5 фактаў пра дату 23 лютага

23 лютага ў Рэспубліцы Беларусь на дзяржаўным узроўні  адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. З гэтай нагоды мы сабралі некалькі цікавых фактаў пра гэту дату ў нашым календары. Напрыклад – менавіта 23 лютага нямецкі ўрад адправіў ультыматум Леніну, які бальшавікі ў далейшым прынялі на ўмовах праціўніка.

Адкуль пайшла традыцыя адзначаць 23 лютага

Гэтую дату мы атрымалі ў спадчыну ад СССР. У савецкія часы па ўсёй вялікай краіне 23 лютага адзначаўся як “Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флота”. Святочная дата была афіцыйна ўведзена ў Савецкім Саюзе 27 студзеня 1922 года, калі Прэзідыум Усеорасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта  РСФСР апублікаваў пастанову аб чацвёртай гадавіне Чырвонай арміі.  

З 1922 года ў СССР гэта дата штогод традыцыйна адзначалася як “Дзень Чырвонай арміі”, з 1946 года – “Дзень Савецкай арміі”, а з 1949 да развала СССР – “Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту”

Дарэчы, існуе версія, што свята 23 лютага было прыдумана бальшавікамі для таго, каб людзі не святкавалі лютаўскую буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая пачалася 23 лютага 1917 года і падчас якой была рэальна скасаваная манархія.

Гістарычныя падставы святочнай даты 

Урачыстасці з нагоды даты 23 лютага звязваліся з падзеямі 1918 г., калі ішла Першая сусветная вайна. 18 лютага 1918 года германскія і аўстра-венгерскія войскі пачалі наступ па ўсім Усходнім фронце. Іх наступ быў даволі імклівым, бо ў бальшавікоў практычна не мелася дастатковай колькасці ўзброеных падраздзяленняў. 

23 лютага 1918 года быў апублікаваны заклік Савета народных камісараў ад 21 лютага «Сацыялістычная айчына ў небяспецы». Таксама менавіта ў гэты дзень пачаўся масавы запіс добраахвотнікаў у Чырвоную армію.  

У савецкай гістарычнай літаратуры быў створаны міф пра тое, што 23 лютага 1918 года першыя вайсковыя фармаванні бальшавікоў нібыта далі рашучы адпор нямецкім войскам пад Псковам. Аднак дата “зацятага змагання” дастаткова штучная. Сапраўды бальшавіцкія фармаванні ўступілі ў бой з немцамі, але апошнія не панеслі моцных страт. Больш за тое, у выніку наступлення кайзераўскія войскі змаглі захапіць Пскоў, Талін і Тарту, бо бальшавіцкія атрады не змаглі трымаць абарону гарадоў.   

Дарэчы, менавіта 23 лютага нямецкі ўрад адправіў ультыматум Леніну, які бальшавікі ў далейшым прынялі на ўмовах праціўніка. 

23 лютага 1918 года немцы знаходзіліся ў Мінску

18 лютага 1918 г. пачалося наступленне нямецкіх войскаў па ўсёй лініі Усходняга фронта. Мінск немцы занялі без бою 21 лютага, а пазней, 25 лютага немцы занялі Барысаў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з А.Мясніковым разам з салдатамі ратаваліся ўцёкамі ў Смаленск. 

Цікава, што немцы не мелі вялікай колькасці салдат на Усходнім фронце, бо большая частка палкоў была перакінута на Захад, дзе яны цярпелі паразу за паразай і наступы на гарады былой Расійскай імперыі здзяйснялі невялікімі атрадамі, часта з 100-200 чалавек, якім бальшавікі не маглі супрацьстаяць і сыходзілі з гарадоў.

23 лютага – дзень фарміравання Беларускай краёвай абароны

Волею лёса менавіта на 23 лютага ў беларускай гісторыі прыпадае яшчэ адна дата, якая таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай – Беларускай Краёвай Абаронай.  23 лютага 1944 года, падчас Другой сусветнай вайны, калі Беларусь была збольшага акупавана нямецкімі войскамі, тагачасны генеральны камісар Беларусі Курт фон Готберг і прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады Радаслаў Астроўскі абвясцілі аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны. 

Гэта вайсковае фарміраванне, што паўстала ў генеральнай акрузе “Беларусь”, было ўтворана для барацьбы супраць савецкага ладу і выступала на баку нямецкіх войскаў. Галоўнай задачай БКА з’яўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэт. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, поспехаў Чырвонай арміі частка вайскоўцаў Беларускай Краёвай Абароны перайшла са зброяй да партызанаў. У той жа час бывала, што частка насельніцтва з раёнаў, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў, добраахвотна ішла служыць у БКА.

Цяперашняя сімволіка даты 

У цяперашні час 23 лютага па традыцыі лічыцца святам сапраўдных мужчын. У прыватнасці, тых, чыя праца ці служба звязана, міліцыяй, войскам або пасадай ваеннага. Сёння ў гэты дзень прынята віншаваць усіх знаёмых мужчынскага полу, пачынаючы з дзіцячага ўзросту і заканчваючы старым.

Многія беларускія жанчыны віншуюць сваіх мужчын з гэтым днём, дораць ім шкарпэткі, пену для галення, або пацалунак з святочнай паштовачкай. Ва ўніверсітэтах і школах у гэты дзень спрэс адбываюцца забаўляльныя і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 23 лютага, а салдаты з нагоды гэтай даты могуць крыху адпачыць ад цяжкіх вайсковых будняў. Для часткі беларускага грамадства 23 лютага ператварылася проста ў мужчынскі дзень, калі можна павіншаваць сваіх каханых і ўсіх дарагіх і блізкіх сэрцу мужчын. 

