Дзень у гісторыі. Канец савецкага перыяду беларусізацыі. Заснаванне Таварыства беларускай мовы. Адкрыццё помніка Альгерду

27 чэрвеня – Сусветны дзень рыбалоўства.

Заснаваны ў ліпені 1984 года ў Рыме на Міжнароднай канферэнцыі па рэгуляванні і развіцці рыбалоўства. Яго мэты – павысіць прэстыж прафесіі і звярнуць увагу на водныя рэсурсы, якія патрабуюць беражлівага стаўлення. Тады ж былі складзеныя рэкамендацыі па ахове навакольнага асяроддзя для прадпрыемстваў, якія займаюцца здабычай рыбы ў розных краінах.

Упершыню сусветны дзень рыбалоўства адзначылі ў 1985 годзе.

Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану.

Яшчэ ў старажытных людзей з’явіліся гарпуны і гаплікі. Першую вуду змайстравалі 16 тысяч гадоў таму з тычка і прымацаванай да яе ліяны. У Старажытным Егіпце вынайшлі сеткі і сачкі.

belarus-economy.by


27 чэрвеня 1697 года каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ быў абраны Аўгуст II Моцны.

Імкнуўся да абсалютнай улады і да пераўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў незалежную дзяржаву, але больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі (быў курфюрстам саксонскім). Лічыўся саюзнікам маскоўскага самадзержца Пятра I. За Аўгустам II Моцным пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Ён скараціў войска ў Рэчы Паспалітай з 80 да 18 тысяч чалавек, у ВКЛ да 6 тысяч.

wikimedia.org


27 чэрвеня 1863 года Зігмунт Серакоўскі быў павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

Серакоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам.

Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў Акадэмію Генеральнага штабу. Зблізіўся з рускімі рэвалюцыянерамі Дабралюбавым, Чарнышэўскім.

У 1857 г. стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, чальцамі якой былі і браты Каліноўскія. Падчас замежных падарожжаў сустракаўся з Герцэнам,  Агаровым, Гарыбальдзі.

З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. У канцы красавіка 1863 году паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, сам ён быў паранены і захоплены ў палон.

Месца пахавання да 2017 году было невядомым. Пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні была знойдзена магіла мужчыны са звязанымі ззаду рукамі і з залатым пярсцёнкам на пальцы з выгравіраваным на ім надпісам па-польску «Zygmónt Apolonija», які дазволіў ідэнтыфікаваць яго як Серакоўскага (Апалонія – імя ягонай жонкі).

wikimedia.org

27 чэрвеня 1925 года нарадзілася Лідзія Арабей.

Беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец, пісьменніца.

Даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч (псеўданім Цётка). Абараніла кандыдацкую дысертацыю па творчасці Пашкевіч.

У 1985 годзе выйшлі выбраныя творы Лідзіі Арабей ў 2-х тамах

wikimedia.org


27 чэрвеня 1929 года камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР раскрытыкавала дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі і кіраўніцтва рэспублікі.

Канец перыяду савецкай беларусізацыі, якая трывала на той момант больш за 5 гадоў.

Пасля чаго пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратызмам, была сфабрыкавана справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Пачаліся арышты дзеячаў навукі і культуры. Стала ўкараняцца палітыка абмежавання беларускай мовы. У 1933 годзе была праведзеная рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

kamunikat.org


27 чэрвеня 1941 года НКУС распачаў масавыя расстрэлы палітзняволеных у Віцебску.

За 3 дні было забіта каля 2 тысяч чалавек. Месца пахавання ахвяр дакладна не вядома. У 1937-1940 гады расстрэлы праводзіліся каля вёскі Хайсы пад Віцебскам.

hajsy.org


27 чэрвеня 1989 года на Устаноўчым з’ездзе заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ).

