Мужчына патануў у балоцістай мясцовасці пад Касцюковічамі

Позна вечарам 5 верасня ў балоцістай мясцовасці каля вёскі Зоеўка Касцюковіцкага раёна было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння. Ён нідзе на працаваў – удакладняе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

345 літраў афарбаванага дызпаліва і 20 літраў гербіцыду канфіскавана ў жыхара Касцюковіцкага раёна

13 каністраў з 240 літрамі дызельнага паліва, схаваных на агародзе, знайшлі праваахоўнікі ў 65-гадовага жыхара Касцюковіцкага раёна – паведамляе прэс-служба МУС.

Яшчэ 105 літраў афарбаванага паліва былі ў паліўных баках двух трактароў, якія належаць мужчыне. Таксама ў яго было знойдзена 20-літровая каністра з неселектыўным гербіцыдам. Міліцыянты высветлілі, што дызпаліва і ядахімікаты ён скупляў у працоўных сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

За крадзеж ядахімікатаў у дачыненні да фігуранта і работніка сельгаспрадпрыемства, які рэалізаваў яму гербіцыд, следчымі ўзбуджана крымінальная справа. Па фактах незаконнага набыцця, захоўвання і рэалізацыі афарбаванага дызельнага паліва праводзіцца праверка.

Фота: МУС

Пажар у Касцюковічах – паявіліся падрабязнасці. Выратавалі 13 чалавек, адну дзяўчынку рэанімавалі

Прэс-служба МНС распавяла падрабязнасці пажару ў Касцюковічах, пра які пісалі mogilev.media. На момант узгарання ў кватэры знаходзіліся маці шматдзетнай сям’і 1996 года нараджэння і дзве дачкі. Усяго ў сям’і пяцёра дзяцей, два хлопчыкі гасцявалі ў гэты дзень у бабулі а адна дзяўчынка гуляла на вуліцы. Бацька быў на працы.

Як толькі гаспадыня дома заўважыла задымленне, яна пачала грукаць у дзверы суседзяў з крыкамі пра дапамогу. Адзін з суседзяў, Андрэй Мірынкоў увайшоў у абнятую дымам кватэру і пачуў плач 2-месячнай Евы. Дзяўчынку ён вынес на свежае паветра, але вярнуцца за яшчэ адной дзяўчынкай ужо не змог – настолькі моцны стаяў дым.

Другую дзяўчынку, што заставалася ў кватэры на момант пажару, 2017 года нараджэння знайшлі ратавальнікі. Непрытомную, яе вынеслі з кватэры і праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы да прыезду медыкаў. Таксама супрацоўнікі МНС эвакуявалі жыхароў з верхніх паверхаў, усяго 13 чалавек. Прычына пажару высвятляецца. 

Фота: МНС

Маці змагла вынесці толькі адну дачку з трох – у Касцюковічах на пажары пацярпелі дзеці

Медыкі змагаюцца за жыццё двух дзяўчынак, 6 гадоў і 2-х месяцаў – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Вечарам 1 ліпеня ў адной з кватэр 5-павярховага дома ў Касцюковічах успыхнуў халадзільнік, які стаяў у дзіцячым пакоі. Маці, якая была ў суседнім пакоі, адчула пах гары і пабачыла дым у пярэднім пакоі. Яна змагла вынесці з кватэры толькі адну з трох сваіх дачок, чатырохгадовую дзяўчынку, якая была разам з ёй. Суседзі выклікалі ратавальнікаў.

Работнікі МНС выратавалі яшчэ дваіх дзяцей гаспадыні кватэры (6 гадоў і 2 месяцы). На момант пажару яны былі ў дзіцячым пакоі і самастойна пакінуць кватэру не змаглі. У непрытомным стане дзяўчынкі перададзены медыкам. Цяпер за іх жыцці змагаюцца ўрачы.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Навальніца ў Касцюковічах – дрэвы паламала напалам, разбіла агароджу

Разам з непрацяглым ліўнем на Касцюковічы абрынуўся ўраганны вецер, які паваліў і паламаў некалькі дрэў па вуліцы Ленінскай.

