Тавар заказвалі, але не атрымлівалі. Як працуюць махляры ў інтэрнэце

Больш за 20 жыхароў рэгіёну сталі ахвярамі махлярства. Іх страты ацэненыя ў больш чым 10 тысячаў рублёў.

Найбольш крымінальных справаў па фактах махлярства пад выглядам інтэрнэт-крамаў распачата ў Бабруйску. Мясцовыя аператыўнікі расследуюць 9 такіх злачынстваў.

Усяго ж у вобласці больш за два дзясяткі падобных крымінальных справаў, піша газета «Маяк Прыдняпроўя».

Паводле абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў пацярпелыя цікавіліся аб’явамі ў Інстаграме аб продажу садовай мэблі, надзіманых басейнаў. Удакладніўшы ў махляроў пытанні аб тавары, перапісваючыся з імі ў інтэрнэце, пералічвалі 100 працэнтаў перадаплаты, але замоўленай рэчы не атрымлівалі.

 

Чыгунка спрасціла вяртанне білетаў праз інтэрнэт-рэсурс. Але ёсць нюансы

Беларуская чыгунка ўвяла сервіс, які дазваляе вяртаць білеты на цягнікі міжрэгіянальных ліній і рэгіянальных ліній бізнес-класу з нумараванымі месцамі праз ейны інтэрнэт-рэсурс.

«Новыя ўмовы тычыцца толькі унутрынацыянальных цягнікоў з нумараванымі месцамі», – падае тлумачэнне прэс-службы чыгункі інфармацыйнае агенцтва «Белта».

«Раней на вэб-рэсурсах вярнуць білеты можна было не пазней чым за гадзіну да адпраўлення цягніка з пачатковай станцыі», – удакладняюць чыгуначнікі.

Яны звяртаюць увагу, што парадак вяртання білетаў у касах не мяняецца.

«Беларуская чыгунка не можа гарантаваць аналагічныя ўмовы вяртання электронных білетаў пры выкарыстанні іншых вэб-рэсурсаў», – падкрэсьліваюць у прэс-цэнтры чыгункі.

 

«Маркер хуткага ператварэння краіны ў ізгоя». Расія не выплаціла знешні доўг і надышоў дэфолт

У Расеі ёсць грошы, каб зрабіць плацеж у 100 мільёнаў долараў міжнародным крэдыторам, але тое зрабіць не можа праз накладзеныя санкцыі.

Як піша інфармацыйная кампанія BBC, Крэмль быў поўны рашучасці пазбегнуць дэфолту, які з’яўляецца сурʼёзным ударам па прэстыжу нацыі.

Міністр фінансаў Расіі назваў сітуацыю «фарсам», і чакае, што яна будзе мець кароткатэрміновыя наступствы.

Міністэрства фінансаў настойвае, што абавязкі перад крэдыторамі былі выкананыя.

«Абавязальніцтвы па абслугоўванні дзяржаўных каштоўных папер Расійскай Федэрацыі выкананы Мінфінам Расіі ў поўным аб’ёме ў адпаведнасці з эмісійнай дакументацыяй выпускаў еўрааблігацый», – зазначаецца ў паведамленні Міністэрства, якое падае газета “Известия”.

Там падкрэсліваюць, што «шэраг інвестараў не атрымаў грошы па еўрабондах РФ з-за дзеянняў трэціх асоб, што наўпрост не прадугледжана ў эмісійных дакументах як дэфолт».

«Замежным інвестарам у выпадку неатрымання ад расійскага боку плацяжу па еўрабондах трэба звяртацца ў фінансавыя інстытуты», – лічаць у Міністэрстве фінансаваў Расіі.

З такой сітуацыяй Расія апынулася ўпершыню ад 1918 году. Тады бальшавікі, якія захапілі ўладу, адмовіліся аплачваць даўгі «царскага рэжыму».

Афіцыйнага абвяшчэння дэфолту, аднак, не будзе. Звычайна гэта робяць міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, але ўсе яны прыпынілі сваю дзейнасць у Расіі, тлумачыць агенцтва фінансавай інфармацыі Bloomberg. Для такой заявы неабходна, каб з ёй пагадзілася чвэрць трымальнікаў аблігацыяй.

Bloomberg лічыць, што «падзея дэфолту» мае сімвалічнае значэнне для расійскай эканомікі і расіян. Але, «гэта змрочны маркер хуткага ператварэння краіны ў эканамічнага, фінансавага і палітычнага ізгоя».

