі У. Уітмена, Хо Шы Міна, Ф. Прэшарна, Дантэ Аліг’еры, паасобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, А. Блока, С. Квазімоды, Р. Гамзатава, К. Чукоўскага і іншых.

Памёр 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.

Янка Сіпакоў
На Першамайскай дэманстрацыі. Янка Сіпакоў, Іван Навуменка, Ніна Маеўская, Барыс Сачанка, Юрась Свірка. 1958 год.

1938 год. Дзень абласцей. 

У БССР утвораны вобласці: Мінская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Палеская (з цэнтрам ў  Мазыры). У склад Магілёўскай вобласці ўваходзіў 21 раён, як і сёння, толькі замест Глускага (быў у складзе Мінскай вобласці) быў Бярэзінскі раён.

вобласць

1940 год. Створаны раёны Заходняй Беларусі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі створаны раёны, якія існуюць і сёння: Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Валожынскі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Ганцавіцкі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Докшыцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Зэльвенскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Іўеўскі, Камянецкі, Клецкі, Кобрынскі, Лідскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маладзечанскі, Маларыцкі, Мастоўскі, Мёрскі, Мядзельскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Пастаўскі, Пінскі, Пружанскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Стаўбцоўскі, Столінскі, Шаркаўшчынскі, Шчучынскі.

Заходняя Беларусь

1959 год. Адбыўся Усесаюзны перапіс насельніцтва. 

Па даных гэтага перапісу насельніцтва Беларусі склала 8 055,7 тысяч чалавек, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці – 1 116,9.  Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Мінск – 509,5,

Асіповічы – 15,8,

Бялынічы – 2,4,

Бабруйск – 97,5,

Быхаў –  13,2,

Глуск – 5,5,

Горкі – 15,1,

Дрыбін –  1,4,

Касцюковічы –  7,0,

Кіраўск – 3,5,

Клімавічы –  11,6,

Клічаў – 3,3,

Краснаполле – 3,5,

Круглае – 2,0,

Крычаў – 19,0,

Магілёў – 122,7,

Мсціслаў – 8,1,

Слаўгарад – 6,6,

Хоцімск – 4,3,

Чавусы – 6,3,

Чэрыкаў – 4,9,

Шклоў – 7,8.

1959 год

1970 год. Прайшоў Усесаюзны перапіс насельніцтва. 

Насельніцтва Беларусі склала 9 002 300 чалавек, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці – 1 227,0.

Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Мінск – 907,0,

Асіповічы – 19,7,

Бялынічы – 4,2,

Бабруйск – 138,0,

Быхаў –  17,4,

Глуск – 6,0,

Горкі – 22,1,

Дрыбін –  1,8,

Касцюковічы – 8,1,

Кіраўск – 4,7,

Клімавічы – 12,7,

Клічаў – 4,7,

Краснаполле – 4,0,

Круглае – 3,0,

Крычаў – 25,7,,

Магілёў – 121,7,

Мсціслаў – 9,7,

Слаўгарад – 5,6,

Хоцімск – 4,6,

Чавусы – 7,8,

Чэрыкаў – 5,4,

Шклоў – 9,9.

1970

1976 год: Уведзена ў эксплуатацыю Вілейска-Мінская водная сістэма. 

Прызначана для водазабеспячэння Мінска. Злучае каналам (62 км) Вілейскае вадасховішча з р. Свіслач. 

У сістэму ўваходзяць вадасховішчы: Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак ракі Свіслач ніжэй Мінска да ўпадзення ў яе ракі Волмы. 

На злучальным канале размешчана 6 помпавых станцый, з іх 5 для пад’ёму вады, бо Вілейскае вадасховішча размешчана ў 159 метрах над узроўнем мора, а Заслаўскае вадасховішча — 211,8 м. 

Самыя магутныя ў краіне помпавыя станцыі падымаюць ваду на 70 метраў да вяршыні водападзелу, адкуль вада самацёкам цячэ ў Заслаўскае вадасховішча. Сістэма разлічана на падачу 22 м³ вады на секунду, але падае толькі 5 м³ на секунду.

водная сістэма

1979 год. Здарылася катастрофа Ан-24Б пад Мінскам. 

Самалёт рэйса Талін – Мінск – Днепрапятроўск разбіўся ў 13:05 каля былой вёскі Малое Мядзвежына – зараз скрыжаванне вуліц Цімашэнкі і Адзінцова ў Мінску. 

Загінулі 13 чалавек. Выжыла толькі 3-гадовая дзяўчынка, якую пры аварыі выкінула ў сугроб. 

Пры заходзе на пасадку экіпаж заўчасна выключыў супрацьабледзяненне, што прывяло да ўтварэння лёду на крыле, хваставым апярэнні і пагаршэння падоўжнай устойлівасці самалёта. 

катастрофа

1994 год. Біл Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візітам. 

42-і прэзідэнт ЗША (1993-2001) прыбыў з візітам у адказ на наведванне ў 1993 годзе ЗША С. Шушкевічам. 

Выступіў у Акадэміі навук, правёў перамовы з Кебічам і Шушкевічам, падпісаў дакументы, усклаў кветкі да манумента на плошчы Перамогі, разам з Зянонам Пазняком наведаў Курапаты, дзе была ўсталявана мемарыяльная «лава Клінтана» (памятны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці»). Клінтан прыехаў з жонкай Хілары і дачкой Чэлсі. 

