Мясцовую “Блакітную крыніцу” адродзяць каля вёскі Клеявічы Касцюковіцкага раёна – піша golk.by. 24 лютага будзе праведзена экалагічная акцыя, далучыцца да якой Беладубраўскі сельвыканкам запрашае ўсіх неабыякавых.
Па ваду з мясцовай крыніцы прыязджаюць жыхары з усёй акругі. Вада тут заўсёды смачная і чыстая, па сваім хімічным складзе яна вельмі падобная на ваду з Блакітнай крыніцы пад Слаўгарадам. Вада адпавядае ўсім санітарным нормам і прыдатная для піцця.
Па падліках старшыні Беладубраўскага сельвыканкама М. Кажамякіна, добраўпарадкаванне крыніцы адным днём не абмяжуецца, бо трэба высекчы вакол дзікарослыя хмызнякі, зрабіць падсыпку грунта і выраўняць пляцоўку, уладкаваць стаянку для аўтамабіляў, усталяваць лаўкі, сталы, падстрэшкі. А яшчэ ў планах – будоўля хрысцільні.
Чытачы mogilev.media праехалі раніцай 18 лютага па вуліцах Магілёва і падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі. Фота больш яскрава чым словы перададуць тое, што зараз адбываецца на дарогах абласнога цэнтра.
У Беларусі ў суботу, за два дні да пачатак Масленіцы адзначаецца Бацькоўскі дзень, Сусветная, Мясапустная субота – у гэты дзень памінаюць памерлых продкаў. Сёлета Бацькоўская субота прыпадае на 18 лютага.
У гэты дзень традыцыйна наведваюць памінальныя службы ў храмах, асвячаюць стравы для памінальнага стала. На памінальнай вячэры на стол традыцыйна выстаўлялі няпарную колькасць страў, запальвалі свечку. Абавязковай стравай на стале была куцця, з напояў – кісель.
Пасля вячэры пакідалі для продкаў-нябожчыкаў страву. Лічылася, што «Бацькі» пад покрывам начной цемры выходзяць з-за печкі і ядуць пакінутае.
Што нельга рабіць – забаронена лаяцца і высвятляць адносіны са сваімі блізкімі, сябрамі, суседзямі, адмаўляць у міласціне. Нельга дакараць памерлых, паднімаць рэч, якая ўпала на зямлю на могілках, праводзіць урачыстасці.
Што можна рабіць – схадзіць у царкву на памінальную службу, або памаліццца за памерлых дома, наведаць могілкі, каб навесці там парадак, падаць міласціну.
Лічыцца, што ў ноч на Бацькоўскую суботу можа прысніцца прарочы сон.
Народныя прыкметы
Калі ў гэты дзень марознае надвор’е – будзе спякотнае лета.
Вечарам 17 лютага прагрымеў выбух у гаражным масіве па вуліцы Коўзана ў Бабруйску. Адзін чалавек быў шпіталізаваны з апёкамі, другі самастойна выбраўся з-пад завалаў і не пацярпеў – паведамляе прэс-служба МНС.
17 лютага ў 19-11 відавочцы паведамілі ратавальнікам аб выбуху ў гаражы гаражна-будаўнічага кааператыва №12 па вуліцы Коўзана ў Бабруйску і пра магчымае знаходжанне пад заваламі людзей.
Ратавальнікі, якія прыбылі на месца, выявілі, што абрынуліся будаўнічыя канструкцыі трох гаражоў, пашкоджаны дахі яшчэ двух гаражоў. Са слоў відавочцаў, у разбураным гаражы знаходзіцца чалавек, яшчэ адзін да прыбыцця падраздзяленняў МНС самастойна пакінуў разбураны будынак.
Папярэдне ўстаноўлена, што ў адным з гаражоў з дазволу гаспадара праводзіліся рамонтныя работы легкавога аўтамабіля, аснашчанага газабалонным абсталяваннем.
