Новы віток канфлікту – на паседжанні крычаўскага райвыканкама разносілі дзейнасць мсціслаўскага райпо

На пасяджэнні крычаўскага райвыканкама былі разгледжаны пытанні аб абслугоўванні насельніцтва Крычаўскага раёна мсціслаўскім спажывецкім таварыствам. Вынікі працы гандлёвага прадпрыемства былі прызнаны незадавальняючымі.  

Ужо неаднойчы mogilev.media пісалі пра канфлікт, які ўзнік паміж прадстаўнікамі мсціслаўскага спажывецкага таварыства і крычаўскімі чыноўнікамі. Разгарэўся ён яшчэ напачатку года з-за таго, што прадстаўнікі райпо хацелі зачыніць краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, аб чым пісалі mogilev.media. 

Аднак крычаўскія чыноўнікі і мясцовыя жыхары краму адстаялі. Працягам канфліктнай сітуацыі стаў рэйд старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова і старшыны раённага Савета дэпутатаў Ірыны Пруднікавай у вясковую краму аргагарадка Касцюшкавічы, пра што таксама паведамлялі mogilev.media. Тады галоўныя крычаўскія чыноўнікі засталіся назадаволеныя працай гандлёвай кропкі мсціслаўскага райпо.

Поўны разнос

На гэты раз адбыўся новы віток канфліктнай сітуацыі, а менавіта – прылюдны разнос працы мсціслаўскага райпо на паседжанні крычаўскага райвыканкама. 

На ім начальнік аддзела эканоміі крычаўскага райвыканкама Таццяна Барзенкова адзначыла, што мсціслаўскае райпо не выконвае паказчыкаў па росту тавараабароту. Больш за тое, па яе дадзеных знізілася і ўдзельная вага спажывецкага таварыства ў тавараабароце раёна і складае менш за 7 працэнтаў. 

Па меркаванню крычаўскіх чыноўнікаў прычына зніжэння тавараабарота ў тым, што не выконваецца асартыментны пералік, выяўляюцца пратэрмінаваныя прадукты, прычым такая сітуацыя як ў стацыянарных крамах, так і аўталаўцы. 

Выявілася, што ў мясцовай санітарнай службы таксама шмат пытанняў да мсціслаўскага райпо наконт упарадкавання саміх аўталавак, дзе неаднаразова фіксавалі бруд і гармідар. 

Пазіцыя кіраўніка крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова наконт гэтай сітуацыі аналагічная: з-за абуральных і сістэмных парушэнняў знікае давер пакупнікоў, пагэтаму тавараабарот і паменшыўся. Больш за тое, Седукоў катэгарычна выказаўся наконт запісу тавараў “на вексель”, загадаўшы такую практыку выкараніць, а таксама працягнуць рэжым працы крамаў на перыяд уборачнай кампаніі і праводзіць маніторынгі сельскіх крамаў толькі пры ўдзеле прадстаўнікоў сельвыканкамаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Старшыня райсавета Ірына Пруднікава, якая непасрэдна ўдзельнічала ў разбурэнні крычаўскага райпо і вінаватая ў сённяшніх праблемах раённага гандлю, выказалася наконт таго, што павінны задавальняцца патрэбы пакупнікоў пажылога ўзросту, якія часта жывуць у аддаленых вёсках. 

Акрамя таго, на паседжанні прагучала прапанова адкрыць райспажыўтаварыству ў Крычаве краму прамысловай групы тавараў, дзе б жыхары маглі набыць і адзенне, і абутак, і бытавую тэхніку. У сваю чаргу прадстаўнік мсціслаўскага райпо, выслухаўшы ўсё крытыку крычаўскіх чыноўнікаў, запэўніў іх, што парадак на гандлёвых аб’ектах будзе наведзены.  

Ад рэдакцыі. Частка высокіх прамоваў галоўных крычаўскіх чыноўнікаў былі выключна папулізмам без сувязі з рэальнасцю, хоць некаторыя правільныя ацэнкі і рацыянальныя прапановы былі. Што з агучанага і прапанаванага будзе здзейснена пакажа толькі час і далейшае вырашэнне праблематыкі крычаўскіх раённых крамаў, што належаць да мсціслаўскага райпо. 

Падобна на тое, што мсціслаўскае райпо сапраўды неадказна ставіцца да сваіх пакупнікоў Крычаўскага раёна і сістэмна парушае розныя паказчыкі, але канфлікт перарос ледзь не на ўзровень асабістага, калі ідзе незадавальненне ўсім, што робяць прадстаўнікі мсціслаўскага райспажыўтаварыства. Гэта абурэнне дзейнасцю райпо кожны раз транслюе крычаўская раённая газета.  

