Дзень у гісторыі. 26 сакавіка. Егіпецкі каляндар. Прэм’ера оперы «Усяслаў Чарадзей»

4241 год да нашай эры. Увядзенне ў Егіпце календара з годам у 365 дзён.

Ужо ў XLIII ст. да н.э. жыхары Дэльты ўстанавілі год у 365 дзён і ўвялі ў 4241 годзе да н. э. каляндарны год такой даўжыні, які пачынаўся ў дзень, калі ўзыход Сірыўса супадаў з усходам сонца на шыраце Паўднёвай Дэльты, з летнім сонцастаяннем і папярэднічаў разліву Ніла.

Год у егіпцян ужо тады складаўся з 365,25 сутак. Аднак у даўжыню свайго года егіпцянамі быў пакладзены цэлы лік дзён – 365. 

Такім чынам, за кожныя 4 гады сезонныя з’явы адставалі ад календара на 1 суткі. Пры адсутнасці высакосных гадоў Новы год праходзіў за 1460 (365×4) гадоў усе сезоны і вяртаўся на пачатковую дату. Перыяд у 1460 гадоў зваўся сотычным перыядам, цыклам, ці Вялікім годам Соціса.

Год дзяліўся на 3 сезоны па 4 месяцы кожны: Час паводкі – ахет – з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны лістапада, Час ўсходаў – пярэць – з сярэдзіны лістапада да сярэдзіны сакавіка, Час засухі – шыму  – з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны ліпеня.

Трэба нагадаць, што старажытны славянскі каляндар таксама меў толькі тры сезоны: вясну, лета і зіму: “Колькі лет, колькі зім!”, “Ад вясны да вясны”. Восень (“пад сень лета”) з’явілася значна пазней.

У 25 годзе да н.э.  устаноўлены Александрыйскі каляндар, сінхранізаваны з юліянскім календаром. Ён захаваў ранейшыя назвы месяцаў, а кожны чацвёрты, высакосны год у канцы дабаўляўся адзін дзень. Да старажытнаегіпецкага календара ўзыходзяць копцкі і эфіёпскі календары, якія да гэтага часу прымяняюцца мясцовымі цэрквамі. Структура егіпецкага календара была запазычаная французскім рэвалюцыйным календаром.

каляндар

1923 год. У Маскве скончыўся працэс над клерыкаламі-«антысаветчыкамі».

Магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп Ян Цепляк (1857–1926) разам з петраградскім К. Буткевічам прыгавораны да смяротнага пакарання. 13 ксяндзоў атрымалі розныя тэрміны зняволення.

К. Буткевіч быў расстраляны, а пад напорам міжнароднай грамадскасці смяротны прысуд Цепляку быў заменены на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1924 годзе ён быў вызвалены з Бутырскай турмы і высланы ў Польшчу, адкуль пераехаў у Рым, затым у ЗША, дзе і памёр у 1926 годзе.

Ян Цепляк у 1908–1917 гадах быў кіраўніком Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ян Цепляк

1932 год. Памёр Зігмунд Лазінскі (1870–1932).

Беларускі каталіцкі рэлігійны дзеяч, біскуп  мінскі (1918–1925) і пінскі (1925–1932).

Святар з 1895 года. Быў пробашчам кафедральнага сабора ў Мінску,  прафесарам Магілёўскай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, кіраўніком адноўленай Мінскай архідыяцэзіі (1917–1920), першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі (1925–1932).

У 1909-1911 гадах суправаджаў магілёўскага біскупа Яна Цепляка ў наведванні парафій Расійскай імперыі.

Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. Арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (пазней пераведзена ў Навагрудак, затым у Пінск).

У 1920 годзе арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь.

Зігмунд Лазінскі

1940 год. Нарадзіўся Міхаіл Касцюк.

Беларускі гісторык, акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар. Ганаровы архівіст Беларусі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Скончыў Гродзенскі педінстытут.

З 1969 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР (дырэктар у 1989–1999 гадах), Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Займаўся даследаваннем сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Вывучаў гісторыю дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, пытанні ўсталявання і функцыянавання савецкай сістэмы ўлады, праблемы гістарыяграфіі, крыніцазнаўства.

Аўтар звыш 300 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій.

