Дзень у гісторыі. Камуністычная ўлада Савецкага Саюзу асудзіла культ Сталіна. Нарадзіўся ліцвін польскай культуры Чэслаў Мілаш. У Віцебску пачаў курсаваць першы ў Беларусі трамвай

30 чэрвеня – Міжнародны дзень астэроіда.

Адзначаецца ад 2016 году з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Нагодаю для абвяшчэння гэтага Дня стала гадавіна сутыкнення астэроіду з зямлёю, якое адбылося 30 чэрвеня 1908 году. Тады выбуховай хваляй у радыусе 40 км быў павалены лес, узніклі пажары. Узрыў быў чутны за 1000 км. Выбуховую хвалю рэгістравалі па ўсім свеце.

Гэта ўнікальная прыродная зʼява вядомая як «Тунгускі метэарыт».

Дзень астэроіда закліканы павысіць узровень дасведчанасці людзей аб небяспецы сутыкнення зямлі з астэроідамі, якое нясе разбуральныя наступствы для чалавецтва, а таксама інфармаваць насельніцтва аб мерах па падтрыманні сувязі ў крытычнай сітуацыі.

img-fotki.yandex.ru


30 чэрвеня 1881 года нарадзіўся Павел Растаргуеў.

Беларускі мовазнаўца.

Правадзейны член Інстытуту беларускай культуры, доктар філалагічных навук.

У 1918 годзе чытаў курс лекцыяў беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, займаўся вырашэннем праблемаў беларускай літаратурнай мовы.

wikimedia.org

30 чэрвеня 1898 года запушчаны трамвай у Віцебску. Горад стаў першым у Беларусі, дзе зʼявіўся такі транспарт.

У Віцебску працуе музей трамвая.

У Мінску трамвай пусцілі ў 1928 годзе. У Беларусі такі транспарт ёсьць у Наваполацку і Мазыры.

wikimedia.org


30 чэрвеня 1911 года нарадзіўся Чэслаў Мілаш.

Польскі паэт, празаік, эсэіст, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Працаваў на Польскім Радыё ў Вільні, але быў звольнены па абвінавачаннях у падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў.

Па Другой сусветнай вайне Мілаш працаваў у Міністэрстве замежных спраў Польскай Народнай Рэспублікі. 

У 1951 адмовіўся вярнуцца ў Польшчу і папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. Супрацоўнічаў з польскімі выданнямі.

У ПНР яго афіцыйна лічылі здраднікам і рэнегатам. Да 1980 цэнзура забаряняла не толькі публікаванне яго твораў, але і згадваць яго прозвішча.

Брат, Чэслава Андрэй Мілаш казаў: «Мілашы – гэта такія самыя ліцвіны, як Міцкевіч, Гамбровіч, Голубеў, Ясеніца, Ваньковіч, Віткацы ці нават Пілсудзкі«. 

А сам Чэслаў Мілаш гаварыў пра сябе: «Я ліцвін польскай культуры»

Ліцьвіны – гістарычнае найменне і саманазва ўраджэнцаў беларускіх земляў у Вялікім Княстве Літоўскім, якая выкарыстоўвалася поруч з русінамі.


30 чэрвеня 1956 года Савецкае кіраўніцтва ўзняло праблему культу асобы Сталіна.

ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яе наступстваў», у якой узнята праблема барацьбы з культам асобы Іосіфа Сталіна. Было заяўлена, што такая зʼява супярэчыць прыродзе сацыялістычнага ладу і замаруджвае прасоўванне савецкага грамадства да камунізму.

Узведзеныя помнікі Сталіну сталі зносіць, здымаць шматлікія партрэты. У 1961 годзе ЦК КПСС прызнаў «немэтазгодным далейшае захаванне ў Маўзалеі саркафага з труной І. Сталіна», прапанаваўшы перапахаваць яго каля Крамлёўскай сцяны.

wikimedia.org

30 чэрвеня 1965 года нарадзіўся Лявон Юрэвіч.

Беларускі літаратуразнавец, крытык, бібліёграф, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі.

Скончыўшы школу працаваў у гарадской дзіцячай бібліятэцы. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім абʼяднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984).

Скончыў філалагічны факультэт Мінскага педінстытуту імя Максіма Горкага. Выкладаў беларускую мову ў Мінскім педінстытуце замежных моў. 

У 1990 годзе паступіў у аспірантуру Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. 

У 1993 годзе выехаў у ЗША. Працуе архівістам у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Мае дзве навуковыя ступені: у філалогіі і бібліятэказнаўстве. 

Чалец Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, які дзеіць у Нью-Ёрку, уваходзіць у рэдкалегію альманаха «Запісы БІНіМ».

Аўтар шматлікіх даследаванняў розных гістарычных перыядаў існавання беларускай нацыі: «Беларуская мемуарная літаратура на эміграцыі», «Культура беларускага замежжа», «Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры».

knihi.by


30 чэрвеня 1969 года памёр Міхайла Грамыка.

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу.

Даследчык радовішчаў нафты. Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе». Удзельнічаў у пошуку нафты на Палессі.

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.


30 чэрвеня 2014 года памёр Сяргей Краўчанка.

Заслужаны артыст Беларусі, актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Сярод ягоных роляў: Данілка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Драгун («Парог» А. Дударава), Гайдук («Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча), Захар («Апошні шанц» В. Быкава), Дамаш («Князь Вітаўт» А. Дударава).

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя” і іншых адкрытых крыніцаў у інтэрнэце


 

Дзень у гісторыі. Таямнічая смерць Янкі Купалы. Гітлераўцамі акупаваны Мінск. Вызваленне Магілёва з-пад нямецка–фашысцкай акупацыі. Утвораная Ліга нацыяў, правобраз ААН

28 чэрвеня 1660 года войскі Рэчы Паспалітай перамаглі акупацыйныя аддзелы Масковіі.

Бітва адбылася ля мястэчка Палонка, што на Навагрудчыне.

Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе трынаццацігадовай вайны (1654-1667). Ёю была спыненая аблога Ляхавіцкага замку і зь яе пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Трынаццацігадовая вайна прынесла велічэзныя страты беларускім землям. Насельніцтва Беларусі скарацілася на 1,5 млн. чалавек, 70% хат у вёсках стаялі пустымі, большасць беларускіх гарадоў былі спалены. Для таго, каб узнавіць гаспадарку спатрэбілася каля 25 гадоў.

У 1994 годзе на месцы Палонкаўскай бітвы быў усталяваны памятны знак. У 2010 годзе адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.

wikimedia.org


28 чэрвеня 1914 года забіты Аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.

Тэраакт у Сараеве ўчыніў сербскі студэнт Гаўрыл Прынцып. 

Забойства манаршай асобы стала нагодай для развязання Першай Сусветнай вайны. Яна пачалася 1 жніўня 1914 году. Скончылася з 1918-ым. У расійскае войска былі прызваны 900 тысяч беларусаў, з якіх загнула каля 70 тысяч.

Пад акупацыяй Кайзераўскай Германіі апынулася палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай.

У 1915-1918 гадах колькасць бежанцаў склала ад 1,5 да 2,2 млн. чалавек.

У Магілёве знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага расійскім войскам – цара Мікалая-ІІ.

s16.stc.yc.kpcdn.net


28 чэрвеня 1919 года ўтворана Ліга Нацый.

Міжнародная арганізацыя, заснаваная ў выніку падпісання Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах.

У перыяд з 28 верасня 1934 па 23 лютага 1935 гадоў у Лігу Нацый уваходзіла максімальная колькасць дзяржаў – 58.

Мэты Лігі Нацый уключалі ў сябе: раззбраенне, перадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце. Спыніла існаванне арганізацыя ў 1946 годзе.

Лічыцца, што Ліга нацыяў заклала падмурак і была правобразам для Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, якая паўстала па сканчэнні Другой сусветнай вайны.

 

28 чэрвеня 1923 год нарадзіўся Уладзімір Чантурыя.

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.

Аўтар фундаментальных зборнікаў «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 году», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі».

wikimedia.org


28 чэрвеня 1941 года танкі і мотапяхота гітлераўскай Германіі ўвайшлі ў Мінск. 

Тры гады беларуская сталіца знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй.

За гэты час на Міншчыне было знішчана больш за 300 тысяч чалавек. З іх 100 тысяч – ваеннапалонныя. Амаль 30 тысяч вывезеныя ў Нямеччыну.

Дакладная колькасць людскіх ахвяраў у Беларусі за час нацысцкай акупацыі вызначыць цяжка. Праз 20 гадоў па сканчэнні Другой сусветнай вайны лічылася, што загінула 2 млн. 200 тыс. жыхароў краю.

1prof.by


28 чэрвеня 1942 года загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала.

Абставіны яго смерці застаюцца не высветленымі дагэтуль. Ён упаў у лесвічны пралёт з 10 паверху гасцініцы «Масква». У савецкай сталіцы ён знаходзіўся ў эвакуацыі.

Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, забойства.

Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а ў 1962 годзе перапахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Янка Купала неаднаразова з 1921 году падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх улад. Выклікаўся на допыты ў справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», якой у рэальнасці не існавала. 

20 лістапада 1930 году, не вытрымаўшы здзекаў, Купала зрабіў спробу самагубства, але застаецца жывы.

wikimedia.org


28 чэрвеня 1944 года савецкімі войскамі вызвалены з-пад акупацыі фашысцкай Германіі Магілёў.

У вынікі аперацыі «Баграціён» былі вызвалілі таксама Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.

28 чэрвеня ў Магілёве адзначаецца – Дзень гораду.

lh3.googleusercontent.com


28 чэрвеня 1991 года спыніў існаванне Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ).

Міжнародная эканамічная арганізацыя створаная згодна з рашэннем эканамічнай нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР, Чэхаславаччыны. Штаб кватэра месцілася ў Маскве.

У склад арганізацыі ўвайшлі краіны, якія вызваліў Савецкі Саюз з-пад нацысцкай акупацыі. СЭУ лічыцца адказам Савецкага Саюзу на амерыканскі «план Маршала», які прадугледжваў адбудову пасляваеннай Еўропы. Мэта СЭУ была амаль ідэнтычная «Плану Маршала».

Прыярытэтным напрамкам дзейнасці СЭУ было эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва краін – членаў Саюзу, якая ўключала развіццё ўзаемнага гандлю, арганізацыю абмену гаспадарчым вопытам, аказанне ўзаемнай дапамогі сыравінай, прадуктамі харчавання, абсталяваннем, машынамі і іншымі таварамі. Распрацоўваліся адзіныя стандарты і нормы для краін-удзельніц.

Арганізацыя спыніла існаванне на 46 сесіі ў Будапешце.

upload.wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Канец савецкага перыяду беларусізацыі. Заснаванне Таварыства беларускай мовы. Адкрыццё помніка Альгерду

27 чэрвеня – Сусветны дзень рыбалоўства.

Заснаваны ў ліпені 1984 года ў Рыме на Міжнароднай канферэнцыі па рэгуляванні і развіцці рыбалоўства. Яго мэты – павысіць прэстыж прафесіі і звярнуць увагу на водныя рэсурсы, якія патрабуюць беражлівага стаўлення. Тады ж былі складзеныя рэкамендацыі па ахове навакольнага асяроддзя для прадпрыемстваў, якія займаюцца здабычай рыбы ў розных краінах.

Упершыню сусветны дзень рыбалоўства адзначылі ў 1985 годзе.

Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану.

Яшчэ ў старажытных людзей з’явіліся гарпуны і гаплікі. Першую вуду змайстравалі 16 тысяч гадоў таму з тычка і прымацаванай да яе ліяны. У Старажытным Егіпце вынайшлі сеткі і сачкі.

belarus-economy.by


27 чэрвеня 1697 года каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ быў абраны Аўгуст II Моцны.