Адно з найвядомейшых і найстарэйшых аб’яднанняў Беларусі. У 1990 годзе таварыства распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, які зацвердзіў Вярхоўны Савет 12 склікання. Адзінаю дзяржаўнай мовай краіны прызнавалася беларуская. Гэтае палажэнне ў 1994-м замацаваў артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе ТБМ заклікала выправіць сітуацыю няроўнага двухмоўя ў краіне, ініцыяваўшы прыняцце Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы.

За гады сваёй дзейнасці ТБМ прыкладала намаганні ў пашырэнні беларускай мовы ў беларускім грамадстве. Было ініцыятаркай шматлікіх імпрэзаў.

8 лістапада 2021 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальнай падставай сталі, нібыта, юрыдычныя парушэнні.

wikimedia.org


27 чэрвеня 2014 года ў Віцебску адкрылі конную скульптуру Вялікага князя літоўскага Альгерда.

Урачыстасць адбылася падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска. Помнік адзіны ў Беларусі, які ўслаўляе кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Стаіць на Рыначнай плошчы насупраць Свята-Васкрасенскай царквы.

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё гораду. За перыяд яго княжання Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзведзена царква Святога Духа ў Заручаўі, а таксама адрамантавана Дабравешчанская царква XII стагоддзя.


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Лідары краін G7 папярэдне пагадзіліся ўвесці эмбарга на расійскае золата

Расія штогод прамышляе дзясятую частку ўсяго золата, якое здабыцца ў свеце. Яго экспарт – адна з важных крыніцай прыбытку ў дзяржаўным бюджэце пасля продажу энерганосьбітаў. Раней з-за заходніх санкцый шэраг гульцоў на рынку перасталі купляць расійскае золата з-за боязі парушыць санкцыйны рэжым у сферы афармлення банкаўскіх транзакцый.

Пра эмбарга дамовіліся лідэры краін G7 на сваім 48-й саміце, які праходзіць у баварскім замку Эльмау ў Германіі. Пра рашэнне палітыкаў паведамляе  агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы ў Белым доме.

Казначэйства ЗША павінна аб’явіць афіцыйнае рашэнне амерыканскага ўрада аб эмбарга 28 чэрвеня.

Акрамя лідараў ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Францыі, Германіі, Японіі і Італіі, на саміце прымуць удзел прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі Уршуля фон дэр Ляен і прэзідэнт Еўрасавета Шарль Мішэль. На саміце таксама выступіць прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Уздыманне сцягу, на ўрокі без тэлефона, замест школьнай формы пакуль – шаўрон. Што чакае школьнікаў і іх бацькоў у новым навучальным годзе

Магілёў.media знаёміць з асноўнымі новаўвядзеннямі.

Канец прамінулага ўжо навучальнага году адзначыўся шэрагам заяваў дзяржаўных службоўцаў пра новаўвядзенні ў наступным. Чыноўнікі казалі пра неабходнасць увядзення адзінай школьнай формы, паглыбленага засяроджвання ўвагі на патрыятычным выхаванні вучняў.

Што засталося ў сухой рэшце? Намесніца начальніка аддзелу па адукацыі, спорце і турызме Дрыбінскага райвыканкаму Марына Панчанка апавядае пра тое, да чаго варта рыхтавацца вучням і іх бацькам. Яна адказвае на важныя для іх пытанні мясцовай раёнцы «Савецкая вёска».

Дашкольная адукацыя

Будзе пашыраны пералік платных адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Для дзяцей, якія не змогуць наведваць дзіцячыя садкі па медычных паказаннях, можа быць арганізавана дашкольная адукацыя на даму.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне з уздыманнем сцягу

Падрыхтаваны загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае правядзенне на пастаяннай аснове ўрачыстых лінеек з абавязковым выкананнем дзяржаўнага гімна, узняццем (вынасам) дзяржаўнага сцяга ў дні дзяржаўных свят і святочныя дні Беларусі.

Такія імпрэзы будуць ладзіцца на Дзень народнага адзінства, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень працы, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дзень Незалежнасці.

