Мікалаеў зноў атакаваны, ёсць ахвяры, пашкоджаная інфраструктура. Літва чакае лёсавызначальных рашэнняў ад НАТА на пагрозы Расіі. Тры чвэрці апытаных славакаў за пазбаўленне дэпутатаў імунітэту


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў.media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


Раніцай 27 чэрвеня расійскія вайскоўцы абстралялі вёскі ў Мікалаеўскай вобласці. Разбураныя дзіцячыя садкі і жылыя дамы.

Дадзеныя пра пацярпелых удакладняюцца, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «UNN», спасылаючыся на звесткі абласной ваеннай адміністрацыі.

unn.com.ua

25 чэрвеня расійскія войскі абстралялі Мікалаеў ракетамі. 

Як паведаміў у Telegram мэр Аляксандр Сянкевіч, пацярпела грамадзянская інфраструктура гораду, дзяржаўныя прадпрыемствы і навучальная ўстанова, перадае інфармацыйнае агенцтва «UNN».

Як паведамляе ваенная камендатура абароны гораду, папярэдне ўстаноўлена, што ўдары былі нанесены з часова акупаванай тэрыторыі Украіны.

unn.com.ua

У выніку расійскіх абстрэлаў пацярпела 7 чалавек.

У Мікалаеве ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Ўкраіну загінулі 112 чалавек. Сярод іх адно дзіця, піша інтэрнэт-выданне «Миколаївские новини».

Яшчэ 508 чалавек атрымалі раненні розных ступеняў цяжкасці.

i.obozrevatel.com

На Мікалаеўшчыне працягваецца добраахвотная эвакуацыя. З вобласці з’ехала 22 тысячы 993 чалавекі.

Па стане на 26 чэрвеня ва ўстановах часовага размяшчэння абласнога цэнтру знаходзяцца 457 унутрана перамешчаных асоб, паведамляе абласная дзяржаўная адміністрацыя.

Жыхароў Мікалаева на пляжы не палохаюць ні сірэны, ні рэшткі снарадаў, якія могуць быць у рацэ. 

З імі пастаянна праводзяцца прафілактычныя гутаркі. Нагадваюць, што пляж цяпер небяспечнае месца і, што падчас сірэн трэба ратавацца ў сховішчах.

niknews.mk.ua

Тое, аднак, мала дапамагае, адзначае інтэрнэт-выданне «Миколаївские новини».


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У святле пагроз Расіі Літва чакае лёсавызначальных рашэнняў ад НАТА: калі гэтага не адбудзецца, гэта будзе няўдачай для ўсіх, піша інфармацыйнае агенства Delfi.

Літва спадзяецца, што неабходныя рашэнні будуць прынятыя на саміце краін G7. Яна разлічвае, што будзе дадзены канчатковы адказ, ці будзе размешчана тут брыгада нямецкіх сіл.

img.pravda.com

«Пагрозы Расіі больш не навіна, кажа старшыня Камітэту Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас.

«Нам неабходна ўважліва пераглядзець самыя адчувальныя зоны, дзе можа быць выкарыстаны той ці іншы рычаг, дзе выявіцца спроба зрабіць міні-эскалацыю. Я не кажу пра ваенныя справы, могуць быць эканамічныя рычагі. Але гэта яшчэ раз пацвярджае тое, што на мадрыдскім саміце НАТА павінны быць прыняты важныя рашэнні, павінна быць больш архітэктуры стрымлівання і абароны ў нашым рэгіёне», – падкрэслівае ён.

Урадовец нагадвае, што Літва загаварыла аб неабходнасці дадатковых сіл НАТА на ўсходнім флангу ў пачатку года, калі вайна ва Украіне яшчэ нават не пачалася.

«Мы тады казалі, што НАТА павінна адаптавацца, вярнуўшыся да перадавой абароны. Гэта прынцып халоднай вайны, калі НАТА гатова абараняцца», – падкрэслівае Лаўрынас Кашчунас.