Работнікі МНС з-пад завалаў дасталі грамадзяніна 1977 г.н., жыхара Бабруйска. Мужчына шпіталізаваны з апёкамі. Другі мужчына 1969 г.н., з-пад завалаў выбраўся самастойна, ад медыцынскай дапамогі адмовіўся.
У выніку выбуху разбураны 3 гаража, яшчэ ў 2 гаражах пашкоджаны дахі, пашкоджаны тры легкавыя аўтамабілі, якія знаходзіліся ўнутры. Разгляданая версія выбуху – успышка газа-паветранай сумесі або пары лёгкаўзгаральнай вадкасці (то бок, газу альбо бензіну).
Соцсеткі ўзарваліся відэа, знятым байцом на нашлемную камеру падчас бліжняга бою ў акопах на перадавой. На ім бачна, як аўтар роліка ў адзіночку адбівае наступ пехоты праціўніка, забівае як мінімум двух расійскіх салдат.
Вядома, што бой адбываўся ў раёне горада Сватава на ўкраінскіх баявых пазіцыях. Аўтар роліка (яго імя не называецца) – баец 92-й брыгады Узброеных сілаў Украіны, верагодна з пазыўным Predator. Сыходзячы з каментарыяў, якія ён пакінуў пад сваім відэа, сам ён у баі не пацярпеў, аднак раненне ад гранаты атрымаў яго пабрацім, дзеянні якога (не такія ж бліскучыя) трапілі ў ролік.
Пра дзеянні свайго пабраціма, які не ўступіў у бой яўна і не падтрымліваў яго агнём, але ўсяляк дапамагаў з узбраеннем, аўтар тлумачыць у каментарыях, што таго скаваў страх. Таксама адзначаецца, што ў сукупнасці ў тым баі герой роліка забіў чатырох агрэсараў і падбіў варожую БМП.
“Абодва байцы проста сталёвыя. Першы разбівае расійца, другі зараджае і падае. Кожны, хто гоніць на другога, можа прыйсці ў ваенны камісарыят і потым выкладваць свае відэа па меры неабходнасці. Нават калі мужчына спачатку спалохаўся, ён сабраўся і выразна выконваў інструкцыі. А пакуль не пабываў у баі, не ведаеш, як адрэагуе псіхіка. А не баяцца толькі псіхі. У наступным баі ступараў не будзе. Хоць і тут ён сябе нядрэнна праявіў, зараджаючы і падаючы, і першы воін паспявае біць рускіх не адцягваючыся. Хачу, каб хлопцы расказвалі пра гэта сваім унукам. Прыгажуны!” – характэрны каментар пад відэа, які цудоўна расстаўляе акцэнты.
1268 год. Бітва на рацэ Кегола каля Ракавора (Везенберга, Эстонія) паміж аб’яднаным войскам Паўночна-Усходняй Русі і дацка-нямецкімі рыцарамі з нічыйным вынікам.
Малавядомая бітва, але з ліку найбуйнейшых у сярэднявечнай Еўропы, як па колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці загінуўшых у ёй.
Зімой 1268 года магістр Тэўтонскага ордэна Лютэрберг распачаў паход у Літву. У гэты ж час моцнае пскоўска-наўгародска-цвярское войска пад начальствам князя Яраслава Аляксандравіча і князя літоўскага і пскоўскага Даўмонта ўварвалася ў Эстляндыю і на рацэ Кегола натыкнуліся на нямецкія палкі, якія “стаялі як лес дрымучы”.
Адбылося пабоішча страшнае, кажа летапісец, якога не бачылі ні бацькі, ні дзяды. Пабіта было ваяроў без ліку, што нават конніца не магла прабіцца па іх трупам.
1370 год. Параза літвінаў пад Рудавай каля Кёнігсбергу ад войска Тэўтонскага ордэна.
Вялікалітоўскае войска на чале з Альгердам, Ягайлам, Кейстутам і Вітаўтам на пачатку боя было рассечана тэўтонамі на дзве часткі – частка Кейстута адступіла, частка Альгерда ўмацавалася ў лесе і пэўны час адбівалася.