Таксама варта адзначыць, што няма інфармацыі пра спробы прыцягнення прыватнага бізнэсу для вырашэння пытанняў, звязаных ў забеспячэннем насельніцтва на сяле ў Крычаўскім раёне.

Фота ілюстрацыйнае

Унікальная святая крынічка пад Крычавам стала месцам адпачынку з алкаголем, шашлыкамі і гучнай музыкай

Апісанне крыніцы вядома з канца XVIII стагоддзя ў гістарычнай працы “Апісанне Крычаўскага графства” (1786), што з’яўляецца першай згадкай пра культ святых крыніц на беларускіх землях. Цяпер прылеглая тэрыторыя да крыніцы – месца адпачынку.

Некалі шанаваная вясковая святыня пад назвай Святы калодзеж або Святая крыніца цяпер – зонай адпачынку. Парадаксальна і супярэчліва спалучаецца назва “Святая крыніца” (яна пазначана на шыльдзе, што паказвае напрамак да воднага аб’екта) і цяперашняга афіцыйнага статуса.

Прылеглая тэрыторыя да самой крыніцы ўключае некалькі альтанак для людзей, якія прыязджаюць сюды адпачыць. На шчасце, тут ёсць сметніцы з прыбіральнямі, каб людзі не загаджвалі тэрыторыю вакол воднага аб’екта.

Яшчэ літаральна пару год таму да крыніцы немагчыма было пад’ехаць на машыне ці на іншым транспартным сродку, бо пад’езд быў абмежаваны драўляным плотам. Гэта было разумнае рашэнне, каб захаваць экалогію крыніцы. Аднак сёння частка плота прыбрана і ўжо любая машына можа пад’ехаць да Святой крыніцы ўсутыч. Сама ж крыніца ўжо даўно накрыта жалезным купалам і вада з яе выцякае з трубы.

Побач з крыніцай знаходзіцца жалезны крыж, дзе да нядаўняга часу былі павязаны ручнікі.

Цяпер яны раптам пачалі вісець на драўлянай агарожды, дзе іх не павінна быць. Больш за тое, некаторыя з гэтых ручнікоў могуць аказацца аброкам, калі людзі просяць дапамогі ў вышэйшых сілаў і пакідаюць нешта з сваіх рэчаў (хустку або ручнік часцей за ўсё). Камусьці ж спатрэбілася іх перавесіць туды, дзе з імі можа здарыцца што заўгодна.

Некалькі неглыбокіх ям рознай велічыні зроблены на другім баку ад ручая, які выцякае з крыніцы, а ўсіх ямаў на адлегласці 20-30 метраў ад крыніцы можна налічыць з дзясятак. Натуральна, што вялікай небяспекі помніку экалогіі і гісторыі раскапаныя ямы не нанеслі, але тым не менш тарфяныя глебы немагчыма стварыць ці аднавіць штучным шляхам. І гэта таксама не можа не ўплываць на экалогію воднага аб’екта. 

А тым часам крынічка магла стаць месцам паломніцтва і часткай турыстычных маршрутаў, але замест гэтага тут альтанкі для адпачынку, часта з алкаголем і гучнай музыкай. Больш за тое, тут працягваецца савецкая традыцыя правядзення прафесіянальных святаў і разнастайных турыстычных злётаў (у тым ліку і школьнікаў).

Гісторыя ўнікалькай крыніцы пад Крычавам досыць сумная, бо колішняя вясковая святыня, якая была шырока вядома за межымі Крычаўшчыны, пацярпела аб савецкага ваяўнічага атэізму. Знешні выгляд стаў іншы і яна была моцна пашкоджана, нават ледзь не знішчана падчас меліарацыі і здабычы торфу ля Прудка.

На крыніцу апусцілі бетоннае кальцо, яе абнеслі меліярацыйным валам, а таксама праклалі трубы, па якіх павінна была цекчы вада. Больш за тое, быў знішчаны традыцыйны драўляны зруб, а крыніца, што была ў выглядзе невялічкага азярца, наогул спушчана падчас земляных работ. Гэта прывяло да таго, што цэлы культавы комплекс (крыніца, зруб, аброчны крыж), які раней быў даволі вядомым і шанаваным месцам, знешне вельмі моцна дэградаваў.

І цяпер належнага дагляду за крыніцай няма, хоць аб’ект культуры і экалогіі, які цудам захаваўся, уяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць рэгіёна.