 

«АВТОВАЗ» захрас. Калектыву абяцаюць скарочаны працоўны тыдзень да лістападу

Чатырохдзённы працоўны дзень трывае ад 6 чэрвеня. Яго ўвядзенне кіраўніцтва тлумачыць клопатам аб захаванні «калектыву і працоўных месцаў ва ўмовах негатыўнага развіцця сітуацыі на аўтамабільным рынку».

Чатырохдзёнку збіраліся падоўжыць да 4 верасня, але цяпер кажуць, што да 6 лістапада.

«Увядзенне няпоўнага працоўнага тыдня – прэвентыўная мера для захавання калектыву і працоўных месцаў ва ўмовах негатыўнага развіцця сітуацыі на аўтамабільным рынку восенню бягучага года», – тлумачаць у прэс-службе кампаніі.

У цяперашні час аўтазавод кампаніі ў Тальяці знаходзіцца ў частковым прастоі: з трох ліній адзінай аўтазборачнай вытворчасці запушчана толькі «нітка» па зборцы спрошчаных версій Lada Granta, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Интэрфакс».

Акцыянерамі «Автоваза» пасля сыходу Renault з Расіі кантралююць працу кампанію «Автоваз» з’яўляюцца дзяржаўныя структуры «Ростех» і «НАМИ«.

“Ростех” валодае 32,3% акцыяў аўтамабільнага гіганта. “Ростех” – гэта дзяржаўная карпарацыя садзейнічання распрацоўцы, вытворчасці і экспарту высокатэхналагічнай прамысловасці. Яна ўтвораная на загад Уладзіміра Пуціна ў 2007 годзе.

67,7% акцыяў належаць дзяржаўнаму навуковаму цэнтру «НАМИ». Арганізацыя ўключаная ў спіс стратэгічных прадпрыемстваў, якія маюць значэнне ў абароназдольнасці, бяспецы дзяржавы.

фота: autostat.ru, носіць ілюстрацыйны характар

На пажары загінуў жыхар Магілёўшчыны

Трагедыя адбылася ў Новых Самацевічах Касцюковіцкага раёну. Загінуў 51-гадовы мужчына.

Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў пра пажар стала вядома 27 чэрвеня а палове на 5 раніцы. Калі прыехалі пажарныя сядзіба гарэла адкрытым полымем. На падлозе ахопленага агнём будынку ляжаў 51-гадовы гаспадар.

Пажар моцна пашкодзіў будынак. Прычыны ўзгарання высвятляюцца, піша газета «СБ. Беларусь сегодня».

Выданне паведамляе, што пажарам пашкоджаны двухкватэрны дом у Бабруйску. Гаспадар распальваў печку лёгкаўзгаральнай вадкасцю.

Пажар адбыўся і ў Магілёве. Пашкоджаная маёмасць у кватэры шматпавярховіка.

Усяго на Магілёўшчыне ў выхадныя адбылося пяць пажараў.

фота носіць ілюстрацыйны характар

Беларусі не пагражае харчовы крызіс, запэўнівае міністр сельскай гаспадаркі і харчавання

«Для нас гэта дзіўна чуць. І, паверце, у бліжэйшы час нават і думаць аб гэтым у нашай краіне не варта», – заяўляе Ігар Брыло.

Ён прызнае, што бракуе Беларусі пладова-ягаднай сыравіны, аднак, спадзяецца чыноўнік, пацяпленне клімату, дапаможа даць рады праблеме.

Паводле яго, самазабяспечанасць малаком, з якога робяцца ўсе малочныя прадукты, а іх больш за 1,5 тысяч найменняў, – 256 працэнтаў.

«Гэта значыць – тлумачыць ён – больш чым у 2,5 разы мы вырабляем больш малочных прадуктаў, чым наогул спажываем».

Па яго словам узровень самазабеспячэння мясам сягае – 135%, яйкамі – 126%, гароднінай, бульбай – больш за 100%.

«Але мы будзем павялічваць, – падае словы ўрадоўцы газета «Прысожскі край». – Мы павялічылі аб’ёмы, у тым ліку сёлета пасеваў і агароднінных культур, і бульбы».

Ігар Брыло тлумачыць, што недахоп пладова-ягаднай сыравіны праблема для Беларусі ўласцівая. Ёю забяспечаны ўнутраны рынак на 70 працэнтаў. Міністр сельскай гаспадаркі разлічвае, што пацяпленне клімату паспрыяе вырошчванню ў прамысловых абʼёмах таго, што раней не культывавалі мясцовыя аграрыі.