Жонка Шушкевіча Ірына правяла з імі ўвесь дзень, яны перадалі гуманітарную дапамогу дзіцячай паліклініцы, наведалі балетную школу і Тэатр оперы і балета.

Гэта першы і пакуль апошні візіт у Мінск прэзідэнта ЗША ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Біл Клінтан

2000 год. Памёр ураджэнец Шклова Уладзімір Шыцік. 

Беларускі пісьменнік і журналіст.

Працаваў на папяровай фабрыцы «Спартак», у рэдакцыях газет «Сталинская молодежь», «Калгасная праўда», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва».

Аўтар зборнікаў фантастычных апавяданняў і аповесцей, кніг фантастыкі і дэтэктываў, апавяданняў для дзяцей.

Шклоў Шыцік

2001 год. Заснавана міжнародная інтэрнэт-энцыклапедыя Вікіпедыя. 

Названа ад тэхналогіі Wiki, што ў перакладзе з гавайскай мовы азначае “хутка”. Заснавальнікі – інтэрнэт-прадпрымальнік Джымі Вэйлз і Лары Сэнгер.

Прататып Wikipedia пад назовам Nupedia з’явіўся 9 сакавіка 2000 гада. Сайт быў англамоўным, а артыкулы для яго рыхтавалі вучоныя, прафесійныя рэдактары і карэктары. У выніку такой стараннай працы за год у Nupedia было апублікавана ўсяго 12 артыкулаў. Каб паскорыць папаўненне энцыклапедыі, 15 студзеня 2001 года Вэйлз і Сэнгер адкрылі сайт “Вікіпедыя”. З тых часоў прыняць удзел у рэдагаванні энцыклапедыі можа любы карыстальнік Сусветнай сеткі.

Артыкулы энцыклапедыі ствараюцца на многіх мовах свету калектыўнай працай добраахвотных аўтараў. Адной з асноўных добрых якасцяў Вікіпедыі з’яўляецца магчымасць прадставіць інфармацыю на роднай мове, захоўваючы яе каштоўнасць у аспекце культурнай прыналежнасці.

Беларуская Вікіпэдыя (на тарашкевіцы) працуе з 12 жніўня 2004 году, а беларуская Вікіпедыя ў афіцыйным правапісе заснавана 27 сакавіка 2007 года.

Вікі

2015 год. Памёр Мікалай Тарасюк. 

Беларускі разбяр, музычны майстар. Народны майстар Беларусі.

Беларускай сялянскай працы прысвечаныя цэлыя кампазіцыі з дрэва, лазы і саломкі: «Сялянскі дворык», «Апрацоўка ільну», «Жорны», «Збор ураджая», «Жніво», «Мыццё бялізны», «Кросны» і іншыя. Кампазіцыі, прысвечаныя народным абрадам беларусаў: «Вяселле», «Каляды», «Вячоркі», «Хаўтуры» ды іншыя.

Арганізатар прыватнага музея «Успаміны Бацькаўшчыны» (300 аўтарскіх работ). Яго працы знаходзяцца ў музея-сядзібе «Пружанскі палацык», у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, Брэсцкім краязнаўчым музеі, Мотальскім музеі народнай творчасці і за межамі Беларусі.

Творчасць мастака адлюстравана ў альбоме-манаграфіі «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка», атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. У Польшчы пра яго зняты фільм «Гаспадар».

Шведскі часопіс “Hemslöjden” у адным са сваіх нумароў пяць старонак прысвяціў творчасці М. Тарасюка.

Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987), спецыяльнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2002).

Мікалай Тарасюк

Дзень у гісторыі. 13 студзеня. Штурм тэлецэнтра ў Вільнюсе. Нарадзіліся Суцін, Сагановіч, Шчэрба

Шчодрык-Васілле, Малання, Васільеў вечар, Васільева каляда (13-14 студзеня). Сустрэча Новага года па юліянскім календары. Пачатак Шчодрага тыдня. 

Шчодрая (другая, мясная, нішчымная, скаромная, багатая, тоўстая) куцця – абрадавая пераднавагодняя вячэра. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы. 

Свята – кульмінацыя зімовых святак у гонар сонцавароту, галоўнай часткай якой, як і ў час калядаванняў, быў абход двароў, гаспадарак, хат са шчадроўкамі.

У адрознені ад калядак, якія спяваліся пад вокнамі, шчадроўкі – прадстаўленні з казой, конікам, буслам, жоравам, мядзведзем, смерцю – ладзіліся з дазволу гаспадароў у хаце.

14 студзеня зранку дзеці ладзілі Засяванне – “засявалі хаты” – магічна ўплывалі на будучы ўраджай. Яны прыходзілі да сваіх родных з зернем у прыполіку і з прыгаворам “Сею, сею, засяваю, з новым годам віншую, добрага ўраджаю жадаю!” рассыпалі зерне па хаце.

На Васільеў вечар дзяўчыны варажылі аб лёсе, замужжы. Яшчэ да наступу світанка, варылі абрадавую кашу. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў, то гэта прадвесціла бяду. Тое ж самае было звязана і з няпоўным чыгуном. Чырвоная каша, поўная – прадвесціла шчасце ўсёй хаце і шчасце для дачкі. Каша дробная, белая – суцэльная бязладзіца. У Васільеў вечар хадзілі па хатах для збірання пірагоў і свіных ножак. Пастукаўшыся ў вакно заможнай сям’і, шчадроўшчыкі спявалі: “Кішку ды ножкі ў верхняе акенца”.

