Сярэдні заробак настаўнікаў Магілёўшчыны склаў 2,5 тысячы рублёў?

Зарплата настаўнікаў Магілёўскай вобласці вырасла на чвэрць за год, сцвярджае чыноўніца, якая курыруе сферу адукацыі.
Цуды, калі ўжо пачынаюцца, іх ужо не спыніш. Спачатку Лукашэнка аглушыў грамадзян паведамленнем аб існаванні Беларусі, у якой сярэдняя зарплата дасягнула 886 долараў, а цяпер па прыкладу галоўнага фантазера краіны ідуць чыноўнікі на месцах. Яны таксама збалансавалі патокі хлусні.
На сумесным пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі і камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Людміла Здорыкава, паведаміла, што:

  • настаўнікі атрымліваюць у сярэднім 2,5 тысячы рублёў – рост 126,8% да мінулага года;
  • выхавальнікі дашкольных устаноў атрымліваюць 1,7 тысячы рублёў – рост 125,9% да мінулага года.

Дзе працуюць шчасліўчыкі з такой зарплатай, Здорыкава не ўдакладніла, але, падобна, шукаць гэтых педагогаў трэба ў тых жа месцах, дзе жывуць беларусы з зарплатай у 900 долараў.
Значна больш рэалістычнымі прагучалі іншыя лічбы са справаздачы Людмілы Здорыкавай.
У 2025 годзе было закрыта дзевяць дзіцячых садоў і сем школ, яшчэ два сады далучаны да школ, а тры ўстановы дадатковай адукацыі рэарганізаваны. Настаўнікі настаўнікамі, але чыноўнікі сферы адукацыі, здаецца, сваю справу ведаюць туга.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Настаўніцкая нарада ў Касцюковічах як люстэрка бязглуздай палітыкі

У школах Касцюковіцкага раёна дэфіцыт настаўнікаў-прадметнікаў, але праблема настаўніцкіх кадраў толькі ўзмацняецца па ўсёй Беларусі.

Пра нядаўнюю педагагічную нараду ў Касцюковічах у школе №2 распавядае, у прыватнасці, сайт Магілёўскага абласнога аб’яднання праўладных прафсаюзаў. Як аказалася, нягледзячы на значныя бюджэтныя асігнаванні, кадравы дэфіцыт па-ранейшаму застаецца галоўнай праблемай у беларускай адукацыі. Паводле паведамлення, гэтая праблема наўпрост звязаная з пытаннем замацавання маладых спецыялістаў і іміджам прафесіі. 

Што ж з гэтым іміджам не так і чаму ж моладзь не імкнецца звязваць сваё працоўнае жыццё з педагогікай? Вось што на гэта адказала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава. 

“Не апошнюю ролю ў гэтым нярэдка гуляюць самі настаўнікі, якія ў штодзённасці фармуюць негатыўны імідж прафесіі. Нам пастаянна варта памятаць пра тое, які пасыл мы нясем у соцыум, які прыклад падаем маладому пакаленню. Акцэнтуючы ўвагу на цяжкасцях працы, мы спрэс забываемся пра плюсы, якіх вельмі нямала. Таму варта рэальна глядзець на сітуацыю і справядліва падсвятляць ўсе яе боку” – цытуе Здорыкаву раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Акрамя таго, кажа чыноўніца, звярнуць увагу варта на такія з’явы, як адток моладзі з краіны і замацаванне маладых спецыялістаў.

На гэта старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі Алена Бруева адказала, што агучаныя праблемы заўсёды ў фокусе іх увагі. “Прафсаюз будзе кантраляваць пытанні паляпшэння ўмоў працы і матэрыяльнага стымулявання педагогаў, асабліва ў дэфіцытных спецыяльнасцях. Без гэтага замацаваць моладзь у школах немагчыма. Не менш важна працаваць над іміджам прафесіі. Мы будзем больш актыўна распавядаць пра поспехі педагогаў, публічна адзначаць іх уклад. Важна аб’ектыўна казаць пра ўсе бакі настаўніцкай працы. Прафсаюз гатовы выступаць канструктыўным партнёрам у дыялогу з уладай” – заявіла яна.

Калі ж сапраўды аб’ектыўна казаць пра ўсе бакі настаўніцкай працы, то трэба ўзгадаць абавязковы ўдзел у фальсіфікацыях падчас так званых выбараў, бессэнсоўныя і нават шкодыя ідэалагічныя мерапрыемствы дзеля галачкі, стосы непатрэбных папер, якія мусяць запаўняць настаўнікі. Гэта тое, што, сярод іншага, адвароціць ад школы шмат каго з маладых людзей. 

Калісьці даўно, стваральнік цяперашніх парадкаў у Беларусі, у якога Скарына тварыў у Піцеры, казаў: “Потеряем учителя — капец. Будем ходить пьяные и дурные”. Гледзячы па праблемах, якія агучылі на нарадзе ў Касцюковічах, усё так і адбылося.

Фотаздымак: “Голас Касцюкоўшчыны”