З’яўляўся галоўным рэдактарам «Нарысаў гісторыі Беларусi», «Гісторыі Беларусi» ў 6-ці тамах.

Памёр 5 лютага 2019 года.

Міхаіл Касцюк

1942 год. Нарадзіўся Іван Арабейка.

Беларускі паэт.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут.

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам», «Асенні ранак». Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка за кнігу вершаў «Сказаць хачу».

Яго вершы друкаваліся ў перакладах на рускую, ўкраінскую і грузінскую мовы.

Ягоная ўнучка Яна Арабейка была арыштаваная 12 лістапада 2020 года ў межах крымінальнай справы разам з 10 іншымі актывістамі студэнцкага руху ў рамках справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Прызнаная палітычнай зняволенай.

Іван Арабейка

1944 год. У Мінску ў гарадскім тэатры адбылася прэм’ера оперы «Усяслаў Чарадзей» М. Шчаглова-Куліковіча на вершы Н. Арсенневай.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969) – вядомы беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, вдзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы
Тэатр оперы і балета

1958 год. Заснавана Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН.

Беларусь з’яўляецца заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і беларуская дэлегацыя ў ліку іншых дэлегацый, якія прадстаўляюць першапачатковых членаў Арганізацыі, падпісала ў кастрычніку 1945 года ў Сан-Францыска Статут ААН.

Прыняцце Беларусі ў ствараемую глабальную арганізацыю стала прызнаннем міжнароднай супольнасцю ўкладу, які ўнёс беларускі народ у перамогу над фашызмам у Другой сусветнай вайне.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі адкрылася ў 1992 годзе.

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН

1960 год. Нарадзіўся Віктар Шніп.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў у часопісе «Беларусь», газетах «Наша слова» і «Літаратура і мастацтва», намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

Аўтар каля 30 кніг паэзіі і прозы, суаўтар многіх зборнікаў, зборніка казак «Нявеста для Базыля».

Пісаў тэксты для рок-гуртоў, бардаў, эстрадных выканаўцаў.

Віктар Шніп
Віктар Шніп і яго жонка, Людміла Рублеўская

1988 год. У Варшаве ўтвораны заснавальніцкі камітэт Беларускага Аб’яднання Студэнтаў (БАС) у Польшчы.

БАС – беларуская грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культурнай, асветнай, выдавецкай, турысцкай дзейнасцю.

БАС быў зарэгістраваны 29 лістапада 1988, 17 снежня 1988 года адбыўся першы з’езд. Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША.

На лясной паляне Борык каля мястэчка Гарадок Беластоцкага павета з 1990 да 2019 год БАС праводзіў штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

«Крама»
Выступ гурта «Крама» на «Басовішчы-2007»

1988 год. Нарадзіўся Франак Вячорка.

Беларускі грамадзкі дзеяч, журналіст, палітык. Палітычны дарадца С. Ціханоўскай. Сын Вінцука Вячоркі.

Кіраваў укладаннем некалькіх музычных праектаў, каардынаваў праект па дубляваньні замежных фільмаў на беларускую мову, у межах якога былі перакладзеныя «Шрэк 2», «Шрэк 3», «Крымінальнае чытво», «Любоў насамрэч».

Аўтар кнігі «Падарожны Дапаможнік для беларусаў», адзін з ініцыятараў кампаніі «Народны журналіст», вядучы курсаў беларускай мовы «Мова ці кава».

Супрацоўнічаў з Радыё Рацыя, Радыё Свабода, БелаПАН, каардынаваў прасоўванне тэлеканалу Белсат, працаваў у Агенцтве ЗША па глабальных медыях у Вашынгтоне, выкладае ў Еўрапейскім каледжы ў Варшаве, удзельнічаў у праектах дакументальных фільмаў, кінаспектакляў, фільмаў.

Франак Вячорка

1989 год. Упершыню на альтэрнатыўнай аснове ў СССР адбыліся выбары народных дэпутатаў.

Сярод абраных ад БССР (усяго больш за 20) – пісьменнік Алесь Адамовіч (1927–1994), дзяцінства і юнацтва якога прайшла ў п. Глуша Бабруйскага раёна. У Глушы 9 лістапада 2019 года ўсталяваны помнік А. Адамовічу.

