На Дрыбіншчыне прадаюць сенажную траншэю

У Магілёўскай вобласці выстаўлена на аўкцыён сенажная траншэя – пакупнікі могуць убачыць тавар паблізу вёскі Слабодка Дрыбінскага раёна.

На Дрыбіншчыне прадаюць аб’ект нерухомасці, які цяжка пераблытаць з чымсьці іншым: гэта сенажная траншэя плошчай 1052 квадратныя метры каля вёскі Слабодка. Траншэя спісана за даўгі ў ААТ «Трылесіна-Агра» – відаць, прадпрыемства ўжо не мае патрэбы ў сенажы.

Пачатковая цана – 19 900 рублёў, задатак – 1 990 рублёў.

У апісанні асобна ўдакладняецца дэталь, якая дадае аб’екту шарму: капітальнае збудаванне не зарэгістравана ў рэестры нерухомасці. Гэта значыць, юрыдычна траншэя амаль філасофская катэгорыя –  яна нібыта ёсць, а нібы і няма.

Таргі пройдуць 24 сакавіка. Удзельнікам рэкамендуюць загадзя агледзець аб’ект – у траншэі могуць быць свае пікантныя асаблівасці.

Пры ўсім гэтым дрыбінская раённая газета паведамляе пра ААТ «Трылесіна-Агра», што “вынік працы, які дэманструюць жывёлаводы – стабільны. Малако рэалізуюць гатункам «Экстра». Калектыў ставіць перад сабой задачу прырасці і па валу, не апускаць планку па якасці малака, вырабляючы прадукцыю толькі высокай якасці”.

Тут ужо сапраўды сенажная траншэя становіцца лішнім баластам.

Фота БелЮрЗабеспячэнне.

У Магілёўскай вобласці зімой галадалі дзікія зверы

На Магілёўшчыне да людзей з-за недаядання выхадзілі дзікія жывёлы. Таксама ў рэгіёне павялічыліся выпадкі дарожных аварый з іх удзелам.

Зімой у Магілёўскай вобласці пачасціліся выпадкі, калі дзікія жывёлы выходзілі да людзей. Пры гэтым многія з іх былі фізічна аслабленыя і знясіленыя. У сувязі з гэтым пракуратура сумесна з прыродаахоўнымі органамі праверыла, як у паляўнічых гаспадарках арганізавана падкормка жывёл.

Кармілі бананамі і пітахаяй

Праверка паказала, што ў большасці агледжаных паляўнічых гаспадарак Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў колькасць падкормачных пляцовак і кармушак не адпавядае колькасці дзікіх жывёл, якія жывуць у гэтых угоддзях.

Напрыклад, з улікам папуляцыі жывёл у Бабруйскай паляўнічай гаспадарцы павінна быць абсталявана не менш за 62 кармушкі, аднак фактычна іх толькі 24. Акрамя таго, частка кармушак размешчана на значнай адлегласці, што ўскладняе пад’езд да іх. У выніку корм у іх своечасова не папаўняецца.

У Асіповіцкай і Слаўгарадскай паляўнічых гаспадарках былі выяўлены пашкоджаныя кармушкі, а некаторыя з іх знаходзіліся проста на зямлі.

У шэрагу раёнаў таксама не выконваліся мінімальныя нормы падкормкі дзікіх жывёл. Разлікі паказалі, што аб’ёму набытых кармоў у Бабруйскай, Глускай, Кіраўскай, Клічаўскай і Асіповіцкай паляўнічых гаспадарках хапіла б для кармлення мясцовых папуляцый толькі прыкладна на чатыры дні.

Акрамя таго, у Асіповіцкай паляўнічай гаспадарцы зафіксавалі выпадак кармлення жывёл экзатычнай садавінай – бананамі і пітахаяй, хоць правілы дазваляюць выкарыстоўваць для падкормкі толькі раслінныя кармы з відаў раслін, што растуць на тэрыторыі Беларусі.

