Маладых спецыялістаў Магілёўшчыны пазбаўлялі льгот

Прафсаюзы выявілі сістэмную недаплату маладым спецыялістам у Магілёўскай вобласці.

У арганізацыях Магілёўскай вобласці выяўлена сістэмная памылка ў разліку заробкаў маладым спецыялістам – з-за яе работнікі недаатрымлівалі сотні рублёў.

Праблему выявіла прававая інспекцыя працы Беларускага прафсаюза лесу і прыродакарыстання падчас маніторынгу выканання працоўнага заканадаўства. Гаворка ідзе пра няправільнае прымяненне стандартнага падатковага выліку, які належыць маладым спецыялістам не толькі на перыяд абавязковай адпрацоўкі, але і можа захоўвацца да сямі гадоў з моманту працаўладкавання.

Высветлілася, што некаторыя наймальнікі спынялі прадастаўленне льготы адразу пасля заканчэння размеркавання, парушаючы нормы Падатковага кодэкса.

Пасля ўмяшання прафсаюза ў шэрагу арганізацый правялі пераразлік. Работнікам вярнулі ад 360 да 800 рублёў.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Ляснічы з Магілёўскай вобласці краў лес

Ляснічы ў Магілёўскай вобласці прадаваў дзелавую драўніну як дровы і браў хабар.

У Магілёўскай вобласці выкрыта схема незаконнай нарыхтоўкі і продажу драўніны: ляснічы адпускаў каштоўную дзелавую драўніну пад выглядам дроў і атрымліваў за гэта хабар. Парушэнні выявілі спецыялісты Камітэта дзяржкантролю і фінансавых расследаванняў.

Па дадзеных праверкі, ляснічы дзейнічаў у інтарэсах камерцыйных структур: даваў падначаленым указанні на незаконныя рубкі і афармляў фіктыўныя дакументы, каб схаваць махінацыі. Акрамя таго, ён спісваў гаруча-змазачныя матэрыялы, частку якіх затым прадаваў, а таксама рэалізаваў драўніну прыватнай асобе без афармлення дакументаў, прысвоіўшы грошы.

У дачыненні да ляснічага ўзбуджаны крымінальныя справы па некалькіх артыкулах, уключаючы атрыманне хабару, перавышэнне паўнамоцтваў, крадзеж і прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Слаўгарадская ідылія: няма ні дарог, ні сапожніка

Слаўгарадскія ўлады даведаліся пра балючыя месцы вёскі. Месцы засталіся тымі ж, што і трыццаць гадоў таму.

У вёсцы Новая Слабада Слаўгарадскага раёна прайшоў сельскі сход, дзе жыхары і ўлады ў чарговы раз абмеркавалі тое, што гадамі не змяняецца: дарогі, пустазелле і старыя дрэвы, якія ніяк не спілоўваюцца. Размова атрымалася «прадметнай», але спіс праблем гучаў да болю знаёма.

Вяскоўцы паскардзіліся на разбітую дарогу, па якой дабрацца да суседніх населеных пунктаў можна хутчэй па памяці, чым па пакрыцці. 

Не лепшая сітуацыя і з участкамі, што зарастаюць пустазеллем, а сухастой тым часам ператвараецца ў патэнцыйную пагрозу пажараў. Старыя дрэвы таксама трымаюць інтрыгу: упадуць ці пачакаюць наступнай непагадзі.

На гэтым змрочным фоне дробнай выглядала яшчэ адна праблема: у горадзе няма сапожніка. Пры тым, што пры такіх дарогах попыт на яго паслугі, здавалася б, павінен быць стабільна высокім. Аднак жадаючых заняць вакансію пакуль не знайшлося, нягледзячы на шматлікія меры падтрымкі.

Фота районной газеты.

Магілёўшчына на другім месцы ў краіне па зборы макулатуры

Магілёўская вобласць летась выйшла на другое месца па зборы макулатуры на чалавека. Наперадзе толькі сталіца.