Стары Новы год

404 год. Адбыліся апошнія баі гладыятараў у Рыме. 

Назва гладыятар паходзіць ад назвы маленькага двусечнага мяча з шырокім і вострым лязом (лац. Gladius – “меч”). Больш за шэсць з паловай стагоддзяў (з сярэдзіны III стагоддзя да н.э.) бітвы спецыяльна навучаных рабоў і ваенапалонных на залітай крывёй арэне цырка прыводзілі натоўп і патрыцыяў у апантанае захапленне.

Забарону на гэтую крывавую забаўку наклала хрысціянская царква ў згодзе з уладай. У забароне гульняў не апошнюю ролю адыграў такі трагічны выпадак. Падчас фінальнай стадыі паядынку на арэне Калізея, калі пераможца сутычкі рыхтаваўся нанесці апошні ўдар пераможанаму суперніку, на арэну выбег манах, каб спыніць расправу. Натоўп, які прагнуў крыві, закідаў камянямі высакароднага хрысціяніна Альмахуса (Святы Тэлемах). Уражаны здарэннем імператар Флавій Ганорый Аўгуст забараніў баі гладыятараў у Рыме.

Бой
Карціна “Пальцы долу” мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год

1593 год. Памёр Сымон Будны

Вялікалітоўскі гуманіст, асветнік, пісьменнік, грамадскі і рэлігійны дзеяч. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі. Прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму.

Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую і польскую мовы.

Дамагаўся крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання.  Аўтар публіцыстычных твораў.

Адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівасці для ўсіх слаёў грамадства.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

У гонар дзеяча пастаўлены помнікі ў Нясвіжы і ў Мінску.

Помнік

1719 год. Пётр I загадаў паручніку Івану Яўрэінаву і геадэзісту Фёдару Лужыну высветліць, ці мяжуе Азія з Амерыкай. 

Пасланцы праехалі праз Урал, Сібір, морам прайшлі з Ахоцка да Камчаткі,потым уздоўж Курыльскай грады, нанеслі на карту землі, на якіх пабывалі, сабралі з мясцовага насельніцтва ясак і прывялі яго ў рускае падданства. 

У маі 1722 года выхадзец з мсціслаўскай шляхты Іван Яўрэінаў у Казані перадаў Пятру I карту Камчаткі і Курыльскіх астравоў, але галоўная мэта дасягнута не была. Завершыць пачатае было даручана Вітусу Берынгу.

У гонар мсціслаўца названы праліў паміж астравамі Маканрушы і Анекатан Курыльскай грады. 

флот

1826 год. У Магілёў даставілі для допыту Матвея Муравьёва-Апостала – аднаго з кіраўнікоў дзекабрыстскага паўстання.

15 студзеня сюды ж прывезлі яго брата Сяргея Муравьёва-Апостала і Мікалая Бястужава-Руміна.

Мураўёў-Апостал

1841 год. Нарадзіўся Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандыдат матэматыкі. Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, выдаў у Парыжы брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У 1863 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прызначаны паўстанцкім начальнікам Вільні. Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года. Публічна павешаны 2 студзеня 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. 

1893 год. У Смілавічах нарадзіўся  Хаім Суцін. 

Французскі мастак-экспрэсіяніст, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў – бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі. Нацюрморты, як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння.

Яго творы прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны  “Ева” (1928) і “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука” (1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На радзіме, у Смілавічах, у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Памёр 9 жніўня 1943 года. Пахаваны на могілках Манпарнас у Парыжы.

Хаім Суцін

1932 год. Нарадзіўся Віктар Лебедзеў. 

Акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Пасля сканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача.

Яго творчасць была адметная спалучэннем псіхалагічнага аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будаваў на эмацыянальных кантрастах, тонка адчуваў жанравыя асаблівасці твора.

Іграў у пастаноўках па творах Я. Купалы, В. Вольскага, І. Мележа, З. Бядулі, А. Астроўскага, М. Горкага, М. Гогаля, У. Шэкспіра і іншых. Здымаўся ў кіно і на тэлебачанні, у тым ліку ў кінафільмах “Апошняе лета дзяцінства”, “Чорны замак Альшанскі”, “Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі”.

Памёр 2 снежня 2001 года.

У яго гонар у Мінску, на доме па праспекце Незалежнасці, 42 устаноўлена мемарыяльная дошка.

Віктар Лебедзеў

1935 год. Памёр Мікалай Бліадуха. 

Беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар. Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння карысных выкапняў у Беларусі.

Узначальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР,  выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў  Інстытут геалогіі АН БССР.

Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе краіны.

З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.

Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.

Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

Быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады.

Бліадуха рэпрэсіі

1940 год. Скончыўся 810-дзённы дрэйф парахода «Сядоў» у Арктыцы. 

Адным з 15 удзельнікаў экспедыцыі быў ураджэнец в. Цішоўка Магілёўскага раёна Восіп Нядзвецкі, які разам з астатнімі членамі экіпажа атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Восіп Нядзвецкі (1908-1959) – другі герой-магілёвец пасля Ота Шмідта. Яго імя носіць бухта на востраве Тыртава (архіпелаг Нордэншэльда). Але на карце Магілёва яго імя мы не знойдзем.

