Навіны пабрацімаў. Як выглядае Мікалаеў пасля ранішняга расійскага абстрэлу

Днём раней у выніку расійскага абстрэлу было паранена дзіця. Паводле папярэдніх звестак, сённяшняя атака на горад абышлася без чалавечых ахвяраў.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


3 жніўня а 5 гадзіне раніцы расійскія ракеты пацэлілі ў прычал, прамысловае прадпрыемства, дамы, гаражны кааператыў, супермаркет і аптэку. Пацярпела конна-спартовая школа.


У выніку ўдару поўнасцю разбураны супермаркет. Таксама пацярпелі побач размешчаныя шматпавярховыя дамы – у іх выбіты вокны, разбурана шкленне балконаў, а таксама крамы.

«Сёння наш горад і паселішчы вобласці зноў зазналі абстрэл. У Мікалаеве яны напалі на супермаркет. На шчасце, прамога траплення ў шматпавярховік, які знаходзіцца за некалькі метраў, не адбылося», – паведаміў  кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

У вайсковай камендатуры адзначаюць што паводле папярэдніх дадзеных, горад быў абстраляны ракетамі С-300, піша выданне «Новостей-N»

Днём раней у выніку абстрэлу атрымала раненне дзіця. Значна пашкоджаныя жылыя дамы, прадпрыемствы і інфраструктура.

Паводле старшыні Мікалаеўскага абласнога савету Ганна Замазеевай, у паселішчах вобласці зафіксаваныя разбурэнні жылых дамоў ды пажары на палях.

 На раніцу 3 жніўня ў шпіталях Мікалаева перабывалі з раненнямі 318 грамадзян. Яшчэ 41 пацярпеламу аказваецца амбулаторная дапамога.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Мікалаеўскай вобласці пашкоджана больш за 8,5 тыс. грамадзянскіх аб’ектаў.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. 

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота з русурсу: www.ukrinform.ua

У расійскім Іжэўску падахвочваюць працаўнікоў аўтазаводу добраахвотна звальняцца, бо на прадпрыемстве крызіс

Такія захады тлумачацца крызісам у пастаўцы камплектуючых для Lada Vesta і прыпыненнем вытворчасці аўтамабіляў гэтага сямейства. У Іжэўску на мясцовым заводзе «Лада Іжэўск» як раз і вырабляюць легкавікі Lada Vesta.

Тым, хто наважыцца добраахвотна звольніцца, кампанія «Автоваз» абяцае выплату 5 акладаў, дадатковую матэрыяльную падтрымку, а таксама спрыянне ў працаўладкаванні.

Разам з тым, на «Автовазе» запэўніваюць, што масавых скарачэнняў на заводзе ў Іжэўску не плануецца.

Выплаты за добраахвотнае звальненне называюцца часткай комплексу «дадатковых мер падтрымкі для забеспячэння занятасці і павышэння максімальнай загрузкі прадпрыемства ў сувязі з крызісам у пастаўцы камплектуючых для Lada Vesta і прыпыненнем вытворчасці аўтамабіляў гэтага сямейства», піша  «Интерфакс».

Паводле звестак «Автовазу», штат даччынага прадпрыемства ў Іжэўску складае 3,2 тысячы чалавек.

Акцыянерамі «Автоваза» пасля сыходу Renault з Расіі з’яўляюцца дзяржаўныя структуры «Ростех» і «НАМИ», паведамляў раней Магілёў.media.

«Ростех» валодае 32,3% акцыяў аўтамабільнага гіганта. «Ростех» – гэта дзяржаўная карпарацыя садзейнічання распрацоўцы, вытворчасці і экспарту высокатэхналагічнай прамысловасці. Яна ўтвораная на загад Уладзіміра Пуціна ў 2007 годзе.

67,7% акцыяў належаць дзяржаўнаму навуковаму цэнтру «НАМИ». Арганізацыя ўключаная ў спіс стратэгічных прадпрыемстваў, якія маюць значэнне ў абароназдольнасці, бяспецы дзяржавы.

