Магілёвец месяц прыкідваўся п’яным пакупніком, а сам цішком цягаў прадукты з крамы

Жыхар Магілёва, раней неаднаразова судзімы, на працягу месяца вадзіў за нос работнікаў прадуктовай крамы ў абласным цэнтры. На касе ён прыкідваўся перад прадаўцамі выпівохай, што прыйшоў за дагонам, а сам незаўважна перакладваў тавары з пакупніцкага кошыка ў свой пакет у ячэйцы камеры захоўвання. За месяц ён у сукупнасці абакраў магазін на 2 000 рублёў. Тавары з крамы ён перапрадаваў іншым асобам – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

Магілёўскі “Днепр” стартаваў у Першай лізе з перамогі

2 сакавіка для магілёўскай каманды прайшоў першы паядынак у другім дывізіёне Чэмпіяната Беларусі па футболе. На сваім полі “Днепр” прымаў каманду з Оршы. Форвард гаспадароў Юрый Клачкоў аформіў свой першы хет-трык у кар’еры, гульня завяршылася з лікам 3:1 на карысць “Дняпра”.

Фота: Прэс-служба футбольнага клуба “Днепр”

Ядзерная зброя ў Беларусі, надзвычайная адліга і скарачэнне насельніцтва ніжэй за мільён – дайджэст мінулага тыдня

Дзве галоўныя тэмы мінулага тыдня – абмеркаванне планаў размяшчэння на Беларусі ядзернай зброі і надзвычайная паводка на рэках рэгіёна ў выніку адлігі.

З-за адлігі на Магілёўшчыне Чэрыкаў адрэзала ад левага берага Сожа, у Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары а ў Крычаве абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча. У дадатак у рэгіён прыходзіў шторм і вярнулася зіма. Затапіла мост пад Мсціславам, а ў Клімавічах прыватны сектар.

Ад непагадзі ў Быхаве легкавушку выкінула на слуп і ледзь не разарвала напалам.

У Магілёве ў парушэнне ахоўных норм перад будынкам музея імя П. Масленікава паставілі вертыкальную паркоўку.

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніуш.

У Санкт-Пецярбургу ўзарвалі прапагандыста Уладлена Татарскага.

На мінулым тыдні статыстычны камітэт абвясціў, што насельніцтва Магілёўскага рэгіёна стала складаць менш за мільён чалавек.

На мінулым тыдні было абвешчана, што культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе стануць Бялынічы.

Пад Асіповічамі выпрабавалі беларускую сістэму залпавага агня “Шквал”.

Украінскія вайскоўцы паказалі, колькі тэхнікі рыхтуецца да контрнаступу. Таксама адзначалася гадавіна вызвалення Бучы.

Смяротная пастка ў ваннай забрала жыцці двух бабруйчанак.

На “Белшыну” і ў тры раёны вобласці прызначылі новых кіраўнікоў.

На Магілёўшчыне пачаўся нераст, які працягнецца да канца мая – нельга лавіць рыбу іначай як з берага на адну вудку, нельга плаваць на лодках.

Толькі каб застацца начаваць з дзяўчынай, хлопец у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў рабаванне.

Магілёў і Бабруйск атрымалі новыя тралейбусы з аўтаномным ходам.

Мсціслаўскія малочнікі вырабілі рэкордную галоўку сыру.

Фота: mogilev.media

У Магілёве прайшла начная спецаперацыя і ўжо праз дзесяць хвілін паймалі п’янага кіроўцу

Начное спецыяльнае мерапрыемства “Павуціна” супрацоўнікі абласнога ДАІ правялі ў Магілёве ў ноч на 2 красавіка. І ўжо праз 10 хвілін пасля яго пачатку ў горадзе быў выяўлены п’яны вадзіцель. Мужчына на Peugeot на асведчанні паказаў 1,47 праміле алкаголя. Цяпер яму пагражае штраф да 7 400 рублёў і пяць гадоў без правоў. Машына 28-гадовага кіроўцы адпраўлена на штрафную стаянку да выплаты штрафа  – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

Дзень у гісторыі. 2 красавіка. “План Маршала” Нарадзіліся Г.Х. Андэрсан, этнограф П.Баброўскі, кампазітар А. Рашчынскі. Памёрлі П. Панчанка, Папа Ян Павел II.

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі (International Children’s Book Day, з 1967 года). 

Праводзіцца ў дзень нараджэння вялікага казачніка з Даніі Ганса Хрысціяна Андэрсана. Ініцыятарам правядзення гэтага свята стала выбітная дзяячка сусветнай дзіцячай літаратуры, нямецкая пісьменніца Йела Лепман.

