мсціслаўскае райпо закрывае краму ў крычаўскім раёне

Нашла каса на камень – мсціслаўскае райпо закрывае краму ў крычаўскім раёне, крычаўскія чыноўнікі супраць

Мсціслаўскае спажывецкае таварыства хоча зачыніць сваю краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, мясцовыя жыхары і крычаўскае чынавенства ад такога рашэння не ў захапленні.

Вёска Ермакоўка на Крычаўшчыне налічвае паўсотні жыхароў. Тут пакуль працуе стацыянарная крама.  Нягледзячы на тое, што графік працы гандлёвай кропкі ўсяго тры гадзіны на дзень, яе наведваюць не толькі жыхары самой Ермакоўкі, але і сяляне з бліжэйшых населенных пунктаў. 

Тым не менш, прадстаўнікі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якому належыць магазін, прынялі рашэнне аб яго закрыцці. З гэтым не пагадзілася стараста вёскі Ермакоўка Надзея Ракоўская, якая паведаміла пра неадназначную сітуацыю свайму кіраўніцтву, а таксама стала збіраць подпісы мясцовых жыхароў супраць закрыцця вясковай крамы.

Канфліктная сітуацыя прывяла да сустрэчы насельніцтва вёскі з кіраўніцтвам Крычаўскага раёна і прадстаўнікамі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства. Прадстаўнік дэпутацкага корпуса Крычаўкага раёна Ірына Пруднікава на сустрэчы дакладна абазначыла пазіцыю: ні райвыканкам, ні раённы Савет дэпутатаў згоду на ліквідацыю гандлёвай кропкі не дадуць. У сваю чаргу, прадстаўнікі Мсціслаўскага райспажыўтаварыства патлумачылі, што давядуць пазіцыю да свайго кіраўніцтва.

Па меркаванні раённага кіраўніцтва вясковы гандаль не проста можа развівацца ў далейшым, але і павялічваць тавараабарот, бо сама крама размешчана на трасе, а гэта значыць, што шмат хто заязджае сюды.  Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Пруднікавай, хоць Ермакоўка аддаленая і ад раённага цэнтра, і ад аграгарадка Маляцічы, пазбавіць мясцовых жыхароў якаснага гандлёвага абслугоўвання  недапушчальна.

Тым не менш, пытанне з будучыняй сельскай гандлёвай кропкі застаецца незразумелым і цьмяным, а далейшы яе лёс будзе вызначацца ў бліжэйшы час.  Адзначым, што ў Ермакоўцы налічваецца 11 дзяцей. Больш за тое, у вёсцы жывуць дзве шматдзетныя сям’і, для якіх закрыццё вясковай крамы будзе досыць адчувальным.

Наш каментар.

Сітуацыя, пры якой раённая сетка крамаў Крычаўскага раёна перастала быць у ведамстве мясцовых уладаў склалася ў 2014 годзе. Менавіта тады, пры тагачасным старшыні Крычаўскага райвыканкама Васілі Сысоеве, было ліквідавана Крычаўскае раённае спажывецкае таварыства, а ўсе дзяржаўныя крамы перайшлі ў ведамства Мсціслаўскага раёна.  Што цікава, то менавіта ў гэтым годзе мясцовая чыноўніца Ірына Пруднікава стала старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ больш паказальна тое, што да высокай пасады раённага маштабу Пруднікава ўзначальвала сектар гандлю і паслуг аддзела эканомікі і мае непасрэднае дачыненне да ліквідацыі Крычаўскага РАЙПО. 

Фота ілюстрацыйнае