Як ваенныя дзеянні будуць трываць большы тэрмін, то край пакінуць яшчэ больш людзей.
Дырэктар Інстытуту дэмаграфіі і сацыяльных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Эла Лібанава мяркуе: калі вайна скончыцца да канца году, то Ўкраіна згубіць да 600 тысяч насельніцтва.
«Гэта шмат, але не катастрофа», – даводзіць яна.
«Калі вайна, гарачая яе фаза, будзе працягвацца, скажам, 2 гады, то гэта могуць быць да 5 мільёнаў», – падаесловы акадэміка інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».
На думку эксперта, калі згубяць моц абмежаванні на выезд за мяжу мужчын ад 18 да 60 гадоў, то ўзʼяднанне сем’яў адбудзецца не ва Ўкраіне.
На яе погляд, пытанні ўнутранай міграцыі не менш складаныя, бо людзі выязджалі з мясцін, якія знаходзіліся ў зоне ваенных дзеянняў і ім давядзецца вярнуцца туды ж. Расія, як агрэсіўны сусед, нікуды не падзенецца, таму ўкраінцы прыедуць зноў у небяспечную зону.
«Таму, я не ўпэўненая, што мы зможам аднавіць даваеннае размяшчэнне насельніцтва і бізнесу», – рэзюмуе Эла Лібанава.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Ўкраіну яе пакінулі да 7 мільёнаў чалавек. Многія гарады і паселішчы разбураныя. Страты ацэньваюцца ў мільярды долараў.
Пазбавіўшыся грошы жанчына зразумела, што яе ашукалі. Долары яна збірала на кватэру дачцэ.
87-гадовай жыхарцы Магілёўскага раёну патэлефанаваў мужчына, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне. Пацярпела цяжарная.
Афіцыйная прадстаўніца абласнога ўпраўлення следчага камітэту Тацяна Старасотнікава адзначае, што кабеце далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.
Ашуканец, заявіў, што дасць рады праблеме за 20 тысяч долараў. У пажылой жанчыны было толькі васямнаццаць. Грошы яна збірала на кватэру дачцэ. Іх жанчына аддала «кур’еру», паведамляе інфармацыйнае агенцтва Белта.
Пасля гэтага зламыснік працягваў кантактаваць з кабетаю. Падчас гутаркі яна ўбачыўшы з вакна дачку, якая вярталася з працы, зразумела, што яе падманулі. Пазваніла ў міліцыю.
Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу за ашуканства ў асабліва буйным памеры. Цяпер аператыўнікі занятыя пошукам вінаватых ва ўчыненні злачынства. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер у Беларусі адносна спрыяльная сітуацыя. Верагоднасць захварэць на COVID-19 дастаткова нізкая.
Паводле супрацоўніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі Юрыя Горбіча вірус нікуды не падзеўся і ёсць пацыенты, якія перабываюць у стацыянарах, трапляюць у аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, атрымліваюць кісларод.
Сярод шпіталізаваных пераважаюць людзі старэйшыя за 65 гадоў. Ляжаць пацыенты, якія не вакцынаваліся, але пры гэтым былі схільныя да цяжкіх формаў развіцця хваробы.
Юры Губарэвіч кажа, што паводле экспертаў чарговая хваля захворванняў на COVID-19 надыдзе ў канцы жніўня – пачатку верасня.
Цяпер, па ягоных словах, у параўнанні з тым, што было на піках пандэміі пануе адносны спакой. Усе фактары, якія спрыяюць распаўсюджванню інфекцыі, працуюць на нас: раз’яднанасць студэнцкіх, школьных калектываў у сувязі з канікуламі і дачны сезон, пішакраснапольская раёнка «Чырвоны сцяг».
Юры Губарэвіч нагадвае, што неабходна вакцынавацца, але не забываць, што прышчэпка не бароніць на 100 працэнтаў.
Яна з высокай ступенню верагоднасці засцерагае ад цяжкіх формаў хваробаў і смяротнага сыходу. Не вакцынаваныя могуць папоўніць сумную статыстыку пандэміі мінулых гадоў.