Імкнуўся да абсалютнай улады і да пераўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў незалежную дзяржаву, але больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі (быў курфюрстам саксонскім). Лічыўся саюзнікам маскоўскага самадзержца Пятра I. За Аўгустам II Моцным пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Ён скараціў войска ў Рэчы Паспалітай з 80 да 18 тысяч чалавек, у ВКЛ да 6 тысяч.

wikimedia.org


27 чэрвеня 1863 года Зігмунт Серакоўскі быў павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

Серакоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам.

Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў Акадэмію Генеральнага штабу. Зблізіўся з рускімі рэвалюцыянерамі Дабралюбавым, Чарнышэўскім.

У 1857 г. стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, чальцамі якой былі і браты Каліноўскія. Падчас замежных падарожжаў сустракаўся з Герцэнам,  Агаровым, Гарыбальдзі.

З пачаткам паўстання пакінуў службу ў царскай арміі і разгарнуў ваенныя дзеянні інсургентаў на Ковеншчыне. У канцы красавіка 1863 году паўстанцы Серакоўскага былі разбітыя пад мястэчкам Біржы, сам ён быў паранены і захоплены ў палон.

Месца пахавання да 2017 году было невядомым. Пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільні была знойдзена магіла мужчыны са звязанымі ззаду рукамі і з залатым пярсцёнкам на пальцы з выгравіраваным на ім надпісам па-польску «Zygmónt Apolonija», які дазволіў ідэнтыфікаваць яго як Серакоўскага (Апалонія – імя ягонай жонкі).

wikimedia.org

27 чэрвеня 1925 года нарадзілася Лідзія Арабей.

Беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец, пісьменніца.

Даследчыца творчасці Алаізы Пашкевіч (псеўданім Цётка). Абараніла кандыдацкую дысертацыю па творчасці Пашкевіч.

У 1985 годзе выйшлі выбраныя творы Лідзіі Арабей ў 2-х тамах

wikimedia.org


27 чэрвеня 1929 года камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР раскрытыкавала дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі і кіраўніцтва рэспублікі.

Канец перыяду савецкай беларусізацыі, якая трывала на той момант больш за 5 гадоў.

Пасля чаго пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратызмам, была сфабрыкавана справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Пачаліся арышты дзеячаў навукі і культуры. Стала ўкараняцца палітыка абмежавання беларускай мовы. У 1933 годзе была праведзеная рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

kamunikat.org


27 чэрвеня 1941 года НКУС распачаў масавыя расстрэлы палітзняволеных у Віцебску.

За 3 дні было забіта каля 2 тысяч чалавек. Месца пахавання ахвяр дакладна не вядома. У 1937-1940 гады расстрэлы праводзіліся каля вёскі Хайсы пад Віцебскам.

hajsy.org


27 чэрвеня 1989 года на Устаноўчым з’ездзе заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ).

Адно з найвядомейшых і найстарэйшых аб’яднанняў Беларусі. У 1990 годзе таварыства распрацавала Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, які зацвердзіў Вярхоўны Савет 12 склікання. Адзінаю дзяржаўнай мовай краіны прызнавалася беларуская. Гэтае палажэнне ў 1994-м замацаваў артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе ТБМ заклікала выправіць сітуацыю няроўнага двухмоўя ў краіне, ініцыяваўшы прыняцце Законапраекту аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы.

За гады сваёй дзейнасці ТБМ прыкладала намаганні ў пашырэнні беларускай мовы ў беларускім грамадстве. Было ініцыятаркай шматлікіх імпрэзаў.

8 лістапада 2021 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальнай падставай сталі, нібыта, юрыдычныя парушэнні.

wikimedia.org


27 чэрвеня 2014 года ў Віцебску адкрылі конную скульптуру Вялікага князя літоўскага Альгерда.

Урачыстасць адбылася падчас святкавання 1040-годдзя Віцебска. Помнік адзіны ў Беларусі, які ўслаўляе кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Стаіць на Рыначнай плошчы насупраць Свята-Васкрасенскай царквы.

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё гораду. За перыяд яго княжання Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх рубяжах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзведзена царква Святога Духа ў Заручаўі, а таксама адрамантавана Дабравешчанская царква XII стагоддзя.


У публікацыі выкарыстаныя дадзеныя з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Нарадзіліся Янка Купала, Пятрусь Броўка. Зарэгістраваная праграмная рада тыднёвіка «Ніва», якая выдае аднайменную газэту для беларускай меншасці ў Польшчы

25 чэрвеня 1652 года мястэчка Жыровічы – грэка-каталіцкі цэнтр Беларусі атрымала магдэбургскае права и герб.

У паселішчы месціцца Свята-Успенскі манастыр. Помнік архітэктуры XVII-XIX стагоддзяў спалучае рысы барока, ракако, класіцызму. У верасні 1730 году ўрачыста каранавалі цудоўны абраз Маці Божай.

Мужчынскі праваслаўны манастыр. Упершыню згадваецца ў 1587 годзе. Спачатку быў драўляны, згарэў у 1655 годзе. У 1672-1825 гадах пабудаваны мураваны, быў манастыром базыльян.

Цяпер Жыровіцы – аграгарадок з 2,5 тысячамі жыхароў, прадмесце Слоніма. Цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

Уваходзіць у турыстычныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоння», «Мураваны летапіс Слоніма і Жыровіцаў». Тут месціцца Свята-Успенскі манастыр (з 1587) з будынкамі і цэрквамі XVII–XVIII стагоддзяў.


25 чэрвеня 1730 года польскі кароль і вялікі князь ВКЛ Аўгуст II Моцны арганізаваў самы вялікі ў сусветнай гісторыі банкет.