15 тон корму высыпалі проста на зямлю

Парушэнні выявілі і ў Быхаўскай паляўнічай гаспадарцы. Восенню 2025 года там атрымалі 15 тон корму для жывёл, але яго проста высыпалі ў лесе на зямлю. Узімку, калі выпаў глыбокі снег, доступ жывёл да гэтага корму значна ўскладніўся.

Таксама высветлілася, што не ўсе паляўнічыя карыстальнікі праводзяць вакцынацыю і дэгельмінтызацыю дзікіх жывёл.

Акрамя таго, работнікі паляўнічых гаспадарак не арганізоўвалі належных мерапрыемстваў, каб адцягнуць дзікіх жывёл ад аўтамабільных дарог агульнага карыстання. Месцы, дзе адбываецца найбольшая колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з іх удзелам, не аналізаваліся, а меры па ўстаноўцы дадатковых саланцоў на такіх участках не прымаліся.

У выніку за першыя два месяцы 2026 года колькасць аварый з удзелам дзікіх жывёл у Магілёўскай вобласці вырасла з 86 да 110, што на 21,8% больш.

Пракуратура вынесла адпаведнае прадстаўленне на адрас старшыні абласной арганізацыі таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці

На Магілёўшчыне расце сума грошай ад прадухіленых бюджэтных парушэнняў

У Магілёўскай вобласці толькі за 2024 год і дзевяць месяцаў 2025-га ўдалося прадухіліць парушэнні на мільёны рублёў.

Практыка выкарыстання бюджэтных сродкаў паводле прынцыпу «галоўнае – засваенне, а наступствы не важныя» да гэтага часу не знікла. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Магілёўскай вобласці Міхаіл Бондараў у артыкуле для ведамаснага часопіса «Финансы. Учет. Аудит».

Паводле яго, асноўнай прычынай праблемы з’яўляецца недастатковая работа распарадчыкаў і атрымальнікаў бюджэтных сродкаў па планаванні фінансавых рэсурсаў на працягу года.

Згодна статыстыкі Мінфіна, у 2024 годзе ў выніку папярэдняга кантролю ў Магілёўскай вобласці было прадухілена незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў, іх нямэтавае выкарыстанне або выкарыстанне з парушэннем заканадаўства на суму 2,4 млн рублёў. За дзевяць месяцаў 2025 года гэты паказчык склаў ужо 2,7 млн рублёў.

Акрамя таго, органы дзяржаўнага казначэйства рэгулярна фіксуюць прэтэнзіі да пастаўшчыкоў паслуг, якія працуюць з атрымальнікамі бюджэтных сродкаў у межах сістэмы рэгуляванага цэнаўтварэння.

Яшчэ адной праблемай Бондараў называе парушэнні пры выдаткоўванні бюджэтнымі арганізацыямі пазабюджэтных сродкаў, якія атрымліваюцца ад дзейнасці, якая прыносіць даходы. За 2024 год і 9 месяцаў 2025-га рэгіянальнае ўпраўленне Мінфіна выявіла парушэнні ў гэтай сферы ў 52 арганізацыях, што складае 45,2% агульнай колькасці арганізацый, якія дапусцілі парушэнні бюджэтнага заканадаўства.

Фотаздымак: virtualbrest.ru

Агуркі з Індыі выратавалі асіповіцкі завод: як рамонт даху падвоіў вытворчасць кансерваў

Агуркі з другога канца свету, фарбаванне фасада і свежыя булачкі стварылі эканамічны цуд на асіповіцкім кансервавым заводзе.

Асіповіцкі кансервавы завод зноў з’явіўся ў навінах. Раённыя журналісты, не хаваючы захаплення, паведамляюць: за чатыры гады прадпрыемства выбралася з поўнага калапсу і падвоіла аб’ём вытворчасці. Сакрэт поспеху? Інтрыга трымаецца да апошняга абзаца. Гэта… Рамонт фасадаў і штодзённыя булачкі для рабочых.