У 1944-1945 гадах быў  начальнікам тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага, у 1945-1946  – начальнікам тэхнічных майстэрняў Гданьскага ваеннага порта.

З 1946 года працаваў на палярных станцыях. Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 года на станцыі на мысе Арктычны. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.

Параход Сядоў

1948 год. У Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі быў забіты Саламон Міхоэлс (Воўсі). 

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 года была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

Саламон Міхоэлс

1961 год. Нарадзіўся Генадзь Сагановіч. 

Беларускі гісторык, археолаг. Доктар габілітаваны.

Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук Беларусі (1984-2005), пакуль не быў звольнены «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Пасля працаваў Еўрапейскім Гуманітарным універсітэце.

Праводзіў раскопкі шэрагу прыватнаўласніцкіх замкаў, у тым ліку Глускага, даследаваў кавальства Беларусі эпохі феадалізму, вывучае ваенна-палітычную гісторыю ВКЛ, гістарычныя сувязі з немцамі ў сярэднявеччы.

Складальнік і адзін з аўтараў зборніка «Імя тваё Белая Русь», аўтар, суаўтар кніг па гісторыі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, у тым ліку «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (разам з У. Арловым).

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Узнагароджаны медалямі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЕН-цэнтра, 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Генадзь Сагановіч

1972 год. Нарадзіўся Віталь Шчэрба. 

Беларускі спартсмен, гімнаст. Заслужаны майстар спорту СССР, Беларусі. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён, 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША), чэмпіён Унівэрсіядаў (1993, 1995). Адзін з найлепшых гімнастаў усіх часоў.

У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт узнагародзіў яго прызам «Джэсі Оўэнса» як найлепшага спартсмен года.

Ад 1996 года жыве ў ЗША, мае ўласную гімнастычную школу, трэнер зборнай ЗША па спартыўнай гімнастыцы.

Віталь Шчэрба

1991 год. Спроба савецкіх войск захапіць тэлецэнтр у Вільнюсе.

Праз 10 месяцаў пасля заявы Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, 9 студзеня 1991 года а 16:00 ля будынка Вярхоўнага Савета Літвы сабраўся шматтысячны натоўп пераважна рускамоўнага насельніцтва з лозунгамі: «Далоў парламент! Няхай жыве СоюзССР!».

Рускамоўных грамадзян падтрымаў М. Гарбачоў, які 10 студзеня запатрабаваў аднавіць у Літве Канстытуцыю СССР. У Вільнюс прыбыў спецназ КДБ «Альфа», былі перакінуты з Каўнаса часткі 7-й дэсантнай, з Пскова – 76 дэсантнай дывізій, прыведзена ў баявую гатоўнасць 107-я мотастралковая дывізія. 

У ноч з 10 на 11 студзеня вайскоўцы занялі Дом друку, цягам 11 студзеня былі занятыя рэтрансляцыйны тэлевізійны вузел, грамадскія будынкі. 

Кіраўніцтва Літвы заклікала насельніцтва выйсці на вуліцы і прыняць удзел у ахове будынкаў Вярхоўнага Савета, радыёцэнтра, тэлевежы, а Міністэрства замежных спраў накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з “акупацыйнымі дзеяннямі савецкіх ваеннаслужачых”. 

У ноч з 12 на 13 студзеня дэсантнікі і група “Альфа” накіраваліся да парламента і на штурм тэлевізійнай вежы. Пры штурме апошняй загінула 14 чалавек, 843 былі параненыя (паводле апошніх даных). 

У гонар гэтых студзеньскіх падзеяў у Літве ўсталявана свята Дзень абаронцаў свабоды – 13 студзеня.

Тэлецэнтр

 

Дзень у гісторыі. 11 студзеня. Ягайла жэніцца на каралеве Ядвізе і дорыць ёй Магілёў

Міжнародны дзень “дзякуй”. 

Свята ініцыявана з падачы міжнародных міратворчых супольнасцяў. Словы ўдзячнасці, якія сказаны з добрымі намерамі, валодаюць магутнай энергетыкай і здольныя матэрыялізавацца ў добрае самаадчуванне, здымаюць дэпрэсіўнае пачуццё і прымушаюць зноў і зноў здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Слова “дзякуй” сугучнае ў літоўскай, заходнеславянскіх, украінскай, беларускай, германскіх (ангельскае “thank”, нямецкае “danke”) мовах і звязана са словам з санскрыту “daihya” – “тое, што знаходзіцца ў целе”, “душа”. 

Дзякаваць – аддаваць частку душы: “дзякаваць ад усёй душы”, “вельмi дзякаваць”. 

Слова “дзякаваць” у помніках нашай мовы сустракаецца з XV стагоддзя. 

Псіхолагі лічаць, што словы падзякі – гэта “вусныя пагладжванні”, якія здольныя супакоіць і сагрэць сваёй цеплынёй. Галоўнае, каб словы падзякі вымаўляліся ад чыстага сэрца. 

Невыпадкова здаўна ў народзе існавала вельмі мудрае павер’е – не вымаўляй словы падзякі ў стане раздражнення, у такім выпадку, магічныя словы не дасягнуць мэты і не прынясуць радасці ні вам, ні таму, каму кажаце. Цікава, што і карані таксама сыходзяць значна глыбей простай падзякі.