У дэпутаты ВС СССР балатаваўся і А. Лукашэнка, але прайграў В. Кебічу.

Алесь Адамовіч

1995 год. Пачынае дзейнічаць Шэнгенскае пагадненне.

Пагадненне аб скасаванні пашпартнага і мытнага кантролю шэрагу дзяржаў Еўрапейскага Саюза.

Першапачаткова падпісана 14 чэрвеня 1985 года пяццю еўрапейскімі дзяржавамі (Бельгіяй, Нідэрландамі, Люксембургам, Францыяй, Германіяй). Уступіла ў сілу 26 сакавіка 1995 і спыніла існаванне 1 мая 1999 года, замешчана Шэнгенскім заканадаўствам ЕС.

Сукупная тэрыторыя дзяржаў, якія цалкам ўжываюць Шэнгенскае заканадаўства, і ўдзельнікаў дэ-факта, за вылікам выняткаў складае так званую Шэнгенскую зону, гэта значыць, прастору, на якой перамяшчэнне людзей адбываецца максімальна бесперашкодна, без праводжанага на пастаяннай аснове пашпартнага кантролю.

На сёння ў Шэнгенскай зоне 29 краін.

У Магілёве сабака без намордніка пагрыз твар мужчыне

Паўгода “хатняй хіміі” атрымала магіляўчанка, чый сабака сваімі зубамі нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні 38-гадоваму мужчыне.

У Магілёве суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 57-гадовай жыхаркі горада, сабака якой напаў на выпадковага мінака і сур’ёзна яго параніў.

Інцыдэнт адбыўся ў жніўні 2025 года. Паводле матэрыялаў справы, 57-гадовая жанчына ўвечары ўжывала алкаголь дома, пасля чаго выпусціла свайго сабаку на вуліцу без намордніка і кантролю. Неўзабаве гаспадыня заснула, а пёс застаўся на двары без нагляду.

На вуліцы сабака-метыс, знешне падобны да стафардшырскага тэр’ера, напаў на 38-гадовага мужчыну. Укусы прыйшліся на твар і канечнасці.

Пасля здарэння жанчына, нічога не ведаючы пра здарэнне, забрала сабаку дадому. Пра тое, што яе гадаванец пакалечыў чалавека, яна даведалася ўжо ад супрацоўнікаў міліцыі.

Згодна з высновамі судова-медыцынскай экспертызы, пацярпелы атрымаў шматлікія траўмы: ірваныя раны твару, перадплечча і кісці, ступні, а таксама ссадзіны і кровападцёкі. Усяго эксперты зафіксавалі не менш за 27 раненняў.

Хоць частка пашкоджанняў была аднесена да лёгкіх, рубцы на твары патрабуюць хірургічнага ўмяшання. Менавіта гэта дазволіла кваліфікаваць траўмы як цяжкія цялесныя пашкоджанні з-за незгладжальнага знявечання твару.

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў жанчыну вінаватай у прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на шэсць месяцаў і прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Акрамя таго, суд абавязаў віноўніцу выплаціць пацярпеламу 15 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Фотаздымак: sobakovod.club

Магілёўскія “дэпутаты” звярталіся да савета пры савеце і давалі парады

Магілёўскія дэпутаты і ідэолагі спрабуюць заручыцца падтрымкай моладзі.

У магілёўскім аблвыканкаме прайшла сустрэча на тэму ролі моладзі ў развіцці самакіравання. 

Галоўнымі спікерамі былі “дэпутат-сенатар” Аляксандр Гарошкін, ідэолаг-прапагандыст Алег Пішчанка і рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро – вучоны, які піша навуковыя працы ў суаўтарстве то ці з сваякамі, то ці з аднафамільцамі.

Спікеры звярталі свае прамовы да моладзевага “савета” пры “савеце рэспублікі”. Ключавую заяву зрабіў Аляксандр Гарошкін. Паводле яго слоў, пасля падзей 2020 года быў праведзены сур’ёзны аналіз: мы забыліся пра такі аспект, як выхаванне маладых людзей, і ў выніку ледзь не страцілі нашу краіну. Калі б не кіраўнік дзяржавы, сілавы блок і свядомая частка насельніцтва, маглі б адбыцца непапраўныя наступствы.

