Дзень у гісторыі. Канец савецкага перыяду беларусізацыі. Заснаванне Таварыства беларускай мовы. Адкрыццё помніка Альгерду

27 чэрвеня – Сусветны дзень рыбалоўства.

Заснаваны ў ліпені 1984 года ў Рыме на Міжнароднай канферэнцыі па рэгуляванні і развіцці рыбалоўства. Яго мэты – павысіць прэстыж прафесіі і звярнуць увагу на водныя рэсурсы, якія патрабуюць беражлівага стаўлення. Тады ж былі складзеныя рэкамендацыі па ахове навакольнага асяроддзя для прадпрыемстваў, якія займаюцца здабычай рыбы ў розных краінах.

Упершыню сусветны дзень рыбалоўства адзначылі ў 1985 годзе.

Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану.

Яшчэ ў старажытных людзей з’явіліся гарпуны і гаплікі. Першую вуду змайстравалі 16 тысяч гадоў таму з тычка і прымацаванай да яе ліяны. У Старажытным Егіпце вынайшлі сеткі і сачкі.

belarus-economy.by


27 чэрвеня 1697 года каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ быў абраны Аўгуст II Моцны.

Імкнуўся да абсалютнай улады і да пераўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў незалежную дзяржаву, але больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі (быў курфюрстам саксонскім). Лічыўся саюзнікам маскоўскага самадзержца Пятра I. За Аўгустам II Моцным пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Ён скараціў войска ў Рэчы Паспалітай з 80 да 18 тысяч чалавек, у ВКЛ да 6 тысяч.

wikimedia.org


27 чэрвеня 1863 года Зігмунт Серакоўскі быў павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

Серакоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам.

Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў Акадэмію Генеральнага штабу. Зблізіўся з рускімі рэвалюцыянерамі Дабралюбавым, Чарнышэўскім.

У 1857 г. стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, чальцамі якой былі і браты Каліноўскія. Падчас замежных падарожжаў сустракаўся з Герцэнам,  Агаровым, Гарыбальдзі.

З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. У канцы красавіка 1863 году паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, сам ён быў паранены і захоплены ў палон.

Месца пахавання да 2017 году было невядомым. Пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні была знойдзена магіла мужчыны са звязанымі ззаду рукамі і з залатым пярсцёнкам на пальцы з выгравіраваным на ім надпісам па-польску «Zygmónt Apolonija», які дазволіў ідэнтыфікаваць яго як Серакоўскага (Апалонія – імя ягонай жонкі).

wikimedia.org

27 чэрвеня 1925 года нарадзілася Лідзія Арабей.

Беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец, пісьменніца.

Даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч (псеўданім Цётка). Абараніла кандыдацкую дысертацыю па творчасці Пашкевіч.

У 1985 годзе выйшлі выбраныя творы Лідзіі Арабей ў 2-х тамах

wikimedia.org


27 чэрвеня 1929 года камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР раскрытыкавала дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі і кіраўніцтва рэспублікі.

Канец перыяду савецкай беларусізацыі, якая трывала на той момант больш за 5 гадоў.

Пасля чаго пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратызмам, была сфабрыкавана справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Пачаліся арышты дзеячаў навукі і культуры. Стала ўкараняцца палітыка абмежавання беларускай мовы. У 1933 годзе была праведзеная рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

kamunikat.org


27 чэрвеня 1941 года НКУС распачаў масавыя расстрэлы палітзняволеных у Віцебску.

За 3 дні было забіта каля 2 тысяч чалавек. Месца пахавання ахвяр дакладна не вядома. У 1937-1940 гады расстрэлы праводзіліся каля вёскі Хайсы пад Віцебскам.

hajsy.org


27 чэрвеня 1989 года на Устаноўчым з’ездзе заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ).

Адно з найвядомейшых і найстарэйшых аб’яднанняў Беларусі. У 1990 годзе таварыства распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, які зацвердзіў Вярхоўны Савет 12 склікання. Адзінаю дзяржаўнай мовай краіны прызнавалася беларуская. Гэтае палажэнне ў 1994-м замацаваў артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе ТБМ заклікала выправіць сітуацыю няроўнага двухмоўя ў краіне, ініцыяваўшы прыняцце Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы.

За гады сваёй дзейнасці ТБМ прыкладала намаганні ў пашырэнні беларускай мовы ў беларускім грамадстве. Было ініцыятаркай шматлікіх імпрэзаў.

8 лістапада 2021 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальнай падставай сталі, нібыта, юрыдычныя парушэнні.

wikimedia.org


27 чэрвеня 2014 года ў Віцебску адкрылі конную скульптуру Вялікага князя літоўскага Альгерда.

Урачыстасць адбылася падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска. Помнік адзіны ў Беларусі, які ўслаўляе кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Стаіць на Рыначнай плошчы насупраць Свята-Васкрасенскай царквы.

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё гораду. За перыяд яго княжання Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзведзена царква Святога Духа ў Заручаўі, а таксама адрамантавана Дабравешчанская царква XII стагоддзя.


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”