Дзень дзякуй

1386 год. Прадстаўнікі Польшчы ў Ваўкавыску перадалі вялікаму князю Ягайлу акт аб перавыбранні яго каралём польскім і аддачы яму ў жонкі малалетняй польскай каралевы Ядвігі.

Ядвіга (1374-1399) – дачка караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Босніяцкай. На каралеўскі сталец абрана пасля смерці бацькі — у 1384 годзе.

У 1385 годзе заключыла Крэўскую унію. Пасля заключэння шлюбу з Ягайлам, той падарыў Ядвізе ў якасці вясельнага падарунка Магілёў.

Памерла падчас родаў. Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986, кананізавана ў 1997 годзе. Дзень успаміну 17 ліпеня.

каралева Ядвіга

1395 (1397) год. Памёр Скіргайла Альгердавіч. 

Князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі. 

Удзельнік паходаў супраць крыжакоў (1374-1375). 

Пасля выгнання Андрэя Альгердавіча, княжыў у Полацку (1377-1381). У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Стаў князем Троцкім і другой уплывовай асобай у дзяржаве. 

У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве (1386) перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства, на наступны год авалодаў Полацкам і захапіў свайго брата Андрэя Альгердавіча. 

Валодаў Троцкім, Полацкім княствамі, Менскам, Свіслаччу, Бабруйскам, Прапошаскам і іншымі гарадамі, захапіў Віцебск, авалодаў Кіевам. Атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Скіргайла Альгердавіч

1699 год. Кароль Аўгуст II падарыў Магілёўскі замак з эканоміяй ва ўладанне саксонскаму генералу дэ Беўсту.

Прыехаўшы ў Магілёў, эмісар Аўгуста генерал дэ Беўст перш за ўсё выганяе з замка ключніка, прызначанага Сапегамі.

1776 год. Расійская імператрыца Кацярына II падарылa Кричаўскае староства свайму фаварыту Грыгорыю Пацёмкіну-Таўрыцкаму. 

Горад быў перададзены “ў вечнае і спадчыннае валоданне”. На 1779 у Крычаве было 470 двароў. У кан. XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасці (у тым ліку, тут працавалі парусінавыя мануфактуры Пацёмкіна і Галынскага і канатная мануфактура, суднаверф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.

Горад Крычаў

1800 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Фальбарт. 

Доктар медыцыны і хірургіі, вучоны ў галіне ўнутранай медыцыны, мінералогіі, палеанталогіі, член Пецярбургскай акадэміі навук.

Адкрыў мінерал ванадат медзі, названы яго імем – фальбарыт. Памёр 5 сакавіка 1876 году.

Аляксандр фальбарт

1864 год. У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Ф. Багушэвічам. 

Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу. 

Паплечнік К. Каліноўскага. Паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны ў снежні 1863 года. 

Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы.

Цітус Далеўскі

1867 год. У в. Карытнае (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Сцяпан Рункевіч.

Беларускі гісторык царквы, архівіст, дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскі дзеяч.

Выхаванец і выкладчык Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сакратар Сіноду. 

Выдаў 5 выпускаў «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», «Кароткі гістарычны нарыс стагоддзя Мінскай епархіі…», «Гісторыю Мінскай архіепіскапіі (1793-1832)».

Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы і Мінскай епархіі праваслаўнай царквы, гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні яе падзелу.

Памёр 12 сакавіка 1924 года.

Сцяпан Рункевіч

1907 год. Пастановаю Віленскай судовай палаты забаронена газета «Наша доля». 

Рэдактар-выдавец І. Туркенес засуджаны на 1 год крэпасці. 

Поўная назва газеты «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» – штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета на беларускай мове. 

Выдавалася ў Вільні з 1(14) верасня да 1(14) снежня 1906 года. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 000 асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. 

Газета мела рубрыкі: “Дзеянні ўрада”, “Палітычны агляд”, “Жыццё вёскі”, “Жыццё горада”, “Найноўшыя творы беларускай літаратуры”, “Што чуваць на Белай Русі”, “Новыя кнігі”, “З мінулага Беларус” і іншыя.


1930 год. У Магілёве нарадзіўся Ігар Лапцінскі. 

Заслужаны артыст Беларусі (1994), акцёр, рэжысёр. З 1951 г. у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, у 1963-1994 гг. – яго галоўны рэжысёр. Лаўрэат Дзяржпрэміі РБ 1998 г.

Ігар Лапцінскі

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў. 

Беларускі жывапісец, графік.

Прымаў удзел у двух выстаўках ленінградскіх мастакоў авангардных кірункаў (1974, 1975). 

З 1975 года працаваў у класічнай манеры пісьма. Асноўнымі сюжэтамі яго карцін былі міфалагічныя і біблейскія сюжэты. У стылявым кірунку мастак пачаў арыентавацца на традыцыі еўрапейскага акадэмічнага жывапісу сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Пісаў іконы для Рэчыцкай царквы, выканаў роспіс сцен храма ў г. Мазыры.

У лістападзе 1987 года ў Рэчыцы адбылася персанальная выстаўка мастака, якую паглядзела каля 20 000 чалавек. Праз тры дні пасля заканчэння выстаўкі мастак памёр ад сардэчнага прыступу.

