Што не так з рэканструкцыяй дома насупраць ЦУМа ў Магілёве – экспертны каментарый

Дом па вуліцы Першамайскай, 32 у Магілёве памяняў свой знешні выгляд. Mogilev.media пісалі пра гэта, дэманструючы шмат фота і відэа. А днямі на тэлеграм-канале “Спадчына” з’явіўся экспертны каментарый пра хібы, дапушчаныя магілёўскімі будаўнікамі на рэканструкцыі гэтага аб’екта.

Аўтар канала звяртае ўвагу на дробныя, амаль незаўважныя з абывацельскага пункта гледжання нюансы, якія, аднак, ствараюць агульную карціну ўсяго будынка. А будынак з нядаўняга часу ўваходзіць у спіс дамоў “каштоўнай забудовы”, на якіх забараняецца мяняць характар архітэктуры фасадаў.

Такім чынам, хібы, якія можна назіраць ужо зараз. Па-першае, парапетная сценка балкона стала роўнай, у той час як папярэдне яна мела раскрапоўку – прамавугольныя выступы на плоскасці.

Па-другое, памяняўся знешні выгляд балясін – ажурнага шэрагу калон у праёмах парапетнай сценкі. Цяпер яны не ідуць на адным узроўні з плоскасцю сценкі, а заглыбленыя.

Таксама змяніліся самі балясы – слупочкі парэнчаў. Раней гэта былі роўныя калоны цыліндрычнай формы з карынфскай капітэллю. Цяпер жа гэта фігурныя кеглепадобныя калоны з дарычнай капітэллю.

Па-трэцяе, адсутнічае кесаніраванне ніжняй плоскасці балкона. Кесон – гэта прамавугольнае заглыбленне. У ранейшым выглядзе балкон нібыта абапіраўся бэлькай на фігурныя кранштэйны з раслінным арнаментам. Зараз ён стаіць на прамавугольных выступах.

Таксама адсутнічаюць прафіляваныя паяскі, адзначае аўтар канала “Спадчына”, агаворваючыся, што іх яшчэ могуць дадаць. Але тыя, што зроблены – не адпавядаюць тым, што былі да рамонту.


“Магчыма, што пры аднаўленні паяскоў кіраваліся прафілямі з гістарычных чарцяжоў будынка – адзначае эксперт – але іншыя вышэй пералічаныя хібы кажуць пра тое, што чарцяжы тут наўрад ці адыгрывалі нейкую ролю. Больш менш праўдападобна аднавілі хіба што самі кранштэйны – і гэта ўжо вялікі прагрэс для горада.”


Фота: Тэлеграм-канал “Спадчына”, mogilev.media

Новы колер і новыя балконы. Як ідзе рамонт будынка насупраць ЦУМа ў Магілёве – фота, відэа

У Магілёве вядзецца рамонт дома па вуліцы Першамайскай, 32. Ідзе замена балконаў, даху і вадасцёчнай сістэмы. Акрамя таго, дом рэзка памяняў свой колер. Вось такім, светла-пясочным ён быў раней.

Цяпер жа дом наблізіўся па сваёй колеравай гаме да суседняга дома, у якім размяшчаецца гарадскі Цэнтр культуры.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Навіны Магілёўскага рэгіёну (@mogilev.media)

На будынку актыўна мяняюцца канструкцыі балконаў. Прычым як з галоўнага, так і з задняга фасадаў.

Фота, відэа: mogilev.media

Працягваецца высечка магілёўскіх бульвараў. Замест дрэваў – стаянкі для аўтамабіляў

Чытачы mogilev media дзеляцца сваімі сумнымі назіраннямі. Падчас рэканструкцыі праспекта Дзімітрава заўважна паменела дрэваў – іх прыбралі, а на іх месцы ладкуюць аўтамабільную стаянку.

Мы працягнем сачыць за рамонтнымі работамі на праспекце, і нагадваем, што яны закранулі таксама месца памяці – крыж каля кальца мясакамбіната, усталяваны на месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Фота: чытачы mogilev.media

Перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве працягнулі яшчэ на адзін месяц

Рух транспарту па пуцеправодзе праз вуліцу Завадскую і па вуліцы Чалюскінцаў будзе перакрыты да 30 кастрычніка. Гэта звязана з правядзеннем рэканструкцыі пуцеправода, паведамілі рэсурсу mycity.by ў Магілёўскім гарвыканкаме.

Нагадаем, што рух па вуліцы Чалюскінцаў перакрылі 10 верасня. Меркавалася, што рамонтныя работы будуць завершаныя да канца месяца.

Фота: mogilev.media

Як Магілёў перажывае перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў – фотарэпартаж

Роўна тыдзень Магілёў жыве з перакрытай важнай транспартнай артэрыяй. Да канца верасня на рэканструкцыю зачынены мост каля Быхаўскага рынка – пісалі mogilev.media.

Мы праехаліся і паглядзелі, як кіроўцы спраўляюцца з вымушанымі зменамі ў сваіх маршрутах. 

Нагрузку асноўных патокаў машын прынялі адразу тры транспартныя артэрыі. Гэта шлях праз вуліцы Касманаўтаў і Лазарэнкі да плошчы Арджанікідзэ, больш кароткі маршрут па вуліцы Раманава і тых жа Касманаўтаў і Лазарэнкі а таксама самая кароткая дарога – праз вуліцы Вароўскага, Правай Лубравенцы і Лазарэнкі.