Паводле афіцыйна інфармацыі за час распаўсюджання COVID-19 у Беларусі памерлі 6 974 (май 2022 году). Міністэрства аховы здароўя статыстыку падае раз на месяц.
Цяпер фіксуецца да 50 выпадкаў заражэння. Паводле звестак мэдыкаў на 14 мая 6,35 мільёны чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19. З іх 6 мільёнаў прайшлі поўны курс вакцынацыі.
Такім чынам, кажуць яны, адну дозу атрымалі 67,9 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Поўны курс прайшлі – 64,9 працэнты.
Маладая дзяўчына ў цішотцы з літарай “Z” і надпісам “Поддержим наших” была заўважаная ў скверы каля магілёўскага чыгуначнага вакзала. Камплект з падобнай майкай і бейсболкай, напрыклад, прадаецца ў адным з папулярных расійскіх онлайн-маркетаў.
Варта адзначыць, што ў горадзе такія футболкі не прадаюцца, але лёгка дасягальныя праз інтэрнэт-крамы.
Магілёў некалькі год запар упрыгожваюць вялікай колькасцю сцягоў. І гэта сцягі не гораду і не афіцыйная сімволіка краіны. З развешвання сцягоў пачынаецца падрыхтоўка да святкавання Дня гораду. Яго адзначаюць сёння, 28 чэрвеня.
Чыноўнікі: спадзяемся, што сцягі гарманічна ўпішуцца ў гарадское асяроддзе
На слупах, мастах і адмысловых падстаўках пераважаюць чырвоныя і аранжавыя сцягі. Спалучэнні чырвонага і зялёнага таксама выкарыстоўваюцца, як напрыклад, на плошчы Леніна. Белымі і сінімі ўпрыгожаная плошча Адзінства.
Афіцыйнага тлумачэння, чаму для аздаблення Магілёва ўзятая чырвоная і аранжавая каляровая гама няма. Адсутнічае інфармацыя, чаму масава не выкарыстоўвацца на Дзень гораду яго сімволіка – сцяг і герб.
Летась паведамлялася, што 20 тысяч сцягоў ўпрыгожаць Магілёў.
Тое прадугледжвала канцэпцыя, распрацаваная службай галоўнага архітэктару. Паводле яе сцягі расквечвання замацоўваюцца ў адмысловых канструкцыях і на апорах мастоў. Тканіну для сцягоў мелася даць акцыянернае таварыства «Магатэкс».
«Святочнае афармленне гораду спрыяе стварэнню ўрачыстай атмасферы, – даводзілі чыноўнікі. – Спадзяемся, што ўсё створанае і ўсталяванае гарманічна ўпішацца ва ўжо існуючае гарадское асяроддзе з яго архітэктурнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі».
Праект рэалізоўваўся з тым, каб сцягі можна было выкарыстоўваць шматразова.
«У далейшым, – абяцалі чыноўнікі, – колькасць элементаў святочнага ўбрання гораду будзе павялічвацца і дапаўняцца новымі цікавымі і больш сучаснымі варыянтамі».
Гараджанка: сцягі – стылістыка 50-х гадоў
Сёлета ўпрыгожваць сцягамі Магілёў да Дня гораду пачалі пару тыдняў таму. Як і летась яны паўсюдна. Не звярнуць на іх увагу не магчыма. Асабліва праязджаючы праз масты.
Падобнае ўпрыгожванне гарадскіх вуліц можна пабачыць у фільмах пра савецкае жыццё ў 1930-х гадах. Багата іх выкарыстоўвалі і ў пазнейшы савецкі час, напрыклад, на важныя ідэалагічныя святы.
«Гэта стылістыка 1950 гадоў і на Дзень гораду музыка бярэцца ў асноўным 1940-70 гадоў. Гэта сведчыць пра тое, у якім часе жывуць ідэолагі. Песні, якімі прызнаюцца ў любові да «сінявокай», сітуацыі не ратуюць, а толькі наганяюць смутку», – дзеліцца ўражаннямі ад святочнай абстаноўкі адна з гараджанак.