Яшчэ ў 1953 годзе Лепман прапанавала заснаваць “маленькую нобелеўскую прэмію” па дзіцячай літаратуры – Міжнародную прэмію імя Ганса Хрысціяна Андэрсана. З 1956 года прэмія прысуджаецца аўтару найлепшай дзіцячай кнігі. З 1966 года яе пачалі ўручаць і найлепшаму мастаку-ілюстратару.

Прэмія імя вялікага казачніка з уручэннем залатога медаля – самая прэстыжная ўзнагарода ў сваёй вобласці. Яна прысуджаецца раз на два гады, праходзіць 2 красавіка, як і Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі па праблемах аўтызму.

Дата была ўстаноўлена рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН і адзначаецца з 2008 года. У Беларусі адзначаецца з 2016 года.

Мэта дня – падкрэсліць неабходнасць дапамагаць людзям, якія пакутуюць непапраўным парушэннем развіцця, каб павысіць узровень іх жыцця.

Колер свята – сіні, бо большасць аўтыстаў – хлопчыкі.

Аўтызм часта называюць захворваннем, але гэта, хутчэй, асаблівасць псіхічнага развіцця чалавека. Расстройства па-рознаму адбіваецца на розных людзях: некаторыя могуць жыць параўнальна незалежным жыццём, у той час як іншыя маюць дастаткова сур’ёзныя парушэнні і патрабуюць пажыццёвай падтрымкі з боку навакольных. Як правіла, людзі з аўтызмам адрозніваюцца гіпер- альбо гіпаадчувальнасцю да гукаў, дотыкаў, смаку, пахаў, асвятлення і колераў.

Сярод аўтыстаў шмат знакамітых і таленавітых людзей, у тым ліку акцёры Энтані Хопкінс, Дэн Эйкройд, пісьменнік Цім Бёртан, аўтар Пакемонаў Сатошы Таджыры, спявачка Кортні Лав, шведская дзяўчына-эколаг, двойчы намінантка на Нобелеўскую прэмію Грэта Тунберг

1805 год. Нарадзіўся Ганс Хрысціян Андэрсан (1805–1875).

Дацкі казачнік, пісьменнік і паэт, аўтар сусветна вядомых казак для дзяцей і дарослых: «Брыдкае качаня», «Новая світка караля», «Цень», «Прынцэса на гароху».

У Даніі існуе легенда аб каралеўскім паходжанні Андэрсена, бо ў дзяцінстве гуляў з прынцам Фрыцам, пасля – каралём Фрэдэрыкам VII, і ў яго не было сяброў сярод вулічных хлопчыкаў – толькі прынц. Пасля смерці Фрыца, за выключэннем сваякоў, адзін толькі Андэрсен быў дапушчаны да труны нябожчыка.

З дзяцінства захапляўся лялечным тэатрам. Баяўся фізічнага пакарання, таму маці аддала яго ў яўрэйскую школу, дзе фізічныя пакаранні ў дачыненні да дзяцей былі забаронены.

Аўтар 170 казак, шматлікіх раманаў, п’ес. Стаў вядомым пісьменнікам яшчэ пры жыцці.

Памяць аб Андэрсене ўвекавечаная шэрагам скульптур і іншых выбітных мясцін: у Капенгагене ў гонар Андэрсена ўсталявана статуя Русалачкі. Статуя казачніка таксама ёсць у Нью-Ёрку і Браціславе. У Любліне існуе лялечны тэатр імя Андэрсена.

1832 год. Нарадзіўся Павел Баброўскі.

Беларускі гісторык і этнограф, генерал ад інфантэрыі, сенатар.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Дваранскі полк (Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба. Удзельнік вайны з Турцыяй (1853–1854), быў начальнікам некалькіх юнкерскіх вучылішчаў, Ваенна-юрыдычнай акадэміі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Аўтар больш за 100 прац па гісторыі, правазнаўстве, археаграфіі, геаграфіі, біялогіі, педагогіцы, этнаграфіі, статыстыцы, эканоміцы, краязнаўстве, у тым ліку «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі… Гродзенская губерня», нарысаў пра Гродна, Слонім, Зэльву i іншыя, па гісторыі лейб-гвардыі Эрыванскага і Праабражэнскага палкоў.

Добра ведаў беларускую мову, захапляўся гісторыяй роднага края і ўніяцкай царквы.

Памёр 16 лютага 1905 года.

1836 год. Зацвярджаецца праект будаўніцтва першай рускай чыгункі Пецярбург – Царскае Сяло.

