Зелянгас напачатку зламаў, а цяпер рамантуе пешаходную дарожку ў магілёўскім парку Саломенкі

Пачаўся доўгачаканы рамонт дарожкі, якая праз парк вядзе ад вуліцы Крупскай да школы № 40 і прыйшла ў заняпад ад няправільнай эксплуатацыі.
Шматпакутны парк унутры мікрараёна Саломенка горада Магілёва мясцовыя ўлады ніяк не могуць прывесці ў парадак, хаця мясцовыя дэпутаты абяцалі гэта перад кожнымі выбарамі пачынаючы з канца 1990-х гадоў.

Парк утварыўся ў выніку забудовы шматпавярховымі будынкамі тэрыторыі вакол хваёвых лесапасадак у канцы 1970 – 1980-х гадоў. Тады ж яшчэ савецкай вялікай пліткай ад магістральнай вуліцы Крупскай праклалі дарожку да школы нумар 40.

З таго часу дарожка з трох плітачных нітак паціху занепадала, яле якасць савецкага бетону аказалася такой трывалай, што да апошніх гадоў заставалася здавальняючай. І раптам у апошнія гады дарожка рэальна ўспучылася, стала паўкруглай, пліткі пачалі распаўзацца ў бакі.

Прычына аказалася банальнай – тэрыторыю лесапасадак некалькі гадоў таму перадалі зелянгасу. Калі раней тэрыторыю вакол яе чысцілі навучэнцы і работнікі школ, то цяпер – так званыя “зялёныя” – зелянгасаўцы. А яны пачалі прымяняць цяжкую тэхніку, якая націскаючы на крайнія пліткі зрабіла з плоскай дарожкі паўкруглую. Хадзіць па дарожцы стала непрыемна і нават небяспечна. Жыхары пачалі скардзіцца.

І вось цяпер зелянгасаўцы выпраўляюць свае ўласныя памылкі пры эксплуатацыі пешаходнай дарожцы. Кладуць яны праўда нанава тую самую савецкую плітку толькі не ў тры, а ў два рады.

Але калі і далей прымяняць цяжкую беларускую спецтэхніку, то адрамантаваная дарожка можа зноў сапсавацца. А мініатурных заходніх машын у нашых дзяржаўных камунальных прадпрыемстваў папросту няма.

Фота чытачоў mogilev.media.

У Чавусах адрамантавалі спартыўны комплекс

Пасля рэканструкцыі ў Чавусах адчыніў дзверы для наведвальнікаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс –  паведамляе “Іскра”.

Праведзена цепларэнавацыя будынка, заменены аконныя і дзвярныя блокі, канёк і пакрыцце металічнага даху, адрамантаваны сцены спартыўнай залы.

– Цяпер у “ЦФОР стала значна цяплей, святлей і нашмат утульней – выказвае сваю радасць дырэктар установы Алена Пручкоўская.

Старыя драўляныя ваконныя і дзвярныя групы за больш чым 20-гадовы тэрмін эксплуатацыі прыйшлі ў непрыдатнасць. Іх замянілі на ПВХ. 

Самыя значныя змены адбыліся ў спартыўнай зале. Замена вітражоў прывяла для лепшага асвятлення. Зроблена ўцяпленне сцен з наступным аздабленнем драўнінай. 

Фота: “Іскра”

У Клічаве і раёне за чатыры гады адрамантуюць два дзясяткі дамоў

Капітальны рамонт дваццаці аднаго дома запланаваны ў горадзе Клічаве і Клічаўскім раёне на 2024-2028 гады, паведамляе газета “Сцяг Саветаў”. Гэта пяць шматкватэрных дамоў у раённым цэнтры, і больш за паўтара дзясяткі у аграгарадках раёна – Арэхаўцы, Заполлі, Дзмітраўцы-2 і Доўгім. Спіс усіх адрасоў, запланаваных пад капітальны рамонт у наступныя чатыры гады, можна пабачыць тут

Фота з адкрытых крыніц

У Касцюковічах пабудуюць яшчэ адзін электрадом

У Касцюковічах хутка з’явіцца другі ў горадзе элетрадом, паведамляе рэсурс golk.by

Плануецца ўвод 40 кватэр агульнай плошчай 2488 квадратных метраў у пяціпавярховіку па вуліцы Камсамольскай.   Дом будзе абсталяваны ліфтам,  а ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне и кухонныя пліты будуць працаваць толькі ад электраэнергіі. У новабудоўлі прадугледжана сацыяльнае і арэнднае жыллё.

Акрамя гэтага, у 2023 годзе ў раённым цэнтры будзе праведзены капітальны рамонт  жылых дамоў па вуліцах Ленінская, 123 і Мікрараён Маладзёжны, 30. Капітальны рамонт чакаюць у бягучым годзе трохпавярховы дом у аграгарадку Шарэйкі. 

На Магілёўшчыне ў 2023 годзе адрамантуюць больш за дваццаць школ і гімназій

У бягучым годзе ў Магілёўскай вобласці правядуць капітальныя рамонты 21 школы – расказала кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнню дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская. На рамонт выдзелена каля 27 мільёнаў рублёў. 

У прыватнасці будуць адрамантаваны 3 школы ў Быхаўскім раёне (№2 і №3 Быхава і Чарнаборская), па 2 – у Асіповіцкім, Касцюковіцкім,  Магілёўскім (Кадзінская і Усходаўская), у Чавусах (№№ 1 і 2). Па адной – у Клімавіцкім, Слаўгарадскім (Васькавіцкая), у Глуску, Кіраўску, Краснаполлі (гімназія), Мсціславе (гімназія), Крычаве (№7), Хоцімску (№1).