Судзячы па ўсім, пад непапраўнымі наступствамі Гарошкін меў на ўвазе тое, што дэпутатаў у Беларусі сталі б абіраць, а не прызначаць па спісе.

У гэтым выпадку і сам Гарошкін, і Пішчанка, і Жудро маглі б многа страціць. Праўда не краіну, а ўсяго толькі мандаты і цёплыя месцы ў мутных структурах па “развіцці і росквіце”.

Фота “Могилевские ведомости”.

МАРГ прыкрыла магілёўскую сетку “Перекресток” за парушэнні

У магілёўскіх крамах сеткі “Перекресток” выяўлены шматлікія парушэнні. У выніку закрылі ўсю сетку.

У лютым-сакавіку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правяло выбарачную праверку ТАА «РольфТрэйд», уладальніка сеткі крам «Перекресток». Выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў.

У прыватнасці:

  • ва ўсіх 13 правераных аб’ектах забаронена рэалізацыя пратэрмінаваных тавараў на агульную суму каля 5,5 тысячы рублёў;
  • у аддзеле «Уласная вытворчасць» крамы «Перекресток Авеню» (вуліца Якубоўскага, дом 44) забаронена рэалізацыя 75 кілаграмаў гатовых кулінарных вырабаў з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці на суму больш за 2 тысячы рублёў;
  • прадухілена паступленне ў гэты ж аддзел больш за 70 кілаграмаў прадукцыі, перамаркіраванай «свежай датай», фактычна вырабленай напярэдадні і ўжо меўшай тэрмін прыдатнасці ад 12 да 24 гадзін.

Сярод выяўленай прадукцыі – кураня, галёнкі грыль, лаваш з мясам птушкі, бліны з вяндлінай і сырам, бульба фры, рыбныя катлеты, галубцы, а таксама дранікі, булгур з гароднінай, салянка, катлета «Папараць-кветка» і іншыя.

Прыкметна, што праверка гандлёвай сеткі працягваецца ўжо другі месяц, але парушэнні працягваюць дапускацца.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю з 24 сакавіка 2026 года прыпыніла дзейнасць прадпрыемства.

У 2023-2025 гадах таварыства з абмежаванай адказнасцю «РольфТрэйд» шэсць разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя парушэнні.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Герой дома – грузчык у Польшчы. Або таксіст

Ёсць адна распаўсюджаная памылка, пра якую чамусьці не прынята гаварыць уголас. Многія беларусы едуць у Польшчу з адчуваннем, што іх там чакаюць. Што ўдзел у пратэстах, тэрмін у магілёўскім СІЗА, крымінальная справа за рэпост – усё гэта будзе ацэнена і ўзнагароджана. Што польская дзяржава адкрые дзверы і скажа: мы ведаем, што вы перажылі, мы вам дапаможам.

Збольшага гэта праўда. Але толькі збольшага. Так, ёсць міжнародная абарона – і гэта рэальная і важная рэч. Так, ёсць інтэграцыйная праграма IPI з выплатамі на першы год.

Не пенсія, не зарплата

Так, польская дзяржава ставіцца да беларусаў з разуменнем і спачуваннем. Гэта не пустыя словы.

Ёсць і іншае. Беларускія арганізацыі, фонды, зборы. BySol і іншыя структуры дапамагаюць тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій – былым палітвязням, журналістам, актывістам. Але гэта разавыя выплаты. Гэта не пенсія і не зарплата. Гэта дапамога на старце, а не на ўсё жыццё.

Польская дзяржава не плаціць беларусам за тое, што яны змагаліся з Лукашэнкам. Гэта не цынізм – гэта проста рэальнасць. Польшча прыняла сотні тысяч людзей. У яе няма рэсурсаў утрымліваць усіх, хто ўдзельнічаў у пратэстах. Ды і задача ў дзяржавы іншая – дапамагчы чалавеку інтэгравацца, а не кампенсаваць яму тое, што адбылося на Радзіме.