Фота з адкрытых крыніц

5 фактаў пра беларускую мову

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень беларускай мовы. З гэтай нагоды мы сабралі некалькі цікавых фактаў пра матчыну мову, якія не кожны ведае.

Літаратурная беларуская мова не бяднейшая за англійскую

Слоўнік літаратурнай беларускай мовы налічвае прыкладна 250 000 – 500 000 слоў. А ў дыялектнай мове (агульная назва для гаворак людзей у пэўным рэгіёне) наогул каля 1,5−2 мільёнаў слоў.

Для параўнання ў англійскай мове, напрыклад, налічваецца да паўмільёна слоў. Хоць наўрадці мы станем называць мову міжнародных зносін беднай. “Великий русский язык” таксама налічвае прыблізна 500 000 слоў, а калі улічваць дыялекты, то натуральна і больш. Відавочна, што на фоне двух буйных моўных сістэм беларуская мова выглядае досыць развітой, з багатым слоўнікавым запасам.   

Беларускай мовай карыстаюцца 2/3 насельніцтва краіны

Наеднаразова можна пачуць, што ў Беларусі ўсе размаўляюць па-руску, навошта нам гэтая беларуская мова? Насамрэч, паводле апошняга перапісу ў Беларусі на матчынай мове дома размаўляюць 26% жыхароў краіны, а гэта значыць амаль 2 млн. 450 тысяч чалавек. Больш за тое, беларускую мову за родную вызнаюць 54% (5, 095 млн. чал.) жыхароў нашай краіны, а гэта больш за палову насельніцтва рэспублікі. А калі ўлічваць той факт, што больш за 1 мільён чалавек назвалі беларускую мову другой для сябе, то атрымліваецца, што валодаюць і ў той ці іншай ступені карыстаюцца беларускай мовай 65 % – 2/3 насельніцтва Беларусі. 

Літара Ў ёсць не толькі ў беларускай мове 

Мова кожнага народа ўнікальна па-свойму. Калі казаць пра беларускую, то першае, што прыходзіць у галаву – гэта наша ўнікальная літара «Ў». Такая адметнасць беларускай мовы нават увасоблена ў помніку, які знаходзіцца ў Полацку.

Літара Ў (у нескладовае) – 22-я літара беларускага кірылічнага алфавіта, якой няма ў іншых кірылічных алфавітах славянскіх моў, хоць гэтая літара ёсць і ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры, а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасцей былога Савецкага Саюза, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваны варыянты кірылічнай азбукі (узбекская, дунганская, асецінская, эксімоская і ніўская мовы).

Але тое, што літара «Ў» не выключна беларуская, а выкарыстоўваецца і ў іншых мовах, толькі яшчэ больш павялічвае яе статут. Такім чынам, беларуская літара «Ў» стала міжнароднай.

У беларускай мове і «знаюць» і «ведаюць» 

Дзеясловы «знаць» і «ведаць» нароўні выкарыстоўваюцца ў беларускай мове.  «Знаць» выражае вонкавае павярхоўнае знаёмства з чым-небудзь, а «ведаць» – вынік больш-менш поўнага і грунтоўнага прасякнення ў нутраную існасць чаго-небудзь, вывучэння.

У беларускай мове здаўна ёсць слова «знаць». Сёння часцей ужываецца сінонім «ведаць», але гэта не значыць, што ён адзіна «правільны».  Дзеяслоў «знаць» ёсць у іншых сучасных славянскіх мовах: ва ўкраінскай, польскай, чэшскай, сербскай, македонскай і інш. Гэтае слова ўжывала шмат нашых класікаў беларускай літаратуры і ў сучаснай беларускай мове ў гэтага дзеяслова шмат аднакарэнных слоў: вызнаваць, зазнаць, знаўца, мовазнаўства, пазнаць, прызнаць і г. д. Ёсць яшчэ такі цудоўны назоўнік «знаццё» (г.зн. веданне, прадбачанне), які ўтварыўся якраз ад дзеяслова «знаць». Такога прыклада дастаткова, каб уцяміць, чаму адпаведнікам да рускага «знать» ў беларускай частцы слоўнікаў ідзе не толькі “ведаць”.

Прычым слова «знаць» выкарыстоўваецца ва ўсіх дыялектах беларускай мовы і характэрна для лексікі не толькі беларусаў з усходняй часткі краіны, але і тых, хто нарадзіўся на захадзе Беларусі. 

У беларускай мове існуе тры алфавіты

Далёка не кожны ведае, што ў беларускай мове існуе тры графічных сістэмы. На сённяшні дзень афіцыйна ў беларускай мове ўжываецца кірылічны алфавіт, які існуе з XIV стагоддзя. У XVI стагоддзі з’явілася лацінка. Ёй пісаліся творы ў беларускай літаратуры XIX ст. На пачатку XX ст. кірылічны і лацінічны алфавіты суіснавалі разам. Так пэўны час газета «Наша Ніва» друкавала тэксты на дзвюх графічных сістэмах, каб усе беларусы разумелі напісанае, таму што каталікі звыкліся да лацінкі, а праваслаўныя разумелі толькі кірыліцу.

Зараз лацінка ўжываецца ў тапаніміцы – назвах геаграфічных аб’ектаў. Таксама ёй карыстаюцца ў побытавых зносінах беларусы, якім гэта зручней, ці якія лічаць лацінку больш прыстасаванай сістэмай для перадачы асаблівасцяў беларускага маўлення.

З XIV ст. на Беларусі пачалі сяліцца татары, якія трапілі ў палон падчас набегаў Арды або перасяляліся мірным шляхам на тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. Паступова татарскае насельніцтва пачало асімілявацца, а на працягу XIV-XVI стагоддзяў татары перасталі выкарыстоўваць уласную мову і пачалі выкарыстоўваць беларускую мову, якую запісвалі арабскім алфавітам – арабіцай. У выніку чаго з’явіліся кітабы – кнігі, напісаныя па-беларуску арабскай вяззю.

