«Фотаальбом Магілёў.media». Прагулка па знаёмым і незнаёмым Пячэрскім лесапарку

Пячэрскі лесапарк – найпапулярнейшая ў Магілёве мясціна адпачынку і пазнання прыроды.

Апісваць прыгажосць лесапарку бессэнсоўна. Лепей там пабываць.

Паблукаць па Пячэрскім лесапарку прапанаваў чытач Магілёў.media. Ён даслаў фотаздымкі, як напісана ў каментары да іх, улюблёныя куткі ляснога масіву.

Аўтар ліста заўважае: апісваць прыгажосць лесапарку бессэнсоўна, а лепей там пабываць, ці нацешыцца праглядам фотаздымкаў адтуль.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Магілёў.media сабраў цікавыя і павучальныя факты пра Пячэрскі лесапарк


Пячэрскі лесапарк – заказнік мясцовага значэння.

Пра наданне такога статусу год таму абвясціў гарвыканкам. Гэтага дамагалася не адзін год грамадскасць. Каб звярнуць увагу на неабходнасць беражлівага стаўлення да яго збіраліся подпісы гараджан. Праводзіліся сустрэчы з чыноўнікамі.

У 2017 годзе Міжнароднае аб’яднанне «Экапраект» звярталася ў гарвыканкам з ініцыятывай стварыць рабочую групу для захавання і развіцця лесапарку. Тады чыноўнікі палічылі, што з’яўленне такой структуры немэтазгоднае.

Чаго нельга рабіць у лесапарку.

Намаганні рупліўцаў і эколагаў далі плён. Цяпер у Пячэрскім лесапарку дзеіць асаблівы рэжым аховы, выкарыстання і нарыхтоўкі драўніны. Акрамя таго ў ім:

– Забаронена зліваць сцёкавыя воды ў навакольнае асяроддзе;

– Праводзіць працы гідратэхнічнай меліярацыі;

– Выпальваць сухую расліннасць;

– Узводзіць прамысловыя, камунальныя і складскія аб’екты.

Іншыя асаблівасці лесапарку.

– Ягоная плошча – 328 гектараў, гэта як 20 менскіх стадыёнаў «Дынама». З іх 11 га займае возера, утворанае на рацэ Дубравенцы;

– Паводле экспертаў з Інстытуту эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі, у лесапарку «прадстаўленыя дрэвастоі цьвёрдаліставых і хваёвых парод з сярэднім узростам 100 і больш гадоў». Расце ў ім не меней за 200 соснаў, дубоў і ялін, якім па 130-150 гадоў.

– Тут выяўленыя чырванакніжныя і ахоўныя віды раслін, а таксама рэдкія біятопы.

– Глабальныя змены клімату ў спалучэнні з антрапагенным ціскам, выкліканым разбудоўваннем гораду, прывялі да таго, што за дзесяць апошніх гадоў у ім страчана траціна векавых насаджэнняў. Хваёвыя цярпяць ад караеда і засыхаюць. Плошча санітарнага высякання лесу набліжаецца да 50 гектараў.

 – Пячэрскае возера (вадасховішча), утворанае запрудаю ракі Дубравенкі. Плошча возера 0,1 кв. км, даўжыня 1,6 км, глыбіня да 4,5 м. Багата рыбай: акунь, карась, карп. Дно да глыбінь 1,5 м пясчанае, глыбей глейкае.

– Упершыню Пячэрск згадваецца ў «падложных» дакументах 1502 і 1532 гадоў. Тады князі Буйніцкія перадалі шэраг мясцовых маёнткаў Кіева-Пячэрскаму манастыру святой Багародзіцы.