На ім было 30 тысяч гасцей. Асаблівай прычыны для папойкі не было. Пры Аўгусце пачалася крайняя ступень анархіі, з 18 сеймаў 11 былі сарваны, армія была зменшана з 80 да 18 тысяч, праводзіліся палітычныя і рэлігійныя рэпрэсіі. Апошнімі словамі Аўгуста ІІ перад смерцю былі: «Усё маё жыццё было адзіным бесперапынным грахом».

фоmedia.izi.travel


25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 года нарадзіўся Янка Купала (Іван Луцэвіч).

Народны паэт, перакладчык, драматург, публіцыст.

Класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Яго творчасць адзначаецца за яркае апісанне сялянскага быту, нацыянальнага характару беларусаў і яго светаразумення.

Працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні. Яго імя носяць Нацыянальны акадэмічны тэатр, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, мінскія парк і станцыя метро, мноства вуліц у гарадах Беларус. Помнікі паэту пастаўленыя ў Беларусі, Ізраіле, Польшчы, КНР, ЗША, Балгарыі, Расіі.

scontent-frt3-1.xx.fbcdn.net


25 (12) чэрвеня 1905 года нарадзіўся Пятрусь Броўка.

Беларускі грамадскі дзеяч, празаік, паэт і перакладчык.

Народны паэт.

Рэдагаваў часопіс «Полымя» і кіраваў выдавецтвам «Беларуская савецкая энцыклапедыя».

Аўтар 3-х дзясяткаў кніг паэзіі, шматлікіх аповесцяў, лібрэта опер, перакладаў.

Галоўную яго спадчыну складаюць вершы. Справа ўсяго яго жыцця – Беларуская энцыклапедыя, да выдання якой ён прыклаў нямала сіл.

Яго творы перакладзены на 27 моў, імя прысвоена выдавецтву «Беларуская энцыклапедыя», вуліцам у Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

У Мінску працуе літаратурны музей Петруся Броўкі, у Пуцілкавічах Ушацкага раёну – хата-музей.

images.gr-assets.com


25 чэрвеня 1911 года нарадзіўся Арсень Булаўка

Гідролаг, географ, доктар геаграфічных навук.

У 1939-1941 гадах кіраўнік Магілёўскай гідралагічнай станцыі. Удзельнік абароны Магілёва.

Распрацоўшчык праблем гідралогіі Беларусі, тэорыі воднага балансу. Узначальваў Мінскую гідраметэаралагічную абсерваторыю. Аўтар і суаўтар шматлікіх навуковых і навукова-папулярных прац.


25 чэрвеня 1992 года ў Беластоку афіцыйна зарэгістраваная Праграмная рада тыднёвіка «Ніва».

Рада выдае тыднёвік польскіх беларусаў. Выданне заснавана ў 1956 Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Ён асвятляе жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуе матэрыялы па краязнаўстве, аб актуальных падзеях на Беларусі.

Выходзіць старонка для дзяцей «Зорка», перыядычна змяшчаюцца тэматычныя ўкладкі. Газета асяродак яднання беларускай меншасці ў Польшчы.

kamunikat.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Нарадзіўся Юры Хадыка, палітык, стваральнік музею старажытнабеларускай культуры. Пачалася аперацыя «Багратыён», у ходзе якой была вызваленая Беларусь ад нацыстаў. Міжнародны дзень удоў

23 чэрвеня Дзень дзяржаўнай службы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адзначаецца з 2003 году.

Генеральная Асамблея заклікае дзяржавы-члены ААН у гэты дзень спецыяльнымі імпрэзамі асвятляць працу дзяржаўнай службы ў працэсе развіцця краін.

ААН — міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, а таксама развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.


23 чэрвеня – Міжнародны дзень удоў.

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2011 годзе.

Для многіх жанчын ва ўсім свеце трагедыя страты партнёра ўскладнена працяглай барацьбой за свае асноўныя правы і годнасць. Нягледзячы на ​​тое, што ў свеце больш за 258 мільёнаў удоў, на іх не заўжды звяртаюць увагу.

У Беларусі больш за 800 тысяч удоў. І іх колькасць толькі расце. У краіне павышаная смяротнасць мужчын. Яны жывуць на 10 гадоў менш за жанчын.

mirkosmosa.ru


23 чэрвеня (6 ліпеня) 1900 года нарадзіўся Іван Лупіновіч (1900-1968).

Глебазнавец-аграхімік, доктар сельскагаспадарчых навук.

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства.

Зрабіў значны ўклад у вывучэнне праблем меліярацыі і асваення Палесся.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1933 года загінуў епіскап Слуцкі Мікалай (Мікалай Шамяціла). Нарадзіўся ў 1877.

Беларускі праваслаўны дзеяч.

Падтрымліваў і пашыраў сярод вернікаў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння. Прыхільнік ідэй аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі.

Арыштоўваўся органамі НКВД у 1926, 1933 гадах. Па афіцыйнай версіі, памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі, па іншых звестках – расстраляны ў Мінскай унутранай турме ДПУ.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1938 года нарадзіўся Юрый Хадыка.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, навуковец.

У 1969 годзе арганізаваў у АН БССР семінар па вывучэнню старажытнабеларускага мастацтва, прымаў удзел у зборы матэрыялаў і напісанні «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

Адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры. Намеснік старшыні БНФ. Быў у зняволенні. У турме на знак пратэсту галадаў. Памёр у ЗША, але пахаваны ў Мінску.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1944 года пачалася наступальная аперацыя савецкіх войск «Баграціён» (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944).

Ад гітлераўцаў была вызваленая Беларусь, усходняя Польшча, частка Прыбалтыкі. Была цалкам разгромлена нямецкая група арміяў «Цэнтр». Аднавіць страты нацысты былі не ў сілах. Аперацыя «Баграціён» пераламіла хаду вайны Савецкага Саюзу з гітлераўскай Германіяй.

wikimedia.org


23 чэрвеня 1967 года ў ЗША памёр Мікалай Дзямідаў. 

Беларускі грамадска-палітычны і ваенны дзеяч, настаўнік.

Удзельнік Імперыялістычнай вайны, паручнік.

