Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Мікалай Аўтуховіч

На 23-і дзень сухой галадоўкі Аўтуховіч выпіў чай. Пакуль невядома, ці будзе ён працягваць галадоўку.

59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня, паведамляе незалежная прэса, спасылаючыся на адміністрацыю гродненскай турмы, дзе ўтрымліваюць Аўтуховіча.

Ён пратэстуе супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.

Чатыры дні запар Мікалай не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці на іх, сёння таксама не быў на судзе. Учора яму паставілі кропельніцу.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.


Іна Шырокая

Асуджаная тры гады «хатняй хіміі».

Маці пяці дзяцей прызнаная вінаватай у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Паводле праваабаронцаў ёй інкрымінаўся ўдзел у акцыях пратэсту 2020 году. Да суду яе ўтрымлівалі ў СІЗА-1 145 дзён. Вырак Шырокай вынесла суддзя Анастасія Ачалава з суду Ленінскага раёну Мінску.

Іна Шырокая праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай.


Аляксандр Касумаў

Асуджаны на 1,5 года «хатняй хіміі».

Паводле праваабаронцаў яго абвінавачвалі ў апаганьванні збудаванняў і пашкоджанні маёмасці.

Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 23 на 24 красавіка каля гарадской лазні ён напісаў надпіс «Нет войне!». Праз амаль тры тыдні – у ноч з 15 на 16 траўня – Аляксандр нібыта пакінуў на сцяне ўжо тры надпісы: «No war!», «Luka», «убийца!».

Доказы віны Касумава былі атрыманыя, калі ён сядзеў у ізалятары. Там да яго падсадзілі супрацоўніка міліцыі, які «разгаварыў» Касумава, і той прызнаўся, што двойчы балончыкам наносіў тыя надпісы.


Віталій Іванюковіч

Асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, Іванюковіч пакінуў каментар пад відэа перастрэлкі паміж супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком і супрацоўнікам кампаніі EPAM Systems Андрэем Зельцарам.

Яго прызналі вінаватым у «дыскрэдытацыі Беларусі», але спачатку інкрымінавалі абразу прадстаўніка ўлады і распальванне варожасці.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems. За каментары ў сацсетках у «справе Зельцэра» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.