«Не раслі раней у нас у такім абʼёме яблыкі, грушы. Я маю на ўвазе гатунку для прамысловай апрацоўкі, – даводзіць ён. – Чарэшня, бахчавыя культуры. Але, паверце, мы зараз робім усё для таго, каб абʼём і гэтых культур у краіне павялічыць. Зразумела, апельсіны, мандарыны ў нас не вырастуць. Але што тычыцца вінаграду, чарэшні, яблыкаў, груш, бахчавых – мы ўжо можам сурʼёзна павялічваць абʼёмы вытворчасці гэтых культур».

фота з адкрытых крыніц

Мікалаеў зноў атакаваны, ёсць ахвяры, пашкоджаная інфраструктура. Літва чакае лёсавызначальных рашэнняў ад НАТА на пагрозы Расіі. Тры чвэрці апытаных славакаў за пазбаўленне дэпутатаў імунітэту


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў.media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


Раніцай 27 чэрвеня расійскія вайскоўцы абстралялі вёскі ў Мікалаеўскай вобласці. Разбураныя дзіцячыя садкі і жылыя дамы.

Дадзеныя пра пацярпелых удакладняюцца, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «UNN», спасылаючыся на звесткі абласной ваеннай адміністрацыі.

unn.com.ua

25 чэрвеня расійскія войскі абстралялі Мікалаеў ракетамі. 

Як паведаміў у Telegram мэр Аляксандр Сянкевіч, пацярпела грамадзянская інфраструктура гораду, дзяржаўныя прадпрыемствы і навучальная ўстанова, перадае інфармацыйнае агенцтва «UNN».

Як паведамляе ваенная камендатура абароны гораду, папярэдне ўстаноўлена, што ўдары былі нанесены з часова акупаванай тэрыторыі Украіны.

unn.com.ua

У выніку расійскіх абстрэлаў пацярпела 7 чалавек.

У Мікалаеве ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Ўкраіну загінулі 112 чалавек. Сярод іх адно дзіця, піша інтэрнэт-выданне «Миколаївские новини».

Яшчэ 508 чалавек атрымалі раненні розных ступеняў цяжкасці.

i.obozrevatel.com

На Мікалаеўшчыне працягваецца добраахвотная эвакуацыя. З вобласці з’ехала 22 тысячы 993 чалавекі.

Па стане на 26 чэрвеня ва ўстановах часовага размяшчэння абласнога цэнтру знаходзяцца 457 унутрана перамешчаных асоб, паведамляе абласная дзяржаўная адміністрацыя.

Жыхароў Мікалаева на пляжы не палохаюць ні сірэны, ні рэшткі снарадаў, якія могуць быць у рацэ. 

З імі пастаянна праводзяцца прафілактычныя гутаркі. Нагадваюць, што пляж цяпер небяспечнае месца і, што падчас сірэн трэба ратавацца ў сховішчах.

niknews.mk.ua

Тое, аднак, мала дапамагае, адзначае інтэрнэт-выданне «Миколаївские новини».


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У святле пагроз Расіі Літва чакае лёсавызначальных рашэнняў ад НАТА: калі гэтага не адбудзецца, гэта будзе няўдачай для ўсіх, піша інфармацыйнае агенства Delfi.

Літва спадзяецца, што неабходныя рашэнні будуць прынятыя на саміце краін G7. Яна разлічвае, што будзе дадзены канчатковы адказ, ці будзе размешчана тут брыгада нямецкіх сіл.

img.pravda.com

«Пагрозы Расіі больш не навіна, кажа старшыня Камітэту Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас.

«Нам неабходна ўважліва пераглядзець самыя адчувальныя зоны, дзе можа быць выкарыстаны той ці іншы рычаг, дзе выявіцца спроба зрабіць міні-эскалацыю. Я не кажу пра ваенныя справы, могуць быць эканамічныя рычагі. Але гэта яшчэ раз пацвярджае тое, што на мадрыдскім саміце НАТА павінны быць прыняты важныя рашэнні, павінна быць больш архітэктуры стрымлівання і абароны ў нашым рэгіёне», – падкрэслівае ён.

Урадовец нагадвае, што Літва загаварыла аб неабходнасці дадатковых сіл НАТА на ўсходнім флангу ў пачатку года, калі вайна ва Украіне яшчэ нават не пачалася.