Рознакаляровыя сцягі прыйшлі ў Магілёў, настойваюць мясцовыя жыхары, пад уплывам такой «моды» у сталіцы. Паводле іх там засілле падобнага аздаблення яшчэ большае, чым у Магілёве.
Ачакаў, які знаходзіцца ў Мікалаеўскай вобласці Ўкраіны на ўзбярэжжы Чорнага мора, быў атакаваны ноччу. Мікалаеўшчына – адзін з асноўных кірункаў наступу расійскіх войскаў.
Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма ў Ачакаве трое загінулых, шасцёра параненыя. Сярод загінулых – шасцігадовая дзяўчынка. Трохмесячнае дзіця ў коме.
Працягваецца праца выратавальнікаў. Разбіраюцца завалы.
Віталій Кім паведамляе, што абстрэл касетнымі снарадамі, якія забароненыя міжнароднай супольнасцю, зведалі і іншыя паселішчы вобласці. Пашкоджаныя жылыя будынкі і аб’екты інфраструктуры. Выгарала жытнёвае поле.
Чаму Магілёў.media надае шмат увагі падзеям у Мікалаеве і Мікалаеўскай вобласці?
Мікалаеў ад 2009 году быў горадам пабрацімым Магілёва.
31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў.media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад.
Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расійскіх войскаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць.
Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
28 чэрвеня 1660 года войскі Рэчы Паспалітай перамаглі акупацыйныя аддзелы Масковіі.
Бітва адбылася ля мястэчка Палонка, што на Навагрудчыне.
Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе трынаццацігадовай вайны (1654-1667). Ёю была спыненая аблога Ляхавіцкага замку і зь яе пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Трынаццацігадовая вайна прынесла велічэзныя страты беларускім землям. Насельніцтва Беларусі скарацілася на 1,5 млн. чалавек, 70% хат у вёсках стаялі пустымі, большасць беларускіх гарадоў былі спалены. Для таго, каб узнавіць гаспадарку спатрэбілася каля 25 гадоў.
У 1994 годзе на месцы Палонкаўскай бітвы быў усталяваны памятны знак. У 2010 годзе адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.
wikimedia.org
28 чэрвеня 1914 года забіты Аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.
Тэраакт у Сараеве ўчыніў сербскі студэнт Гаўрыл Прынцып.
Забойства манаршай асобы стала нагодай для развязання Першай Сусветнай вайны. Яна пачалася 1 жніўня 1914 году. Скончылася з 1918-ым. У расійскае войска былі прызваны 900 тысяч беларусаў, з якіх загнула каля 70 тысяч.
Пад акупацыяй Кайзераўскай Германіі апынулася палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай.
У 1915-1918 гадах колькасць бежанцаў склала ад 1,5 да 2,2 млн. чалавек.
У Магілёве знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага расійскім войскам – цара Мікалая-ІІ.
s16.stc.yc.kpcdn.net
28 чэрвеня 1919 года ўтворана Ліга Нацый.
Міжнародная арганізацыя, заснаваная ў выніку падпісання Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах.
У перыяд з 28 верасня 1934 па 23 лютага 1935 гадоў у Лігу Нацый уваходзіла максімальная колькасць дзяржаў – 58.
Мэты Лігі Нацый уключалі ў сябе: раззбраенне, перадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце. Спыніла існаванне арганізацыя ў 1946 годзе.
Лічыцца, што Ліга нацыяў заклала падмурак і была правобразам для Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, якая паўстала па сканчэнні Другой сусветнай вайны.
28 чэрвеня 1923 год нарадзіўся Уладзімір Чантурыя.
Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.
Аўтар фундаментальных зборнікаў «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 году», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі».
wikimedia.org
28 чэрвеня 1941 года танкі і мотапяхота гітлераўскай Германіі ўвайшлі ў Мінск.
Тры гады беларуская сталіца знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй.