Прадстаўнік Рады БНР і камендант Гродна. З уласна сфарміраваным батальёнам ваяваў у складзе арміі Станіслава Булак-Балаховіча.

Арганізатар таварыстваў «Беларуская хата» і «Рунь» у Латвіі. Адзін з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Гадавіна смерці Быкава. Пачатак вайны між Нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам. Нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч, адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі

22 чэрвеня 2003 году памёр Васіль Быкаў.

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, франтавік, Народны пісьменнік Беларусі.

Ягоныя паховіны сабралі ў Мінску тысячы людзей. Былі спробы спыніць жалобную працэсію, але яе ўдзельнікі ўсё роўны праводзілі пісьменніка да ягонай магілы на Ўсходніх могілках сталіцы.

Большасць твораў Быкава – аповесці пра нямецка-савецкую вайну, дзеянне якіх адбываецца падчас нямецка-савецкай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцця.

Творчасцю пісьменніка засведчаны духоўная сталасць сучаснай беларускай літаратуры, яе сусветны ўзровень.

wikimedia.org


22 чэрвеня 1941 гады – Пачалася вайна між нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам.

На той момант большасць краін Еўропы былі акупаваныя Германіяй. А з уварваннем Германіі ў Польшчу 1 верасня 1939 году пачалася Другая сусветная вайна.

Нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам лічыліся хаўруснікамі. Двума гадамі раней яны падпісалі дамову аб ненападзе. У ёй была сакрэтная частка «Пакт Молатава Рыбэнтропа». Згодна з якой Германія і Савецкі Саюз дамаўляліся аб падзеле часткі Еўропы на сферы ўплыву. СССР і Германія падзялілі між сабою Польшчу. Савецкі Саюз акупаваў краіны Балтыі.

У выніку акупацыі Беларусі Германіяй было забіта 2219316 чалавек цывільнага насельніцтва і ваеннапалонных, але з улікам ускосных страт за гады вайны загінула ад 2,5 да 3,0 млн жыхароў Беларусі.

Беларусь стала месцам масавага забойства габрэяў. Амаль у кожным паселішчы былі створаныя гета, нявольнікаў гітлераўцы стралялі і душылі газам. Халакост у Беларусі забраў да 800 тысяч габрэяў. Тут забівалі не толькі мясцовых габрэі, але і прывезеных з іншых краёў.

wikimedia.org

22 чэрвеня 1706 года ў Магілёў з Оршы прыбыў маскоўскі цар Пётр І.

Наведванне ім гораду адбылося праз год пасля таго, як Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасці каранаванай асобы.

11 ліпеня 1705 году ў полацкім Сафійскім саборы Пётр разам з світай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Сафійскі сабор быў зруйнаваны.

Праз два гады Магілёў будзе спалены маскоўцамі.

avatars.mds.yandex.net


22 чэрвеня 1888 года нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.

Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады, міністр замежных спраў БНР, кіраўнік ураду БНР.

Аўтар твораў «Кароткі нарыс узнікнення БНР», «Западна-русізм». Працаваў вучоным сакратаром Інстытуту беларускай культуры, у Інстытуце гісторыі акадэміі навук.

Двойчы арыштоўваўся. Расстраляны органамі ўнутраных спраў Савецкага Саюзу 30 снежня 1937 году

wikimedia.org


22 (10) чэрвеня 1898 года нарадзіўся Браніслаў Туронак (1896-1938).

Беларускі грамадскі дзеяч, доктар лекарскіх навук.

Займаўся папулярызацыяй аховы здароўя. Пісаў у газету «Беларуская крыніца». У 1928 выйшла асобнай брашурай праца «Гігіена ўзгадавання дзіцяці».

Пасля 1928 Браніслаў Туронак адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Падтрымліваў грашыма беларускія выданні і грамадскія ініцыятывы.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Згадайма бежанцаў – больш за 7 мільёнаў украінцаў пакінулі радзіму праз расійскую агрэсію. Адкрылі музей Купалы ў Вязынцы. Выбухнула паўстанне Стахора Мітковіча

20 чэрвеня – Сусветны дзень бежанцаў.

Зацверджаны Генеральнай асамблеяй ААН у 2000 году.

Гэты дзень напамінае аб цяжкой долі людзей, якія вымушаныя былі пакінуць сваю радзіму ў выніку войнаў, тэхнагенных і прыродных катастрофаў. Імкненне да бяспекі неад’емнае права чалавека.

У выніку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны больш за 7,5 мільёнаў украінцаў сталі ўцекачамі. 4 мільёны з іх прыняла Польшча. У Беларусі перабывае блізу 30 тысячаў. Грамадзяне Украіны знайшлі прытулак у краінах Еўропы і Амерыкі.

global.unitednations.entermediadb.net


20 чэрвеня – Сусветны дзень абароны сланоў у заапарках.

Закліканы звярнуць увагу грамадскасці на правы сланоў, якія ўтрымліваюцца ў заапарках, і ставіць перад сабой канчатковай мэтай, вызваліць усіх гэтых жывёл з няволі.

Паводле звестак канадскіх вучоных, жыццё сланоў у няволі доўжыцца ў 3 разы меншае, чым у натуральных умовах.

Самыя буйныя насельнікі заапаркаў часцей пакутуюць на хваробы, таўсцеюць ад маларухомасці і перажываюць псіхалагічныя стрэсы.

notivory.com


20 чэрвеня 1948 года расчыніў дзверы філіял Дзяржаўнага літаратурнага музею Янкі Купалы. Месціцца ў Вязынцы.

У 1972 г. паводле архіўных дакументаў і ўспамінаў старажылаў Вязынкі рэстаўраваная хата, у якой у 1882 годзе нарадзіўся будучы паэт.

У 2012 г. да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы праведзена мадэрнізацыя літаратурна-дакументальнай часткі экспазіцыі, якая ахоплівае адпаведна перыяд з 1882 па 1904 году.