«Мы тады казалі, што НАТА павінна адаптавацца, вярнуўшыся да перадавой абароны. Гэта прынцып халоднай вайны, калі НАТА гатова абараняцца», – падкрэслівае Лаўрынас Кашчунас.

Расія стала пагражаць Літве пасля таго, як набылі моц еўрапейскія санкцыі, якія абмежавалі транзіт праз краіну грузаў у Калінградскую вобласць. Кіраўніцтва Літвы ўспрымае іх сур’ёзна і разлічвае на падтрымку Еўрасаюзу.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


Камісія па гарадскім будаўніцтве і навакольным асяроддзі Даўгаўпілскага самакіравання падтрымала праект стварэння памятнага знака, прысвечанага мясцовай яўрэйскай абшчыне. 

Ён будзе ўсталяваны ў Крэпасці, паведамляе абʼяднаны партал навінаў Латвійскага радыё і тэлебачання LSM.lv.

static.lsm.lv

Такая ініцыятыва зʼявілася ў 2018 годзе, каб ушанаваць памяць апошніх вязняў Даўгаўпілскага гета. Яно было створана ў ліпені 1941-га. У яго зганялі яўрэяў Даўгаўпілса, Латгаліі і Літвы тысячамі, каб затым знішчыць. Ацалела да мая 1942 гады 487 вязняў, іх перавялі працаваць у майстэрні ў раёне Крэпасці. Потым іх развезлі ў розныя лагеры, адпраўлялі на сланцавыя рудні. Выжылі каля 100 чалавек.


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


У Каменскім ствараюць валанцёрскі атрад для пошуку людзей пад заваламі.

Дапамагаць у гэтай працы будуць сабакі, уладальнікам якіх прапануюць бясплатнае навучанне неабходным навыкам, піша інтэрнэт-выданне «Событие».

sobitie.com.ua

Цяпер набіраюць добраахвотнікаў са сваімі сабакамі, для службы, якая ствараецца пры Федэрацыі службовага сабакаводства Украіны. Парода сабак значэння не мае, адзінае патрабаванне да сабак – гэта адсутнасць агрэсіі да чалавека і адсутнасць боязі чалавека.

У Каменскім зладзюжку прывязалі да слупа. Яго выпільнавалі ў краме.

Малады чалавек спрабаваў скрасці пачак крэкераў, аднак быў затрыманы прадаўшчыцай і ахоўнікам.

З дапамогай грамадзян, злодзея прывязалі скотчам да слупа. Праўда, у адрозненне ад іншых падобных выпадкаў ва Украіне, штаны не здымалі. Толькі прыезд паліцыянтаў выратаваў нябогу ад самасуду, напісана на сайце газеты «Любимый город».


Пухаў, Славакія

Горад пабрацім Бабруйску. Мае статус раённага цэнтру ў Сярэднім Паважжы (Stredné Považie ) – паўночны захад Славакіі. Насельніцтва 17 тысяч чалавек. Дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве была заключаная ў 2005 годзе. На сайце Пухава адзначана, што з беларускім горадам паспяхова рэалізуюцца партнёрскія адносіны ў сферы адукацыі, культуры, самакіравання ды спорту.


Міністэрства ўнутраных спраў хоча закупіць спецтэхніку для больш эфектыўнай аховы мяжы з Украінай.

Ведамства абвясціла тэндар на закуп неабходнага рыштунку. Яно зацікаўлена ў набыцці прыбораў начнога назірання і цеплавых камераў, піша інфармацыйны рэсурс SITA.

cdn.webnoviny.sk

Выданне, спасылаючыся на звесткі Упраўлення дзяржзакупак, адзначае, што арыенціровачны кошт абсталявання – 836 198 еўра.

Больш за тры чвэрці апытаных кампаніяй Focus славакаў выступаюць за пазбаўленне дэпутатаў імунітэту. 

Цяпер, каб узяць дэпутата пад варту неабходная згода ягоных калегаў. Выбаршчыкі ж лічыць гэту норму не патрэбнай.

cdn.webnoviny.sk

77 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за адмену імунітэту. Яшчэ 16 працэнтаў захавалі б яго, а 7 працэнтаў сказалі, што не ведаюць. Апытанне Focus праводзілася сёлета з 25 па 31 мая. У апытанні ўдзельнічалі 1008 рэспандэнтаў, адзначае інфармацыйны рэсурс SITA.