У Беларусі першая чыгунка (участак Парэчча–Гродна дарогі Пецярбург–Варшава) пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 года. На тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці чыгунка пачала дзейнічаць з верасня 1873 года, яна прайшла праз Асіповічы (заснаваны ў 1872) і Бабруйск.

Праз Магілёў першая чыгунка прайшла ў канцы 1902 года, рух адкрыты ў студзені 1903 года.

Чыгуначная станцыя Парэчча.

1933 год. Нарадзіўся Віктар (Вікенці) Шымук.

Беларускі пісьменьнік і перакладчык.

Скончыў БДУ. Працаваў у дзятлаўскай газеце «За новую вёску», газетах «Калгасная праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё.

Аўтар шматлікіх аповесцей, апавяданняў, зборнікаў прозы, вершаў, сатыры, нарысаў, твораў для дзяцей, перакладаў. На шэраг яго вершаў напісаныя песні.

Памёр 18 верасня 1998 года.

1943 год. Створаны Магілёўскі падпольны абкам кампартыі.

Пастаянным месцам дыслакацыі падпольнага абкама партыі сталі Усакінскія лясы ў Клічаўскім раёне. Першым яго сакратаром стаў камандзір партызанскага злучэння Дзмітрый Маўчанскі (1901–1979). Яго імя носяць  вуліцы ў Магілёве і Маладзечна.

1948 год. Кангрэс ЗША прымае “план Маршала” аб дапамозе еўрапейскім краінам.

Пачаў ажыццяўляцца з 4 красавіка 1948 года.

“План Маршала”, “Праграма аднаўлення Еўропы” – праграма дапамогі Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Прапанаваны амерыканскім дзяржаўным сакратаром Дж. Маршалам. У ажыццяўленні плана ўдзельнічалі 17 еўрапейскіх краін, уключаючы Заходнюю Нямеччыну. Пазней план Маршала быў ужыты таксама да Японіі і некаторых іншых краін Усходняй Азіі. 

СССР ад плана і дапамогі адмовіўся.

План Маршала садзейнічаў устанаўленню пасляваеннага міру ў Заходняй Еўропе, аб’яднанню Еўропы. Прамысловасць была адноўлена ў кароткія тэрміны. Эканоміка еўрапейскіх краін хутка акрыяла ад наступстваў вайны. Еўрапейскія краіны атрымалі магчымасць выплаціць знешнія даўгі, у тым ліку даўгі па ленд-лізу або рэстытуцыі і рэпарацыі. Быў адноўлены і ўмацаваны еўрапейскі сярэдні клас – гарант палітычнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця.

1949 год. Нарадзіўся Алесь Рашчынскі.

Беларускі кампазітар, фалькларыст, дырыжор, педагог.

Аўтар больш за 400 апрацовак народных песень, 8 фальклорных зборнікаў, музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы–капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень».

Памёр 10 жніўня 2016 года.

У 2016 годзе ў Мінску створаны народны хор імя А.Рашчынскага.

1966 год. Нарадзіўся Андрэй Кавалёў.

Беларускі хакеіст і трэнер. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці, чэмпіянатаў свету 1995 года у групе С, 1996 у групе В, 1997 у групе B, 1998, 1999, 2000, 2001 і 2003 гадоў у складзе зборнай Беларусі.

За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1994 па 2003 год. Правёў 89 матчаў.

Выступаў за нацыянальную зборную СССР, згуляў 35 гульняў, закінуў 13 шайбаў.

Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля здушэння народных пратэстаў у 2020 годзе.

1995 год. Памёр Пімен Панчанка (1917-1995).

Народны паэт Беларусі. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі СССР.

Юнаком жыў у Бабруйску, працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, першыя вершы надрукаваў у кіраўскай раёнцы «Кіравец».

Аўтар 31 зборніка паэзіі, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, перакладаў паасобных твораў Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф’ева, А. Суркова, Т. Масэнкі і іншых.

Многія яго вершы пакладзены на музыку.

У сваіх творах Панчанка – шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі.

Пад канец жыцця ён пачаў бескампрамісны суд над самім сабою. Цяжка знайсці другога такога паэта, хто быў бы здольны ўзяць усю віну на сябе за тое бязладдзе ў Беларусі канца 1980-х гадоў, хто б так шчыра каяўся, хоць асабіста ні ў чым не быў вінаваты. 

Імя паэта носіць вуліца і СШ №199 у Мінску.

2005 год. Памёр Ян Павел II (Караль Вайтыла, 1920–2005).

264-ы Папа Рымскі (1981–2005).

