Новы віток канфлікту – на паседжанні крычаўскага райвыканкама разносілі дзейнасць мсціслаўскага райпо

На пасяджэнні крычаўскага райвыканкама былі разгледжаны пытанні аб абслугоўванні насельніцтва Крычаўскага раёна мсціслаўскім спажывецкім таварыствам. Вынікі працы гандлёвага прадпрыемства былі прызнаны незадавальняючымі.  

Ужо неаднойчы mogilev.media пісалі пра канфлікт, які ўзнік паміж прадстаўнікамі мсціслаўскага спажывецкага таварыства і крычаўскімі чыноўнікамі. Разгарэўся ён яшчэ напачатку года з-за таго, што прадстаўнікі райпо хацелі зачыніць краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, аб чым пісалі mogilev.media. 

Аднак крычаўскія чыноўнікі і мясцовыя жыхары краму адстаялі. Працягам канфліктнай сітуацыі стаў рэйд старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова і старшыны раённага Савета дэпутатаў Ірыны Пруднікавай у вясковую краму аргагарадка Касцюшкавічы, пра што таксама паведамлялі mogilev.media. Тады галоўныя крычаўскія чыноўнікі засталіся назадаволеныя працай гандлёвай кропкі мсціслаўскага райпо.

Поўны разнос

На гэты раз адбыўся новы віток канфліктнай сітуацыі, а менавіта – прылюдны разнос працы мсціслаўскага райпо на паседжанні крычаўскага райвыканкама. 

На ім начальнік аддзела эканоміі крычаўскага райвыканкама Таццяна Барзенкова адзначыла, што мсціслаўскае райпо не выконвае паказчыкаў па росту тавараабароту. Больш за тое, па яе дадзеных знізілася і ўдзельная вага спажывецкага таварыства ў тавараабароце раёна і складае менш за 7 працэнтаў. 

Па меркаванню крычаўскіх чыноўнікаў прычына зніжэння тавараабарота ў тым, што не выконваецца асартыментны пералік, выяўляюцца пратэрмінаваныя прадукты, прычым такая сітуацыя як ў стацыянарных крамах, так і аўталаўцы. 

Выявілася, што ў мясцовай санітарнай службы таксама шмат пытанняў да мсціслаўскага райпо наконт упарадкавання саміх аўталавак, дзе неаднаразова фіксавалі бруд і гармідар. 

Пазіцыя кіраўніка крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова наконт гэтай сітуацыі аналагічная: з-за абуральных і сістэмных парушэнняў знікае давер пакупнікоў, пагэтаму тавараабарот і паменшыўся. Больш за тое, Седукоў катэгарычна выказаўся наконт запісу тавараў “на вексель”, загадаўшы такую практыку выкараніць, а таксама працягнуць рэжым працы крамаў на перыяд уборачнай кампаніі і праводзіць маніторынгі сельскіх крамаў толькі пры ўдзеле прадстаўнікоў сельвыканкамаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Старшыня райсавета Ірына Пруднікава, якая непасрэдна ўдзельнічала ў разбурэнні крычаўскага райпо і вінаватая ў сённяшніх праблемах раённага гандлю, выказалася наконт таго, што павінны задавальняцца патрэбы пакупнікоў пажылога ўзросту, якія часта жывуць у аддаленых вёсках. 

Акрамя таго, на паседжанні прагучала прапанова адкрыць райспажыўтаварыству ў Крычаве краму прамысловай групы тавараў, дзе б жыхары маглі набыць і адзенне, і абутак, і бытавую тэхніку. У сваю чаргу прадстаўнік мсціслаўскага райпо, выслухаўшы ўсё крытыку крычаўскіх чыноўнікаў, запэўніў іх, што парадак на гандлёвых аб’ектах будзе наведзены.  

Ад рэдакцыі. Частка высокіх прамоваў галоўных крычаўскіх чыноўнікаў былі выключна папулізмам без сувязі з рэальнасцю, хоць некаторыя правільныя ацэнкі і рацыянальныя прапановы былі. Што з агучанага і прапанаванага будзе здзейснена пакажа толькі час і далейшае вырашэнне праблематыкі крычаўскіх раённых крамаў, што належаць да мсціслаўскага райпо. 

Падобна на тое, што мсціслаўскае райпо сапраўды неадказна ставіцца да сваіх пакупнікоў Крычаўскага раёна і сістэмна парушае розныя паказчыкі, але канфлікт перарос ледзь не на ўзровень асабістага, калі ідзе незадавальненне ўсім, што робяць прадстаўнікі мсціслаўскага райспажыўтаварыства. Гэта абурэнне дзейнасцю райпо кожны раз транслюе крычаўская раённая газета.  

Таксама варта адзначыць, што няма інфармацыі пра спробы прыцягнення прыватнага бізнэсу для вырашэння пытанняў, звязаных ў забеспячэннем насельніцтва на сяле ў Крычаўскім раёне.

Фота ілюстрацыйнае

Усяго два батоны на вёску – працяг блокбастэра паміж крычаўскімі чыноўнікамі і мсціслаўскім райпо

Крычаўскія чыноўнікі здзейснілі рэйд у краму аграгарадка Касцюшкавічы і не разабраліся, каму прад’яўляць прэтэнзіі.

Кафліктная сітуацыя паміж прадстаўнікамі мсціслаўскага спажывецкага таварыства і крычаўскімі чыноўнікамі разгарэлася яшчэ напачатку года, аб чым пісалі mogilev.media. Нагадаем, вясковыя крамы ў Крычаўскім раёне абслугоўвае спажывецкае таварыства з Мсціслава, і мясцовыя лічаць, што яно робіць гэта абы-як. 