Бітва скончылася перамогай Ордэна, трэцяй на працягу 60 гадоў (пад Ваплаўкен, 1311, на Стрэве, 1348).
Войска ВКЛ страціла ад 1 000 – 5 500 да 11 000 ваяроў, Ордэн – ад 126 – 300 (з іх 26 рыцараў) да 5 000 кнехтаў, 200 рыцараў і 26 комтураў.
Паводле Т. Нарбута, абодва бокі панеслі вялікія страты, а літвіны, калі і не перамаглі ў бітве, то мелі з яе немалую карысць, бо забілі шмат крыжацкіх военачальнікаў і ўзялі багатую здабычу.
1386 год. Вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся з 12-гадовай Ядвігай, спадкаемцай польскага стальца.
4 сакавіка быў урачыста каранаваны на «караля Польшчы, вярхоўнага князя Літоўскага і дзедзіча Рускага», паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
Уладзіслаў II Ягайла і каралева Ядвіга правілі як манархі сумесна.
1537 год. У Маскве падпісаны мірны дагавор, які скончыў вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім. Скончылася пятая літоўска-маскоўская вайна (1534-1537).
Жыгімонт I Стары згадзіўся прыслаць у Маскву да 6-цігадовага Івана IV сваё «вялікае пасольства». Падчас цяжкіх і доўгіх перагавораў – Масква патрабавала Кіеў і Полацк, Вільня – Ноўгарад і Пскоў, перамоўшчыкі пайшлі на кампраміс. Гомель з усёй зямлёй заставауся ў складзе ВКЛ, Себеж і Завалочча перадаваліся Маскоўскай дзяржаве, астатнюю мяжу пакідалі нязменнай. Падпісаны трактат прадугледжваў пяцігадовае перамір’е, мір на межах і свабоду гандлю.
Пачаткам вайны стала вестка пра смерць вялікага князя маскоўскага Васіля III. Гэта абудзіла у ВКЛ надзеі на рэванш і на вяртанне страчаных раней тэрыторый у выніку войнаў.Падчас вайны 1500–1503 і 1512–1522 гадоў ВКЛ страціла ад 25 да 30% сваёй тэрыторыі, у тым ліку Гомель і Смаленск.
1845 год. Памёр Ігнат Анацэвіч.
Беларускі гісторык і архівіст, педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэта.
Адзін са стваральнікаў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі.
Стваральнік першага спецыялізаванага ўніверсітэцкага курса па мінуламу беларускага і літоўскага народаў.
Стварыў цэласную карціну гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, склаў перыядызацыю гісторыі ад 1009 да 1569 гадоў і распрацаваў класіфікацыю гістарычных крыніц.
Паводле словаў А. Латышонка, Ігнат Анацэвіч – адзін з тых “гістарычна адукаваных спакойных [уніяцкіх] паповічаў, якія, уласна, і стварылі беларускую нацыянальную ідэю на сумежжы 18 і 19 стагоддзяў”.
1893 год. У в. Малая Багацькаўка (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзіўся Максі́м Гарэцкі
Класік беларускай літаратуры. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі, даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай, дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры.
Аўтар першай «Гісторыі беларускай літаратуры», «Хрэстаматыі беларускай літаратуры. XI век – 1905 год», «Руска-беларускага слоўніка» (з Г. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М. Байковым).
Працаваў у БДУ, Камуністычным універсітэце, Інбелкульце, загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі.
Арыштоўваўся ў 1930 і 1937 гадах. Быў у ссылцы. 5 студзеня прысуджаны да расстрэлу, расстраляны 10 лютага 1938 года ў Вязьме.
У Мсціславе працуе Літаратурны музей Максіма Гарэцкага, у Горках музей-кабінет. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі, адкрыты памятныя дошкі на будынках Віленскай беларускай гімназіі, школы ў расійскім Кіраве, вучэбнага корпуса № 4 БДСГА у Горках.
У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926-1928 гадах жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка.
Пра яго дзейнасць і літаратурную спадчыну напісаны многія кнігі, зняты фільмы.