Святар з 1946 года. Быў арцыбіскупам-мітрапалітам кракаўскім, кардыналам. Удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. Выжыў пасля замаху на яго жыццё 13 мая 1981 года.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ вядомы адкрытым дыялогам: ён пасярэднічаў ў міжнародных канфліктах, выступаў са зваротамі аб міры, праводзіў супольныя малітвы з прадстаўнікамі іншых канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі.

Папа правёў 104 замежныя падарожжы, наведаў 129 краін. Беатыфікаваў 1343, кананізаваў 482 асобы. Прызначыў на пасады 321 епіскапа і 232 кардыналы. Выдаў 14 Энцыклік, 15 Апостальскіх адартацый, 11 Апостальскіх канстытуцый, 45 Апостальскіх пасланняў, 30 дакументаў у форме «motu proprio», тысячы папскіх лістоў.

Па працягласці свайго пантыфікату ён саступае толькі Апосталу Пятру і Папу Пію IX (1846–1878).

Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека, шматлікіх энцыклік, вершаў, паэм, п’ес.

Яго верш «Юдэйская пустыня» пераклала на беларускую мову Х. Лялько.

Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях з нагоды Вялікадня і Нараджэння Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.

Святому прысвечаны шматлікія помнікі ў многіх каталіцкіх краінах. У 2013 годзе ў Магілёве на тэрыторыі касцёла Успення Панны Марыі і Святога Станіслава ўстаноўлена скульптура.

Фота з адкрытых крыніц.

Насельніцтва Беларусі скарачаецца – аналіз па Магілёўшчыне

Нацыянальны статыстычны камітэт на гэтым тыдні апублікаваў бюлетэнь па колькасці насельніцтва Беларусі  на 1 студзеня 2023. Mogilev.media ўжо пісалі, што насльніцтва рэгіёна стала меншым за мільён.

Па дадзеных Нацстата, на 1 студзеня 2023 года насельніцтва Беларусі склала 9,2 мільёна чалавек. Гэта на 54,9 тысяч менш, чым годам раней. Для параўнання: у 2021-м колькасць жыхароў у краіне зменшылася на 94,1 тысяч, у 2020-м – на 60,6, у 2019-м – на 19,0 тысяч.

Найбольш страцілі Магілёўская і Віцебская вобласці – змяншэнне на 1,11 і 1,08% адпаведна. Так, у Магілёўскай вобласці на 1 студзеня 2023 года пражывала 989,7 тыс. чалавек. Упершыню за доўгі час у Беларусі з’явіліся вобласці з насельніцтвам менш за 1 мільён чалавек: Гродзенская ( 998,6 тыс.) і Магілёўская (989,7 тысяч). Магілёўшчына, такім чынам, абагнала ў падзенні колькасці насельніцтва Гарадзеншчыну і стала самай малалікай у краіне.

Калі ўзяць дынаміку насельніцтва Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў (2013–2023), то атрымаем жахлівыя адносныя лічбы.

Антырэкорды (2013–2023) на агульным фоне належаць наступным раёнам: Асіповіцкі (-36%), Глускі (-20,0%), Мсціслаўскі (-19,4), Хоцімскі (-18,9), Кіраўскі (-18,1). 

Згубілі ад 15,0 да 16,4% насельніцтва Быхаўскі, Бялыніцкі, Бабруйскі, Дрыбінскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Круглянскі, Чавускі, Шклоўскі раёны, ад 10,0% да 13,3% – Горацкі, Касцюковіцкі, Чэрыкаўскі, Клічаўскі, Слаўгарадскі. 

Менш за ўсё за гэтыя 10 гадоў згубілі Магілёўскі раён (-5,0%) і горад Бабруйск (-3,5%). Магілёў “падрос” за дзесяцігодку на 300 чалавек, але, у параўнанні з 2020 годам згубіў 4 000 чалавек (-1,1%).

Самымі малымі райцэнтрамі ў Магілёўскай вобласці з’яўляюцца гарадскія пасёлкі Дрыбін (2,9 тысяч), Краснаполле (5,7) і Хоцімск (6,1). Самыя малыя раёны – Хоцімскі (9,9), Дрыбінскі (9,7), Краснапольскі (8,9). Менш за Краснапольскі раён у краіне толькі Расонскі, што ў Віцебскай вобласці – 8,5 тысяч чалавек, але ж у Расонскім раёне каля 85% тэрыторыі складаюць лясы. 