З 1972 году тут да дня нараджэння народнага паэта Беларусі праводзяцца Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, з 1976 г. – традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, з 2010 г. – фінальныя канцэрты конкурсу аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі», а таксама каляндарныя народныя святы.

kupala-museum.by


20 чэрвеня 1566 года нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза (1566-1632).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1587-1632), кароль шведскі (1592-1599).

У 1588 годзе зацвердзіў новую рэдакцыю Статута ВКЛ, падтрымаў Берасцейскую ўнію 1596 году.

Пры ім прынятыя пастановы соймаў аб гарантыях правоў праваслаўных.

Ваяваў са вайну са Швецыяй, з Масковіяй, з Асманскай імперыяй.

wikimedia.org


20 чэрвеня 1928 году нарадзіўся Гаўрыла Вашчанка (1928- 2014).

Беларускі жывапісец, Народны мастак БССР, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм беларускага народу ў гады Другой сусветнай вайны і пасляваеннай адбудове краю. А таксама пра жыццё Палесся, падзеі беларускай гісторыі. Ён аўтар партрэтаў знаных дзеячаў Беларусі.

wikimedia.org


20 чэрвеня 1939 года нарадзіўся Валерый Раеўскі (1939-2011).

Тэатральны рэжысёр, народны артыст Беларусі.

На працягу 35 гадоў галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатру імя Янкі Купалы, прафесар акадэміі мастацтваў.

Стварыў амаль паўсотню спектакляў, у тым ліку ў краінах Еўропы.

Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

wikimedia.org


20 чэрвеня 1963 года нарадзіўся Сяргей Кавалёў.

Беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца.

Доктар філалагічных навук. Жыве ў Любліне (Польшча). Даследуе праблемы сучаснай беларускай паэзіі, шматмоўную літаратуру ВКЛ, аўтар п’ес на гістарычныя, фальклорныя тэмы. Шмат піша і для дзяцей.

Нарадзіўся ў Магілёве.

philology.bsu.by


20 чэрвеня 1963 года памёр Пётр Сыч.

Беларускі пісьменнік, мемуарыст, герой Монтэ-Касіна.

Трапіў у савецкі палон як польскі жалнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі.

Ад 1942 году ваяваў у арміі генерала Уладзіслава Андэрса.

Актыўны дзеяч беларускіх эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопісу «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Нарадзіўся ў 1912 годзе. Памёр у Мюнхене.

deti.vlib.by


20 чэрвеня 1606 года ў Магілёве выбухнула мяшчанскае паўстанне (1606-1610) пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча на хвалі незадаволенасці злоўжываннямі і хабарніцтвам магістрата.

Старая рада была разагнаная і выбраная новая, у складзе з пераважна незаможных рамеснікаў. Новая рада кіравала горадам больш за 2 гады, асаблівую ўвагу звяртаючы на інтарэсы гарадскіх нізоў.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


 

Дзень у гісторыі. Нарадзіўся Васіль Быкаў. Пратэстны мітынг у Курапатах з бел-чырвона-белымі сцягамі і антысавецкімі лозунгамі. Упершыню замераны радыус зямлі. Віншаванні медыкам

19 чэрвеня – Дзень медычнага работніка.

Зацверджаны ў часы Савецкага Саюзу – 1 кастрычніка 1980 году. Адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.

У медычных установах краіны працуе 41,7 тысяч лекараў і 112,5 тысяч медычных сясцёр.

neg.by


19 чэрвеня 240 года ўпершыню вылічылі радыус Зямлі.

Зрабіў гэта географ і астраном Эратасфен Кірэнскі ў дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі

Паводле ягоных вымярэнняў акружнасць Зямлі складала 250,000 стадыяў, а радыус – 39790 стадыяў. Невядома якімі стадыямі карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7082 км, калі егіпецкім, то 6287 км.

Сучасныя вымярэнні даюць велічыню ў 6371 км.

odessa-life.od.ua


19 чэрвеня 1898 года нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).

Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове. Распрацаваў методыку сортавыпрабавання,

Родная вёска Савіцкага Расасна цяпер у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці.


19 чэрвеня 1912 года нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).

Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар.

Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю (1931). У 1931–1939 гадах настаўнічаў.

Як пісьменнік дэбютаваў у 1929 годзе пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева ў часопісе «Шлях моладзі», дзе публікаваўся і пазней. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968), «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984).

Займаўся перакладамі. Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» выкладаў, быўшы асуджаным, у лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

У 1944 годзе вывезены ў Германію, вызвалены ў 1945 годзе, служыў у Чырвонай Арміі.

У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане.

У 1956 годзе вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. 

У 1963–1974 гадах настаўнічаў. Скончыў Мінскі педінстытут (1970). Рэабілітаваны ў 1978.

data.cyclowiki.org


19 чэрвеня 1923 года ў Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.

Геафізік, адзін са стваральнікаў беларускай школы геафізікі, займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызму.

Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. Кандыдат геолага-мінералагічных навук.

19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны.

У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.

Па творах Васіля Быкава свет спасцігае асаблівасці беларускага народнага характару, трагізм гістарычнага лёсу нашага народу.

Творчасцю пісьменніка засведчаны духоўная сталасць сучаснай беларускай літаратуры, яе сусветны ўзровень. Яна гаворыць чалавецтву, што цвіце Беларусь, думае Беларусь, мае дзяржаўны гонар.

«Народная любоў да мастака была бязмернай. Яго яшчэ пры жыцці назвалі сумленнем нацыі. Яго вялікі маральны аўтарытэт не ствараўся штучна. Ён трывала забяспечваўся ўменнем мастака дакопвацца да глыбіні праўды пра людское жыццё на скразняках часу і, вядома ж, чалавечнасцю…», – казаў пра Быкава крытык Дзмітры Бугаёў.

Свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік».

media.imhoclub.com


19 чэрвеня 1941 года нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу.

Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што Літва не была балцкім племем, што на тэрыторыі Беларусі пануе фіна-угорская тапаніміка.