Фота з адкрытых крыніц

«Фотаальбом Магілёў.media». Прагулка па знаёмым і незнаёмым Пячэрскім лесапарку

Пячэрскі лесапарк – найпапулярнейшая ў Магілёве мясціна адпачынку і пазнання прыроды.

Апісваць прыгажосць лесапарку бессэнсоўна. Лепей там пабываць.

Паблукаць па Пячэрскім лесапарку прапанаваў чытач Магілёў.media. Ён даслаў фотаздымкі, як напісана ў каментары да іх, улюблёныя куткі ляснога масіву.

Аўтар ліста заўважае: апісваць прыгажосць лесапарку бессэнсоўна, а лепей там пабываць, ці нацешыцца праглядам фотаздымкаў адтуль.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Магілёў.media сабраў цікавыя і павучальныя факты пра Пячэрскі лесапарк


Пячэрскі лесапарк – заказнік мясцовага значэння.

Пра наданне такога статусу год таму абвясціў гарвыканкам. Гэтага дамагалася не адзін год грамадскасць. Каб звярнуць увагу на неабходнасць беражлівага стаўлення да яго збіраліся подпісы гараджан. Праводзіліся сустрэчы з чыноўнікамі.

У 2017 годзе Міжнароднае аб’яднанне «Экапраект» звярталася ў гарвыканкам з ініцыятывай стварыць рабочую групу для захавання і развіцця лесапарку. Тады чыноўнікі палічылі, што з’яўленне такой структуры немэтазгоднае.

Чаго нельга рабіць у лесапарку.

Намаганні рупліўцаў і эколагаў далі плён. Цяпер у Пячэрскім лесапарку дзеіць асаблівы рэжым аховы, выкарыстання і нарыхтоўкі драўніны. Акрамя таго ў ім:

– Забаронена зліваць сцёкавыя воды ў навакольнае асяроддзе;

– Праводзіць працы гідратэхнічнай меліярацыі;

– Выпальваць сухую расліннасць;

– Узводзіць прамысловыя, камунальныя і складскія аб’екты.

Іншыя асаблівасці лесапарку.

– Ягоная плошча – 328 гектараў, гэта як 20 менскіх стадыёнаў «Дынама». З іх 11 га займае возера, утворанае на рацэ Дубравенцы;

– Паводле экспертаў з Інстытуту эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі, у лесапарку «прадстаўленыя дрэвастоі цьвёрдаліставых і хваёвых парод з сярэднім узростам 100 і больш гадоў». Расце ў ім не меней за 200 соснаў, дубоў і ялін, якім па 130-150 гадоў.

– Тут выяўленыя чырванакніжныя і ахоўныя віды раслін, а таксама рэдкія біятопы.

– Глабальныя змены клімату ў спалучэнні з антрапагенным ціскам, выкліканым разбудоўваннем гораду, прывялі да таго, што за дзесяць апошніх гадоў у ім страчана траціна векавых насаджэнняў. Хваёвыя цярпяць ад караеда і засыхаюць. Плошча санітарнага высякання лесу набліжаецца да 50 гектараў.

 – Пячэрскае возера (вадасховішча), утворанае запрудаю ракі Дубравенкі. Плошча возера 0,1 кв. км, даўжыня 1,6 км, глыбіня да 4,5 м. Багата рыбай: акунь, карась, карп. Дно да глыбінь 1,5 м пясчанае, глыбей глейкае.

– Упершыню Пячэрск згадваецца ў «падложных» дакументах 1502 і 1532 гадоў. Тады князі Буйніцкія перадалі шэраг мясцовых маёнткаў Кіева-Пячэрскаму манастыру святой Багародзіцы.

 

Дзень у гісторыі. Таямнічая смерць Янкі Купалы. Гітлераўцамі акупаваны Мінск. Вызваленне Магілёва з-пад нямецка–фашысцкай акупацыі. Утвораная Ліга нацыяў, правобраз ААН

28 чэрвеня 1660 года войскі Рэчы Паспалітай перамаглі акупацыйныя аддзелы Масковіі.

Бітва адбылася ля мястэчка Палонка, што на Навагрудчыне.

Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе трынаццацігадовай вайны (1654-1667). Ёю была спыненая аблога Ляхавіцкага замку і зь яе пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Трынаццацігадовая вайна прынесла велічэзныя страты беларускім землям. Насельніцтва Беларусі скарацілася на 1,5 млн. чалавек, 70% хат у вёсках стаялі пустымі, большасць беларускіх гарадоў былі спалены. Для таго, каб узнавіць гаспадарку спатрэбілася каля 25 гадоў.

У 1994 годзе на месцы Палонкаўскай бітвы быў усталяваны памятны знак. У 2010 годзе адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.

wikimedia.org


28 чэрвеня 1914 года забіты Аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.

Тэраакт у Сараеве ўчыніў сербскі студэнт Гаўрыл Прынцып. 

Забойства манаршай асобы стала нагодай для развязання Першай Сусветнай вайны. Яна пачалася 1 жніўня 1914 году. Скончылася з 1918-ым. У расійскае войска былі прызваны 900 тысяч беларусаў, з якіх загнула каля 70 тысяч.

Пад акупацыяй Кайзераўскай Германіі апынулася палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай.

У 1915-1918 гадах колькасць бежанцаў склала ад 1,5 да 2,2 млн. чалавек.

У Магілёве знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага расійскім войскам – цара Мікалая-ІІ.

s16.stc.yc.kpcdn.net


28 чэрвеня 1919 года ўтворана Ліга Нацый.

Міжнародная арганізацыя, заснаваная ў выніку падпісання Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах.