 

У Асіповічах выявілі няякасныя крымскія кансервы – вось як яны выглядаюць

Раней такую самую прадукцыю эпідэміёлагі знаходзілі ў Крычаве.

Кансервы, якія не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў да харчовай прадукцыі, былі выяўлены ў магазіне “Еўраопт” у Асіповічах. Гэта чарнаморская кілька, вырабленая крымскай кампаніяй “Фортуна Крым” у Сімферопалі. Спецыялісты Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прыйшлі да высновы, што ў склад прадукта ўваходзіць кансервант, не ўказаны на ўпакоўцы.

Раней, у красавіку 2022 года гэтыя кансервы ўжо былі выяўленыя і забракаваныя ў магазіне “Светофор” у Крычаве.

Варта адзначыць, што на папулярным расійскім рэсурсе Otzovik крымская кілька ад кампаніі “Фортуна Крым” мае збольшага негатыўныя водгукі паводле якасці прадукцыі на думку спажыўцоў.

 

“Вас уцягваюць у вайну”. Прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў

«Я ведаю, што народ Беларусі падтрымлівае нас, а не вайну. І менавіта таму вас расійскае кіраўніцтва хоча ўцягнуць у вайну» – адзначыў кіраўнік суседняй краіны, якая стала ахвярай поўнамаштабнай агрэсіі Расіі.

«Хачу звярнуцца сёння да грамадзянаў Беларусі. Да людзей – і цывільных, і ў пагонах Вас уцягваюць у вайну. І нават актыўней, чым гэта было ў лютым і ў вясеннія месяцы, – казаў Зяленскі ў сваім відэазвароце. – У Крамлі за вас ужо ўсё вырашылі – вашы жыцці для іх нічога не каштуюць. Новы не рабы і не гарматнае мяса. Вы не павінны паміраць. І не ў сілах не даць нікому рашаць за вас, што вас чакае далей».

Зварот Уладзімір Зяленскі агучыў 26 чэрвеня. З пачатку вайны кіраўнік Украіны рэгулярна звяртаецца да суайчыннікаў і замежных грамадзянаў, агучваючы сваё бачанне сітуацыі на фронце ды падтрымліваючы ўкраінцаў.

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Ўкраіну адбылося 24 лютага. У першыя месяцы вайны тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася расійскімі вайскоўцамі для абстрэлу Ўкраіны і ўласна самаго нападу на яе. З беларускай тэрыторыі перакідваліся жывая сіла і тэхніка расійскіх узброеных сіл для захопы Кіева. Такія намаганні поспеху не прынеслі і расіяне пакінулі паўночную частку Украіны. У беларускіх шпіталях залечвалі раны расійскія вайскоўцы. Пазней Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі стралялі расіяне па Ўкраіне.

За прадстаўленне тэрыторыі афіцыйным Мінскам для нападу на Ўкраіну супраць Беларусі былі ўведзеныя санкцыі. Краіна трапіла ў яшчэ большую міжнародную ізаляцыю.

фота: unian.net

Пабачце, як у Магілёве праходзіла веласьвята. Фотарэпартаж

26 чэрвеня цэнтр Магілёва забрала моладзь. Улада дазволіла правесці ёй веласвята.

Як вынікае з афіцыйных паведамленняў апекавацца сходам раварыстаў даручылі гарадской арганізацыі БРСМ. У мінулыя гады ініцыятыва правядзення такіх фэстаў сыходзіла з незалежных ад улады суполак. Паводле заўсёднікаў такіх імпрэзаў грамада раварыстаў тады была большай.

З плошчы Леніна стартаваў велаквест з элементамі гарадскога арыентавання «У рытме горада». У ім мог узяць удзел любы ахвотны. Праўда, тым каму не споўнілася 16-ці меўся быць з дарослым калегам.

У дзень на плошчы Яднання былі прадстаўленыя велабайкі на любы густ. Велааматары падавалася звезлі ў цэнтр гораду ўсё напрацавала велаіндустрыяй за апошняе дзесяцігоддзе. Ровары былі розных памераў і канструктарскіх думак.

Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу «Залатое пяро». Асобную зону «Чытайсквер» прадставіла гарадская бібліятэка. У перапынках можна было паглядзець брэйкданс.

Увечары тут жа стартавала маладзёжнае свята вулічнай культуры MOGILEV STREET SUMMIT, а завершыла Тыдзень моладзі і студэнцтва дыска-праграма.