За гэты час на Міншчыне было знішчана больш за 300 тысяч чалавек. З іх 100 тысяч – ваеннапалонныя. Амаль 30 тысяч вывезеныя ў Нямеччыну.
Дакладная колькасць людскіх ахвяраў у Беларусі за час нацысцкай акупацыі вызначыць цяжка. Праз 20 гадоў па сканчэнні Другой сусветнай вайны лічылася, што загінула 2 млн. 200 тыс. жыхароў краю.
1prof.by
28 чэрвеня 1942 года загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала.
Абставіны яго смерці застаюцца не высветленымі дагэтуль. Ён упаў у лесвічны пралёт з 10 паверху гасцініцы «Масква». У савецкай сталіцы ён знаходзіўся ў эвакуацыі.
Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, забойства.
Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а ў 1962 годзе перапахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.
Янка Купала неаднаразова з 1921 году падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх улад. Выклікаўся на допыты ў справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», якой у рэальнасці не існавала.
20 лістапада 1930 году, не вытрымаўшы здзекаў, Купала зрабіў спробу самагубства, але застаецца жывы.
wikimedia.org
28 чэрвеня 1944 года савецкімі войскамі вызвалены з-пад акупацыі фашысцкай Германіі Магілёў.
У вынікі аперацыі «Баграціён» былі вызвалілі таксама Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.
28 чэрвеня ў Магілёве адзначаецца – Дзень гораду.
lh3.googleusercontent.com
28 чэрвеня 1991 года спыніў існаванне Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ).
Міжнародная эканамічная арганізацыя створаная згодна з рашэннем эканамічнай нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР, Чэхаславаччыны. Штаб кватэра месцілася ў Маскве.
У склад арганізацыі ўвайшлі краіны, якія вызваліў Савецкі Саюз з-пад нацысцкай акупацыі. СЭУ лічыцца адказам Савецкага Саюзу на амерыканскі «план Маршала», які прадугледжваў адбудову пасляваеннай Еўропы. Мэта СЭУ была амаль ідэнтычная «Плану Маршала».
Прыярытэтным напрамкам дзейнасці СЭУ было эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва краін – членаў Саюзу, якая ўключала развіццё ўзаемнага гандлю, арганізацыю абмену гаспадарчым вопытам, аказанне ўзаемнай дапамогі сыравінай, прадуктамі харчавання, абсталяваннем, машынамі і іншымі таварамі. Распрацоўваліся адзіныя стандарты і нормы для краін-удзельніц.
Арганізацыя спыніла існаванне на 46 сесіі ў Будапешце.
upload.wikimedia.org
У публікацыі выкарыстаная інфармацыя з рэсурсу “Вікіпедыя”
У памежнай з Беларуссю Бранскай вобласці паспрабавалі рэанімаваць фестываль “Славянскае адзінства”. Мясцовыя журналісты сцвярджаюць: каб стварыць масавасць на яго змусілі прыйсці бюджэтнікаў.
Да 2013 году фестываль праводзілі ля манумента “Тры сястры” на сутыку трох краінаў – Беларусі, Украіны і Расіі. Пасля перамогі Еўрамайдану фестываль змізарнеў.
На сёлетні фестываль разам з так званымі “ЛНР” і “ДНР” бранскія ўлады не забыліся запрасіць дэлегацыю з Беларусі. У яе складзе былі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці.
bryansku.ru
Імпрэзу пазіцыянавалі як фестываль братэрскіх народаў, аднаўленне якога мелася “надаць новае дыханне добрай традыцыі”. Яго адкрыццё называлі “Днём дружбы і адзінства славянаў”.
Мясцовыя ўлады адрапартавалі, што мерапрыемствы фестывалю наведалі больш за 10 тысяч чалавек.
bryansku.ru
Мясцовая газета «Брянская улица» такую колькасць лічыць сумнеўнай і сфальшываванай. Паводле журналістаў, каб фестываль не выглядаў правальным, на яго зганялі бюджэтнікаў з раёнаў, якія “хаваліся ад спёкі ў кустах”.