Расія стала пагражаць Літве пасля таго, як набылі моц еўрапейскія санкцыі, якія абмежавалі транзіт праз краіну грузаў у Калінградскую вобласць. Кіраўніцтва Літвы ўспрымае іх сур’ёзна і разлічвае на падтрымку Еўрасаюзу.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


Камісія па гарадскім будаўніцтве і навакольным асяроддзі Даўгаўпілскага самакіравання падтрымала праект стварэння памятнага знака, прысвечанага мясцовай яўрэйскай абшчыне. 

Ён будзе ўсталяваны ў Крэпасці, паведамляе абʼяднаны партал навінаў Латвійскага радыё і тэлебачання LSM.lv.

static.lsm.lv

Такая ініцыятыва зʼявілася ў 2018 годзе, каб ушанаваць памяць апошніх вязняў Даўгаўпілскага гета. Яно было створана ў ліпені 1941-га. У яго зганялі яўрэяў Даўгаўпілса, Латгаліі і Літвы тысячамі, каб затым знішчыць. Ацалела да мая 1942 гады 487 вязняў, іх перавялі працаваць у майстэрні ў раёне Крэпасці. Потым іх развезлі ў розныя лагеры, адпраўлялі на сланцавыя рудні. Выжылі каля 100 чалавек.


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


У Каменскім ствараюць валанцёрскі атрад для пошуку людзей пад заваламі.

Дапамагаць у гэтай працы будуць сабакі, уладальнікам якіх прапануюць бясплатнае навучанне неабходным навыкам, піша інтэрнэт-выданне «Событие».

sobitie.com.ua

Цяпер набіраюць добраахвотнікаў са сваімі сабакамі, для службы, якая ствараецца пры Федэрацыі службовага сабакаводства Украіны. Парода сабак значэння не мае, адзінае патрабаванне да сабак – гэта адсутнасць агрэсіі да чалавека і адсутнасць боязі чалавека.

У Каменскім зладзюжку прывязалі да слупа. Яго выпільнавалі ў краме.

Малады чалавек спрабаваў скрасці пачак крэкераў, аднак быў затрыманы прадаўшчыцай і ахоўнікам.

З дапамогай грамадзян, злодзея прывязалі скотчам да слупа. Праўда, у адрозненне ад іншых падобных выпадкаў ва Украіне, штаны не здымалі. Толькі прыезд паліцыянтаў выратаваў нябогу ад самасуду, напісана на сайце газеты «Любимый город».


Пухаў, Славакія

Горад пабрацім Бабруйску. Мае статус раённага цэнтру ў Сярэднім Паважжы (Stredné Považie ) – паўночны захад Славакіі. Насельніцтва 17 тысяч чалавек. Дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве была заключаная ў 2005 годзе. На сайце Пухава адзначана, што з беларускім горадам паспяхова рэалізуюцца партнёрскія адносіны ў сферы адукацыі, культуры, самакіравання ды спорту.


Міністэрства ўнутраных спраў хоча закупіць спецтэхніку для больш эфектыўнай аховы мяжы з Украінай.

Ведамства абвясціла тэндар на закуп неабходнага рыштунку. Яно зацікаўлена ў набыцці прыбораў начнога назірання і цеплавых камераў, піша інфармацыйны рэсурс SITA.

cdn.webnoviny.sk

Выданне, спасылаючыся на звесткі Упраўлення дзяржзакупак, адзначае, што арыенціровачны кошт абсталявання – 836 198 еўра.

Больш за тры чвэрці апытаных кампаніяй Focus славакаў выступаюць за пазбаўленне дэпутатаў імунітэту. 

Цяпер, каб узяць дэпутата пад варту неабходная згода ягоных калегаў. Выбаршчыкі ж лічыць гэту норму не патрэбнай.

cdn.webnoviny.sk

77 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за адмену імунітэту. Яшчэ 16 працэнтаў захавалі б яго, а 7 працэнтаў сказалі, што не ведаюць. Апытанне Focus праводзілася сёлета з 25 па 31 мая. У апытанні ўдзельнічалі 1008 рэспандэнтаў, адзначае інфармацыйны рэсурс SITA.