Пачынаць з нуля

Цяпер пра другую памылку – пра прафесію. Возьмем не грузчыка – возьмем вядомага пісьменніка. Магілёўца. Чалавека з імем. Кнігі перакладзены, публікацыі ў сур’ёзных выданнях, старонка ў энцыклапедыі. Вядомасць не толькі на постсавецкай прасторы – шырэй. Такі чалавек таксама з’ехаў. Таксама апынуўся ў Польшчы.

І што? Польскі чытач яго не ведае, хаця адна кніга выдавалася і ў Польшчы. Усе рэгаліі, усе публікацыі, усе інтэрв’ю – засталіся там, у іншым жыцці. У Польшчы ён пачынае з нуля. Як усе.

Гэта не значыць, што ўсё страчана. Можна перакваліфікавацца – але застацца ў сваёй нішы. Пісьменнік можа стаць копірайтарам. Журналіст – кантэнт-менеджарам. Рэдактар – карэктарам для рускамоўных выданняў дыяспары. Навыкі нікуды не зніклі – змяніўся рынак, на якім іх можна прымяніць.

Ёсць перавага

І тут ёсць адна рэальная перавага Польшчы: тут няма праблем з атрыманнем аплаты з любой кропкі свету.

Еўрапейскі банкаўскі рахунак, нармальныя пераводы, ніякіх санкцыйных абмежаванняў. Фрылансер, копірайтар, распрацоўшчык, дызайнер – працаваць можна на ўвесь свет і атрымліваць грошы без праблем.

Калі ў Магілёве ты быў грузчыкам – у Польшчы ты таксама пачнеш з фізічнай працы. Калі быў бухгалтарам – дыплом трэба пацвярджаць, мову трэба вучыць. Польшча не размяркоўвае пасады паводле заслуг перад беларускай дэмакратыяй. Тут працуе рынак працы. Звычайны, без скідак на баявую біяграфію.

Гэта гучыць жорстка. Але лепш ведаць пра гэта да ад’езду, чым сутыкнуцца з гэтым па прыездзе.

Тыя, хто прыязджае з рэалістычнымі чаканнямі, уладкоўваюцца хутчэй. Яны не трацяць час на крыўды і расчараванні. Яны адразу ідуць шукаць працу, вучыць мову, разбірацца ў сістэме. Праз год-два многія з іх ужо стаяць на нагах.

Тыя, хто чакае асаблівага стаўлення за асаблівыя заслугі, чакаюць доўга. І часта дарэмна.

Польшча дае шанец. Добры шанец. Але рэалізаваць яго трэба самому.

Вы магілёвец і ў вас ёсць свая гісторыя з эміграцыі? Пішыце на [email protected]. Мы раскажам пра вас на ўмовах ананімнасці.

На магілёўскай Плошчы Славы зноў мяняюць тратуарную плітку

Тратуарная плітка, якую кладуць у Магілёве, вызначаецца сваёй выключнай недаўгавечнасцю.

За мінулыя гады вялікі аб’ём пліткі на Плошчы Славы прыйшоў у непрыдатнасць – дзе-нідзе яна паламалася на кавалкі. Пры гэтым папярэдні капітальны рамонт плошчы праводзіўся падчас падрыхтоўкі да святкавання 750-годдзя Магілёва, гэта значыць на працягу 2016-2018 гадоў. 

Разам з тым, гэтая плітка не з’яўляецца бетоннай, а менавіта гранітнай. Згодна з ТКП 45-03.02-6-2005 і 7-2005, пакрыццё з тратуарных пліт павінны забяспечваць даўгавечнасць і захаванне эксплуатацыйных характарыстык. Заўчаснае разбурэнне сведчыць аб парушэнні тэхналогіі праектавання або ўкладкі. У дадзеным выпадку мы бачым якраз такое парушэнне, з-за чаго плітка на Плошчы Славы аказалася недаўгавечная.

Фотаздымак: magilev.by

Прыпынак каля магілёўскага аўтавакзала стаў больш бяспечным

У Магілёве каля аўтавакзала змянілі схему руху: што трэба ўлічваць.

На вуліцы Ленінскай у раёне аўтавакзала ў Магілёве скарэктавалі арганізацыю дарожнага руху.

Такія меры накіраваны на павышэнне бяспекі, а таксама на прадухіленне парушэнняў, звязаных з прыпынкам і стаянкай транспарту.