У працяг зацяжнога канфлікту, у краму аграгарадка Касцюшкавічы, што знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Крычава, наведаліся старшыня Крычаўскага райвыканкама Андрэй Седукоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава – піша раёнка “Крычаўскае жыццё”. Нагодай для гэтага сталі скаргі на недахоп хлеба ў адзінай краме на ўвесь аграгарадок.

Калі кіраўніцтва Крычаўскага раёна завітала ў магазін, палічкі з хлебам аказаліся сапраўды амаль пустымі – на цэлую вёску засталося ўсяго два батоны за дзве гадзіны да закрыцця. Выпадкова тут жа ў краме аказалася прадстаўніца мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якая прэтэнзіі кіраўніцтва Крычаўскага раёна слухаць проста не стала, праігнараваўшы ўсе скаргі. 

Але скаргі былі і не зусім па адрасе – выявілася, што прадавачкі ў краме не паспелі загадзя замовіць дастаткова хлебу, бо былі занятыя пераўлікам. Прэтэнзіі да работніц магазіна былі яшчэ і з-за цэннікаў. Пад апельсінамі – піва “Баброў”, піва “Аліварыя”. 

Малака ў краме таксама аказалася небагата, але не зразумела, гэта віна ўсё тых жа прадавачак, што недастаткова замовілі прадукцыі, ці ўсё ж мсціслаўскага райпо. “Сігнал пацвердзіўся. Што зараз на гэта адкажа кіраўніцтва Мсціслаўскага райспажыўтаварыства? – заводзіць крычаўскіх чыноўнікаў раённая газета”. 

Адзіная канкрэтная прэтэнзія на адрас мсціслаўскага райпо, якую змаглі высунуць крычаўскія чыноўнікі заключалася ў тым, што спажывецкае таварыства настойліва прывозіць сюды і крычаўскі і чэрыкаўскі хлеб, у той час як жыхары нібыта прагнуць толькі крычаўскага, а хлеб з Чэрыкава так і застаецца на паліцах. Чакаем на працяг.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Нашла каса на камень – мсціслаўскае райпо закрывае краму ў крычаўскім раёне, крычаўскія чыноўнікі супраць

Мсціслаўскае спажывецкае таварыства хоча зачыніць сваю краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, мясцовыя жыхары і крычаўскае чынавенства ад такога рашэння не ў захапленні.

Вёска Ермакоўка на Крычаўшчыне налічвае паўсотні жыхароў. Тут пакуль працуе стацыянарная крама.  Нягледзячы на тое, што графік працы гандлёвай кропкі ўсяго тры гадзіны на дзень, яе наведваюць не толькі жыхары самой Ермакоўкі, але і сяляне з бліжэйшых населенных пунктаў. 

Тым не менш, прадстаўнікі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якому належыць магазін, прынялі рашэнне аб яго закрыцці. З гэтым не пагадзілася стараста вёскі Ермакоўка Надзея Ракоўская, якая паведаміла пра неадназначную сітуацыю свайму кіраўніцтву, а таксама стала збіраць подпісы мясцовых жыхароў супраць закрыцця вясковай крамы.

Канфліктная сітуацыя прывяла да сустрэчы насельніцтва вёскі з кіраўніцтвам Крычаўскага раёна і прадстаўнікамі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства. Прадстаўнік дэпутацкага корпуса Крычаўкага раёна Ірына Пруднікава на сустрэчы дакладна абазначыла пазіцыю: ні райвыканкам, ні раённы Савет дэпутатаў згоду на ліквідацыю гандлёвай кропкі не дадуць. У сваю чаргу, прадстаўнікі Мсціслаўскага райспажыўтаварыства патлумачылі, што давядуць пазіцыю да свайго кіраўніцтва.

Па меркаванні раённага кіраўніцтва вясковы гандаль не проста можа развівацца ў далейшым, але і павялічваць тавараабарот, бо сама крама размешчана на трасе, а гэта значыць, што шмат хто заязджае сюды.  Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Пруднікавай, хоць Ермакоўка аддаленая і ад раённага цэнтра, і ад аграгарадка Маляцічы, пазбавіць мясцовых жыхароў якаснага гандлёвага абслугоўвання  недапушчальна.

Тым не менш, пытанне з будучыняй сельскай гандлёвай кропкі застаецца незразумелым і цьмяным, а далейшы яе лёс будзе вызначацца ў бліжэйшы час.  Адзначым, што ў Ермакоўцы налічваецца 11 дзяцей. Больш за тое, у вёсцы жывуць дзве шматдзетныя сям’і, для якіх закрыццё вясковай крамы будзе досыць адчувальным.

Наш каментар.

Сітуацыя, пры якой раённая сетка крамаў Крычаўскага раёна перастала быць у ведамстве мясцовых уладаў склалася ў 2014 годзе. Менавіта тады, пры тагачасным старшыні Крычаўскага райвыканкама Васілі Сысоеве, было ліквідавана Крычаўскае раённае спажывецкае таварыства, а ўсе дзяржаўныя крамы перайшлі ў ведамства Мсціслаўскага раёна.  Што цікава, то менавіта ў гэтым годзе мясцовая чыноўніца Ірына Пруднікава стала старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ больш паказальна тое, што да высокай пасады раённага маштабу Пруднікава ўзначальвала сектар гандлю і паслуг аддзела эканомікі і мае непасрэднае дачыненне да ліквідацыі Крычаўскага РАЙПО. 

Фота ілюстрацыйнае