На апошнім маршруце пробак практычна не назіралася, хоць да гэтага безумоўна падштурхоўвае вузкі і нагружаны транспартам каля Быхаўскага рынка праезд вуліцы Вароўскага.

Можна сказаць, што сур’ёзнага транспартнага калапсу перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў не выклікала. Гэтаму паспрыяла разнастайнасць маршрутаў аб’езду. Некаторыя нязручнасці і доўгія чэргі з аўтамашын на святлафорах можна заўважыць толькі ў гадзіны пік.

Мяркуем, што гэтак жа спакойна горад перажыве астатнія два тыдні рамонтных работ на мосце каля Быхаўскага рынка.

Фота: mogilev.media

Вуліцу Чалюскінцаў у Магілёве ўсё ж перакрылі

Вечарам 10 верасня быў перакрыты рух транспарта па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У сувязі з рамонтам пуцепаравода праз вуліцу Завадскую – маста каля Быхаўскага рынка – праезд па Чалюскінцаў спынены цалкам, да канца месяца – гаворыцца ў паведамленні аўтапарка №1. 

Першапачаткова рух планавалася перакрыць яшчэ 9 верасня, але ранкам 10-га стала вядома, што перакрыццё пераносіцца на нявызначаны тэрмін, які скончыўся вечарам таго ж дня.

Як грамадскі транспарт будзе аб’яжджаць закрыты ўчастак, і як можна скараціць аб’езд легкавому транспарту – чытайце ў матэрыяле mogilev.media.

Фота: mogilev.in

Перакрыццё вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве перанеслі на нявызначаны тэрмін

Рамонтныя работы на мосце каля Быхаўскага рынка, з-за якіх планавалася перакрыць вуліцу Чалюскінцаў у Магілёве, не пачаліся 9 верасня, як меркавалася. Іх перанеслі на нявызначаны тэрмін – паведамляе аўтобусны парк №1. Папярэдне, работы пачнуцца з 11 верасня, але ў гэты план могуць быць унесены новыя карэкціроўкі, заявілі ў ведамстве.

Фота: masheka.by

Рух па Чалюскінцаў у Магілёве перакрылі да канца месяца – вось як будзем аб’яжджаць

Аб’езд будзе ў чатыры з паловай кіламетры, але легкавым машынам яго можна будзе скараціць.

У сувязі з закрыццём вуліцы Завадской у Магілёве на рэканструкцыю, будзе цалкам перакрыты рух праз мост каля Быхаўскага рынка на вуліцы Чалюскінцаў – ад сённяшняга дня, 9 верасня, да канца месяца. 

Тралейбус №2 на працягу рамонтных работ будзе курсіраваць з Восьмага мікрараёна толькі да плошчы Арджанікідзэ. Ад Зялёнага луга будзе хадзіць тралейбус №8 – праз вуліцу Гагарына на Касманаўтаў.

Усе маршрутныя таксі, што едуць праз плошчу Арджанікідзэ, будуць курсіраваць праз вуліцы Лазарэнкі, Касманаўтаў і Раманава. Аўтобусы амаль гэтаксама – але не праз вуліцу Раманава, а выяжджаць на Чалюскінцаў яны будуць у раёне Магілёўскага эканамічнага, прамыслова-тэхналагічнага каледжа, паведамляе аўтапарк №1 Магілёва. Гэта адносіцца да ўсіх рэйсаў з цэнтра горада на паўднёвую ўскраіну – як гарадскіх, так і прыгарадных. Адваротны рух будзе пралягаць праз тыя ж вуліцы.

Аб’езд праз вуліцу Касманаўтаў і Лазарэнкі дадасць да маршрута дадтковыя 4,5 кіламетры. Але ўласнікам легкавых аўто можна будзе больш чым удвая скараціць дарогу, да 2 км, выкарыстаўшы альтэрнатыўны маршрут. Едучы з цэнтра горада, трэба будзе павярнуць на вуліцу Лазарэнкі, потым скіраваць на Правую Дубравенку, і праз Вароўскага выехаць на Чалюскінцаў. Невялікі ўчастак гэтага маршрута мае аднабаковы рух, пагэтаму ў адваротным кірунку ехаць трэба будзе абмінаючы Барыса-Глебскую царкву. 

Фота: masheka.by

Пад Чавусамі збіраюць сродкі на рамонт царквы – а гэта адзіны помнік на ўвесь раён

Настаяцель Свята-Мікольскай царквы ў вёсцы Благавічы Чавускага раёна абвясціў пра збор сродкаў для рамонта царквы. Храм быў пабудаваны ў 1904 годзе, у 1930-м яго зачынілі і ператварылі ў сельскі клуб. У 2004 годзе храм быў асвечаны і зноўку адчынены. У 2024 годзе царква будзе адзначаць сваё 120-годдзе, і на сённяшні дзень яна з’яўляецца адзіным архітэктурным помнікам на ўвесь раён, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

Фота: chausynews.by

Вось на такіх арэлях ужо тыдзень гойдаюцца дзеці ў Магілёве

На вуліцы Якубоўскага ў Магілёве арганізацыя “Жылэкспа”, якая абслугоўвае раён, пачала рамонт дзіцячай пляцоўкі, ды так і кінула. Ужо тыдзень няма ніякага руху што да работ – паведамляюць сведкі. Дзеці, тым часам, працягваюць свае забавы на пляцоўцы.

Фота з соцсетак