1912 год. У в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) нарадзіўся Клім Грыневіч.
Беларускі паэт. Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929-1930).
Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.
Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.
Памёр ад сухотаў 3 сакавіка 1941 года.
Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які быў прыхільна сустрэты крытыкай.
Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя
1913 год. Рэкорд прэзідэнтства пастаўлены ў Мексіцы.
Пэдра Ласкуран (1856–1952) устанаўлівае рэкорд, прабыўшы на пасадзе прэзідэнта Мексікі 45 хвілін (па іншых дадзеных ад 25 да 55).
За гэты час ён прыняў прысягу і адразу прызначыў сваім пераемнікам генерала В. Хуэрта, і сышоў у адстаўку.
Скарочаны тэрмін паўнамоцтваў Ласкурана – самы кароткі прэзідэнцкі тэрмін у гісторыі – быў цалкам наўмысным. У мінулым мэр Мехіка і міністр замежных спраў пры прэзідэнце Ф. Мадэра, Ласкуран быў выкарыстаны генералам Віктарыяна Хуэрта ў якасці пешкі ў палітычным перавароце. Ласкуран быў прыведзены да прысягі, каб надаць перавароту пэўную легітымнасць.
1916 год. Памерла Цётка (Алаіза Пашкевіч).
Беларуская паэтэса, адна са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Адна з пачынальніц беларускай прозы.
Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара», «Гасцінец для малых дзяцей», вершаў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра.
Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.
1922 год. Нарадзіўся Міхаіл Савіцкі.
Народны мастак Беларусі, жывапісец, педагог. Акадэмік акадэміі мастацтваў Расіі, акадэміі навук Беларусі, Герой Беларусі.
Працаваў у галіне станкавага і манументальнага жывапісу. У аснове твораў ваеннай тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Значнае месца ў творчасці займаюць партрэты, хрысціянская тэматыка.
1963 год. Нарадзіўся Міхаіл Тумеля.
Беларускі рэжысёр, аніматар, мастак і сцэнарыст.
Стаў працаваць расфарбоўшчыкам у цэху мультыплікацыйнага кіно «Беларусьфільм» яшчэ школьнікам, працаваў на студыі мультыплікацыйнага кіно, рэжысёрам мінскай студыі «АФ-Цэнтр», на анімацыйных студыях у Маскве, Портлендзе (ЗША) і Сеуле (Рэспубліка Карэя), кінастудыі «Троицкий мост» (Пецярбург).
Быў вядучым тэлеперадачы «Мультиклуб» на Беларускім тэлебачанні.
Зняў шэраг рэкламных ролікаў і ТБ-заставак. Супрацоўнічае са студыямі «Пилот», «Панорама». Здымаўся ў шэрагу дакументальных серыялаў.
Яго фільм «Выцінанкі-выразанкі» атрымаў прыз за лепшую рэжысуру на Адкрытым расійскім фэстывалі анімацыйнага кіно (Суздаль, 2011).
1979 год. Памёр Юрка Гаўрук.
Беларускі перакладчык, рэжысёр, паэт, літаратурны крытык. Выкладчык Горацкай акадэміі і Магілёўскага педінстытута.
Запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Працаваў дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры БСГА у Горках (1925-1931), кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута (1931-1935).
Арыштаваны 8 лютага 1935 года ў Магілёве, асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі, высланы з БССР. Больш за 20 гадоў працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР.
У 1957—1967 гадах працаваў у купалаўскім, коласаўскім тэатрах, рабіў для пастановак пераклады п’есы з сусветнай класікі.
Перакладчык з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай моў.
Аўтар баек, жартаў, песень, апрацовак расказаў сялян, фальклорнага матэрыяла, першага на Беларусі зборніка паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў», кніг арыгінальных вершаў і перакладаў, зборніка выбраных перакладаў паэзіі, артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці».
1995 год. Памёр Заір Азгур.
Беларускі скульптар, народны мастак БССР і СССР. Герой Сацыялістычнай працы. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Двойчы Лаўрэат Сталінскай прэміі. Акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР.