фота з рэсурсу: www.autostat.ru

Бабруйск у святле афіцыйнай статыстыкі. Колькасць работнікаў і зарплата зніжаюцца, праца прадпрыемстваў з прыбыткам

Нацыянальны статыстычны камітэт падсумаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Журналісты «Вечернего Бобруйска» сабралі афіцыйныя звесткі пра сітуацыю ў сваім горадзе і вось, што выйшла.

ЗАНЯТАСЦЬ

Колькасць занятых у эканоміцы гораду ў параўнанні з 5 месяцамі 2021 году скарацілася з 85 033 да 83 696 чалавек. Мінус 1 337 чалавек. Узровень беспрацоўя «трымаецца» на – 0,4%.

ЗАРОБАК

Намінальны заробак вырас з 1074,8 да 1219,1 рублі. Плюс 144,3 рублёў. Рэальная зарплата знізілася на 7,2 працэнта.

ПРАЦА ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Праца прадпрыемстваў за пяць месяцаў 2022 году прынесла прыбытак 7485 тыс. руб. Летась гэты паказчык быў адмоўным і складаў 24479 тыс. руб.

Знізілася ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў і арганізацый гораду: з 22,5 працэнта да 12,4 працэнта, рэнтабельнасць продажаў вырасла з 4,1 працэнта да 6,9 працэнта.

ЖЫЛЛЁ

За паўгода ўведзена жытла – 23 558 кв. м. агульнай плошчы, што больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года на 8258 кв.м. Летась гэты паказчык быў – 15 300 кв.м.

ГАНДАЛЬ

Рознічны тавараабарот знізіўся на 3,1 працэнт, з 104,1 да 101 працэнты.

Фота з рэсурсу: zviazda.by

Дзень у гісторыі: 3 жніўня. Пачатак «Рэйкавай вайны». Нарадзіліся медык, дзеяч беларускай эміграцыі Баляслаў Грабінскі і біятланістка Дар’я Домрачава. Памёр Янка Маўр, аўтар «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі»

1615 год. Памёр Крыштаф Дарагастайскі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, доктар медыцыны.

Падарожнік па Еўропе. Ганаровы грамадзянін Венецыі. Герой Інфлянцкай вайны. 

Непахісны абаронца свабодаў пратэстантаў. Аўтар кніг энцыклапедычнага зместу пра коней, па конегадоўлі, коннай яздзе, ветэрынарыі – «Гіпіка».

1943 год. Пачалася партызанская аперацыі «Рэйкавая вайна».

Умоўная назва дзеянняў партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый.

Аперацыя праводзілася на тэрыторыі ў 1000 км па фронту і 750 км углыб. За першую ноч аперацыі ў Беларусі, Латвіі, Літве, Украіне, Арлоўскай, Бранскай, Смаленскай, Калінінскай, Ленінградскай абласцях Расіі 67 партызанскімі атрадамі ўзарвана 42 тысяч рэек.

1899 год. Нарадзіўся Баляслаў Грабінскі.

Медык, дзеяч беларускай эміграцыі.

Старшыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, Беларуска-амерыканскага згуртавання.

Першым заўважыў пад час падарожжа ў Італію «Партрэт Скарыны ў Падуі», зроблены ў 1942 годзе італьянскім мастаком Джакома Форна ў «Зале Сарака» славутага Падуанскага ўніверсітэту.

1968 год. Памёр ураджэнец беларускага мястэчка Целяханы Канстанцін Ракасоўскі.

Савецкі ваеначальнік.

У жніўні 1937 года Ракасоўскі быў арыштаваны па абвінавачванні ў сувязях з польскай і японскай разведкамі, стаўшы ахвярай ілжывых паказанняў. 

Два з паловай гады правёў пад следствам. Яго ўтрымлівалі ва Унутранай турме Упраўлення дзяржбяспекі, жорстка катавалі і білі.

