Камунальнікі ў Леніно вырашылі за жыльцоў аварыйнага дома – не рамантаваць

Камунальнікі ў Леніно вырашылі за жыльцоў аварыйнага дома – не рамантаваць

Казус з рамонтам аварыйнага дома адбыўся ў аграгарадку Леніно Горацкага раёна. Падчас сустрэчы кіраўніцтва Горацкага райвыканкама з жыхарамі пасёлка выявілася, што запланаваны на 2023 год капітальны рамонт дома №33 па вуліцы Ленінскай быў аднабакова адменены камунальным прадпрыемствам – піша “Горацкі веснік”.

Вялікія расколіны сцен у пад’ездзе, абсыпаная тынкоўка фасада, разбураны ганак і пастаяннае заліццё кватэр пасля дажджу – пра гэтыя і іншыя праблемы жыхары дома не аднойчы паведамлялі спецыялістам УКПП «Камунальнік». У 2020 годзе на фасадзе ўстанавілі маячкі, якія ўжо далі расколіны, пазней паабяцалі правесці капітальны рамонт. Ён быў запланавана на 2023 год, але чамусьці са спісу аб’ектаў, якія падлягаюць грунтоўнаму рамонту, дом прыбралі.

Адзінае, што зрабілі камунальнікі – адбілі віслыя кавалкі тынкоўкі з фасада, так і пакінуўшы іх пад вокнамі.

Як растлумачыў намеснік дырэктара УКПП “Камунальнік” Андрэй Новікаў, аб’ект сапраўды быў запланаваны для капрамонту. Але, паводле дзейнага заканадаўства, у першую чаргу рамантуюць дамы, у якіх людзі гатовыя фінансава ўдзельнічаць ва ўцяпленні фасадаў. 

Але ж справа ў тым, што жыхары гэтага дома таксама былі гатовыя заплаціць за ўцяпленне. Спецыялісты ж камунальнага прадпрыемства прыйшлі да высновы, што фасад будзе пакрывацца пенаполіўрэтанавай сумессю, даволі вялікі пласт якой павінен забяспечыць уцяпленне фасада. Атрымалася, што за саміх жыхароў вырашылі, што іх грошы на гэты від работ не патрэбны, таму рамонт будзе весціся на іншых аб’ектах.

“Горацкі веснік” піша, што старшыня райвыканкама паручыў унесці прапановы па рамонце дома.

Фота: “Горацкі веснік”