Дзеянне загадам Мінадукацыі распаўсюджваецца на ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі, па такім прынцыпе арганізуюць работу ў летніх аздараўленчых лагерах і студэнцкіх атрадах.

У школах і гімназіях будуць выконваць гімн і падымаць сцяг перад пачаткам і напрыканцы кожнай чвэрці, падчас правядзення цырымоніі ўручэння дакументаў аб адукацыі. А ў летніх аздараўленчых лагерах і студэнцкіх атрадах – перад пачаткам і ў канцы змены.

Правілы паводзін і адзіная форма

Міністэрствам адукацыі адобраны дакумент «Школьны стандарт», у якім закладзены правілы знаходжання ва ўстановах адукацыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Асобныя раздзелы прысвечаныя правілам і абавязкам навучэнцаў і педагогаў, а таксама правілам захоўвання мабільных тэлефонаў. Іх дзеці будуць пакідаць у спецыяльна абсталяваных месцах, а карыстацца дазволяць імі толькі ў навучальных мэтах.

Разглядаецца пытанне аб увядзенні адзінай школьнай формы з 2023 года. А ўжо з першага верасня 2022 года плануецца ўвесці адзіны элемент у адзенні для кожнага школьніка.

У Дрыбіне, да прыкладу, гэта будзе шаўрон з эмблемай школьніка Дрыбінскага раёна – адзіны для ўсіх устаноў адукацыі. Шаўрон маюць купіць бацькі. Яго кошт – 3,5 рублі.

Вучэбны план

Уводзіцца дапрофільная падрыхтоўка ў 8-9 класах, каб у вучняў было больш часу на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, веды па якіх спатрэбяцца ім для паступлення ў навучальныя ўстановы.

Распрацаваны новы тыпавы навучальны план на 2022/2023 год, якім прадугледжана павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў.

Цэнтралізаваны эказамен

У 2023 годзе выпускнікі 11 класаў будуць здаваць цэнтралізаваны іспыт па матэматыцы і рускай ці беларускай мове на выбар. Яго вынікі пойдуць у залік як у атэстат, гэтак і ў сертыфікат для паступлення.

 

 

“Гарады і вёскі Беларусі” – шматтомнік пра ўсе беларускія паселішчы выдае Нацыянальная акадэмія навук. Праца над ім доўжыцца 20 гадоў

Нацыянальная акадэмія навук працуе над шматтомным навуковым энцыклапедычным выданнем, у якім сабраныя звесткі аб гістарычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці гарадоў, мястэчак, вёсак і хутароў краіны ад часу іх заснавання да нашых дзён. Праца над праектам доўжыцца больш за 20 гадоў. Некаторыя зборнікі выдадзеныя.

У шматтомным выданні, гаворыцца ў публікацыі інфармацыйнага агенцтва БелТА, пададзеная комплексная карціна ўзнікнення, развіцця і сучаснага стану паселішчаў Беларусі. У навуковае абарачэнне вернуты значны архіўны і бібліяграфічны матэрыял.

У артыкулах па гісторыі паселішчаў змяшчаюцца матэрыялы аб рамёствах, помніках археалогіі, гісторыі і архітэктуры.

Кнігі ілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фатаграфіямі, схемамі і картамі. Яны маюць практычнае значэнне для рэспубліканскіх, абласных і мясцовых органаў кіравання, устаноў навукі, культуры, адукацыі, краязнаўцаў.

 

Што значыць юрыдычны тэрмін “беларускі народ?” У Магілёве дыскутавалі гісторыкі і краязнаўцы

Ці былі неандэртальцы на Магілёўшчыне, калі ўзнік Шклоў, што рабіць з «санямі Напалеона», што ёсць генацыд беларусаў і якім быць музею Вялікай Айчыннай вайны на Буйніцкім полі, якім уяўляўся Магілёў замежным спецыялістам у 1970-я гады – гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі краязнаўцы ў Магілёве.