У перыяд з 28 верасня 1934 па 23 лютага 1935 гадоў у Лігу Нацый уваходзіла максімальная колькасць дзяржаў – 58.

Мэты Лігі Нацый уключалі ў сябе: раззбраенне, перадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце. Спыніла існаванне арганізацыя ў 1946 годзе.

Лічыцца, што Ліга нацыяў заклала падмурак і была правобразам для Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, якая паўстала па сканчэнні Другой сусветнай вайны.

 

28 чэрвеня 1923 год нарадзіўся Уладзімір Чантурыя.

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.

Аўтар фундаментальных зборнікаў «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 году», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі».

wikimedia.org


28 чэрвеня 1941 года танкі і мотапяхота гітлераўскай Германіі ўвайшлі ў Мінск. 

Тры гады беларуская сталіца знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй.

За гэты час на Міншчыне было знішчана больш за 300 тысяч чалавек. З іх 100 тысяч – ваеннапалонныя. Амаль 30 тысяч вывезеныя ў Нямеччыну.

Дакладная колькасць людскіх ахвяраў у Беларусі за час нацысцкай акупацыі вызначыць цяжка. Праз 20 гадоў па сканчэнні Другой сусветнай вайны лічылася, што загінула 2 млн. 200 тыс. жыхароў краю.

1prof.by


28 чэрвеня 1942 года загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала.

Абставіны яго смерці застаюцца не высветленымі дагэтуль. Ён упаў у лесвічны пралёт з 10 паверху гасцініцы «Масква». У савецкай сталіцы ён знаходзіўся ў эвакуацыі.

Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, забойства.

Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а ў 1962 годзе перапахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Янка Купала неаднаразова з 1921 году падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх улад. Выклікаўся на допыты ў справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», якой у рэальнасці не існавала. 

20 лістапада 1930 году, не вытрымаўшы здзекаў, Купала зрабіў спробу самагубства, але застаецца жывы.

wikimedia.org


28 чэрвеня 1944 года савецкімі войскамі вызвалены з-пад акупацыі фашысцкай Германіі Магілёў.

У вынікі аперацыі «Баграціён» былі вызвалілі таксама Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.

28 чэрвеня ў Магілёве адзначаецца – Дзень гораду.

lh3.googleusercontent.com


28 чэрвеня 1991 года спыніў існаванне Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ).

Міжнародная эканамічная арганізацыя створаная згодна з рашэннем эканамічнай нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР, Чэхаславаччыны. Штаб кватэра месцілася ў Маскве.

У склад арганізацыі ўвайшлі краіны, якія вызваліў Савецкі Саюз з-пад нацысцкай акупацыі. СЭУ лічыцца адказам Савецкага Саюзу на амерыканскі «план Маршала», які прадугледжваў адбудову пасляваеннай Еўропы. Мэта СЭУ была амаль ідэнтычная «Плану Маршала».

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці СЭУ было эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва краін – членаў Саюзу, якая ўключала развіццё ўзаемнага гандлю, арганізацыю абмену гаспадарчым вопытам, аказанне ўзаемнай дапамогі сыравінай, прадуктамі харчавання, абсталяваннем, машынамі і іншымі таварамі. Распрацоўваліся адзіныя стандарты і нормы для краін-удзельніц.

Арганізацыя спыніла існаванне на 46 сесіі ў Будапешце.

upload.wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Канец савецкага перыяду беларусізацыі. Заснаванне Таварыства беларускай мовы. Адкрыццё помніка Альгерду

27 чэрвеня – Сусветны дзень рыбалоўства.

Заснаваны ў ліпені 1984 года ў Рыме на Міжнароднай канферэнцыі па рэгуляванні і развіцці рыбалоўства. Яго мэты – павысіць прэстыж прафесіі і звярнуць увагу на водныя рэсурсы, якія патрабуюць беражлівага стаўлення. Тады ж былі складзеныя рэкамендацыі па ахове навакольнага асяроддзя для прадпрыемстваў, якія займаюцца здабычай рыбы ў розных краінах.

Упершыню сусветны дзень рыбалоўства адзначылі ў 1985 годзе.

Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану.

Яшчэ ў старажытных людзей з’явіліся гарпуны і гаплікі. Першую вуду змайстравалі 16 тысяч гадоў таму з тычка і прымацаванай да яе ліяны. У Старажытным Егіпце вынайшлі сеткі і сачкі.

belarus-economy.by


27 чэрвеня 1697 года каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ быў абраны Аўгуст II Моцны.

Імкнуўся да абсалютнай улады і да пераўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў незалежную дзяржаву, але больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі (быў курфюрстам саксонскім). Лічыўся саюзнікам маскоўскага самадзержца Пятра I. За Аўгустам II Моцным пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Ён скараціў войска ў Рэчы Паспалітай з 80 да 18 тысяч чалавек, у ВКЛ да 6 тысяч.

wikimedia.org


27 чэрвеня 1863 года Зігмунт Серакоўскі быў павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

Серакоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам.

Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў Акадэмію Генеральнага штабу. Зблізіўся з рускімі рэвалюцыянерамі Дабралюбавым, Чарнышэўскім.

У 1857 г. стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, чальцамі якой былі і браты Каліноўскія. Падчас замежных падарожжаў сустракаўся з Герцэнам,  Агаровым, Гарыбальдзі.

З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. У канцы красавіка 1863 году паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, сам ён быў паранены і захоплены ў палон.

Месца пахавання да 2017 году было невядомым. Пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні была знойдзена магіла мужчыны са звязанымі ззаду рукамі і з залатым пярсцёнкам на пальцы з выгравіраваным на ім надпісам па-польску «Zygmónt Apolonija», які дазволіў ідэнтыфікаваць яго як Серакоўскага (Апалонія – імя ягонай жонкі).

wikimedia.org

27 чэрвеня 1925 года нарадзілася Лідзія Арабей.

Беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец, пісьменніца.

Даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч (псеўданім Цётка). Абараніла кандыдацкую дысертацыю па творчасці Пашкевіч.

У 1985 годзе выйшлі выбраныя творы Лідзіі Арабей ў 2-х тамах

wikimedia.org


27 чэрвеня 1929 года камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР раскрытыкавала дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі і кіраўніцтва рэспублікі.

Канец перыяду савецкай беларусізацыі, якая трывала на той момант больш за 5 гадоў.

Пасля чаго пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратызмам, была сфабрыкавана справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Пачаліся арышты дзеячаў навукі і культуры. Стала ўкараняцца палітыка абмежавання беларускай мовы. У 1933 годзе была праведзеная рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

kamunikat.org


27 чэрвеня 1941 года НКУС распачаў масавыя расстрэлы палітзняволеных у Віцебску.

За 3 дні было забіта каля 2 тысяч чалавек. Месца пахавання ахвяр дакладна не вядома. У 1937-1940 гады расстрэлы праводзіліся каля вёскі Хайсы пад Віцебскам.

hajsy.org


27 чэрвеня 1989 года на Устаноўчым з’ездзе заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ).

Адно з найвядомейшых і найстарэйшых аб’яднанняў Беларусі. У 1990 годзе таварыства распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, які зацвердзіў Вярхоўны Савет 12 склікання. Адзінаю дзяржаўнай мовай краіны прызнавалася беларуская. Гэтае палажэнне ў 1994-м замацаваў артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе ТБМ заклікала выправіць сітуацыю няроўнага двухмоўя ў краіне, ініцыяваўшы прыняцце Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы.

За гады сваёй дзейнасці ТБМ прыкладала намаганні ў пашырэнні беларускай мовы ў беларускім грамадстве. Было ініцыятаркай шматлікіх імпрэзаў.

8 лістапада 2021 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальнай падставай сталі, нібыта, юрыдычныя парушэнні.

wikimedia.org


27 чэрвеня 2014 года ў Віцебску адкрылі конную скульптуру Вялікага князя літоўскага Альгерда.

Урачыстасць адбылася падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска. Помнік адзіны ў Беларусі, які ўслаўляе кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Стаіць на Рыначнай плошчы насупраць Свята-Васкрасенскай царквы.

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё гораду. За перыяд яго княжання Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзведзена царква Святога Духа ў Заручаўі, а таксама адрамантавана Дабравешчанская царква XII стагоддзя.


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

24 чэрвеня. Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». Знікненне Крыжа Еўфрасінні Полацкай з Магілёва, часовай сталіцы БССР. Нарадзіўся пісьменнік Кузьма Чорны

24 чэрвеня 1777 года нарадзіўся Ян Ходзька.

Пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, масон, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў.

Старшыня Галоўнага цывільнага суда ў Мінску, суарганізатар масонскіх лож у Мінску і Вільні.

Выступаў за пашырэнне адукацыі сярод народу. Ганаровы член Віленскага ўніверсітэту, інспектар школ Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Па палітычных матывах і за ўдзел у паўстанні арыштоўваўся ў 1826, 1830 гадах. Быў вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці, сасланы ў Сібір.

Аўтар п’ес, камедый, мемуараў, прац па гісторыі Міншчыны.

wikimedia.org


24 чэрвеня 1900 года нарадзіўся Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі).

Беларускі пісьменнік.

Творы Кузьмы Чорнага вылучаюцца эпічнасцю і філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці. Галоўнай рысай творчасці пісьменніка становіцца пільная ўвага да Чалавека, яго душы, думак і пачуццяў, да яго псіхалагічнай сутнасці, людскіх лёсаў і побыту, яскравае адлюстраванне гістарычных падзей сваёй эпохі, сведкам якіх быў празаік.

Некаторыя яго творы інсцэнізаваныя і экранізаваны.

У 1938-1939 утрымліваўся ў турме НКУС.

wikimedia.org


24 чэрвеня 1907 года нарадзіўся Язэп Зазекаў

Беларускі пісьменнік, навуковец, педагог.

Кандыдат філалагічных навук. Працаваў намеснікам дырэктара Беластоцкага, Мінскага педінстытутаў, загадчыкам кафедры ў Адэскім універсітэце, дацэнтам БДУ. Аўтар зборнікаў апавяданняў, нарысаў, кніг для дзяцей, прац пра беларускі фальклор. Укладальнік зборнікаў партызанскай творчасці.

Нарадзіўся ў вёсцы Восаў, што на Клічаўшчыне.

bis.nlb.b


24 чэрвеня 1941 года Магілёў у сувязі з акупацыяй Мінску стаў да часовай сталіцай БССР.

У пераехала партыйныя функцыянеры. Звозіла абсталяванне з эвакуяваных прадпрыемстваў. З 25 чэрвеня па 14 ліпеня 1941 году з гораду адпраўлена на ўсход Савецкага Саюзу 935 вагонаў з матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Пад час эвакуацыі знік Крыж Еўфрасінні Полацкай. Месца знаходжанне беларускай нацыянальнай рэліквіі невядома дагэтуль.

museumhm.by


24 чэрвеня 1958 года нарадзіўся Канстанцін Красоўскі.

Дэмограф, доктар геаграфічных навук, прафесар.

Заснавальнік брэсцкай навуковай школы геадэмаграфіі.

Працаваў дэканам геаграфічнага факультэту, першым прарэктарам Брэсцкага дзяржуніверсітэту.

Аўтар больш за 180 навуковых прац па дэмаграфіі, рассяленні насельніцтва і яго структуры, міграцыях.

brsu.by


24 чэрвеня 1989 года ў Вільні пачаўся I Устаноўчы з’езд БНФ «Адраджэнне» (24-25 чэрвеня).