Фота: mogilev.media

У Крычаўскім раёне на беразе ракі знайшлі ўкамплектаваную лодку, а гаспадара шукаюць

Гумовую лодку знайшлі супрацоўнікі Касцюковіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры правядзенні палявога мерапрыемства на тэрыторыі Крычаўскага раёна. Гэта адбылося паблізу вёскі Вародзькаў каля ракі Волчас. Была выяўлена лодка ў камплекце з адным сядзеннем, помпай і двума вёсламі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Знойдзеная маёмасць на дадзены момант знаходзіцца ў касцюковіцкай прыродаахоўнай інспекцыі да высвятлення сапраўднага гаспадара лодкі. Пакуль не зразумела, з чым звязана знікненне гаспадара – з няшчасным выпадкам, ці ўцёкамі, бо ў час нераста карыстанне лодкамі забаронена.

Фота ілюстрацыйнае

Падлетак у Крычаве скраў мотаблок, абмяняў на мапед, а яго таксама скралі

У Крычаўскім раёне адзін падлетак скраў матаблок, каб абмяняць на мапед, а неўзабаве яго знаёмыя скралі той жа самы мапед, каб пакатацца.

У вёсцы Песькавічы 17-гадовы падлетак, які і так чакаў адпраўкі ў спецустанову, улез у гараж мужчыны, які жыў па суседстве, каб выкрасці матаблок. Юны зламыснік планаваў памяняць яго на мапед.

Хлопец нейкім прадметам адамкнуў замок гаража суседа і скраў мотаблок. Аднак доўга цешыцца мапеду, на які ён вымяняў мотаблок, падлетку не прыйшлося, бо крадзёж раскрылі вельмі хутка. На цяперашні момант у дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу, ён узяты пад варту. Маёмасная шкода прычыненая гаспадару матаблока вызначана на суму ў 1000 рублёў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Аднак на гэтым гісторыя з крадзяжамі ў Песькавічах не скончылася. Праз некаторыя час тройка знаёмых сямнаццацігадовага злачынцы вырашыла пакатацца і скрала той самы мапед з гаража іншага мужчыны, на які іх агульны знаёмы абмяняў скрадзены матаблок.   

Скралі, а пасля пакацілі мапед да суседняй вёскі Беражыстае. Там паспрабавалі завесці, але мапед быў няспраўны. Хлопцы вырашылі закаціць яго пад бліжэйшыя кусты і сысці. Але і іх знайшлі. У адносінах да ўсіх трох узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Крычаўскі рыбак папаўся, здабыўшы толькі адну плотку

Паблізу вескі Наноскава Крычаўскага раёна мужчына на рацэ Асцёр здабываў рыбу забароненым спосабам: ён выкарыстоўваў дзве стаўныя лескавыя сеткі агульнай даўжынёй амаль сто метраў. І гэта рыбак рабіў у перыяд устаноўленых абмежаванняў і забарон пры аматарскім рыбалоўстве, пагэтаму патрапіўся на вочы Мсціслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Незаконная здабыча браканьера склала толькі адну асобіну плоткі. Складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а рыбака чакае судовае разбіральніцтва – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Пад Крычавам мужчына падпаліў дом з дзецьмі і жонкай

25-гадовы жыхар аграгарадка Чырвоная Буда ў п’яным стане пасварыўся з жонкай і паспрабаваў падпаліць дом. Ён асуджаны за пагрозу забойствам.

Мужчына са сваёй жонкай і двума малалетнімі дзецьмі быў дома ў той вечар у стане алкагольнага ап’янення. Апоўначы ў іх з жонкай узнікла сварка, і хлопец стаў пагражаць жонцы, што заб’е яе і падпаліць дом. У пацвярджэнне сваіх слоў ён выйшаў у веранду, сарваў са сцяны шпалеры і падпаліў іх. Пасля гэтага малады мужчына плюхнуў на падпаленыя шпалеры бензін з каністры. Уваходныя дзверы загарэліся і ў дом, дзе знаходзілася яго жонка і дзеці, паваліў чорны дым – паведамляе пра злачынства раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Жанчына замкнулася знутры на металічны кручок, а каб упусціць паветра ў дом, разбіла вокны ў пакоі. Потым мужчына пабаяўся, што спаліць дом і затушыў пажар. Пасля гэтага сышоў з дому. Пра здзейснены ўчынак ў міліцыю паведаміла сястра пацярпелай, таму хлопца хутка затрымалі. Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся аб сваім учынку, што стала змякчальнай акалічнасцю на судзе.