Як паўставаў краязнаўчы музей

На канферэнцыі «Гісторыка-культурная спадчына Падняпроўя» у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава абмеркавалі гісторыю стварэння краязнаўчага музею.

Гісторыкі Аляксандра Буракова і Алесь Петухоў акрэслілі вехі стварэння музею. Выявілася, што ён раней месціўся ў ратушы, у бібліятэцы, у будынку пазямельнага банку і ў будынку на Ленінскай 60 (цяпер 40). Было прапанавана стварыць галерэю партрэтаў дырэктараў музею і нарысы іх біяграфій.

Пра вяртанне нацыянальных рэліквіяў

Краязнавец Алег Дзячкоў актуалізаваў пытанне вяртання тых музейных прадметаў, якія зніклі пад час вайны.

Дырэктар абласнога краязнаўчага музею Віктар Аненкаў патлумачыў, што вяртаць можна тое, што дакладна належала музею і вядома, дзе цяпер знаходзіцца. Прыкладам, так званыя сані Напалеона, які аршанскі памешчык перадаў музею яшчэ да 1917 году, верагодна знаходзяцца ў маскоўскім музеі Айчыннай вайны 1812 года. Цяпер яны ўключаны ў рэспубліканскі спіс каштоўнасцяў, якія краіна паспрабуе вярнуць. Знаходжанне іншых страчаных прадметаў пакуль невядома.

Абмяркоўваліся археалагічныя здабыткі. Археолаг Аляксандр Коласаў з аднаго боку паставіў пад сумнеў прыналежнасць крэменю з Клеевіч да эпохі мусцье, а значыць і да неандэртальскай спадчыны, а з іншага наадварот паказаў, што неандэртальцы дакладна жылі на тэрыторыі Беларусі. Мусцье – гэта археалагічная культура, якую пакінулі пасля сябе неандэртальцы. Дагэтуль было вядома пра адзін артэфакт дадзенай культуры на Беларусі, гэта скрабло з урочышча Красная горка пад Абідавічамі Быхаўскага раёна. Крэмень з Клеявіч пэўны час таксама прэтэндаваў на прыналежнасць да неандэртальскай спадчыны.

Узнікненне Шклова

Горад тры разы пераязджаў. Гэтым разам спрэчка разгарнулася вакол таго, ці можна менавіта археолага Вольгу Ляўко лічыць адкрывальніцай Шклова-2. «А куды падзець вынікі вывучэння шклоўскай мінуўшчыны даследніцай Марыяй Тапольскай, ці шклоўскага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны?» – пыталіся апаненты.

Генацыд беларускага народу

Праблеме генацыду беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны было прысвечана як мінімум тры даклады. Асабліва шмат пытанняў задалі прадстаўніку пракуратуры, які распавёў пра вядзенне справы ў пошуку злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. 

Большасць знаходак новых пахаванняў тычылася знішчэння яўрэяў і цыганоў. Узнікла пытанне, якое вылілася ў дыскусію: «Што разумецца ў юрыдычным сэнсе пад тэрмінам «беларускі народ»? Уцямнага адказу ад супрацоўніка пракуратуры не прагучала.

Якім быць музею на Буйніцкім полі?

Дырэктар музею Віктар Аненкаў распавёў пра планы стварэння музею вайны. На Буйніцкім полі плануецца размясціць 15 умоўных раздзелаў ад даваеннага да сучаснай пошукавай працы.

Будучы музей дакладна не будзе філіялам нацыянальнага музею Вялікай Айчыннай вайны. Ён будзе або гарадскім, або абласным музеем. Гэтае пытанне яшчэ вырашаецца.