У афіцыйных паведамленнях пра падзеі ва Ўкраіне, якія адбываліся ў 2013-14 гадах, гаварылася толькі, як пра “нацыска-алігархічны пераварот”. Пра сёлетнюю вайну, развязаную Расіяй, не згадвалі.
Інфармацыйнае агенцтва БелТА, аднак, працытавала аднаго з прадстаўнікоў ЛНР, які заявіў, што Расія выратавала Данбас, бо пад іх гарадамі стаяла 150-тысячнае войска і зямля магла б быць залітая крывёю.
bryansku.ru
Поўнамаштабнае ўварванне расійскага войска ва Ўкраіну адбылося сёлета 24 лютага. Для гэтага была выкарыстаная і тэрыторыя Беларусі. З яе вёўся і абстрэл ракетамі суседняй краіны. Гэта прывяло да яшчэ міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
Колькасць забітых украінцаў сягае некалькіх тысяч цывільных грамадзян. Зафіксаваныя масавыя расстрэлы ўкраінцаў. 7 мільёнаў сталі ўцекачамі. Разбураныя гарады і гарадская інфраструктура.
Трагедыя адбылася 26 чэрвеня на Цяцерынскім вадасховішчы ля вёскі Прыгані, што ў Круглянскім раёне. На 20 чэрвеня ў вобласці патанула 17 чалавек.
Як пішамясцовая раёнка «Сельскае жыццё», патанулай 35 гадоў. Пошук цела жанчыны пакуль не дае плёну. Апытаныя відавочцы здарэння. Абставіны ўтаплення высвятляюць следчыя.
Цяцерынскае вадасховішча ўтворанае запрудай Друці. Яго плошча 4,6 квадратных кіламетраў. Глыбіня – ад 3 да 8 мэтраў. Дно глеістае і тарфяное. Нямала карчакоў.
На 20 чэрвеня на Магілёўшчыне, паводле дадзеных таварыства выратавання на водах, патанула 17 чалавек. З іх 2 непаўналетніх. Летась у гэты час ахвярамі вады былі 25 чалавек.
У Беларусі ж колькасць тапельцаў сягае 145-ці. З іх 8 непаўналетнія. 45 патанулых былі ў стане алкагольнага ап’янення. У мінулых годзе тапельцаў у гэты час было столькі ж.
Магутныя выбухі разбураюць тонкую навігацыйную сістэму жывёл, якія карыстаюцца рэхалакацыяй. «Сляпыя» дэльфіны паміраюць ад голаду і інфекцыйных захворванняў.
images.unian.net
Доктар біялагічных навук, кіраўнік Навукова-даследчага аддзелу прыроднага парка «Тузлоўскія ліманы» Іван Русеў кажа, што паведамленні аб гібелі дэльфінаў паступаюць з Балгарыі, Румыніі і Расіі.
Колькасць загінулых жывёл ідзе на тысячы, падаесловы навукоўца інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».
images.unian.net
«Аналізуем наяўныя публікацыі ў адкрытых крыніцах з розных чарнаморскіх краін. І нашы высновы несуцяшальныя. Дэльфіны ў адрозненні ад мінулых гадоў цяпер гінуць з-за ваенных дзеянняў у Чорным моры. Па нашых ацэнках, загінула не менш за 3 тысячы асобін«, – адзначае ён.
Па ягоных словах, “магутныя санары і выбухі разбураюць тонкую навігацыйную сістэму жывёл, і такія «сляпыя» дэльфіны паміраюць ад голаду, не маючы магчымасці злавіць сабе рыбу, і з-за слабасці арганізма ў іх актывуюцца інфекцыйныя хваробы”.
Ён адзначае, што дзікая прырода Чорнага мора адчувае на сабе жорсткасць вайны.
Абследаваць усё Чорнае мора, каб зрабіць выснову аб наступствах уплыву на жывёльны свет ваенных дзеянняў у бліжэйшы час не выпадае, бо трывае забарона ваенных.