Усяго у вобласці 365 устаноў сярэдняй адукацыі. Такім чынам, капітальнаму рамонту падлягаюць 5,75% іх колькасці. Атрымліваецца, што тэмпы такія, каб рамантаваць школы раз на 20 гадоў.  

Стан будынкаў навучальных устаноў павінны заўсёды быць пад пільнай увагай.

Нагадаем, што у жніўні 2014 года абрушыўся дах у Крычаўскай гімназіі, а ў студзені 2004 года ў выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполлі загінула 4  чалавекі – настаўнік і 3 вучня. 

Адкрыццё басейна магілёўскага Палаца гімнастыкі пераносіцца на 1 лютага

Рамонт лепшага ў Магілёве басейна – ў Палацы Гімнастыкі на вуліцы Крупская – завершаны.

Але запланаванае адкрыццё не адбудзецца з тэхнічных прычын. Рамонтнікі не змаглі наладзіць працу новага абсталявання да 15 студзеня. 

Будаўнічыя працы скончаны своечасова, праблемы ўзніклі менавіта з наладкай абсталявання. Кіраўніцтва палаца абяцае ўсё паналаджваць на працягу двух тыдняў.

Абласныя “Дажынкі-2023” пройдуць у Хоцімску

У 2023 годзе Хоцімскі раён сустрэне “Дажынкі” – падзяліўся інфармацыяй начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. Даніленка.

На правядзення свята аграрыяў на 2023 год закладзены адпаведныя бюджэтныя сродкі раёна. У планах па падрыхтоўцы “Дажынак” – капітальна адрамантаваць цэнтральную раённую бальніцу і набыць для яе сучаснае медыцынскае абсталяванне. А таксама, зрабіць бягучы рамонт жыллёвага фонда, устаноў адукацыі райцэнтра, добраўпарадкаваць яго тэрыторыю, прывесці ў належны стан вулічна-дарожную сетку, рэканструяваць будынкі раённага цэнтра культуры “Мір”, спартовага комплекса, гарадскога стадыёна.

Акрамя таго, чыноўнік распавёў аб распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва ў 2024 годзе новай кацельні.

Наша даведка. Дажынкі (Прачыстая, Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Талака) – гэта не толькі старажытнае свята сканчэння жніва, якое на Беларусі вядома па хроніках з ХІІ стагоддзя, але і з 1996 года дзяржаўны штогадовы “фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі”. 

У 1996-2014 гадах “Дажынкі” мелі рэспубліканскі фармат (у 1999 годзе не праводзіліся  з-за дрэннага ўраджаю; у 2000 годзе праводзіліся ў  Шклове, у 2006 – у Бабруйску, у 2012 – у Горках). З  2015 года  праводзяцца ў рэгіянальным фармаце – у адным з населеных пунктаў кожнай вобласці. У 2022 годзе абласныя “Дажынскі” прымаў Слаўгарад.

Паглядзіце на гэты ямачны рамонт па-бабруйску

Відэаролік з асаблівасцямі дарожна-камунальнага добраўпарадкавання ў Бабруйску з’явіўся ў сацыяльных сетках.

Паведамляецца, што такую карціну назіралі на вуліцы Пралетарскай.

Галоўны магілёўскі паштамт закрываецца сёння на рамонт

Будынак галоўнай пошты ў цэнтры Магілёва 15 лістапада на тры месяцы зачыняецца на рамонт. Але яго паслугі можна будзе атрымліваць тут па-ранейшаму. 

У пасылачнай секцыі злева ад галоўнага ўваходу можна атрымаць ці адправіць бандэролі і пасылкі.

А вось прымаць плацяжы пошта будзе на другім паверсе будынку галоўпаштамта. Туды трэба ўваходзіць са двара. Аплаціць паслугі магілёўцы змогуць таксама ў тэрміналах у фае на першым паверсе.

Пантонны мост у Чэрыкаве паставяць яшчэ да зімы

Адкрыццё часовай пераправы прызначанае на 14 лістапада.

Магілёў.media паведамлялі, што закрытаму напалову масту так і не было альтэрнатывы да вясны, хоць гэта і выклікала крызіс для сем’яў у вёсцы Гронаў, што на левым беразе ракі Сож. 

Цяпер жа вырашана навесці пантонную пераправу цераз раку Сож і трымаць яе да пачатку лёдаставу. Часовую пераправу будуе пантонна-маставы батальён 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады – паведамляе  “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

– Працягласць пантонна-маставой пераправы будзе каля 100 метраў у даўжыню і 6 метраў у шырыню. – распавёў выданню намеснік старшыні па будаўніцтве і камунальнай гаспадарцы Чэрыкаўскага райвыканкама Дзмітрый Клімянкоў – Рух будзе аднапалосны з устаноўкай рэверсіўнага святлафора. Нягледзячы на ​​тое, што абмежаванні канструкцыі па вазе – 60 тон, і яна здольная вытрымаць грузавікі, тут магчымыя дадатковыя абмежаванні, звязаныя з даўжынёй маста, з-за наяўнасці павароту, і шырынёй транспарту, у прыватнасці, гружанага. У дадзеным выпадку вялікагрузы па-ранейшаму будуць адпраўляюцца ў аб’езд – па бліжэйшых мастах праз Сож у Крычаве і Слаўгарадзе.