Магілёў вачыма замежных спецыялістаў

Ігар Пушкін распавёў, якім уяўляўся Магілёў замежным спецыялістам у 1970-я гады. Многіх прысутных уразіла, што горад тады падаваўся замежнікам поўным злодзеяў і жанчын лёгкіх паводзін. Яшчэ аказалася, што нават многія краязнаўцы прызабылі, што 1970-1980-я гады былі гадамі татальнага савецкага дэфіцыту тавараў, а замежныя спецыялісты гэта добра адлюстроўвалі.

На форуме краязнаўцаў прагучала шмат іншых цікавых фактаў і высноў. Жывы смелы характар абмеркаванняў адрозніваў гэтую канферэнцыю ад многіх іншых досыць сумных задужа акадэмічных навуковых форумаў.

 

Расійскія войскі атакавалі ракетамі Кіеў. Разбураныя дамы. З-пад завалаў дасталі 7-гадовую дзяўчынку

У Кіеве разбіраюць руіны дамоў, у якія трапілі ракеты расійскіх войск. Атака адбылася 26 чэрвеня пасля 5 гадзінаў раніцы.

Пад ударам апынуліся шматпавярховыя будынкі ў Шаўчэнкаўскім раёне ўкраінскай сталіцы. Адна з ракет ударыла па дзіцячым садку.

На месцы атакаваных дамоў працуюць выратавальнікі і медыкі. Выратавальнікі кажуць, што паводле папярэдніх дадзеных 1 чалавек загінуў.

Па словах мэра гораду Віталія Клічко частка жыхароў эвакуявана.

«Цяпер пацярпелым аказваецца дапамога, – кажа ён, – Тыя хто ў больніцы, у здавальняльным стане. Урачы кажуць, што крытычнай пагрозы жыццю няма. Мы чуем, што пад заваламі ёсць людзі. Яны жывыя».

Як паведаміў дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка, з-пад руінаў разбуранага дому дасталі 7-гадовую дзяўчынку. Затым без прыкметаў жыцця цела мужчыны. Меркавана, што гэта бацька дзяўчынкі, паведамляе тэлеграм-канал інфармацыйнага агенцтва «УНІАН».

З-пад завалаў дасталі жывой грамадзянку Расіі. Яе дачку таксама жывой адшукалі ў руінах, а муж загінуў.

Пакуль, вядома пра 5 чалавек, якія пацярпелі ў выніку атакі. Яны шпіталізаваныя.

Сённяшнія абстрэлы Кіева – гэта сігнал саміту G7 – адзначае экс-прэм’ер Швецыі Карл Більт, словы якога падае тэлеграм-канал “УНІАН”.

«Цяжка расцэньваць сённяшнія ракетныя ўдары па жылых кварталах Кіева інакш, як наўмысную эскалацыю», — кажа ён.

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман называе напад расійскіх войск на сталіцу Ўкраіны дэманстратыўным і варварскім.

«Варварскі ракетны ўдар па Кіеву (пападанне ў шматпавярховік і ў дзіцячы сад) нанесены намерана і дэманстратыўна на пачатку саміту краінаў «вялікай сямёркі» у Баварыі, які будзе абмяркоўваць далейшую дапамогу Украіне».

Тым часам, у горадзе Сарна, Ровеньскай вобласці, які быў атакаваны расіянамі напярэдадні, колькасць загінулых вырасла да 4 чалавек. З-пад руінаў дасталі мужчыну ва ўзросце ад 30-51 год. Яшчэ два чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе тэлеграм-канал «УНІАН».

Пасля 11 гадзінаў тэлеграм-канал @Hajun_by  са спасылкай на паведамленні беларусаў піша, што ў Слуцку, Салігорску, Мсціславе, Жлобіне і пад іншымі гарадамі чуюцца пралёты самалётаў. З Мазыра, сцвярджае канал, у бок Украіны запусцілі чарговыя ракеты. Адна з іх, нібыта, паляцела ў бок гораду Карасцен, які ў Жытомірскай вобласці Ўкраіны.

У другой палове дня кіраўнік Чаркаскай абласной ваеннай адміністрацыі Ігар Табурэц паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што Чаркасы атакаваныя ракетамі. У горадзе чуваць выбухі.