Дзяцінства правёў у вёсцы Беразякі Краснапольскага раёну і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, скончыў СШ №2 Магілёва.

person.goub.by


19 чэрвеня 1976 года нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).

Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі, распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».

wikimedia.org


19 чэрвеня 1988 года ў Курапатах адбыўся масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Людзі ў Курапатах сабраліся неўзабаве пасля публікацыі ў газеце «Літаратура і Мастацтва» артыкулу «Курапаты – дарога смерці», у якой гаварылася пра масавыя расстрэлы ў гэтым урочышчы ў часы сталінізму.

Марш і мітынг лічыцца першымі пратэстнымі акцыямі ў савецкай Беларусі. На іх сабралася да 10 тысяч чалавек. Там упершыню быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Гучалі антысавецкія лозунгі.

З 1937 па 1941 году ў Курапатах было забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.

i.c97.org


19 чэрвеня 2019 года памерла Іраіда Царук. 

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце працавала з 1963 года па 1991 год старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедры, дэканам гістарычнага факультэту.

Распрацавала спецкурсы па гісторыі Беларусі. Актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, выступала з дакладамі на ўсесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых і навукова-метадычных канферэнцыях.

Больш за 10 гадоў была членам Прэзідыума навукова-тэхнічнага і навукова-метадычнага Савету, членам каардынацыйнага Савету Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, членам спецыялізаванага савету па абароне дысертацый. Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР.

Аўтар звыш 70 навуковых прац. Падрыхтавала 30 кандыдатаў навук.

Нарадзілася ў 1928 годзе. Яна родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага. Даследніка гісторыі і культуры Заходняй Беларусі.

hist.bsu.by


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”


галоўнае фота: Василь Быков, 1984 год, из архива Белта

Дзень у гісторыі. У 1863 годзе пакараныя смерцю кіраўнікі Магілёўскага паўстанцкага атраду. Нарадзіўся Міхаіл Валовіч, павешаны за ўдзел у паўстанні 1833 году. На свет з’явіўся філосаф Валянцін Акудовіч

18 чэрвеня 1586 году Нясвіжу дараваны герб.

Упершыню з летапісах горад згадваецца ў 1223 годзе. Вядомы сваімі замкам, паркамі, архітэктурай, навучальнымі ўстановамі. Цэнтр культуры, тэатральнага жыцця, кнігадрукавання, кальвінізму.

У Нясвіжы жылі: Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі.

wikimedia.org


18 чэрвеня 1806 года нарадзіўся Міхаіл Валовіч (1806-1833).

Філарэт, філамат, удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў.

Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-31 гадоў, якое, на яго погляд, не мела «агульначалавечай мэты», паколькі адпавядала інтарэсам шляхты. 

Ён лічыў, што ў вызваленчай барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народу на самастойнае развіццё.

Павешаны на загад расійскіх уладаў у Гродне. Цела ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер. Закапалі, каб не было як адшукаць магілы.

У вёсцы Парэчча, побач з уніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расійскага імперыялізму. У 2003 святар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках.

wikimedia.org


18 чэрвеня 1858 года нарадзіўся Лявонцій Галынец (1858-1896).

Беларускі вайсковы ўрач, доктар медыцыны, першы прыват-дацэнт медыцынскай статыстыкі і геаграфіі кафедры гігіены Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Даследчык санітарнага стану, насельніцтва Магілёва, умоў жыцця, асаблівасцяў фізічнага развіцця сацыяльных груп гараджан.

Паходзіў з вёскі Галоўчын, якая цяпер у Бялыніцкім раёне.

mogilew.by


18 чэрвеня 1863 пакараныя смерцю кіраўнікі Чарнаруцкага (Магілёўскага) паўстанцкага атраду браты Манцэвічы, В. Корсак, а таксама камандзір Быхаўскага атраду І. Анцыпа. (імёны не вядомыя).

Смерць прынялі ў Магілёве.

Чарнаруцкі атрад быў сфармаваны 20 красавіка і меў да 40-50 чалавек з афіцэраў, дробных чыноўнікаў, студэнтаў, дваровых людзей.

Актыўна дзейнічаў 3-9 мая 1863 году, але быў разбіты расійскім войскам.

Збіраліся далучыцца да паўстанцаў і 24 гімназісты Магілёўскай мужчынскай гімназіі, у якіх была зброя.


18 чэрвеня 1889 года нарадзіўся Уладзімір Каліноўскі (1889-1940).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Пасол Сейму Другой Польскай Рэспублікі, публіцыст, гісторык.

Быў кіраўніком справамі і юрысконсультам Беларускага сельскагаспадарчага інстытуту, дацэнтам кафедры гісторыі польскай культуры педагагічнага факультэту БДУ.

Супрацоўнічаў з часопісамі «Полымя», «Савецкае будаўніцтва», газетамі «Савецкая Беларусь», «Звязда».

Рэпрэсаваны. Захаваліся, нібыта, зьвесткі, што быў расстраляны ў 1940 годзе в Старабельску.


18 чэрвеня 1911 года нарадзіўся Аляксандр Шыдлоўскі (1911-2002).

Беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог.

Заслужаны дзеяч культуры БССР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, сустваральнік Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве.

Артыст хору Р. Шырмы, аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор».

bis.nlb.by


18 чэрвеня 1950 года нарадзіўся Валянцін Акудовіч.

Беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык, спецыяліст па турызму.

Працаваў у штотыднёвіках «Культура», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Крыніца», «Фрагменты», «Перекрёстки», «Паміж». Аўтар шэрагу кніг. «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці».

wikimedia.org

 


18 чэрвеня 1957 года памёр Вітольд Бялыніцкі-Біруля.

Найбуйнейшы беларускі жывапісец-пейзажыст, акадэмік жывапісу, АН БССР, Акадэміі мастацтваў СССР, Народны мастак БССР.

