У расійскім Іжэўску падахвочваюць працаўнікоў аўтазаводу добраахвотна звальняцца, бо на прадпрыемстве крызіс

Такія захады тлумачацца крызісам у пастаўцы камплектуючых для Lada Vesta і прыпыненнем вытворчасці аўтамабіляў гэтага сямейства. У Іжэўску на мясцовым заводзе «Лада Іжэўск» як раз і вырабляюць легкавікі Lada Vesta.

Тым, хто наважыцца добраахвотна звольніцца, кампанія «Автоваз» абяцае выплату 5 акладаў, дадатковую матэрыяльную падтрымку, а таксама спрыянне ў працаўладкаванні.

Разам з тым, на «Автовазе» запэўніваюць, што масавых скарачэнняў на заводзе ў Іжэўску не плануецца.

Выплаты за добраахвотнае звальненне называюцца часткай комплексу «дадатковых мер падтрымкі для забеспячэння занятасці і павышэння максімальнай загрузкі прадпрыемства ў сувязі з крызісам у пастаўцы камплектуючых для Lada Vesta і прыпыненнем вытворчасці аўтамабіляў гэтага сямейства», піша  «Интерфакс».

Паводле звестак «Автовазу», штат даччынага прадпрыемства ў Іжэўску складае 3,2 тысячы чалавек.

Акцыянерамі «Автоваза» пасля сыходу Renault з Расіі з’яўляюцца дзяржаўныя структуры «Ростех» і «НАМИ», паведамляў раней Магілёў.media.

«Ростех» валодае 32,3% акцыяў аўтамабільнага гіганта. «Ростех» – гэта дзяржаўная карпарацыя садзейнічання распрацоўцы, вытворчасці і экспарту высокатэхналагічнай прамысловасці. Яна ўтвораная на загад Уладзіміра Пуціна ў 2007 годзе.

67,7% акцыяў належаць дзяржаўнаму навуковаму цэнтру «НАМИ». Арганізацыя ўключаная ў спіс стратэгічных прадпрыемстваў, якія маюць значэнне ў абароназдольнасці, бяспецы дзяржавы.

фота з рэсурсу: www.autostat.ru

2 тысячы еўра за распаўсюд расійскай прапаганды ў Балгарыі

Расія плаціла за фармаванне грамадскай думкі балгарскім палітыкам, журналістам, аналітыкам, палітолагам і іншым асобам, якія з’яўляюцца ў грамадскіх медыях.

Пра тое заяўляе кіраўніца апарату прэм’ер-міністра краіны Лена Барыславова. Яна настойвае, што балгарскія спецслужбы маюць дадзеныя, паводле якіх Расія плаціць каля 2000 еўра ў месяц за распаўсюджванне сваёй прапаганды.

З яе словаў вынікае, што расійскія спецслужбы адсочваюць выступленні некаторых спікераў, «якія прывыклі ўводзіць публіку ў зман, гуляюць з ілжывымі ўяўленнямі і страхамі».

«Усім, хто бясплатна плюе на ЕС і НАТА, а таксама падтрымлівае дзеянні Пуціна ва Украіне, павінны ведаць. Вы аблажаліся. Тыя, хто натхняе вас на гэта, атрымліваюць грошы. Штомесяц», – падае словы ўрадоўкі выданне Euractiv.

Заява Барыславовай прагучала на фоне дыпламатычнага скандалу з расійскімі дыпламатамі. 

70 прадстаўнікоў амбасады Расіі ў Балгарыі мясцовыя ўлады звінавацілі ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі. Сцвярджаецца, што свой статус яны выкарыстоўвалі, як прыкрыцце. Іхную шпіёнскую дзейнасць выкрылі балгарскія спэцслужбы.

Дыпламатаў абвясцілі персонамі нон-грата і абавязалі выехаць з краіны. 3 ліпеня яны пакінулі Балгарыю.

Амбасадарка Расіі ў Балгарыі Элеанора Мітрафанава прыгразіла закрыццём расійскага пасольства і звярнулася з такой прапановаю да Міністэрства замежных справаў. Рэакцыя расійскага боку застаецца пакуль невядомай.

фота: euractiv.com

 

 

Беларусі не пагражае харчовы крызіс, запэўнівае міністр сельскай гаспадаркі і харчавання

«Для нас гэта дзіўна чуць. І, паверце, у бліжэйшы час нават і думаць аб гэтым у нашай краіне не варта», – заяўляе Ігар Брыло.

Ён прызнае, што бракуе Беларусі пладова-ягаднай сыравіны, аднак, спадзяецца чыноўнік, пацяпленне клімату, дапаможа даць рады праблеме.

Паводле яго, самазабяспечанасць малаком, з якога робяцца ўсе малочныя прадукты, а іх больш за 1,5 тысяч найменняў, – 256 працэнтаў.

«Гэта значыць – тлумачыць ён – больш чым у 2,5 разы мы вырабляем больш малочных прадуктаў, чым наогул спажываем».

Па яго словам узровень самазабеспячэння мясам сягае – 135%, яйкамі – 126%, гароднінай, бульбай – больш за 100%.

«Але мы будзем павялічваць, – падае словы ўрадоўцы газета «Прысожскі край». – Мы павялічылі аб’ёмы, у тым ліку сёлета пасеваў і агароднінных культур, і бульбы».

Ігар Брыло тлумачыць, што недахоп пладова-ягаднай сыравіны праблема для Беларусі ўласцівая. Ёю забяспечаны ўнутраны рынак на 70 працэнтаў. Міністр сельскай гаспадаркі разлічвае, што пацяпленне клімату паспрыяе вырошчванню ў прамысловых абʼёмах таго, што раней не культывавалі мясцовыя аграрыі.

«Не раслі раней у нас у такім абʼёме яблыкі, грушы. Я маю на ўвазе гатунку для прамысловай апрацоўкі, – даводзіць ён. – Чарэшня, бахчавыя культуры. Але, паверце, мы зараз робім усё для таго, каб абʼём і гэтых культур у краіне павялічыць. Зразумела, апельсіны, мандарыны ў нас не вырастуць. Але што тычыцца вінаграду, чарэшні, яблыкаў, груш, бахчавых – мы ўжо можам сурʼёзна павялічваць абʼёмы вытворчасці гэтых культур».

фота з адкрытых крыніц