Па ягоных словах адзін чалавек загінуў, пяцёра параненыя. Пашкоджаная гарадская інфраструктура.

Медыі сцвярджаюць, што ракеты запускаліся са стратэгічных бамбавікоў з тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага пацверджання гэтаму няма. Выданні спасылаюцца на паведамленні тэлеграм-каналу Hajun_BY, у якіх заяўлялася, што над Бабруйскам, нібыта, ляцелі тры самалёты на поўдзень.

 

Спікер камандавання Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат абверг абвінавачванні, што з тэрыторыі Беларусі расійская авіяцыя атакавала Кіеў.

Вайсковец настойвае, што стралялі па сталіцы Ўкраіны з Балтыйскага мора. Па ягоных словах ракеты могуць ляцець да 5, 5 тысяч кіламетраў.

Пра тое ён сказаў у эфіры адзінага тэлемарафону на канале 1+1.

Стратэгічныя бамбавікі ўзлятаюць з Астрахані, а ракета Х101 здольная ляцець на адлегласць да 5,5 тыс. кіламетраў, тлумачыць вайсковец.

фота: t.me/uniannet

 

Дзень у гісторыі. Створана кіроўная структура паўстання Каліноўскага, спробы вызваліць Беларусі з-пад расійскага панавання. Нарадзіўся Антон Адамовіч – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху 20-га стагоддзя. Беларусь падпісала статут ААН

26 чэрвеня. Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абарачэннем.

Адзначаецца з 1987 года з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі ААН.

Гэтай датай міжнародная арганізацыя засведчыла сваю рашучую дзейнасць супраць распаўсюджвання і злоўжывання наркатычнымі сродкамі, а таксама імкненне да стварэння сусветнага грамадства свабоднага ад наркаманіі. 

Падставай для заснавання Дня сталі рэкамендацыі Міжнароднай канферэнцыі па барацьбе са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абарачэннем.

У Беларусі да 60% насельніцтва ва ўзросце да 21 года можа быць аднесена да групы рызыкі.

За апошнія 8 гадоў колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія ўжываюць наркотыкі, узрасла амаль у 8 разоў.

Колькасць смяротных выпадкаў ад ужывання наркотыкаў за апошнія 10 гадоў павялічылася сярод насельніцтва ў Беларусі ў 12 разоў, а сярод дзяцей – у 42 разы.

Рост наркаманіі рэзка абвастрае праблему СНІДу. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі ВІЧ-інфікаваных штогод падвойваецца. Сярод іх 80 працэнтаў – наркаманы. Колькасць асоб, які эпізадычна ўжываюць наркатычныя рэчывы – 8297 чалавек. Сярэдні ўзрост хворых 20-22 гады.

content.schools.by


26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў.

У гэты дзень у 1987 года ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых відаў бесчалавечнага, зняважлівага для чалавечай годнасці абыходжання.

Нягледзячы на нормы міжнароднага і нацыянальнага права, прынцыпы чалавечнасці і роўнасці ў шмат якіх  краінах працягваюцца катаванні.

bureau.kz


26 чэрвеня 1863 года ў Вільні створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (Чырвоны жонд).

Цэнтр кіраўніцтва паўстаннем 1863-1864 гадоў. Узначаліў яго Якуб Гейштар. Літоўскі правінцыйны камітэт рыхтаваў, а затым кіраваў паўстаннем, якое ў беларускай гістарыяграфіі падаецца, як паўстанне начале з Кастусём Каліноўскім.

Паролем для прыхільнікаў было пытанне з адказам: -«Каго любіш?» -«Люблю Беларусь» – «То, узаемна».

Паўстанне стала спробай вызвалення Беларусі з пад улады Расійскай імперыі. Яно выклікала вялікі грамадскі рэзананс, прыцягнула ўвагу да Беларусі, як да краю з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэмаў даследаванняў і публікацый у 1860–1870-я гады.