Грамадска-палітычнага руху, які стаў самым уплывовым нацыянальным рухам Беларусі канца ХХ – пачатку ХІХ стагоддзяў. На зʼездзе прысутнічала каля 400 дэлегатаў. Правесці паседжанне ў Менску не дазволіў Прэзідыум Вярхоўнага савету БССР.

Зʼезду ў віленскім Палацы прафсаюзаў папярэднічаў Устаноўчы сход беларускага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» 19 кастрычніка 1988 году. На ім на прапанову Зянона Пазьняка быў утвораны аргкамітэт БНФ «Адраджэньне». 

Прынятая тады праграмная заява дакляравала курс на суверэнітэт Беларусі, дэмакратычныя рэформы, нацыянальнае адраджэнне, абарону правоў чалавека. БНФ станавіўся першай рэальнай альтэрнатывай камуністычнай партыі.

У Вярхоўным Савеце БССР была сфарміравана фракцыя БНФ. А ў 1993 г. створана партыя БНФ.

Структурныя падраздзяленні БНФ існавалі ў гарадах і раёнах краіны, выдаваліся газеты, бюлетэні. У Магілёве выдаваліся газеты «Абуджэнне», «Ратуша» з дадаткамі «Шклоўскія навіны», «Дэмакратычны Бабруйск», «Панарама» (Глуск), «Сумленне» (Асіповічы), «Паходня» (Бялынічы), «Бацькаўшчына» (Бабруйск), «Крычаўскiя навiны», «Край Вашчылы» (Крычаў), «Веснiк Слаўгарада».

Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэньне« ліквідаванае 10 лістапада 2021 года Вярхоўным судом Беларусі.

radabnr.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Нарадзіўся Юры Хадыка, палітык, стваральнік музею старажытнабеларускай культуры. Пачалася аперацыя «Багратыён», у ходзе якой была вызваленая Беларусь ад нацыстаў. Міжнародны дзень удоў

23 чэрвеня Дзень дзяржаўнай службы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адзначаецца з 2003 году.

Генеральная Асамблея заклікае дзяржавы-члены ААН у гэты дзень спецыяльнымі імпрэзамі асвятляць працу дзяржаўнай службы ў працэсе развіцця краін.

ААН — міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.


23 чэрвеня – Міжнародны дзень удоў.

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2011 годзе.

Для многіх жанчын ва ўсім свеце трагедыя страты партнёра ўскладнена працяглай барацьбой за свае асноўныя правы і годнасць. Нягледзячы на ​​тое, што ў свеце больш за 258 мільёнаў удоў, на іх не заўжды звяртаюць увагу.

У Беларусі больш за 800 тысяч удоў. І іх колькасць толькі расце. У краіне павышаная смяротнасць мужчын. Яны жывуць на 10 гадоў менш за жанчын.

mirkosmosa.ru


23 чэрвеня (6 ліпеня) 1900 года нарадзіўся Іван Лупіновіч (1900-1968).

Глебазнавец-аграхімік, доктар сельскагаспадарчых навук.

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства.

Зрабіў значны ўклад у вывучэнне праблем меліярацыі і асваення Палесся.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1933 года загінуў епіскап Слуцкі Мікалай (Мікалай Шамяціла). Нарадзіўся ў 1877.

Беларускі праваслаўны дзеяч.

Падтрымліваў і пашыраў сярод вернікаў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Прыхільнік ідэй аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі.

Арыштоўваўся органамі НКВД у 1926, 1933 гадах. Па афіцыйнай версіі, памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі, па іншых звестках – расстраляны ў Мінскай унутранай турме ДПУ.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1938 года нарадзіўся Юрый Хадыка.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, навуковец.

У 1969 годзе арганізаваў у АН БССР семінар па вывучэнню старажытнабеларускага мастацтва, прымаў удзел у зборы матэрыялаў і напісанні «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры. Намеснік старшыні БНФ. Быў у зняволенні. У турме на знак пратэсту галадаў. Памёр у ЗША, але пахаваны ў Мінску.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1944 года пачалася наступальная аперацыя савецкіх войск «Баграціён» (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944).

Ад гітлераўцаў была вызваленая Беларусь, усходняя Польшча, частка Прыбалтыкі. Была цалкам разгромлена нямецкая група арміяў «Цэнтр». Аднавіць страты нацысты былі не ў сілах. Аперацыя «Баграціён» пераламіла хаду вайны Савецкага Саюзу з гітлераўскай Германіяй.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1967 года ў ЗША памёр Мікалай Дзямідаў. 

Беларускі грамадска-палітычны і ваенны дзеяч, настаўнік.

Удзельнік Імперыялістычнай вайны, паручнік.

Прадстаўнік Рады БНР і камендант Гродна. З уласна сфарміраваным батальёнам ваяваў у складзе арміі Станіслава Булак-Балаховіча.

Арганізатар таварыстваў «Беларуская хата» і «Рунь» у Латвіі. Адзін з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Гадавіна смерці Быкава. Пачатак вайны між Нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам. Нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч, адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі

22 чэрвеня 2003 году памёр Васіль Быкаў.

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, франтавік, Народны пісьменнік Беларусі.

Ягоныя паховіны сабралі ў Мінску тысячы людзей. Былі спробы спыніць жалобную працэсію, але яе ўдзельнікі ўсё роўны праводзілі пісьменніка да ягонай магілы на Ўсходніх могілках сталіцы.

Большасць твораў Быкава – аповесці пра нямецка-савецкую вайну, дзеянне якіх адбываецца падчас нямецка-савецкай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцця.

Творчасцю пісьменніка засведчаны духоўная сталасць сучаснай беларускай літаратуры, яе сусветны ўзровень.

wikimedia.org


22 чэрвеня 1941 гады – Пачалася вайна між нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам.

