Камунальнікі ў Леніно вырашылі за жыльцоў аварыйнага дома – не рамантаваць

Казус з рамонтам аварыйнага дома адбыўся ў аграгарадку Леніно Горацкага раёна. Падчас сустрэчы кіраўніцтва Горацкага райвыканкама з жыхарамі пасёлка выявілася, што запланаваны на 2023 год капітальны рамонт дома №33 па вуліцы Ленінскай быў аднабакова адменены камунальным прадпрыемствам – піша “Горацкі веснік”.

Вялікія расколіны сцен у пад’ездзе, абсыпаная тынкоўка фасада, разбураны ганак і пастаяннае заліццё кватэр пасля дажджу – пра гэтыя і іншыя праблемы жыхары дома не аднойчы паведамлялі спецыялістам УКПП «Камунальнік». У 2020 годзе на фасадзе ўстанавілі маячкі, якія ўжо далі расколіны, пазней паабяцалі правесці капітальны рамонт. Ён быў запланавана на 2023 год, але чамусьці са спісу аб’ектаў, якія падлягаюць грунтоўнаму рамонту, дом прыбралі.

Адзінае, што зрабілі камунальнікі – адбілі віслыя кавалкі тынкоўкі з фасада, так і пакінуўшы іх пад вокнамі.

Як растлумачыў намеснік дырэктара УКПП “Камунальнік” Андрэй Новікаў, аб’ект сапраўды быў запланаваны для капрамонту. Але, паводле дзейнага заканадаўства, у першую чаргу рамантуюць дамы, у якіх людзі гатовыя фінансава ўдзельнічаць ва ўцяпленні фасадаў. 

Але ж справа ў тым, што жыхары гэтага дома таксама былі гатовыя заплаціць за ўцяпленне. Спецыялісты ж камунальнага прадпрыемства прыйшлі да высновы, што фасад будзе пакрывацца пенаполіўрэтанавай сумессю, даволі вялікі пласт якой павінен забяспечыць уцяпленне фасада. Атрымалася, што за саміх жыхароў вырашылі, што іх грошы на гэты від работ не патрэбны, таму рамонт будзе весціся на іншых аб’ектах.

“Горацкі веснік” піша, што старшыня райвыканкама паручыў унесці прапановы па рамонце дома.

Фота: “Горацкі веснік”

Галоўны магілёўскі паштамт закрываецца сёння на рамонт

Будынак галоўнай пошты ў цэнтры Магілёва 15 лістапада на тры месяцы зачыняецца на рамонт. Але яго паслугі можна будзе атрымліваць тут па-ранейшаму. 

У пасылачнай секцыі злева ад галоўнага ўваходу можна атрымаць ці адправіць бандэролі і пасылкі.

А вось прымаць плацяжы пошта будзе на другім паверсе будынку галоўпаштамта. Туды трэба ўваходзіць са двара. Аплаціць паслугі магілёўцы змогуць таксама ў тэрміналах у фае на першым паверсе.

Капітальны рамонт праблемнага дома ў Чэрыкаве ператварыўся ў фарс

Гнілыя трубы выдаюць за новую сістэму ацяплення, новага даху няма пяць месяцаў. У доме няма гарачай вады, а газавыя абагравальнікі загадалі прыбраць.

“Чаго вы перажываеце? Залье – страхоўку дадуць” – так супакойваюць жыхароў дома №5 па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве супрацоўнікі арганізацыі, якая займаецца рамонтам, паведамляе cherikovnews.by. Капітальны рамонт дома пачаўся яшчэ вясной, а завяршыцца павінен быў у верасні 2022 года, як гэта прадпісвае рашэнне раённага выканкама. Але ў восеньскія залевы дом увайшоў з драўляным  каркасам замест даху. У выніку жыхары верхніх паверхаў назіраюць у сваіх пакоях пастаянныя разводы пасля дажджоў.