Як сведчыць тэлеграм-канал “Цэль 99”, лепшыя па зборы адходаў паперы і кардона на душу насельніцтва: 1. горад Мінск – 69,9 кг/чал. 2. Магілёўская вобласць – 49,2 кг/чал. 3. Віцебская вобласць – 47,8 кг/чал.

Усяго з 2025 год жыхары Беларусі адправілі на перапрацоўку 446,65 тыс. тон паперы і кардона. “Гэта значыць, што ўдалося выратаваць ад высечкі больш за 8 мільёнаў дрэў – велізарны лясны масіў, супастаўны з плошчай некалькіх запаведнікаў”, – сцвярджае экалагічны тэлеграм-канал.

Паводле яго, у сярэднім кожны жыхар краіны здаў на перапрацоўку прыкладна 49 кг макулатуры, што блізка да паказчыка Магілёўскай вобласці.

Агулам больш за ўсіх за год сабралі ў Мінску – 139,56 тыс. тон.

Фотаздымак: ТГ “Цэль”

Судовых выканаўцаў вучылі выяўляць у сябе “экстрэмізм”

Навучальны занятак па выяўленні сярод судовых выканаўцаў “экстрэмізма і тэрарызма” прайшоў ва ўпраўленні прымусовага выканання Магілёўскай вобласці.

Пошукам “ворагаў народа” сярод сваіх калег вучылі прыйшоўшыя ва ўпраленне прадстаўнікі Следчага камітэта і сумнавядомага ГУБАЗіКа. На іх мове, гэта быў занятак па прафілактыцы і супрацьдзеянню экстрэмізма і тэрарызма. Праўда, сутнасць была зусім іншая – паляванне на ведзьм. 

“З мэтай фарміравання ўстойлівай жыццёвай пазіцыі і недапушчэння супрацьпраўных паводзін у калектыве праведзена дадатковы навучальны занятак на тэму прафілактыкі падобных праяў” – гаворыцца ў паведамленні блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала.

Паколькі занятак быў дадатковы, то напрошваецца вывад, што, відаць, дрэнна шукаюць выканаўцы сярод калег экстрэмістаў і тэрарыстаў. А яны, па логіцы арганізатараў такога навучання, павінны быць. І тое, што пакуль не знайшлі, сведчыць толькі аб нядбайных пошуках.

Магчыма, у хуткім часе мы даведаемся аб тым, каго сярод судовых выканаўцаў прызначаць на ролю ахвярнага казла для ГУБАЗіКа.

Фотаздымак: ТГ “Шосты рэгіён”

На Магілёўшчыне самы нізкі сярэдні заробак у Беларусі

Па выніках студзеня 2026 года ў Магілёўскай вобласці быў самы меншы сярэдні заробак, сведчаць даныя Белстату.

Паводле дзяржаўных статыстаў, сярэдні заробак ў Беларусі за першы месяц 2026 года дасягнуў узроўню 2 757,1 руб. Найбольш у сярэднім зараблялі ў Мінску – на тысячу больш, чым па краіне – 3 747,8 руб. 

Рэгіёнам з найменшым сярэднім заробкам з’яўляецца Магілёўская вобласць. Тут гэты паказчык значна ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі – 2 271,9 руб. 

У межах Магілёўшчыны больш за ўсё ў сярэднім зарабляюць у Магілёўскім раёне ( 2 621,3 руб.), Магілёве (2 472,1 руб.) і Асіповіцкім раёне (2 285,1 руб.).

А самая нізкая сярэдняя зарплата ў Мсціслаўскім раёне (1 861,5 руб.), Краснапольскім (1 898,1 руб.) і Слаўгарадскім (1 917 руб.).

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Лукашэнка прыехаў ратаваць Дрыбін. Каровамі

Аляксандр Лукашэнка асабіста прыбыў у Дрыбінскі раён. Не з праверкай прамысловых гігантаў – іх тут няма. Не адкрываць школу – навошта яна пры шасці вучнях на настаўніка. Выратавальнік вёскі прыехаў глядзець на кароў герэфордскай пароды – з імі звязаны ўсе мары і спадзяванні Лукашэнкі на адраджэнне Дрыбіншчыны.

