Навіны пабрацімаў. Як выглядае Мікалаеў пасля ранішняга расійскага абстрэлу

Днём раней у выніку расійскага абстрэлу было паранена дзіця. Паводле папярэдніх звестак, сённяшняя атака на горад абышлася без чалавечых ахвяраў.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


3 жніўня а 5 гадзіне раніцы расійскія ракеты пацэлілі ў прычал, прамысловае прадпрыемства, дамы, гаражны кааператыў, супермаркет і аптэку. Пацярпела конна-спартовая школа.


У выніку ўдару поўнасцю разбураны супермаркет. Таксама пацярпелі побач размешчаныя шматпавярховыя дамы – у іх выбіты вокны, разбурана шкленне балконаў, а таксама крамы.

«Сёння наш горад і паселішчы вобласці зноў зазналі абстрэл. У Мікалаеве яны напалі на супермаркет. На шчасце, прамога траплення ў шматпавярховік, які знаходзіцца за некалькі метраў, не адбылося», – паведаміў  кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

У вайсковай камендатуры адзначаюць што паводле папярэдніх дадзеных, горад быў абстраляны ракетамі С-300, піша выданне «Новостей-N»

Днём раней у выніку абстрэлу атрымала раненне дзіця. Значна пашкоджаныя жылыя дамы, прадпрыемствы і інфраструктура.

Паводле старшыні Мікалаеўскага абласнога савету Ганна Замазеевай, у паселішчах вобласці зафіксаваныя разбурэнні жылых дамоў ды пажары на палях.

 На раніцу 3 жніўня ў шпіталях Мікалаева перабывалі з раненнямі 318 грамадзян. Яшчэ 41 пацярпеламу аказваецца амбулаторная дапамога.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Мікалаеўскай вобласці пашкоджана больш за 8,5 тыс. грамадзянскіх аб’ектаў.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. 

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота з русурсу: www.ukrinform.ua