На той момант большасць краін Еўропы былі акупаваныя Германіяй. А з уварваннем Германіі ў Польшчу 1 верасня 1939 году пачалася Другая сусветная вайна.

Нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам лічыліся хаўруснікамі. Двума гадамі раней яны падпісалі дамову аб ненападзе. У ёй была сакрэтная частка «Пакт Молатава Рыбэнтропа». Згодна з якой Германія і Савецкі Саюз дамаўляліся аб падзеле часткі Еўропы на сферы ўплыву. СССР і Германія падзялілі між сабою Польшчу. Савецкі Саюз акупаваў краіны Балтыі.

У выніку акупацыі Беларусі Германіяй было забіта 2219316 чалавек цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных, але з улікам ускосных страт за гады вайны загінула ад 2,5 да 3,0 млн жыхароў Беларусі.

Беларусь стала месцам масавага забойства габрэяў. Амаль у кожным паселішчы былі створаныя гета, нявольнікаў гітлераўцы стралялі і душылі газам. Халакост у Беларусі забраў да 800 тысяч габрэяў. Тут забівалі не толькі мясцовых габрэі, але і прывезеных з іншых краёў.

wikimedia.org

22 чэрвеня 1706 года ў Магілёў з Оршы прыбыў маскоўскі цар Пётр І.

Наведванне ім гораду адбылося праз год пасля таго, як Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасці каранаванай асобы.

11 ліпеня 1705 году ў полацкім Сафійскім саборы Пётр разам з світай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Сафійскі сабор быў зруйнаваны.

Праз два гады Магілёў будзе спалены маскоўцамі.

avatars.mds.yandex.net


22 чэрвеня 1888 года нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады, міністр замежных спраў БНР, кіраўнік ураду БНР.

Аўтар твораў «Кароткі нарыс узнікнення БНР», «Западна-русізм». Працаваў вучоным сакратаром Інстытуту беларускай культуры, у Інстытуце гісторыі акадэміі навук.

Двойчы арыштоўваўся. Расстраляны органамі ўнутраных спраў Савецкага Саюзу 30 снежня 1937 году

wikimedia.org


22 (10) чэрвеня 1898 года нарадзіўся Браніслаў Туронак (1896-1938).

Беларускі грамадскі дзеяч, доктар лекарскіх навук.

Займаўся папулярызацыяй аховы здароўя. Пісаў у газету «Беларуская крыніца». У 1928 выйшла асобнай брашурай праца «Гігіена ўзгадавання дзіцяці».

Пасля 1928 Браніслаў Туронак адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Падтрымліваў грашыма беларускія выданні і грамадскія ініцыятывы.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. З’явіўся атракцыён “Кола агляду”. Нарадзіліся этнограф Аляксандр Сержпутоўскі, натураліст Жан Жылібер. Не стала мовазнаўцы Фелікса Стацкевіча і фалькларыста Генадзя Цітовіча

21 чэрвеня – Дзень летняга сонцастаяння.

Надышло астранамічнага лета. Сёння найдаўжэйшы дзень і найкарацейшая ноч у годзе.

На працягу тысячагоддзяў Дзень летняга сонцастаяння мела вялікае значэнне для нашых продкаў, якія падпарадкоўваліся прыродным цыклам. Для язычнікаў сонца валодала чароўнай уладай над усім жывым, а летняе сонцастаянне азначала найвышэйшы росквіт усіх сіл прыроды. Аднак сярэдзіна лета нагадвала таксама пра хуткае скарачэнне светлавога дня і немінучым набліжэнні зімы.

У паганскім календары славян гэта свята было прысвечаны богу сонца – Ярыле. У дні летняга сонцастаяння адзначаецца адно з самых старажытных святаў – Купалле. Яно прысвячаецца сонцу і росквіту зямлі і пад самымі рознымі назвамі вядома практычна ва ўсёй Еўропе.

belarus.by

21 чэрвеня 1741 года нарадзіўся Жан Эмануэль Жылібер (1741-1814).

Французскі і беларускі натураліст, хірург і анатам.

Стваральнік і кіраўнік Гродзенскай медыцынскай акадэміі. 

Заснаваў акушэрскую і ветэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад. 

Прафесар медыцынскага факультэта Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні. 

У Гродна стаіць помнік Жыліберу, у яго гонар назвы гарадскі парк.

wikimedia.org


21 чэрвеня 1864 года нарадзіўся Аляксандр Сержпутоўскі (1864-1930).

Беларускі этнограф і фалькларыст, мовазнавец, літаратар.

Удзельнік 25 этнаграфічных, антрапалагічных, лінгвістычных экспедыцый.

Узнагароджаны за «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак» Малым залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Аўтар твораў пра жыццё палешукоў, збору песень з Горацкага, Чавускага, Мсціслаўскага, Клімавіцкага раёнаў.

wikimedia.org


21 чэрвеня 1893 годзе наведнікі Сусветнай выставы ў Чыкага ўпершыню ў гісторыі пракаціліся на коле агляду «Чортава кола».

Самае вялікае кола агляду адкрыта ў 2008 годзе ў сінгапурскі Singapore Flyer. Яго вышыня 165 метраў.

У 1970-1980-я гады колы агляду былі ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. У Магілёве стаяла на Савецкай плошчы Магілёва, потым у дзіцячым парку каля Палацу вобласці. Дэмантавана.

Адзінае ў Магілёўскай вобласці кола агляду працуе ў самым усходнім райцэнтры краіны – у Хоцімску.

visitsingapore.com


21 чэрвеня 1962 году нарадзіўся Віктар Цой. Музыка. 

Лідар папулярнага ў Савецкім Саюзе рок-гурта «Кіно».

