працяг блокбастэра паміж крычаўскімі чыноўнікамі і мсціслаўскім райпо

Усяго два батоны на вёску – працяг блокбастэра паміж крычаўскімі чыноўнікамі і мсціслаўскім райпо

Крычаўскія чыноўнікі здзейснілі рэйд у краму аграгарадка Касцюшкавічы і не разабраліся, каму прад’яўляць прэтэнзіі.

Кафліктная сітуацыя паміж прадстаўнікамі мсціслаўскага спажывецкага таварыства і крычаўскімі чыноўнікамі разгарэлася яшчэ напачатку года, аб чым пісалі mogilev.media. Нагадаем, вясковыя крамы ў Крычаўскім раёне абслугоўвае спажывецкае таварыства з Мсціслава, і мясцовыя лічаць, што яно робіць гэта абы-як. 

У працяг зацяжнога канфлікту, у краму аграгарадка Касцюшкавічы, што знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Крычава, наведаліся старшыня Крычаўскага райвыканкама Андрэй Седукоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава – піша раёнка “Крычаўскае жыццё”. Нагодай для гэтага сталі скаргі на недахоп хлеба ў адзінай краме на ўвесь аграгарадок.

Калі кіраўніцтва Крычаўскага раёна завітала ў магазін, палічкі з хлебам аказаліся сапраўды амаль пустымі – на цэлую вёску засталося ўсяго два батоны за дзве гадзіны да закрыцця. Выпадкова тут жа ў краме аказалася прадстаўніца мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якая прэтэнзіі кіраўніцтва Крычаўскага раёна слухаць проста не стала, праігнараваўшы ўсе скаргі. 

Але скаргі былі і не зусім па адрасе – выявілася, што прадавачкі ў краме не паспелі загадзя замовіць дастаткова хлебу, бо былі занятыя пераўлікам. Прэтэнзіі да работніц магазіна былі яшчэ і з-за цэннікаў. Пад апельсінамі – піва “Баброў”, піва “Аліварыя”. 

Малака ў краме таксама аказалася небагата, але не зразумела, гэта віна ўсё тых жа прадавачак, што недастаткова замовілі прадукцыі, ці ўсё ж мсціслаўскага райпо. “Сігнал пацвердзіўся. Што зараз на гэта адкажа кіраўніцтва Мсціслаўскага райспажыўтаварыства? – заводзіць крычаўскіх чыноўнікаў раённая газета”. 

Адзіная канкрэтная прэтэнзія на адрас мсціслаўскага райпо, якую змаглі высунуць крычаўскія чыноўнікі заключалася ў тым, што спажывецкае таварыства настойліва прывозіць сюды і крычаўскі і чэрыкаўскі хлеб, у той час як жыхары нібыта прагнуць толькі крычаўскага, а хлеб з Чэрыкава так і застаецца на паліцах. Чакаем на працяг.

Фота: “Крычаўскае жыццё”