Пасля паразы ў 1863 паўстанцы ўзяліся за партызанскую барацьбу. У далейшым яна перайшла ў сферу грамадскага непадпарадкавання. Многіх удзельнікаў пакаралі смерцю. Сярод іх і Кастуся Каліноўскага. Нямала было саслана ўдзельнікаў у Сібір.

wikimedia.org


26 чэрвеня 1909 года нарадзіўся Антон Адамовіч.

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі. Сябра Рады БНР. Супрацоўнік радыёстанцыі «Свабода».

Даследчык творчасці беларускіх пісьменнікаў. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Антон Адамовіч – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху 20-га стагоддзя. Ён належаў да тых актыўных дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі ў Амерыцы, якія сваёй самаадданай працаю стваралі інтэлектуальныя набыткі беларускага замежжа. Яго спадчына ўяўляе сабою вялікую навуковую, і не толькі навуковую, каштоўнасць.

Памёр у 12 чэрвеня 1998 годзе. Пахаваны на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі, ЗША.

wikimedia.org


26 чэрвеня 1941 года расстраляны Зэлік Аксельрод.

Беларускі яўрэйскі паэт. Перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш.

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасю Лынькову.

Быў арыштаваны і 26 чэрвеня 1941 году, як і многіх палітычных вязняў турмы НКУС яго адвезлі ў лес і расстралялі.

wikimedia.org


26 чэрвеня 1945 года падпісаны Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Падзея адбылася на канферэнцыі ў Сан-Францыска. На ёй былі прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц. У тым ліку і Беларусь.

Статут набыў моц 24 кастрычніка 1945 года і гэта дата адзначаецца як Дзень Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.

minsknews.by


26 чэрвеня 1965 года нарадзіўся Юрый Несцярэнка.

Кампазітар, музыка, краязнавец, выдавец, педагог.

Стваральнік гуртоў «Рок-транс-аўта», «White Night Blues», удзельнік мінска-полацкай калабарацыі «Тутэйшыя», магілёўскіх гуртоў «Рынка», «Фэт Джон» і інш.

Аўтар артыкулаў у «Дзеяслове», кніг для дзяцей, па гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна, выпусціў 7 дыскаў. Разам з расійскім музыкам Андрэем Макарэвічам запісаў беларускамоўныя каверы на  песні «Машыны часу».

Нарадзіўся ў вёсцы Прыбар Быхаўскага раёна.

i.ytimg.com


26 чэрвеня 2016 года памёр Сяргей Картэс (1935, Сан-Антоніа, Чылі-2016).

Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, на «Беларусьфільм», у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Начны прыезд Пуціна ў Крэмль і распаўсюджаныя расійскімі тэлеграм-каналамі пагрозы Літве

Позна ўвечары 25 чэрвеня нечакана Уладзімер Пуцін прыбыў у Крэмль. Расійскія СМІ адрэагавалі: начныя візіты, звязаныя з нечым важным. Украінскае агенцтва «УНІАН» дадало: «асабліва на фоне тэмаў, што абмяркоўваліся з Лукашэнкам».

Падчас перамоваў 25 чэрвеня Лукашэнка папрасіў Пуціна разгледзець магчымасць люстранога адказу на палёты авіяцыі НАТА з ядзернай зброяй ля межаў Беларусі, інфармавала расійскае агенцтва ТАСС.

Пуцін зазначыў: пакуль у гэтым няма неабходнасці. Бяспека Беларусі будзе забяспечана ў тым ліку дзякуючы перададзеным расійскім бокам комплексам «Іскандэр-М».