Фота ілюстрацыйнае

На ўсёй Магілёўшчыне чакаюцца небяспечныя ўзроўні вады – фота

Штармавое гідралагічнае папярэджанне аб небяспечнай з’яве аб’явіў Белгідрамет. У найбліжэйшыя дні на Бярэзіне каля Бабруйска ўзровень вады дасягне небяспечнай высокай адзнакі, пры якой раней адзначаліся затапленні прыбярэжных тэрыторый. 

Небяспечна высокі ўзровень прагназуецца і на Віхры каля г. Мсціслава. Акрамя таго, у найбліжэйшыя дні на рэках будзе пераважаць рост узроўняў вады, у выніку чаго на Дняпры ў г. Магілёў, на Сожы ў г. Слаўгарад узроўні вады наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак. 

Mogilev.media паглядзелі, што робіцца ў розных кутках Магілёўшчыны проста зараз. Вада падабралася да двароў в. Сапяжынка пад Быхавам. 

Лесвіца ў Баркалабаўскім манастыры затопленая Дняпром.

Дняпро каля Баркалабава.

Дняпро каля Дашкаўкі.

Рост узроўняў вады назіраецца на Сожы з інтэнсіўнасцю да 27 см за суткі,  Дняпры, Бярэзіне з сутачнай інтэнсіўнасцю да 12 см.

Узроўні вады перавышаюць небяспечныя высокія адзнакі на рацэ Друць каля в. Гарадзішча і прытоку Сожа рацэ Проня каля в. Ляцягі.

Узроўні вады блізкія да небяспечных высокіх адзнак на Бярэзіне ў Бабруйску, прытоку Сожа рацэ Віхра каля Мсціслава.

Паводле звестак МНС, затапленні рачнымі водамі назіраюцца ў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях.

Днепр шырока разліўся і падыйшоў блізка да вёсак Вараніно, Сапяжынка, Баркалабава Быхаўскага раёна, дастаткова высокі ўзровень вады каля Дашкаўкі Магілёўскага.  

Фота: mogilev.media

Паглядзіце, як разліўся Дняпро – відэа

Чытачы mogilev.media дзеляцца відэа – як уражліва разліўся Днепр. Відэа знята з фацінскага маста.

Відэа дасланае чытачамі mogilev.media

Магілёўскі тралейбусны парк атрымаў машыны з аўтаномным ходам

Два першыя тралейбусы маркі МАЗ 203Т70 прыбылі ў абласны цэнтр. Як паведамляе Тэлеграм-канал магілёўскіх транспартнікаў, тралейбусы здольныя на аўтаномную язду на адлегласць да 20 кіламетраў. Гэта дазволіць транспартнаму прадпрыемству запусціць новую лінію ў Казіміраўку. Чакаецца, што бліжэйшым часе ў Магілёў будуць дастаўленыя яшчэ чатыры такія машыны. Таксама два новых тралейбусы з аўтаномным ходам атрымае Бабруйск.

Фота: “Магілёўаблаўтатранс”

У школах уводзяць новы факультатыў з-за праблем у кадрах на чыгунцы

У магілёўскіх старшакласнікаў з’явіцца новы факультатыў – «Увядзенне ў прафесію чыгуначнага транспарту». 

У СССР чыгунка была дзяржавай у дзяржаве. Яна не проста кіравала і абслугоўвала дарогі, але мела сваю сістэму гандлю, аховы здароўя і нават сістэму часу. 

У незалежнасці ад мясцовай часавой зоны паўсюль ад Брэста да Ўладзівастока расклад пісаўся па маскоўскім часе. Заробкі на чыгунцы былі вялікімі і стабільнымі. На прэстыжную працу можна было ўладкавацца пераважна па блату. 

Цяпер беларуская чыгунка практычна банкрут. Не дзіўна, што ў школах пачынаецца прафарыентацыйная праца для рэкрутавання новых работнікаў. Зроблена гэта з прычыны дэфіцыту кадраў па многіх спецыяльнасцях на беларускай чыгунцы. 

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў пастанову Міністэрства адукацыі ад 13 студзеня 2023 года аб увядзенні факультатыўных заняткаў для 10-11-х класаў сярэдняй адукацыі. Праграма разлічана на 70 гадзін (па 35 гадзін у кожным класе, 1 гадзіна ў тыдзень) і арыентавана на азнаямленне навучэнцаў з агульнымі абавязкамі работнікаў арганізацый чыгуначнага транспарту.

Галоўнай мэтай факультатыву стане стварэнне ўмоў для выбару прафесіі навучэнцамі. Асноўнай формай навучання стануць групавыя заняткі з правядзеннем семінараў, канферэнцый, экскурсій, выязных заняткаў.