У 1940 годзе Ракасоўскі быў вызвалены, у сувязі са спыненнем справы і рэабілітаваны.

Палкаводчы аўтарытэт Ракасоўскі набыў у бітве пад Масквой. Паспяховым быў яго ўдзел у бітве за Сталінград і на Курскай дузе. Ягоны талент раскрыўся падчас аперацыі «Багратыён», у выніку якой ад нацыстаў вызвалілі Беларусь.

1971 год. Памёр Янка Маўр.

Пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці.

Аўтар славутых «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі». Яго ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру каштоўны тым, што ён як першаадкрывальнік і першапраходца вызначыў далейшыя яе кірунак і развіццё. Яму ўдалося пашырыць часавыя і прасторавыя межы беларускай дзіцячай літаратуры.

Творы Янкі Маўра перакладзены на шматлікія мовы і выдаваліся ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

1986 год. Нарадзілася Дарʼя Домрачава.

Беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету. Уладальніца некалькіх малых Крыштальных глобусаў, пераможца Кубка свету па біятлоне. Самая тытулаваная спартсменка Беларусі ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Герой Беларусі.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Пачаўся візіт спікера Кангрэсу ЗША ў Тайвань. Кітай пратэстуе і распачынае ваенныя вучэнні

Самалёт Нэнсі Пэлосі прызямліўся ў сталіцы Тайваню – Тайбэі. Спікер Кангрэсу ЗША заявіла, што ЗША падтрымліваюць тайваньскую дэмакратыю і працягваюць выступаць супраць аднабаковых спроб «змяніць статус-кво».

Яна падкрэсліла, што яе візіт не супярэчыць палітыцы ЗША ў дачыненні да Кітая.

Вакол гатэлю ў Тайбэі, дзе будзе перабываць падчас візіту Пэлосі, узмоцнена ахова – паліцыянты ставяць металічныя загароды. А на самым высокім будынку ў Тайбэі з’явіўся надпіс «Спікер Пеласі, сардэчна запрашаем на Тайвань».

МЗС КНР выступіў рашуча супраць і асуджае візіт Пэлосі на Тайвань, паведамляюць СМІ. Паводле агенцтва «Сіньхуа» Кітай заявіў, што з 4 па 7 жніўня правядзе ваенныя вучэнні ў шасці раёнах вакол Тайваню.

У той жа час ля вострава знаходзіцца авіяносная ўдарная група на чале з атамным авіяносцам ваенна-марскіх сіл ЗША USS Ronald Reagan. У яе склад таксама ўваходзяць ракетны крэйсер USS Antietam і эсмінец USS Higgins.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Мікалай Аўтуховіч

На 23-і дзень сухой галадоўкі Аўтуховіч выпіў чай. Пакуль невядома, ці будзе ён працягваць галадоўку.

59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня, паведамляе незалежная прэса, спасылаючыся на адміністрацыю гродненскай турмы, дзе ўтрымліваюць Аўтуховіча.

Ён пратэстуе супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.

Чатыры дні запар Мікалай не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці на іх, сёння таксама не быў на судзе. Учора яму паставілі кропельніцу.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.


Іна Шырокая

Асуджаная тры гады «хатняй хіміі».

Маці пяці дзяцей прызнаная вінаватай у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Паводле праваабаронцаў ёй інкрымінаўся ўдзел у акцыях пратэсту 2020 году. Да суду яе ўтрымлівалі ў СІЗА-1 145 дзён. Вырак Шырокай вынесла суддзя Анастасія Ачалава з суду Ленінскага раёну Мінску.

Іна Шырокая праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай.


Аляксандр Касумаў

Асуджаны на 1,5 года «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў яго абвінавачвалі ў апаганьванні збудаванняў і пашкоджанні маёмасці.

Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 23 на 24 красавіка каля гарадской лазні ён напісаў надпіс «Нет войне!». Праз амаль тры тыдні – у ноч з 15 на 16 траўня – Аляксандр нібыта пакінуў на сцяне ўжо тры надпісы: «No war!», «Luka», «убийца!».

Доказы віны Касумава былі атрыманыя, калі ён сядзеў у ізалятары. Там да яго падсадзілі супрацоўніка міліцыі, які «разгаварыў» Касумава, і той прызнаўся, што двойчы балончыкам наносіў тыя надпісы.


Віталій Іванюковіч

Асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, Іванюковіч пакінуў каментар пад відэа перастрэлкі паміж супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком і супрацоўнікам кампаніі EPAM Systems Андрэем Зельцарам.

Яго прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Беларусі», але спачатку інкрымінавалі абразу прадстаўніка ўлады і распальванне варожасці.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems. За каментары ў сацсетках у «справе Зельцэра» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

«Не лепшая ідэя». Чым скончыцца эскалацыя напружання між Кітаем ды ЗША?

«Не лепшая ідэя». Чым скончыцца эскалацыя напружання між Кітаем ды ЗША?

Магчымы візіт спікера Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі на Тайвань, незалежнасць якога Кітай не прызнае і лічыць сваёй тэрыторыяй, выклікаў напружанне ў адносінах між краінамі. Увесь свет сочыць за развіццём сітуацыі, якая можа абярнуцца ваенным канфліктамі між ЗША і Кітаем з непрадказальнымі наступствамі. 

Кітай сцягвае да пратокі, які аддзяляе яго ад Тайваню, флот і сухапутныя войскі. Тым жа адказвае ЗША. Імі накіраваныя да выспы  Урад ЗША афіцыйна не пацвярджае, што Нэнсі Пэлосі наведае Тайвань. Белы дом не выключае, што Кітай можа адказаць на візіт ваеннымі правакацыямі. Паводле яго, гэта можа быць ракетны абстрэл тэрыторыі паблізу Тайваня або маштабныя паветраныя ці марскія аперацыі.

Сярод амерыканскай грамадскасці і Кангрэсу ЗША існуе моцная двухпартыйная падтрымка Тайваню. А Нэнсі Пэлосі, высокапастаўленая дзяячка Дэмакратычнай партыі, доўгі час актыўна крытыкавала кітайскае кіраўніцтва, асуджаючы парушэнні правоў чалавека ў Кітаі.

1 жніўня прадстаўнік Кітаю ў ААН Чжан Цзюнь папярэдзіў, што яе візіт падарве адносіны паміж Пекінам і Вашынгтонам. Міністэрства замежных спраў Кітаю таксама заявіла, што візіт Пэлосі «стане грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы Кітаю», дадаўшы: «Тыя, хто гуляюць з агнём, загінуць ад яго».

Кітай лічыць Тайвань – сепаратысцкай правінцыяй. Суверынітэт Тайваню прызнаны шэрагам уплывовых краінаў свету, у тым ліку ЗША. Тайвань лічыць сябе Кітайскай рэспублікай. Мае 19-ю па велічыні эканоміку свету. Яе тэхналагічная індустрыя адыгрывае важную ролю ў сусветнай эканоміцы. Узровень жыцця з’яўляецца вельмі высокім, паводле звестак МВФ на 2019–2020 гады краіна па ВУП на душу насельніцтва значна пераўзыходзіць узровень мацерыковага Кітаю.  Нэнсі Пэлосі пачала сваё турнэ па Азіі 31 жніўня, прыляцеўшы ў Сінгапур. Яе публічна агучаны маршрут таксама ўключаў прыпынкі ў Малайзіі, Паўднёвай Карэі і Японіі, але не Тайвань.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што амерыканскія вайскоўцы лічаць візіт Пэлосі на Тайвань цяпер «не лепшай ідэяй».

