Дызайн вайсковай часткі пад Асіповічамі ўсё больш нагадвае сховішча ядзернай зброі – The New York Times

Выданне The New York Times апублікавала новыя матэрыялы пра вайсковую частку пад Асіповічамі, якая можа выступаць як сховішча для ядзерных боепрыпасаў. Раней, у сакавіку гэтага года даследчыкі з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў ужо звярталі ўвагу на гэтую частку – пісалі mogilev.media.

На думку экспертаў, якія вывучалі новыя спадарожнікавыя здымкі ваеннага аб’екта пад Асіповічамі і падзяліліся сваімі ўражаннямі з The New York Times, па сваім дызайне частка стала ўсё больш нагадваць тыповыя расійскія сховішчы атамнай зброі.

Эксперты адзначылі, што вайсковая частка працягвае забудоўвацца, на аб’екце з’явіўся аварыйны эвакуацыйны выхад і дадатковая сістэма супрацьпаветранай абароны.

На фота: Дадатковая сістэма супрацьпаветранай абароны, разгорнутая на базе пад Асіповічамі. Крыніца: The New York Times / Maxar Technologies

Адна змена ў архітэктуры ваеннага аб’екта паставіла ў тупік даследчыкаў. Раней частка была абнесеная чатырма лініямі агароджы, а зараз іх толькі тры.

Схема размяшчэння ліній агароджы і кантрольна-прапускнога пункту на базе пад Асіповічамі, на думку экспертаў, стала нагадваць тыповыя сховішчы атамнай зброі ў Расійскай Федэрацыі, у Наўгародскай, Хабараўскай, Белгарадскай і іншых абласцях.

Адзін з экспертаў, Уільям Мун, заявіў выданню The New York Times, што дызайн магчымага сховішча расійскай ядзернай зброі пад Асіповічамі вельмі нагадвае сучасныя ядзерныя базы ў Расіі, дзе Мун, па ягоных словах, бываў асабіста ў складзе дэлегацый Пентагона ў якасці назіральніка за бяспекай захоўвання ядзернай зброі.