На гэтым участку прыпынак грамадскага транспарту цяпер фізічна аддзялілі ад агульнага транспартнага патоку.

Фота: скрыншот тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Магілёўцы ў эміграцыі: тры лёсы, тры светы – ад Нью-Ёрка да Гаваяў

Лёсы магілёўцаў, якія сталі знакамітасцямі далёка за межамі Беларусі.
Гісторыя Магілёва – гэта не толькі лакальная памяць, але і біяграфіі людзей, якія з’ехалі і рэалізаваліся далёка за межамі роднага горада і сваёй краіны.
У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя Магілёў стаў пачатковой кропкай для многіх, хто шукаў магчымасці, свабоду або проста шанец на новае жыццё. Сярод іх – музыкант Мадэст Альтшулер, рэлігійны лідар Джозеф Лукштэйн і рэвалюцыянер Мікалай Судзілоўскі. Іх лёсы склаліся па-рознаму, але аб’ядноўвае адно: сапраўдны маштаб іх жыцця выявіўся менавіта ў эміграцыі.

Мадэст Альтшулер: музыка, якая з’ехала ў Амерыку

Мадэст Альтшулер нарадзіўся ў Магілёве ў 1873 годзе ў яўрэйскай сям’і. Як і многія таленавітыя маладыя людзі таго часу, ён рана зразумеў: для развіцця ў музыцы патрэбны іншыя цэнтры – буйныя гарады, сцэны, аўдыторыі. Ужо ў юнацтве ён пакінуў родны горад, а ў 1893 годзе эміграваў у ЗША.
Менавіта Амерыка стала для яго прасторай рэалізацыі. У Нью-Ёрку Альтшулер зрабіў тое, што наўрад ці было б магчыма ў Магілёве – ён стварыў Russian Symphony Orchestra Society – аркестр, які стаў важным правадніком усходнееўрапейскай музыкі на Захадзе.
Гэта быў не проста калектыў, а культурны мост. Праз яго амерыканская публіка ўпершыню знаёмілася з творамі кампазітараў Усходняй Еўропы. Альтшулер дырыжыраваў канцэртамі ў Carnegie Hall – адной з галоўных сцэн свету. Менавіта там прагучалі творы, якія пазней сталі класікай.
Асаблівае месца ў яго біяграфіі займае супрацоўніцтва з Сяргеем Пракоф’евым. Альтшулер быў адным з тых, хто дапамагаў прасоўваць яго музыку ў ЗША. Гэта ўжо ўзровень не проста эмігранта, а фігуры, якая ўплывае на міжнародны культурны працэс.
Важна і тое, што Альтшулер не растварыўся ў новым асяроддзі. Ён заставаўся носьбітам культурнай традыцыі, якую прывёз з сабой. Яго дзейнасць – прыклад таго, як эміграцыя можа не толькі змяніць лёс чалавека, але і паўплываць на культурны абмен паміж краінамі.

Мадэст Альтшулер

Джозеф Лукштэйн: ад Магілёва да духоўнага лідарства ў ЗША

Джозеф Лукштэйн нарадзіўся ў Магілёве ў 1902 годзе. Яго дзяцінства прыйшлося на час перамен і нестабільнасці, і ўжо ў 1908 годзе яго сям’я эмігравала ў Злучаныя Штаты. Гэта была тыповая гісторыя для многіх яўрэйскіх сем’яў таго часу – пошук бяспекі і будучыні за акіянам.
Аднак шлях Лукштэйна – гэта не проста адаптацыя ў эміграцыі, а імклівы рост.
Ён атрымаў адукацыю ў ЗША і хутка стаў прыкметнай фігурай у рэлігійным жыцці амерыканскага яўрэйства. У далейшым ён узначаліў адну з найбуйнейшых артадаксальных абшчын Нью-Ёрка.
Але яго ўплыў не абмяжоўваўся адной абшчынай. Лукштэйн стаў адным з ключавых лідараў артадаксальнага іўдаізму ў ЗША. Ён удзельнічаў у фарміраванні адукацыйных і рэлігійных інстытутаў, а таксама актыўна падтрымліваў развіццё яўрэйскай адукацыі.
Асобна варта адзначыць яго сувязь з Ізраілем. Лукштэйн быў прэзідэнтам універсітэта Бар-Ілан – аднаго з найважнейшых рэлігійных універсітэтаў краіны. Гэта ўжо ўзровень міжнароднага ўплыву: чалавек, народжаны ў Магілёве, удзельнічаў у фарміраванні інтэлектуальнага і духоўнага асяроддзя адразу ў некалькіх краінах.
Яго біяграфія – гэта прыклад класічнай эмігранцкай гісторыі, дзе поспех дасягаецца праз адукацыю і лідарства. У адрозненне ад Альтшулера, ён не працаваў з мастацтвам, але яго ўклад у грамадскае і рэлігійнае жыццё аказаўся не менш значным.