Гісторыя, якую лепш не ўспамінаць

Яшчэ ў 2013 годзе на заводзе казалі «працуем стабільна» – і гэта была прыкладна тая ж праўда, што «адчуваю сябе нармальна» ў чалавека з гіпсам на абедзвюх нагах. Прадпрыемства, заснаванае яшчэ ў 1947 годзе, гадамі ішло да таго, каб апынуцца на працэдуры санацыі. Абсталяванне прастойвала, калектыў разбягаўся – людзі шукалі заробак у іншых месцах. Карацей, кансерваваць уласныя страты завод навучыўся лепш, чым таматы.

Пяць гадоў таму прадпрыемства знаходзілася ў самым разгары санацыі – так называюць у Беларусі разнавіднасць агоніі. Аднак завод усё ж выжыў.

Рэцэпт падваення

Дык вось, вытворчасць вырасла ўдвая. За кошт чаго?

Пералічваем дасягненні:

  1. Праведзены рамонт фасадаў і дахаў будынкаў вытворчага цэха і складскіх памяшканняў.
  2. Адрамантаваны пад’яздныя шляхі.
  3. Цяпер вядзецца касметычны рамонт адміністрацыйнага будынка.
  4. Уведзены ў эксплуатацыю новыя лініі ўпакоўкі 0,5 і 3 літры.

Добра хоць тое, што сярод рамонту ганка і фарбавання сцен ёсць сапраўднае тэхналагічнае дасягненне – новыя лініі. Праўда, і тут свае цікавыя нюансы.

Незвычайная тэхналогія: агуркі-падарожнікі

Асаблівай увагі заслугоўвае кулінарнае ноу-хау, якое на асіповіцкім заводзе падаецца як «незвычайная тэхналогія». Узімку завод вырабляе марынаваныя агуркі-карнішоны. Гучыць па-беларуску. Аднак агуркі едуць з Індыі.

Салёныя агуркі ў якасці паўфабрыкату закупляюцца на другім канцы свету, затым праходзяць «спецыяльную апрацоўку» ў Асіповічах і ўрачыста закладваюцца ў банкі.

Гэта «хоць і звыкла многім беларускім кансервавым заводам», але ўсё ж дасягненне: кансервавы завод, які закупляе кансерваваную гародніну за мяжой, каб закансерваваць яе яшчэ раз.

Сацпакет як канкурэнтная перавага

Асобны гонар завода – клопат пра супрацоўнікаў. Паведамляецца, што «кіраўніцтва прадпрыемства супрацоўнічае з мясцовым хлебазаводам і штодня набывае свежую выпечку, каб работнікі маглі своечасова падсілкавацца падчас тэхнічнага перапынку».

Цяжка паверыць у тое, што калі пяць гадоў таму людзі беглі з завода ў пошуках заробку, то цяпер іх утрымлівае пах свежай здобы.

Далей усё будзе яшчэ лепш. Продаж прадукцыі насельніцтву ў розніцу «пакуль немагчымы», але плануецца адкрыць фірмовы магазін. Пакуль што пакупнікамі застаюцца школьныя сталовыя, бальніцы і сілавыя структуры. Гэта значыць тыя, у каго выбару асабліва няма.

Зрэшты, асіповіцкі кансервавы завод жывы і працуе. Гэта сама па сабе добрая навіна для аднаго з райцэнтраў, у якіх падобныя прадпрыемствы маюць уласцівасць не выжываць.

Фота раённай газеты.

Жыхар Чавускага раёна выпадкова выпіў антыфрыз, упаў у кому і памёр

Пенсіянер з Чавусаў зрабіў некалькі глыткоў антыфрызу і праз пяць дзён памёр.

69-гадовы жыхар Чавускага раёна падчас рамонту аўтамабіля выпадкова зрабіў некалькі глыткоў антыфрызу. Гэта адбылося ўвечары і мужчына не стаў адразу звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Раніцай яго стан рэзка пагоршыўся: з’явіліся болі ў жываце, дыхавіца, млоснасць і ваніты. Пенсіянера ў цяжкім стане шпіталізавалі ў бальніцу ў Магілёве. Нягледзячы на лячэнне, яго стан працягваў пагаршацца, і на пяты дзень ён памёр, знаходзячыся ў коме.

Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што смерць наступіла ад вострай нырачнай недастатковасці, выкліканай атручваннем этыленгліколем – атрутным рэчывам, якое знаходзіцца ў складзе антыфрызаў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Студэнт з Магілёўскай вобласці прадаваў неіснуючыя білеты

Шкода ад дзеянняў студэнта з Магілёўскай вобласці, які прадаваў “лішнія білеты”, склала 10 тысяч рублёў.

У Магілёўскай вобласці расследуюць крымінальную справу аб серыі інтэрнэт-махлярстваў. Фігурантам яе стаў 19-гадовы навучэнец аднаго з каледжаў Магілёўшчыны.

Паводле дадзеных следства, з красавіка 2025 года па студзень 2026-га ён знаходзіў на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы людзей, якія шукалі білеты на хакейныя матчы, канцэрты, спектаклі і цыркавыя прадстаўленні. Прадстаўляючыся перакупшчыкам, навучэнец пераносіў зносіны ў Viber або Telegram і прасіў перадаплату.

Атрымаўшы грошы на картку, малады чалавек пераставаў выходзіць на сувязь. На дадзены момант устаноўлена каля 70 пацярпелых, агульная шкода склала каля 10 тысяч рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

На Магілёўшчыне з-за снегу на пуцях затрымліваліся цягнікі

Гэтай зімой снег і наледзь на пуцях прыводзілі да затрымкі руху цягнікоў у Магілёўскай вобласці.
Праблема нечышчаных чыгуначных пуцей аказалася настолькі сур’ёзнай, што прыцягнула ўвагу абласной пракуратуры. Вінаватыя, канешне ж, былі знойдзены.
“Часта адказныя асобы не прымалі як арганізацыйныя, так і практычныя меры па своечасовым выдаленні снегу з чыгуначных пуцей і пераездаў, не забяспечвалі пагрузку і вываз валаў снегу, якія не толькі абмяжоўвалі бачнасць для машыністаў, але і спрыялі яго навальванню на пуцях” – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Акрамя таго, шмат разоў было так, што нават пры пільнай патрэбе не выходзіла снегаўборачная тэхніка з-за непрадастаўлення прычапных лакаматываў. Ну а нечышчаныя пераходы і пасадачныя платформы станавіліся прычынай траўм людзей.
“У выніку з-за неправядзення адказнымі службамі Магілёўскага аддзялення БЧ неабходных мерапрыемстваў узніклі выпадкі адмоў у працы тэхнічных сродкаў чыгуначнага транспарту, а гэта, у сваю чаргу, прывяло да затрымкі цягнікоў” – канстатуе пракуратура.
Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці

У Крычаве пачалі выпускаць цэмент для мастоў

Пакуль у Бабруйску спрабуюць прадухіліць абвал моста, у Крычаве выпусцілі новы від цэменту – якраз для мастоў.

Новы від цэменту запусціла ў вытворчасць ААТ «Крычаўцэментнашыфер».

Ён прызначаны спецыяльна для вырабу канструкцый, якія працуюць ва ўмовах павышаных нагрузак: апор мастоў, пралётных будынкаў і іншых элементаў транспартных збудаванняў.

Спецыялісты завода заяўляюць, што “гэта падзея адкрывае перад нашым прадпрыемствам новыя гарызонты для экспарту і ўдзелу беларускіх будаўнічых матэрыялаў у праектах расійскага федэральнага значэння па развіцці транспартных калідораў”.

Пакуль на Магілёўшчыне спрабуюць вырашыць праблему транспартных калідораў Расіі, айчынныя транспартныя калідоры перажываюць не найлепшыя часы.

Непадалёк, у Бабруйску, улады спрабуюць прадухіліць абвал моста 1972 года пабудовы.

Тут ужо нічога не зробіш: лукашэнкаўскія ўлады любяць даваць мудрыя парады ўсяму свету і настолькі занятыя асветай іншых, што зусім забываюць пра тое, што адбываецца ў іх пад носам.

Фота крычаўскай раённай газеты.

Шэраг аўташкол на Магілёўшчыне спынілі працу пасля пракурорскай праверкі

У пятнаццаці аўташколах Магілёўшчыны пракуратура знайшла недахопы пры навучанні вадзіцеляў аўтамабіляў.