Рэгіён мары

Магілёўская вобласць – асаблівае месца. Рэгіён стабільна трымаецца ў аўтсайдарах амаль па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках: ад заробкаў да сельскагаспадарчай вытворчасці і экспарту. Яна генеруе найменш валавога рэгіянальнага прадукту – усяго 7,4 працэнта ад агульнанацыянальнага аб’ёму, і падушавы паказчык тут таксама самы нізкі. Віцебская і Магілёўская вобласці стабільна замыкаюць зарплатны рэйтынг краіны.

І гэта – радзіма Лукашэнкі. Чалавека, які кіруе краінай з 1994 года.

За гэты час насельніцтва Магілёўшчыны скарацілася на 7,5 працэнта – больш чым удвая хутчэй, чым у цэлым па краіне. Людзі галасуюць нагамі – і сыходзяць у напрамку, супрацьлеглым Дрыбіну.

А Дрыбінскі раён – гэта канцэнтрат усяго магілёўскага ў кубе. Колькасць насельніцтва складае 9 190 чалавек. Раённы цэнтр – гарадскі пасёлак, вялікая вёска прыкладна на тры тысячы душ. Размешчаны ў 64 кіламетрах ад Магілёва, у дзесяці – ад чыгуначнай станцыі з гаваркой назвай «Цёмны Лес».

Гістарычна галоўны промысел тут – выраб валёнак.

Зялёнае святло для рагатых

Вялікі эканаміст агледзеў племзавод, дзе разводзяць герэфордаў – мясную пароду жывёлы з «мармуровым» мясам і «спакойным норавам».

Жывёлы, мяркуючы па апісанні, паводзілі сябе спакайней, чым беларускія выбаршчыкі ўзору 2020 года.

Лукашэнка падзяліўся думкамі: такімі тэмпамі – пад 18 працэнтаў рэнтабельнасці – і пры такім попыце не займацца гэтым – гэта злачынства.

Злачынствам, відавочна, з’яўляецца адмова ад развядзення кароў. Іншыя віды злачынстваў чалавека, на якога падаюць у Міжнародны суд, не цікавяць.

Лукашэнка паабяцаў «зялёную вуліцу» праекту, заклікаў укласціся ў раён, падкрэсліў неабходнасць «жалезнай дысцыпліны» і «дакладнага разліку».

Прагучала нават прапанова далучыць да Дрыбінскага яшчэ «кавалак Шклоўскага» раёна. Гэта, безумоўна, гістарычнае рашэнне.

Перспектыва

Планы, як заўсёды, грандыёзныя і як заўсёды невыканальныя: пагалоўе племянной жывёлы, якое цяпер складае каля 5 тысяч галоў, да 2030 года будзе пашырана да 10 тысяч. Падваенне за пяцігодку. Удвая больш кароў у рэгіёне, адкуль удвая хутчэй з’язджаюць людзі – элегантны дэмаграфічны баланс.

На развітанне Лукашэнку падарылі цельную карову. Жыхары Дрыбінскага раёна, назіраючы за гэтай сцэнай, магчыма, адчулі лёгкую зайздрасць да рагулі.

Фота БелТА.

У калгасах Магілёўшчыны ў цэлым усё добра, а паасобку – дрэнна

Падрыхтоўка да бітвы за пасяўную ў Магілёўскай вобласці па традыцыі вядзецца з дапамогай прыпісак.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці паведаміў, што ў цэлым сельскагаспадарчыя арганізацыі рэгіёна актыўна рыхтуюцца да вясновых палявых работ: рамантуюць тэхніку і назапашваюць угнаенні і насенне.

Аднак праверкі паказалі, што дабрабытная карціна ў справаздачах не заўсёды супадае з рэальнасцю. У шэрагу гаспадарак тэхніка на пачатак сакавіка заставалася ў рамонце. Напрыклад, у адной з гаспадарак Быхаўскага раёна былі не гатовыя два з пяці энерганасычаных трактароў, а таксама сеялкі і культыватар.