Дажджы, вільгаць, галубіны памёт

– Можаце сабе ўявіць, як мы чакалі гэтага рамонту. – распавяла выданню гаспадыня кватэры на пятым паверсе – І зараз мы чакаем, калі ж усё гэта нарэшце скончыцца, таму што няма сіл трываць такое нядбайнае стаўленне да справы. Надвор’е было такое: сонечнае, сухое… Чаму б не зрабіць дах?! Усё так зацягнулася, што зараз, калі ідзе дождж, мы з мужам нават па начах дрэнна спім: хвалюемся, ці атрымаецца выратаваць мэблю ў выпадку затаплення. Я не кажу пра пранікненне вільгаці ў кватэру, пра смурод ад галубінага памёту, які гадамі запасіўся на даху і які ніхто не збіраецца прыбіраць. 

Арганізацыя-генпадрадчык – Чавускі рамбуд – узяў на сябе абавязацельства прыступіць да капітальнага рамонту без авансавых выплат. І ў выніку не змог забяспечыць набыццё будаўнічых матэрыялаў. Гэтую сітуацыю пракаментаваў намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Дзмітрый Клімянкоў:

– Наколькі мне вядома, прадпрыемства неаднаразова штрафавалася за несвоечасовае выкананне работ на аб’екце. Тыдзень таму дзяржтэхнагляд аштрафаваў Чавускі рамбуд на 25 базавых велічынь. І надалей будзе вырашацца пытанне аб праходжанні імі атэстацыі і выдачы ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці.

Гарачай вады няма, а газавыя гарэлкі забаранілі

Другая праблема, акрамя даху – сістэма ацяплення. Дом не падключаны да гарачай вады. Гэтую праблему жыхары першапачаткова вырашалі пры дапамозе газавых воданагравальных калонак. Аднак, як высветлілася пазней, устаноўка гэтых прыбораў была не прадугледжана тэхнічнымі характарыстыкамі дома, і жыхароў абавязалі іх дэмантаваць. У выніку жыхарам дагэтуль прыходзіцца грэць ваду ў рондалях і чайніках.

Праектам капітальнага рамонта прадугледжана падключэнне дома да гарачага водазабеспячэння. Аднак і тут жыхары сутыкнуліся з новай праблемай.

Гнілыя трубы замаскіравалі пад новыя

– Учора спусцілася ў падвал. – распавяла выданню яшчэ адна жыхарка шматпакутнага дома – Мала таго, што там бардак развялі, дык гляджу, ржавая труба з уцяпляльніка тырчыць, а на яе кранік новы закручаны. Хоць перад гэтым у работнікаў пыталася, мяняць трубу будзеце? Сказалі, так. А па выніку, атрымліваецца, што не.

Нават майстар на аб’екце Аляксандр Быкаў, прадстаўнік Чэрыкаўскаго ЖКГ, які выступае субпадрадчыкам і адказвае за правядзенне сістэмы ацяплення, быў у замяшанні, калі ўбачыў, што зрабілі яго падначаленыя.

– Пераробяць. – толькі і змог сказаць ён.

Рух па пуцеправодзе на Чалюскінцаў у Магілёве адкрыюць з 1 кастрычніка

Рамонт маста пачаўся яшчэ ў маі, а завяршыць усе працы плануецца да канца года.

Рух па пуцеправодзе праз чыгунку па вуліцы Чалюскінцаў будзе поўнасцю запушчаны з 1 кастрычніка, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве Упраўлення камунальных прадпрыемстваў Сяргей Зяцькоў.

Капітальны рамонт гэтага пуцеправода на адной з галоўных і інтэнсіўных дарожных артэрый горада доўжыўся з 10 мая бягучага года і суправаджаўся частковым перакрыццём руху транспарту. 

Рамонт псаваў настрой, нервы, уносіў карэктывы ў жыццёвыя планы шматлікім гараджанам і гасцям горада, скарэкціраваў час руху грамадскага транспарту і адбіўся на зменах маршрутаў.

Па інфармацыі С. Зяцькова, агульная гатоўнасць аб’екта складае 80%. На пуцеправодзе ўжо завяршылася серыя самых складаных і працаёмкіх работ. “Аб’ект будзе поўнасцю ўведзены ў эксплуатацыю да канца бягучага года. Тут таксама з’явяцца новыя тратуары і агароджы, будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя”, – дадаў ён.