Органы сертыфікацыі прынялі рашэнні аб спыненні дзеянняў сертыфікатаў адпаведнасці на аказанне паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў у трох аўташколах Бабруйска і Магілёва, а таксама ў адной аўташколе Клімавіцкага раёна ў частцы навучання ваджэнню на грузавых аўтамабілях.

Акрамя таго, прыпынена дзеянне выдадзеных сертыфікатаў у дачыненні да 11 аўташкол вобласці да ліквідацыі імі парушэнняў заканадаўства. Гэта ўсё адбылося пасля пракурорскай праверкі і вынясення адпаведнага прадстаўлення.

Паводле пракуратуры, выяўленыя парушэнні не спрыялі належнаму навучанню грамадзян, атрыманню імі паўнавартасных ведаў і навыкаў кіравання.

Асноўнымі прычынамі прыпынення дзейнасці сталі: неадпаведнасць вучэбных планаў падрыхтоўкі вадзіцеляў; парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу, звязаныя з неправядзеннем практычных заняткаў і адсутнасцю неабходнага абсталявання для тэарэтычных заняткаў; неналежны стан матэрыяльна‑тэхнічнай базы, у тым ліку аўтадромаў і транспартных сродкаў.

Так, у адной з прыватных аўташкол Магілёва пракуроры выявілі парушэнні арганізацыі навучальнага працэсу, недахоп абсталявання і неадпаведнасць грамадзянска-прававых дагавораў на аказанне паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў патрабаванням заканадаўства. Пасля ліквідацыі кіраўніцтвам аўташколы недахопаў у працы дзеянне сертыфіката было адноўлена.

Аналагічным чынам пасля прывядзення ў адпаведнасць стану аўтадрома і транспартных сродкаў адноўлена дзеянне сертыфіката прыватнай аўташколы ў Бабруйску.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскія следчыя злавілі мінчука на шматкротным кватэрным махлярстве

На ўлоўкі мінскага кватэрнага махляра павяліся дваццаць чалавек, якіх ён падмануў на пяць тысяч рублёў.

Ва УСК па Магілёўскай вобласці расследавалі крымінальную справу ў дачыненні да жыхара Мінска, якога абвінавачваюць у серыі кватэрных махлярстваў.

Паводле матэрыялаў справы, летам 2025 года мужчына размясціў на адной з папулярных інтэрнэт-пляцовак аб’яву пра здачу пакояў у сваёй кватэры ў Мінску. У чэрвені і ліпені на прапанову адгукнуліся 20 чалавек, якія шукалі жыллё для арэнды.

Падчас анлайн-камунікацыі «патэнцыйны арэндадаўца» для пераканаўчасці дасылаў фотаздымкі свайго пашпарта, дакументы на права ўласнасці на кватэру, а таксама план жылля. Пасля гэтага ён прапаноўваў унесці папярэднюю аплату за арэнду яшчэ да заключэння дамовы найму, і грошы трэба было перавесці на яго банкаўскую карту.

Атрымаўшы сродкі, мужчына, калі надыходзіў узгоднены тэрмін засялення, пачынаў пераносіць сустрэчу пад рознымі падставамі. Ён спасылаўся то на лячэнне ў бальніцы, то на іншыя абставіны. У выніку ніводзін з пацярпелых так і не атрымаў ані жылля, ані вяртання грошай.

Такім чынам хітры мінчук завалодаў грашыма пацярпелых на агульную суму каля 5 тысяч рублёў.

Як высветліла следства, мужчына з самага пачатку не меў намеру выконваць узятыя на сябе абавязанні. Большасць кліентаў ён планаваў «заселіць» у адзін і той жа час, пры гэтым сам знаходзіўся ў іншым горадзе.

Адметна, што ў 2023 і 2024 гадах ён ужо быў асуджаны за аналагічныя злачынствы, звязаныя з той жа кватэрай.

Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу аб махлярстве. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

Фотаздымак: Генеральная пракуратура РБ