фота з рэсурсаў: rtvi.com, cdnuploads.aa.com,  img8.eadaily.com,  static.dw.com

Амаль паўтонны цвёрдых камунальных адыходаў прыходзілася на аднаго беларуса

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту летась кожны беларус пакінуў па сабе 425,7 кілаграмаў камунальнага смецця.

У параўнанні з 2017-ым, як падлічыў  Белстат, на адну душу насельніцтва Беларусі прыходзілася такога смецця менш – 401, 9 кілаграм.

Аб’ём жа адкідаў вытворчасці на аднаго беларуса вылічваецца ў тонах. У 2021 годзе іх было 6,7 тон. Чатырма гадамі раней – 5,9 тон.

фота: zviazda.by 

«Вялізная запазычанасць, нас высяляюць». Бабруйская арганізацыя дапамогі бяздомных жывёлам просіць аб дапамозе

Грамадская суполка «Дабрачыннасць» – гэта прытулак для бадзяжных і кінутых жывёлаў. Яе заснавальнікі пішуць, што «рахункі пустыя, ежу купляць няма за што, аплачваць гаспадарчыя выдаткі мы не можам».

«Жывёлы асуджаныя! Мы молім, падтрымайце нас! Не дапусціце высялення 80 сабак з перабывання! Не дапусціце голаду ў прытулку» гаворыцца ў звароце арганізацыі на яе старонцы «Укантакце».

«Дабрачыннасць» – недзяржаўная ўстанова, паўсталая з ініцыятывы невялікай групы людзей. Арганізацыя юрыдычна зарэгістраваная.

Прытулак не мае дзяржаўнага фінансавання. Ён арандуе больш за 11 сотак зямельнай дзялянкі, на якой размешчаныя вальеры. Яго дзейнасць трымаецца на працы валанцёраў, якія не маюць заробкаў.

У прытулку стэрылізуюць як бадзяжных, так і свойскіх жывёлаў. Акрамя прыгляду за гадаванцамі валанцёры займаюцца асветніцкай і агітацыйнай дзейнасцю. Праводзяць урокі дабрачыннасці ў школах, акцыі, экскурсіі.

фота: vk.com/public_dobrodetel

У Магілёве адстаўныя дэсантнікі адзначылі сваё «прафесійнае» свята «сціпла і арганізавана». Згадалі вайну ва Ўкраіне

Пра вайну ва Украіне былыя магілёўскія дэсантнікі казалі, што ва ўмовах сучасных ваенных тэхналогіяў без вайсковага спецназу не абысціся.

На дзіва, але ў разгар дня, сквер ля кінатэатру «Радзіма», дзе ў ранейшыя гады збіраліся дэсантнікі» заставаўся без хлопцаў у цяльняшках. Не было традыцыйнага маршу былых салдат і па пешаходнай вуліцы Ленінскай.

 

 

Адстаўная дэсантура сабралася ў парку імя Горкага. Гэтая мясціна, хоць і ў цэнтры гораду, але ў баку ад людных вуліц. Каля сотні дэсантнікаў віталіся, браталіся, абмяркоўвалі планы на святочны дзень пакуль не прагучала каманда шыхтавацца. Шыхт былых вайскоўцаў правялі да мемарыялу Змагарам за Савецкую ўладу.

Ля яго адбыўся непрацяглы мітынг. На ім не было, як у мінулыя гады, пафасных выступаў чыноўнікаў. У прамовах згадалі вайну ва Ўкраіне. Было падкрэслена, што ва ўмовах панавання сучасных ваенных тэхналогіяў дэсантнікі застаюцца незаменнымі.

Будзённа на мітынгу прагучалі віншаванні, былі ўручаныя памятныя медалі. Святар акрапіў вадой шыхт былых вайскоўцаў. Некаторыя адрэагавалі жартам: цяпер можна не лезці ў фантаны.

Па сканчэнні ўрачыстай часткі адстаўныя дэсантнікі разышліся. Хто выправіўся да сваіх фантанаў, хто ў кавярні, а нехта дадому.