Амаль адразу пасля таго, як Пуцін аб’явіўся ў Крамлі, расійскія тэлеграм-каналы сталі інфармаваць расіян у Літве, каб яны не набліжаліся да стратэгічных аб’ектаў у гэтай краіне. Згадвалі аэрадромы, парты, склады гаруча-змазачных матэрыялаў, тэлевышкі ды месцы дыслакацыі воінскіх частак. Наагул раілі пакінуць на час Літву.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітры Пяскоў зняпраўдзіў чуткі, што прэзыдэнт Расіі, нібыта, прыбыў у Крэмль зрабіць экстранную заяву, напісала ў сваім тэлеграм-канале расійская агенцтва ТАСС.

Паводле Пяскова, прыезд Пуціна, звязаны «са звычайнымі працоўнымі момантамі». Паводле Пяскова ніякіх заяваў не плануецца. Распаўсюджаную тэлеграм-каналамі інфармацыю ён назваў меркаваннямі.

Але, пасля тлумачэння Пскова стала вядома, што ў паветра ўзняліся два грузавых самалёты Іл-76 ваенна-паветранных сіл Расіі.

Адносіны між Расіяй і Літвой накаліліся, калі набылі моц санкцыі, якія абмяжоўвалі транзіт праз гэту краіну грузаў у Калінінградскую вобласць. 

Пра санкцыі Расія ведала з сакавіка, але іх ігнаравала. Калі ж пачалі яны дзеіць абрынулася з пагрозамі на Літву.

Яе кіраўніцтва даводзіла, што санкцыі ўвёў Еўрасаюз, а Літва хоць і падтрымлівае іх, але з’яўляецца выканаўцам. Кіраўніцтва краіны звярнулася па падтрымку да краін захаду. Першымі адрэагавалі Нямеччына і ЗША.

 

Траціна замала. Кіраўнік раённай вертыкалі незадаволены дзейнасцю БРСМ

Старшыня Глускага райвыканкаму Сцяпан Чачуха кажа, што ў раёне моладзі ад 14 да 31 году – 1800 чалавек. А ў БРСМ запісаныя менш за траціну – 28,9 працэнты.

«Ёсць куды расці і што паляпшаць у рабоце арганізацыі», – настаўляе ён актыў праўладнай моладзевай структуры.

На ягоную думку для маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць працаваць у раён патрэбна ладзіць больш імпрэзаў, каб на ёй моладзь знаёмілася.

«Трэба прыкмячаць і выяўляць актыўных маладых людзей, прыслухоўвацца да іх, падтрымліваць іх ініцыятывы», – цытуе вертыкальшчыка газета «Радзіма».

Чыноўнік лічыць, што варта «адрадзіць такія ранейшыя формы работы, як провады навабранцаў у армію ды ўшанаванне маладых бацькоў».

фота: glusk.by

Забаранілі купацца ў Шклове і Клімавічах

Па выніках лабараторнага аналізу проб вады спецыялістамі Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі забаронена купацца яшчэ ў двух вадаёмах на Магілёўшчыне.

Як паведамляе газета «Родная ніва» у сувязі з тым, што вада не адпавядае санітарным і эпідэміялагічным паказчыкам забарона накладзеная на купанне ў сажалцы, што ў Клімавічах і на раце Асцёр, каля дзіцячага аздараўленчага лагера «Арлёнак» у Клімавіцкім раёне.

Не даступным для акунання стаў і пляж у Шклове. Гаворка пра той, што на правым беразе Дняпра ля лядовай арэны.

Тым часам, Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адправіў у Магілёўскі гарвыканкам і райвыканкам хадайніцтвы аб забароне купання дзяцей, дарослых і займацца воднымі відамі спорту на ўсіх мясцовых пляжах.

Сярод іх гарадскі на Дняпры, а таксама ў вёсцы Палыкавічы. Акрамя таго на Пячэрскім, Грабянеўскім вадасховішчах і на возеры ў вёсцы Вільчыцы.

Санэпідстанцыя адзначае, што гарадская і раённая ўлады не прынялі рашэння аб забароне купання на гарадскім пляжы і пляжы ў вёсцы Палыкавічы па рэкамендацыі службы тыднёвай даўніны.