Была заведзена крымінальная справа, згодна якой маладога мужчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 1 год 6 месяцаў. Пры гэтым прызначэнае пакаранне не будзе прыведзена ў выкананне, калі на працягу года мужчына не здзейсніць новае злачынства, а таксама будзе пастаянна апавяшчаць аддзел міліцыі аб сваім месцазнаходжанні. 

Фота ілюстрацыйнае

Лес пад Крычавам масава высякаецца – пад банерам “Беражыце лес”

У двух кіламетрах ад Крычава масава высякаюцца розныя ўчасткі суцэльнага ляснога покрыва. Ліквідуюцца наступствы леташняга бурана.
Каля вёскі Прудок, што знаходзіцца недалёка ад Крычава, знікаюць вялікія кавалкі лясной прасторы. На розных участках спіленага лесу можна ўбачыць шмат складзеных у адно месца пнёў, разнастайнага галля, сучча ды ламачча.

Паабапал дарог знаходзяцца шэраг мясцінаў, дзе ляжыць нарыхтаваная драўніна.

Фота mogilev.media

Пад Крычавам ратавальнікі выявілі снарад часоў вайны

Снарад часоў Другой сусветнай вайны быў знойдзены паблізу вёскі Сакольнічы Крычаўскага раёна. Вайскоўцы яго ліквідавалі. 

Супрацоўнікі міліцыі адразу ачапілі месца знаходкі. Спачатку сюды прыбыў прадстаўнік крычаўскага ваеннага камісарыята, які вызначыў тып і калібр снарада – 125 мм.

Пасля была выклікана вайсковая группа 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады для размініравання небяспечнай знаходкі. Па прыбыцці дадзеная група праверыла мясцовасць у радыусе 50 метраў ад месца выяўлення снарада на глыбіню 30 сантыметраў з дапамогай мінашукальніка і шчупаў на наяўнасць іншых выбухованебяспечных прадметаў. На шчасце, дадаткова выяўлена нічога не было. Сам снарад быў вывезены вайсковай групай на падрыўную пляцоўку і знішчаны – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Фота ілюстратыўнае

Пад Крычавам агонь спаліў тры тысячы кубаметраў лесу

Пажар спынены ратавальнікамі, яшчэ 4,5 кубаметраў лесу ўратавана

Як паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на адкрытай пляцоўцы ўздоўж аўтамабільнай прасёлкавай дарогі каля вёскі Прыгаўка Крычаўскага раёна загарэўся штабель круглала леса памерам 6х200 м, вышыней 2-4 м.  

У выніку пажара пашкоджаны тры тысячы кубаметраў круглага лесу на плошчы 400 квадратных метраў. Яшчэ больш лесу супрацоўнікі міністэрства па надзвычайных справах і работнікі лясгаса змаглі ўратаваць, а менавіта 4,5 тысячы кубаметраў. 

Пацярпелых няма, прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае

Крычаўскі пенсіянер вырашыў уціхамірыць школьнікаў нажом і дубцом

Мужчына вырашыў, што падлеткі дужа перашкаджаюць яму адпачываць.

У лютым 2023 года, тры школьнікі ў адной з вёсак Крычаўскага раёна гулялі на вуліцы, размаўляючы на свае тэмы, што не спадабалася пенсіянеру побач. Два з іх былі яго суседзямі па доме, у якім ён арэндаваў кватэру. Мужчына палічыў, што хлопцы замінаюць ягонаму адпачынку. Доўга не думаючы, ён узяў палімерны прут, які раней выкарыстоўваў для выбівання дываноў, і адправіўся на разборкі. Ён наўмысна нанёс удары гэтым прутом па галаве двум школьнікам.

Пасля здарэння хлопцы ўцяклі ад крыўдзіцеля, правялі свайго таварыша да дома. Толькі вось вяртацца да сябе дадому ім прыйшлося тым жа самым маршрутам. Пенсіянер зноў выйшаў на вуліцу, але на гэты раз у яго руках, апроч палімернага дубца, быў яшчэ і нож. Прыкмеціўшы школьнікаў, ён зноў пачаў ім пагражаць. Падлеткі ўсё ж дабраліся дадому, а пенсіянер быў затрыманы.

Аказалася, што хуліганісты мужчына быў раней судзімы, працяглы час стаяў на ўліку ва ўрача-нарколага з рознымі медыцынскімі дыягназамі. Прычым апошняя судзімасць пенсіянера была якраз за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, за што ён быў асуджаны на 4 гады.

Цяпер яго чакае чарговая крымінальная справа за хуліганства – піша газета “Крычаўскае жыццё”, а гэта ад 3 да 10 год няволі.

Фота ілюстрацыйнае