Песні Цою актуальныя па сёння. Ягоная кампазіцыя «Перемен» гучала на беларускіх акцыях пратэсту.

Віктар Цой загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў 1990 годзе.

belnaviny.by


21 чэрвеня 1967 года памёр Фелікс Стацкевіч (1897-1967).

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, складальнік «Эсперанта-беларускага слоўніка».

Працаваў дырэктарам Радашковіцкай беларускай гімназіі, старшынём Галоўнай управы Таварыства беларускай школы, рэдактарам часопісу «Беларускі летапіс». 

Рэпрэсаваўся польскімі і савецкімі ўладамі.

wikimedia.org


21 чэрвеня 1986 года пайшоў з жыцця Генадзь Цітовіч (1910-1986).

Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф.

Заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага хору Беларусі. Народны артыст СССР.

Запісаў больш за 3 тыс. беларускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў.

Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.

ethno.by


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Нарадзіўся Васіль Быкаў. Пратэстны мітынг у Курапатах з бел-чырвона-белымі сцягамі і антысавецкімі лозунгамі. Упершыню замераны радыус зямлі. Віншаванні медыкам

19 чэрвеня – Дзень медычнага работніка.

Зацверджаны ў часы Савецкага Саюзу – 1 кастрычніка 1980 году. Адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.

У медычных установах краіны працуе 41,7 тысяч лекараў і 112,5 тысяч медычных сясцёр.

neg.by


19 чэрвеня 240 года ўпершыню вылічылі радыус Зямлі.

Зрабіў гэта географ і астраном Эратасфен Кірэнскі ў дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі

Паводле ягоных вымярэнняў акружнасць Зямлі складала 250,000 стадыяў, а радыус – 39790 стадыяў. Невядома якімі стадыямі карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7082 км, калі егіпецкім, то 6287 км.

Сучасныя вымярэнні даюць велічыню ў 6371 км.

odessa-life.od.ua


19 чэрвеня 1898 года нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).

Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове. Распрацаваў методыку сортавыпрабавання,

Родная вёска Савіцкага Расасна цяпер у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці.


19 чэрвеня 1912 года нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).

Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар.

Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю (1931). У 1931–1939 гадах настаўнічаў.

Як пісьменнік дэбютаваў у 1929 годзе пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева ў часопісе «Шлях моладзі», дзе публікаваўся і пазней. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968), «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984).

Займаўся перакладамі. Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» выкладаў, быўшы асуджаным, у лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

У 1944 годзе вывезены ў Германію, вызвалены ў 1945 годзе, служыў у Чырвонай Арміі.

У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане.

У 1956 годзе вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. 

У 1963–1974 гадах настаўнічаў. Скончыў Мінскі педінстытут (1970). Рэабілітаваны ў 1978.

data.cyclowiki.org


19 чэрвеня 1923 года ў Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.

Геафізік, адзін са стваральнікаў беларускай школы геафізікі, займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызму.

Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. Кандыдат геолага-мінералагічных навук.

19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны.

У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.

Па творах Васіля Быкава свет спасцігае асаблівасці беларускага народнага характару, трагізм гістарычнага лёсу нашага народу.

Творчасцю пісьменніка засведчаны духоўная сталасць сучаснай беларускай літаратуры, яе сусветны ўзровень. Яна гаворыць чалавецтву, што цвіце Беларусь, думае Беларусь, мае дзяржаўны гонар.

«Народная любоў да мастака была бязмернай. Яго яшчэ пры жыцці назвалі сумленнем нацыі. Яго вялікі маральны аўтарытэт не ствараўся штучна. Ён трывала забяспечваўся ўменнем мастака дакопвацца да глыбіні праўды пра людское жыццё на скразняках часу і, вядома ж, чалавечнасцю…», – казаў пра Быкава крытык Дзмітры Бугаёў.

Свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік».

media.imhoclub.com


19 чэрвеня 1941 года нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу.

Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што Літва не была балцкім племем, што на тэрыторыі Беларусі пануе фіна-угорская тапаніміка.

Дзяцінства правёў у вёсцы Беразякі Краснапольскага раёну і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, скончыў СШ №2 Магілёва.

person.goub.by


19 чэрвеня 1976 года нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).

Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі, распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».

wikimedia.org


19 чэрвеня 1988 года ў Курапатах адбыўся масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Людзі ў Курапатах сабраліся неўзабаве пасля публікацыі ў газеце «Літаратура і Мастацтва» артыкулу «Курапаты – дарога смерці», у якой гаварылася пра масавыя расстрэлы ў гэтым урочышчы ў часы сталінізму.

Марш і мітынг лічыцца першымі пратэстнымі акцыямі ў савецкай Беларусі. На іх сабралася да 10 тысяч чалавек. Там упершыню быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Гучалі антысавецкія лозунгі.

З 1937 па 1941 году ў Курапатах было забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.

i.c97.org


19 чэрвеня 2019 года памерла Іраіда Царук. 

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце працавала з 1963 года па 1991 год старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедры, дэканам гістарычнага факультэту.

Распрацавала спецкурсы па гісторыі Беларусі. Актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, выступала з дакладамі на ўсесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых і навукова-метадычных канферэнцыях.

Больш за 10 гадоў была членам Прэзідыума навукова-тэхнічнага і навукова-метадычнага Савету, членам каардынацыйнага Савету Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, членам спецыялізаванага савету па абароне дысертацый. Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР.

Аўтар звыш 70 навуковых прац. Падрыхтавала 30 кандыдатаў навук.

Нарадзілася ў 1928 годзе. Яна родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага. Даследніка гісторыі і культуры Заходняй Беларусі.

hist.bsu.by


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


галоўнае фота: Василь Быков, 1984 год, из архива Белта