Новенькі электрадом у Чэрыкаве – вада з люстры, уздутыя шпалеры

Будаўніцтва новага электрадома ў Чэрыкаве прыцягнула ўвагу мясцовага чынавенства і журналістаў. “Веснік Чэрыкаўшчыны” пабываў на будоўлі чатырохпавярховіка па вуліцы Ракасоўскага і падзяліўся ўражаннямі.

Калі ўнутранае аздабленне на двух ніжніх паверхах выявілася дастаткова прыстойным, то два верхнія паверхі паказалі відавочную спешку альбо абыякавасць будаўнікоў. Часам шпалеры адставалі ад сцяны з боку столі альбо падлогі, былі паклееныя ў нахлёст. У адной з кватэр дзвярны праём быў элементарна запенены, і мантажная пена засталася навідавоку ў пакоі. На самым верхнім паверсе з адтуліны для люстры на ламінат крапала вада, а шпалеры на сценах пацямнелі з-за падцёкаў. Дзе-нідзе шпон адстае ад дзвярэй.

Электрадом у Чэрыкаве разлічаны на восем кватэр, тры з якіх будуць сацыяльнымі, а пяць арэнднымі. Дом узводзіцца з лета 2022 года. Усё жыццезабеспячэнне ў ім будзе сілкавацца электрычнасцю – электрычнымі будуць батарэі і пліта.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”

У Касцюковічах пабудуюць яшчэ адзін электрадом

У Касцюковічах хутка з’явіцца другі ў горадзе элетрадом, паведамляе рэсурс golk.by

Плануецца ўвод 40 кватэр агульнай плошчай 2488 квадратных метраў у пяціпавярховіку па вуліцы Камсамольскай.   Дом будзе абсталяваны ліфтам,  а ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне и кухонныя пліты будуць працаваць толькі ад электраэнергіі. У новабудоўлі прадугледжана сацыяльнае і арэнднае жыллё.

Акрамя гэтага, у 2023 годзе ў раённым цэнтры будзе праведзены капітальны рамонт  жылых дамоў па вуліцах Ленінская, 123 і Мікрараён Маладзёжны, 30. Капітальны рамонт чакаюць у бягучым годзе трохпавярховы дом у аграгарадку Шарэйкі. 

Мікрараён электрадамоў і з дварамі без машын будуецца ў Магілёве

Першыя жыхары ў яго заселяцца ўжо да канца года. 

Мікрараён з некалькіх рознаўзроўневых дамоў узводзіцца на перасячэнні вуліцы Першамайскай з Віцебскім тупіком, на месцы былой лякарні сястрынскага догляду. Асаблівасць будынкаў у тым, што ўсе яны будуць без газа, а сілкаванне ўсіх камунальных паслуг будзе забяспечвацца толькі электрычнасцю.

Таксама ў мікрараёне будзе рэалізаваная канцэпцыя “двор без машын”, якая актыўна прымяняецца на новабудоўлях горада. Вось так выглядае, напрыклад, падобны двор каля нядаўна ўзведзеныя дамоў на вуліцы Крывуліна.

Для машын тут прадугледжана асобная стаянка ў баку ад высотнага масіва, а самі двары цалкам ператвораны ў зоны для камфортнага дзіцячага адпачынку.

Больш за палову квадратных метраў у новым мікрараёне ўжо прададзена – паведаміў галоўны інжынер магілёўскага Упраўлення капітальнага будаўніцтва Дзмітрый Хухракоў у сваім інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь-4”. Кватэры ў электрадамах атрымаюць пераважна тыя катэгорыі грамадзян, якія маюць права на ільготнае крэдытаванне – сілавікі, шматдзетныя, работнікі навукі і культуры.

Фота: mogilev.media