Аўтар каля 500 карцін, большасць з якіх былі вывезены за мяжу ў Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль і ЗША.

Памёр 5 снежня 1987 года.

Аляксандр Ісачоў

Дзень у гісторыі. 4 студзеня. Пачатак магілёўскага тэлебачання

1591 год. Слонім атрымаў герб «Леў». 

Указанне на прыналежнасць Льву Сапегу. Горад упамінаецца ў 1005, 1040 гадах, у Іпацьеўскім летапісе ў 1252 годзе як Услонім. Слонімская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве. 

У 1531 годзе атрымаў Магдэбургскае права. Міхал Казімір Агінскі заснаваў тут тэатр. 

Некаторы час з’яўляўся цэнтрам Слонімскай губерні. 

Буйны габрэйскі і татарскі цэнтр. Адсюль паходзіць вядомая хасідская дынастыя.

Зараз у 50-тысячным горадзе працуюць кардонна-папяровая фабрыка «Альбярцін», фабрыкі камвольна-прадзільная, мастацкіх вырабаў, мэблевая, ільнозавод, вінаробны, маторарамонтны, аўтарамонтны заводы, мясакамбінат, масласыраробчы цэх і іншыя прадпрыемствы. 

У горадзе працуюць драматычны тэатр, Спаса-Праабражэнскі сабор, касцёл Святога Андрэя, тут размешчаны сінагога (1642), ратуша (ХVIIІ ст.), будынак чыгуначнага вакзала ў стылі «мадэрн» (1922), Агінскі канал.

Герб Слоніма
1729 год. Нарадзіўся Яўхім Храптовіч. 

Грамадскі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, публіцыст, паэт і перакладчык. Апошні канцлер вялікі літоўскі (1793 – 1795), граф.

Пасля стварэння Адукацыйнай камісіі (1773) – першага ў свеце міністэрства адукацыі – стаў камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школаў ВКЛ, значна павялічыў колькасць школ розных узроўняў.

Аўтар вершаў на польскай мове і латыні, на гутарковай беларускай мове лацініцай. 

Памёр 4 сакавіка 1812 года.

Яўхім Храптовіч

1856 год. Гомель атрымаў герб з выявай рысі. 

Гэты герб раней належыў павятоваму цэнтру Новая Беліца, які быў уключаны ў склад горада І. Паскевічам. 

Гомель упершыню ўзгадваецца пад 1142 годам. 

У 1560 годзе атрыманы герб – у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж, у 1562 – магдэбургскае права. 

У 1772 годзе горад падараваны Кацярынай ІІ П. Румянцаву-Задунайскаму. 

З 1852 года стаў уладаннем князя І. Паскевіча. 

Да 1919 года – павятовы цэнтр Магілёўскай губерні, у 1919-1924 – цэнтр Гомельскай губерні РСФСР (а Магілёў быў павятовым цэнтрам), з 1938 года – цэнтр вобласці. Першы абласны цэнтр БССР, які вызвалены ад фашысцкіх акупантаў (26 лістапада 1943 года). 

Зараз паўмільённы Гомель – буйны прамысловы і культурны цэнтр краіны. Працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (радыёзавод, станочных вузлоў, станкабудаўнічы, “Гомсельмаш”, пускавых рухавікоў, ліцейны), хімічнай (хімічны завод), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай, харчовай прамысловасці (кандытарская фабрыка «Спартак», «Малочныя прадукты», мясакамбінат, тлушчкамбінат), будаўнічых матэрыялаў, працуе шэраг універсітэтаў, цырк, тэатр, філармонія.

Герб Гомеля

1897 год. Памёр Эмерык Гутэн-Чапскі

Беларускі калекцыянер і нумізмат.

Наўгародскі губернатар (1862-1865), санкт-пецярбургскі віцэ-губернатар (1865-1867), дырэктар Ляснога дэпартамента Расійскай імперыі.

Заснаваў Станькаўскі музей, дзе зберагаліся манеты, медалі, зброя, творы мастацтва, гістарычныя дакументы, кнігі і іншыя прадметы даўніны. Член Рускага археалагічнага, Маскоўскага нумізматычнага таварыстваў.

Аўтар кнігі «Удзельныя, велікакняжацкія і царскія грошы Старажытнай Русі збору графа Э. К. Гутэн-Чапскага», «Каталог калекцыі польскіх медалёў і манет графа Э. Гутэн-Чапскага».

У 1894 годзе пераехаў у Кракаў, куды перавёз музейныя зборы (цяпер у складзе Нацыянальнага музея).

Эмерык Гутэн-Чапскі

1910 год. Нарадзіўся Навум Трахтэнберг

Беларускі архітэктар, педагог. Дзяржаўная прэмія за архітэктуру Ленінскага праекта ў Мінску.

З 1934 года працаваў у розных мінскіх архітэктурных майстэрнях, начальнікам аддзела планіроўкі і забудовы гарадоў Упраўлення па справах архітэктуры СНК БССР, у Дзяржпраекце. Браў актыўны ўдзел у аднаўленні разбуранага Мінска, узначальваў Майстэрню Генплана ў інстытуце «Мінскпраект», выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце.