Ліквідаваць наступствы стыхія выйшлі работнікі жылкамунгаса і неабыякавыя грамадзяне – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Жылыя дамы паваленыя дрэвы не пашкодзілі, а вось бетонную агароджу ў некалькіх месцах вуліцы Ленінскай зачапілі і паламалі. 

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

У Касцюковічах адзначылі 50-годдзе краязнаўчага музея

Святкаванне юбілея было насычаным: ад мастацкіх выстаў і фотазонаў да цыганскіх песняў і танцаў. Касцюковіцкія чыноўнікі падаравалі музею сертыфікат на 200 рублёў і торт, а былы дырэктар – калекцыю ручнікоў – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: ”Голас Касцюкоўшчыны”

Ад фумігатара супраць камароў пад Касцюковічамі загарэўся дом

Каля 2 гадзін ночы сям’я ў вёсцы Пралятарскае Касцюковіцкага раёна – гаспадыня 1957 года нараджэння і яе сын – прачнулася ад трэска, падаў і лопаўся шыфер. Гарэла іх веранда, і агонь ужо падбіраўся да жылых пакояў. Жанчына і мужчына змаглі самі выратавацца. Прычынай пажару стаў фумігатар ад камароў, пакінуты на ноч у разетцы – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Угоншчыкаў катка ў Касцюковічах знайшлі па паху

Чатыры юнакі ў Касцюковічах знайшлі сабе забаўку – яны звярнулі ўвагу на пнеўмакаток, які дарожнікі пакінулі на ноч на адной з вуліц горада. Ключы аказаліся прыхаванымі тут жа ў кабіне. 

Аднойчы ноччу хлопцы 19, 18 і 17 гадоў пакаталіся на катку і вярнулі яго на месца. Праз тыдзень вырашылі пакатацца зноў, але каток заглух на іншай вуліцы. Хлопцы кінулі машыну, але судовыя эксперты хутка іх знайшлі – па адбітках абутку і па пахаваму следу, аналіз на які ўзялі ў кабіне. 

Паводле вынікаў судовай трасалагічнай экспертызы сляды абутку супадаюць па малюнку і размерных характарыстыках з абуткам дваіх падазроных. А вынікі судовай адаралагичнай экспертызы ўказалі на тое, што канфіскаваныя ў кабіне пнеўмакатка пахавыя сляды паходзяць ад 17-гадовых фігурантаў крымінальнай справы. Зараз юнакі – фігуранты крымінальнай справы, піша “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

Жанчына спакойна спала, пакуль гарэў яе дом – жыхарку Касцюковіч выратавалі пажарныя

Аўтаномныя апавяшчальнікі ў доме былі, але дапамаглі не яны – пажарная сігналізацыя нават не спрацавала, бо селі батарэйкі. Пра пажар у Касцюковічах, які ледзь не стаўся трагедыяй, паведамляе прэс-служба МНС.

 11 чэрвеня суседзі заўважылі, што загарэўся дом на вуліцы 2-ой Вакзальнай і выклікалі ратавальнікаў. Тыя знайшлі ў доме гаспадыню – яна спакойна спала на канапе і была дома адна. Жанчыну вывелі на вуліцу, яна не пацярпела, бо пажр адбыўся на паддашку.

Як высветлілася, дом быў абсталяваны ажно двума пажарнымі апавяшчальнікамі, але яны не спрацавалі – гаспадары не памянялі своечасова батарэйкі. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

У Касцюковічах праходзіць свята паэзіі “Пісьмянкоў луг”

Сёння ў Касцюковічах адбудуцца ўрачыстасці VII рэгіянальнага свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, прысвечаны творчасці знакамітага земляка Алеся Пісьмянкова. 

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестываля і паказу канцэртных праграм на сцэне гарадскога амфітэатра, свята працягнецца на беразе ракі Бесядзь дэкламацыяй вершаў і песнямі – паведамляе газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

На час правядзення фестываля, з 10.30 да 21.30 па вуліцы Ленінскай – ад гасцініцы «Касцюковічы» да будынка РВПС – і па вуліцы Камсамольскай, ад будынка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама да будынка РВПС бузе перакрыты рух транспарту.

Фота архіўнае, з адкрытых крыніц