Джозэф Лукштэйн
Джозэф Лукштэйн у цэнтры, з трыма палосамі на рукаве

 

Мікалай Судзілоўскі: рэвалюцыянер, урач і прэзідэнт сената

Калі лёсы Альтшулера і Лукштэйна можна назваць лагічнымі і паслядоўнымі, то біяграфія Мікалая Судзілоўскага – гэта амаль прыгодніцкі раман.
Ён нарадзіўся ў Магілёве ў 1850 годзе. З юнацтва быў уцягнуты ў рэвалюцыйны рух, што ў выніку прымусіла яго пакінуць Расійскую імперыю. Яго эміграцыя была палітычнай – вымушанай, але менавіта яна вызначыла ўсё яго далейшае жыццё.
Судзілоўскі жыў у розных краінах Еўропы, затым перабраўся ў ЗША, а пазней – на Гаваі. Там яго лёс зрабіў нечаканы паварот: ён стаў урачом, грамадскім дзеячам і, у выніку, першым прэзідэнтам сената Гаваяў.
Гэта ўнікальны выпадак: чалавек, народжаны ў Магілёве, апынуўся ў цэнтры палітычнага жыцця рэгіёна, які сам перажываў складаныя трансфармацыі. Судзілоўскі актыўна выступаў за правы мясцовага насельніцтва і ўдзельнічаў у грамадскіх працэсах, якія мелі значэнне для будучыні Гаваяў.
Пры гэтым ён не страціў сваёй рэвалюцыйнай энергіі. Яго дзейнасць спалучала медыцыну, палітыку і ідэалогію. Гэта было жыццё на стыку розных светаў – еўрапейскага, амерыканскага і ціхаакіянскага.
Судзілоўскі – прыклад таго, як эміграцыя можа цалкам змяніць траекторыю жыцця. З звычайнага горада – у глабальную палітычную гісторыю.

Судзілоўскі

Агульная лінія: Магілёў як кропка старту

Гісторыі гэтых трох людзей розныя па маштабе, сферы дзейнасці і асабістых абставінах. Але ў іх ёсць агульная логіка.

Магілёў у канцы XIX стагоддзя, пачатку XX стагоддзя не мог даць тых магчымасцяў, якія адкрываліся ў Нью-Ёрку, Еўропе або нават на Гаваях. Таму для многіх таленавітых і амбіцыйных людзей адзіным шляхам станавіўся ад’езд.
Альтшулер знайшоў сябе ў музыцы і стаў пасярэднікам паміж культурамі. Лукштэйн – у рэлігійнай і адукацыйнай сферы, сфарміраваўшы ўплыў на міжнародным узроўні. Судзілоўскі – у палітыцы і грамадскім жыцці, прайшоўшы шлях, які цяжка было б уявіць без эміграцыі.
Менавіта за межамі роднага горада яны сталі тымі, кім мы іх ведаем сёння.

Памяць без прысутнасці

Ні адзін з гэтых людзей не звязаны з Магілёвам у сваім сталым жыцці. Іх кар’еры, дасягненні і ўплыў фарміраваліся далёка ад горада, дзе яны з’явіліся на свет..
Але гэта не робіць іх менш «магілёўскімі». Хутчэй наадварот – падкрэслівае, наколькі шырокай можа быць геаграфія адной біяграфіі.
Рубрыка «Магілёўцы ў эміграцыі» – гэта не толькі пра ад’езд, пра расстанне з Радзімай. Гэта пра маштаб. Пра тое, як людзі, якія пачалі шлях у адным месцы, становяцца часткай гісторыі зусім іншых краін.
І ў гэтым сэнсе Альтшулер, Лукштэйн і Судзілоўскі – тры розныя, але вельмі дакладныя адказы на пытанне: што можа адбыцца з магілёўцамі, калі яны з’язджаюць.