Удзельнік распрацоўкі генпланаў аднаўлення, рэканструкцыі і развіцця Бабруйска (1935-1936, 1949), Магілёва (1937-1939, разам з М. Андросавым), Мінска, Мазыра, Маладзечна, Пінска, Віцебска, зон масавага адпачынку Заслаўскага вадасховішча.

Суаўтар кнігі «Мінск: Паваенны досвед рэканструкцыі і развіцця».

Памёр 16 кастрычніка 1977 года.

Навум Трахтэнберг

1921 год.  У в. Сянькоўка Клімавіцкага раёна нарадзіўся Фёдар Кабат. 

Савецкі палярнік, які пабыў на абодвух полюсах, гідраметэаролаг. Падчас вайны – марак-падводнік у Запаляр’і, на Чарнаморскім флоце.

У 1957-1958 гадах працаваў на дрэйфуючай станцыі “Паўночны полюс-7”, у 6-й Комплекснай Антарктычнай экспедыцыі (1960-1961), 12-й Савецкай Антарктычнай экспедыцыі (1967/1968). Калі ў складаных умовах надвор’я ў лекара станцыі “Новалазараўская” Леаніда Рагозава здарыўся прыступ апендыцыту (з 30 красавіка на 1 траўня 1961 года), то яму асістыраваў, галоўным чынам, палярны гідраметэаролаг Фёдар Ф. Кабот.

Пасля вяртання з экспедыцыі ў 1968 годзе, працаваў начальнікам Аб’яднанай аэралагічнай станцыі Брэст, начальнікам Бюро эксплуатацыі і праверкі прыбораў Беларускага тэрытарыяльнага гідраметэацэнтра (Мінск), затым – дырэктарам Брэсцкай занальнай абсерваторыі.

Памёр у 1995 годзе.

Палярнік Кабат

1946 год. На Маскоўскім заводзе малалітражных аўтамабіляў сабраны першы легкавы аўтамабіль “Масквіч-400”. 

Чатырохмясцовая “легкавушка”, якая развівала хуткасць да 90 км/г, уяўляла сабой копію “Опель-Кадэт К38”.

Ініцыятарам выпуску гэтага аўтамабіля выступіў сам Іосіф Сталін. Ён быў улюбёны ў мадэль яшчэ да вайны. У 1940 годзе правадыру не спадабаўся двухдзверны “КІМ-10”, які быў спраектаваны па мадэлі “Форд Перфект”. Затое “Опель” прыцягнуў яго ўвагу.

У ліпені 1945 года па загадзе Сталіна былі поўнасцю вывезены ў Маскву абсталяванне і дакументацыя брандэнбургскага аўтазавода фірмы “Опель”, на аснове якіх і быў выраблены “Масквіч-400”. У 1947 годзе пачалася серыйная вытворчасць аўтамабіля.

Аўтамабіль Масквіч

1947 год. Нарадзіўся Уладзімір Браілоўскі. Музыка, кампазітар, педагог, менеджэр. 

Ініцыятар правядзення і мастацкі кіраўнік міжнароднага музычнага фестывалю “Залаты шлягер” у Магілёве (1995-2003).

Выкладаў у Магілёўскім музвучылішчы, загадваў музычнай часткай Магілёўскага драматычнага тэатра, дзе ім напісана музыка да 25 спектакляў, быў ініцыятарам стварэння і першым дырэктарам Магілёўскай абласной філармоніі, мастацкім кіраўніком Магілёўскага творчага аб’яднання “Арт-цэнтр”.

Аўтар 2-х мюзіклаў, музыкі да 4 спектакляў, творам для хору і аркестра, сімфоній, уверцюр для сімфанічнага аркестра, камерна-інструментальнай, вакальнай музыкі, 30 рамансаў і песень, у тым ліку «Дзявочая песня», “Каханне”, “Як над рэчанькай”, “Дняпроўскi вальс”.

Уладзімір Браілоўскі

1952 год. Нарадзіўся Юрый Захаранка. 

Беларускі палітычны дзеяч. Міністр унутраных спраў Беларусі (1994-1995).

У 1977-1994 гадах служыў у МУС на розных пасадах у Светлагорску, Гомелі, начальнікам Следчага камітэта МУС. У час прэзідэнцкіх выбараў 1994 году быў у выбарчым штабе кандыдата А.Лукашэнкі.

У 1994 годзе стаў генерал-маёрам і міністрам унутраных спраў.

Падначаленыя яму падраздзяленні МУС у красавіку 1995 года ўдзельнічалі ў збіцці дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія пратэставалі супраць правядзення рэферэндуму ў Беларусі, а ў жніўні 1995 разагналі страйк работнікаў Мінскага метрапалітэну.

Пасля звальнення з пасады міністра ў кастрычніку 1995 года займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Актыўна ўдзельнічаў практычна ва ўсіх публічных акцыях апазіцыі. 

З 1996 года – член Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З лютага 1998 года ў складзе Нацыянальнага выканаўчага камітэта, створанага апазіцыяй — старшыня камітэта па бяспецы.

Бясследна знік 7 мая 1999 года.

Юрый Захаранка

1957 год. Памёр ураджэнец г. Чавусы Уладзімір Кудрэвіч. 

Беларускі жывапісец-пейзажыст. Бацька мастака Раісы Кудрэвіч. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў на чавускай пошце, у паштова-тэлеграфнай канторы, у Гомелі тэлеграфістам Лібава-Роменскай чыгункі.