Пры гэтым некаторыя прадпрыемствы прыпісваюць гатоўнасць тэхнікі ў справаздачнасці. Так, у гаспадарцы Чэрыкаўскага раёна паводле дакументаў тэхніка ўжо была гатовая выйсці ў палі, хаця фактычна ў рамонце знаходзіліся пасяўны агрэгат, культыватар і сеялка.

Праблемы выяўлены і з падрыхтоўкай да пасяўной: у асобных гаспадарках павольна назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні, а насення сельскагаспадарчых культур не хапае. Менш за ўсё насення на пачатак сакавіка было ў гаспадарках Быхаўскага, Мсціслаўскага і Глускага раёнаў.

Калі не спрабаваць рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, то ўсё выглядае прасцей за пару на рэпе: тут не адрамантавалі, там не назапасілі, яшчэ дзесьці прыпісалі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Лепшыя гарады Магілёўскай вобласці – Шклоў, Чэрыкаў і Бялынічы

Падведзены вынікі года добраўпарадкавання ў Беларусі. Адпаведную пастанову падпісаў Турчын. На Магілёўшчыне ёсць пераможцы.

Сярод лепшых раёнаў краіны адзначаны Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці – ён стаў пераможцам у сваёй катэгорыі.

Тут ужо, як у беларускім хакеі – каманда-пераможца вядомая на трыццаць гадоў наперад.Таксама ў ліку пераможцаў рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання апынуліся два населеныя пункты Магілёўскай вобласці.

У катэгорыі гарадоў з насельніцтвам да 10 тысяч жыхароў найлепшымі прызнаны Чэрыкаў і Бялынічы.

Усяго па выніках года добраўпарадкавання вызначаны лепшая вобласць – Гомельская, сем раёнаў – па адным у кожнай вобласці і Мінску – а таксама 15 населеных пунктаў у розных катэгорыях.

Пераможцы агляду традыцыйна ўзнагароджваюцца пераходнымі вымпеламі і грашовымі прэміямі з рэспубліканскага бюджэту.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Каровы шклоўскага аграхолдынга «Купалаўскі» зноў чакаюць сустрэчы з Лукашэнкам

КДК выявіў шматлікія парушэнні пры зімова-стойлавым утрыманні жывёлы ў Магілёўскай вобласці.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці падвёў вынікі праверак утрымання жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях рэгіёна.

У 2026 годзе праверкі прайшлі ў 91 сельскагаспадарчай арганізацыі і на 113 жывёлагадоўчых аб’ектах.

Парушана ўсё, што можна было парушыць. Спіс уражвае:

  • занавожанасць жывёлагадоўчых памяшканняў і несвоечасовая ачыстка ферм;
  • нездавальняючы стан дахаў жывёлагадоўчых будынкаў;
  • няспраўнасці сістэм напавання і стойлавага абсталявання;
  • неналежнае захоўванне травяных кармоў;
  • адсутнасць належнага ветэрынарнага суправаджэння;
  • парушэнні санітарных патрабаванняў на фермах;
  • несвоечасовае правядзенне рамонтных работ на аб’ектах.

Асабліва вызначыліся гаспадаркі Глускага раёна – ААТ «Глускі райаграпрамтэхснаб» і ААТ «Эксперыментальная база «Глуск».

Зрэшты і ў іншых раёнах таксама не ўсё гладка. Парушэнні выяўлены:

  • у ААТ «Любінічы-Агра» і ААТ «Новагародзішчанскае» аграхолдынга «Купалаўскае» (Шклоўскі раён);
  • у КСУП «Палашкова» (Клімавіцкі раён);
  • у ААТ «Племянны завод «Ціманава» (Клімавіцкі раён).

Звяртаем увагу, што аграхолдынг «Купалаўскае» здабыў сабе кіслую славу яшчэ падчас знакамітай сустрэчы Лукашэнкі з аб…ранымі каровамі.

Падобна, з часам там нічога не змяняецца, як і ва ўсім “узорна-паказальным” Шклоўскім раёне.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.