Ёсць што сказаць пра жыццё магілёўцаў у эміграцыі? Прапануйце свае гісторыі пра знакамітых ураджэнцаў Магілёва і Магілёўскай вобласці. Пішыце на [email protected]. Мы з задавальненнем іх апублікуем.

Фота з адкрытых крыніц.

У Магілёве спрабуюць змагацца з кадравым голадам з дапамогай нейрасетак

У Магілёве з’явіўся хаб па навучанні выкарыстання штучнага інтэлекту на прадпрыемствах.

У абласным цэнтры лічаць, што знайшлі новы спосаб змагацца з кадравым голадам – навучыць працаваць не людзей, а нейрасеткі. Для гэтага ў абласным цэнтры запусцілі пілотны хаб, які павінен «падцягнуць» мясцовыя прадпрыемствы да ўзроўню сучасных тэхналогій, піша Белта.

Праект рэалізуюць пры ўдзеле ААН і Міністэрства эканомікі Беларусі, а фінансуецца ён, як водзіцца, знешнімі партнёрамі. Мэта амбіцыйная: да 2030 года 70% арганізацый у рэгіёне павінны асвоіць штучны інтэлект, вялікія даныя і іншыя модныя словы з прэзентацый.

Сам хаб выглядае сур’ёзна: тут і цэнтр «Індустрыі 4.0» на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, і цэлая лічбавая платформа «Тэхнапарк 4.0», якая аб’ядноўвае віртуальны тэхнапарк, маркетплэйс і адукацыйную пляцоўку.

Як адзначыў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец, раней усе захапляліся трэндамі, а цяпер прыйшло разуменне, што лічбавізацыя патрэбна «для выніку». Што менавіта лічыць вынікам – пытанне пакуль адкрытае.

Пакуль жа ў Магілёве заклалі «фундамент» і запусцілі інструменты. Цяпер, па словах чыноўнікаў, справа за кіраўнікамі, навукоўцамі і студэнтамі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

КДК выявіў чарговы “распіл” бюджэтных сродкаў у Магілёве

Зноў «асвойвалі»: у Магілёве на дарожным прадпрыемстве знайшлі парушэнняў амаль на 1,5 мільёна рублёў.

У Магілёўскай вобласці зноў выявілі знаёмую схему: бюджэтныя грошы нібыта трацяцца, але з нюансамі. На гэты раз Камітэт дзяржкантролю прыйшоў з праверкай на адно з дарожна-будаўнічых прадпрыемстваў – і знайшоў цэлы букет парушэнняў.

Паводле дадзеных КДК, кошт будаўніча-мантажных работ быў завышаны амаль на 1 мільён рублёў. Але гэта толькі частка карціны.

Праверка таксама выявіла:

  • нявыплату ў бюджэт больш за 400 тысяч рублёў за рэалізаваныя зваротныя матэрыялы;
  • незаконнае атрыманне звыш 130 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў;
  • недаплату кампенсацый пры распрацоўцы пясчанага кар’ера – больш за 150 тысяч рублёў.

У суме – класічны набор, які ў Беларусі пяшчотна называюць «парушэннямі», хоць па факце гаворка ідзе пра цалкам канкрэтныя фінансавыя страты для бюджэту.

Асобна адзначаецца, што пасля ўмяшання КДК прадпрыемства «аптымізавала праектныя рашэнні» больш чым на паўмільёна рублёў. Звычайна гэта азначае, што грошы раптам можна было траціць больш эканомна.

Па выніках рэвізіі ў бюджэт удалося вярнуць больш за 1,5 мільёна рублёў. Падобныя праверкі ў рэгіёне адбываюцца рэгулярна і кожны раз паказваюць адно і тое ж: бюджэтныя сродкі знаходзяць спосаб «пашырацца» ў патрэбны бок, пакуль у працэс не ўмяшаецца кантрольны орган. І так да наступнай праверкі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.