Скончыў мастацкае вучылішча ў Лібаве. З 1907 года іграў на сцэне, выконваў пераважна камедыйныя ролі, з 1909 года ўдзельнік мастацкіх выстаў.

Пасля кастрычніка 1917 года ён працаваў загадчыкам клуба Заходняй чыгункі, адначасова кіраваў мінскай мастацкай студыяй, выступаў на сцэне клуба, быў  рэжысёрам і дэкаратарам спектакляў.

Уладзімір Кудрэвіч

1986 год. Нарадзіўся Андрэй Краўчанка

Беларускі лёгкаатлет. Спецыялізуецца ў мнагабор’і. Заслужаны майстар спорту Беларусі. Чэмпіён Еўропы (2011, 2014), сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года у Пекіне. Пераможца нацыянальнага адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008» у Беларусі ў намінацыі «Самы яркі спартыўны момант года».

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры знаходзіўся на службе ў КДБ, маёр. У час пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе звольнены.

18 жніўня 2020 года падпісаў адкрыты ліст прадстаўнікоў спартыўнай галіны з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

8 лістапада 2020 года быў затрыманы за ўдзел у «Маршы народаўладдзя» і прысуджаны да 10 сутак арышту.

Андрэй Краўчанка

1989 год. Вышла ў эфір першая перадача магілёўскай абласной студыі тэлебачання. 

Тады яшчэ не было ні будынку Магілёўскай студыі, ні самога тэлевізійнага павільёна. Была толькі перасоўная тэлестудыя. 

З 1989 года ў праграме Беларускага тэлебачання двойчы на тыдзень значыўся 10-хвілінны інфармацыйны выпуск “Дзень вобласці”. У студыі працавала 12 чалавек. 

Студыя была пераўтворана ў 2003 годзе ў тэлерадыёкампанію “Магілёў” – “Беларусь 4. Магілёў”.

Магілёў тв

1995 год. Памёр Уладас Дрэма

Літоўскі мастак і мастацтвазнаўца, гісторык культуры, педагог, супрацоўнік Беларускага музея ў Вільні. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы, ганаровы доктар Вільнюскай мастацкай акадэміі, першы ганаровы грамадзянін Вільнюса.

Нарадзіўся ў 1910 годзе ў Рызе ў сям’і сялянаў з беларускіх Гервятаў. Скончыў факультэт прыгожых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя.

Збіральнік матэрыялаў па гісторыі рукапіснай і друкаванай кнігі ВКЛ, адзін з першых даследчыкаў кніжнай спадчыны Літвы.

Працаваў у Беларускім музеі ў Вільні, дырэктарам Этнаграфічнага музея, загадчыкам аддзела выяўленчага мастацтва ў Мастацкім музеі, выкладчыкам Мастацкага інстытута і Вільнюскага ўніверсітэта, супрацоўнікам Інстытута кансервавання помнікаў.

Аўтар прац з матывамі Вільні, футурыстычнага палатна «Вільня ў 2000-м годзе» (1928), стваральнік стылізаваных нацюрмортаў у тэхніцы каляровай лінагравюры. У тэхніцы гравюры на медзі ствараў найчасцей віды Старога горада.

Афармляў кнігі, аўтар плакатаў, экслібрысаў, тэатральных дэкарацый.

Напісаў звыш за 150 артыкулаў на тэму гісторыі мастацтва і архітэктуры, аўтар манаграфій пра архітэктуру Вільні, мастакоў, прац пра беларускае народнае мастацтва.

Яго імем названа вуліца ў Вільнюсе.

Уладас Дрэма

2010 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё самага высокага будынка ў свеце — Бурдж Халіфа. 

Пабудаваны ў самым буйным горадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – Дубаі. З 19 мая 2008 года – самая высокая за ўсе часы існавання чалавецтва пабудова ў свеце (да гэтага рэкорд належаў Варшаўскай радыёмачце, якая ўпала ў 1991 годзе). 

Ацэначная вышыня – 828 метраў пры колькасці паверхаў – больш за 160.

Бурдж Халіфа

Магілёўскі перавозчык скасаваў рэйсы ў Вільню

Магілёўскі перавозчык «АўтаСеўлад» скасаваў рэйсы з Магілёва ў Вільню праз Мінск.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Infotrans Media Belarus», скасаваны рэйс на 09:30 з Магілёва (а 12:15 з Менску). Паведамленне датаванае 17 жніўня. Таксама паведамляецца аб сказаванні рэйса з Вільні ў Магілёў а 15:40 27 жніўня, але, магчыма, ў даце абдрукоўка, і павінна быць 17 жніжня.

Пасажырам абяцаюць вярнуць поўны кошт скасаваных квіткоў. На які час скасаваныя рэйсы і з якой прычыны – не паведамляецца.

Нагадаем, што з 12 жніўня 2025 года пасажырскі перавозчык «Eurolines» скасаваў некаторыя рэйсы з Вільні ў Мінск і назад. Пра часовае скасаванне рэйсаў у Вільню з 14 жніўня паведаміў і «Мінсктранс». Прычына – абмежаванні, якія ўвёў літоўскі бок яшчэ ў 2024 годзе ў межах рэжыму надзвычайнага становішча, але толькі цяпер Літва пачала сачыць за іх выкананнем.

Фотаздымак Infotrans Media Belarus