У Беларусі захоўваюцца 444 ягоныя карціны. У Магілёве працуе мастацкі музей імя В. Бялыніцкага-Бірулі. Яго імем названа і вуліца ў абласным цэнтры.

Нарадзіўся ў 1872 годзе ў фальварку Крынкі, цяпер у Бялыніцкім раёне.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”

Дзень у гісторыі. Статую Свабоды даставілі ў Нью-Ёрк. Акупацыя краін Балтыі. Расстраляны географ Аркадзь Смоліч

17 чэрвеня – Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай. Адзначаецца ад 1995 году.

Пагроза апустыньвання закранае больш за 250 млн чалавек. Пагражае здароўю і крыніцам сродкаў да суіснавання больш за 1 мільярд людзей у 100 краінах. Кожны год апустыньванне і засуха прыводзяць да страт сельскагаспадарчай прадукцыі прыкладна на 42 млрд долараў ЗША.

Працэсы апустыньвання назіраюцца і на Палессі.

planetabelarus.by


17 чэрвеня 1855 года ў Нью-Ёрк даставілі Статую Свабоды – падарунак французскага народу Злучаным Штатам Амерыкі.

Сімвал дэмакратычных каштоўнасцяў, свабод.

Нацыянальны помнік ЗША. З 1984 году ў спісе Сусветнага спадчыны UNESCO.

28 кастрычніка 1986 году нацыянальны помнік Статуя Свабоды афіцыйна адзначыла стагоддзе.

cdnuploads.aa.com.tr


17 чэрвеня 1940 года савецкія войскі ўвайшлі ў Латвію і Эстонію. Да гэтага, 15 чэрвеня, у Літву.

Акупацыя балтыйскіх краін была прадугледжаная сакрэтным планам дамовы між Нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам, у ў гісторыі вядомы, як «Пакт Молатава-Рыбентропа». Існаванне гэтага дакументу адмаўлялася. Яго адшукалі ў 1992 годзе і апублікавалі толькі ў 2019 годзе.

Акупацыя трох балтыйскіх краін трывала да распаду Савецкага Саюзу ў 1991 году.

wikimedia.org


17 чэрвеня 1882 года нарадзіўся Павел Вент (1880-1971).

Беларускі і чэхаславацкі вайсковы дзеяч.

Быў начальнікам штабу арміі Беларускай Народнай Рэспублікі, займаўся фармаваннем ва Украіне беларускай дывізіі, 1-й беларускай брыгады, саветнік місіі БНР у Парыжы, Эстоніі і Латвіі.

У 1921-1935 гг. служыў у арміі Чэхаславакіі.

wikimedia.org


17 чэрвеня 1882 года нарадзіўся Ігар Стравінскі (1882-1971).

Кампазітар, дырыжор, піяніст – адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя.

Этнічны беларус. Выхадзец з беларускай шляхты герба «Суліма».

Грамадзянін Францыі і ЗША. Актыўна гастраляваў у Еўропе і ЗША.

Сусветную вядомасць яму прынеслі балеты «Жар-птушка», «Пятрушка» і «Вясна святая», оперы «Салавей» і «Гісторыя салдата».

wikimedia.org


17 чэрвеня 1696 года памёр Ян Сабескі (1629-1696).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674 – 1696). Палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Ваяваў супраць казакоў Багдана Хмяльніцкага, шведаў у Паўночнай вайне 1655-1660 гадах, Маскоўскай дзяржавы ў 1654–1667, Асманскай імперыі.

12 верасня 1683 г. выратаваў Еўропу ад асманаў у бітве пад Венай.

wikimedia.org


17 чэрвеня 1848 года памёр Максімільян Станіслаў Рыла. Нарадзіўся ў 1802 годзе.

Філосаф, археолаг, арыенталіст, падарожнік, каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

Выхаванец Полацкай езуіцкай акадэміі, Віленскага і Рымскага ўніверсітэтаў. Даследчык руінаў Вавілона.

У Бэйруце адкрыў Каталіцкую акадэмію (цяпер – універсітэт), рэктар Рымскага калегіума, апостальскі вікарый Цэнтральнай Афрыкі ў Хартуме.

wikimedia.org


17 чэрвеня 1938 года расстраляны Аркадзь Смоліч. 

Беларускі палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў БНР.

Народны камісар асветы, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі, першы прафесар геаграфіі, аўтар першага падручніка па геаграфіі Беларусі, член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук.

Органамі НКУС арыштоўваўся ў 1930 і 1937 году. Быў сасланы на 5 гадоў на Урал і Сібір. Расстраляны ў Омскай турме.

Нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Бацэвічы, што ў Клічаўскім раёне.

wikimedia.org


17 чэрвеня 1954 года памёр Барыс Мікуліч. 

Беларускі пісьменнік, празаік, крытык. Нарадзіўся ў 1912 годзе ў Бабруйску.

Член бабруйскага філіі«Маладняка», адказны сакратар газеты «Літаратура і мастацтва». Творы Б. Мікуліча вылучаюцца псіхалагізмам, глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай.

Рэпрэсаваны ў 1937 годзе.

У 1947-1949 гадах працаваў у бабруйскай бібліятэцы, напісаў аповесць пра Максіма Багдановіча.

Зноў арыштаваны ў 1949 годзе і высланы ў Сібір на вечнае пасяленне, дзе і памёр.

by.openlist.wiki


17 чэрвеня 2020 года пайшоў з жыцця Віталь Мядзведзеў. 

Беларускі географ, эканаміст, член-карэспандэнт НАНБ, доктар эканамічных навук, прафесар. Займаўся мадэляваннем і прагназаваннем развіцця рэгіянальных эканамічных сістэм, вырашэннем канкрэтных эканамічных праблем доўгатэрміновага і сярэдне тэрміновага развіцця Беларусі.

Аўтар мадэлі міжнародных эканамічных адносін Рэспублікі Беларусь з сусветнай супольнасцю.

Нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Ўгольшчына Бялыніцкага раёну.

economics.basnet.by


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”