Вучань М. Шагала і М. Керзіна. Студэнтам жыў у Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Цэнтральная фігура ў беларускай пасляваеннай пластыцы, у галіне станковай і манументальнай скульптуры. Працаваў над манументальнай скульптурай, кіраваў Майстэрняй скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску.
Стварыў партрэты дзеячаў сацыялістычнага і рэвалюцыйнага руху для даваеннага Дома ўрада, стварыў мноства партрэтаў герояў вайны, прадстаўнікоў айчыннай і сусветнай культуры Ф. Скарыны, А. Бразера, 3. Бядулі, Л. Александроўскай, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гусоўскага, К. Чорнага, нацыянальна-вызваленчага руху, палкаводцаў, герояў працы, вучоных, артыстаў.
Па яго праектах створаны шматлікія помнікі І. Сталіну, У. Леніну ў Беларусі, Расіі і Казахстане, П. Машэраву ў Віцебску, Я. Коласу і С. Грыцаўцу ў Мінску, Ф. Багушэвічу ў Жупранах, Я. Купалу ў Вязынцы, В. Талашу ў Петрыкаве, А. Бутлераву і Я. Вучэцічу ў Маскве. Аўтар барэльефа «Слава загінуўшым героям» для помніка-абеліска Перамогі ў Мінску.
Аўтар мемуараў, публіцыстычных артыкулаў па мастацтву.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўным мастацкім музеі Малдовы і іншых галерэях, музеях, фондах.
Яго імя носіць вуліца ў Мінску, СШ №1 г. Сянно, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі – дзве ў сталіцы, у Віцебску.
2002 год. Зацверджаны гербы Кіраўска, Крычава.
Кіраўск – малады горад. Ён узнік у 1955 годзе пры аб’яднанні п. Кіраўск (з 1934 года, каля в. Старцы на месцы былых хутараў і в. Качэрычы), вёсак Кірава і Стараселле.
Старажытны Крычаў (вядомы з 1136 года) у 1633 годзе атрымаў магдэбургскае права за гераізм ў вайне з Масковіяй. У 1663 годзе кароль і вялікі князь Ян II Казімір пацвердзіў правы на магдэбургскае права, карыстанне гарадскімі пячаткай і гербам з выявай крыжа і мяча. Менавіта гэты герб і зацверджаны ў 2002 годзе ў якасці сучаснага сімвала.
Касмічны тэлескоп «Джеймс Уэб» паказаў выяву навалы Пандоры, на якой бачна каля 50 000 зорак – паведамляе NASA.
Навала Пандоры, або Abell 2744 – гэта кластар (куст) галактык, які ўтвараецца з трох асобных галактычных комплексаў-навал. Яна дапамагае навукоўцам праз эфект гравітацыйнай лінзы разглядаць больш аддаленыя аб’екты космасу. Раней падрабязна было вывучана толькі “ядро” Пандоры.
Паводле падлікаў NASA, на атрыманым здымку бачна 50 000 асобных крыніц інфрачырвонага святла.
Каб атрымаць такую падрабязную выяву, тэлескопу спатрэбілася каля 30 гадзін назіранняў з дапамогай камеры блізкага інфрачырвонага дыяпазону.
– Мы імкнемся дапамагчы астранамічнай супольнасці найлепшым чынам выкарыстаць фантастычны рэсурс, які мы маем у тэлескопе “Джэймс Уэб”. – пракаментаваў адзін з даследчыкаў, Габрыэль Брамер з Цэнтра касмічнага світанку Інстытута Нільса Бора пры Універсітэце Капенгагена – Гэта толькі пачатак усёй дзіўнай навукі Уэба, якая будзе наперадзе.
Пад Асіповічамі рыбак змагаўся з магутнай рыбінай каля 30 хвілін, выцягнуў на бераг, а потым выпусціў на волю. Партал osipinfo.by падзяліўся асаблівасцямі рыбалкі.
Пад Асіповічамі ў раёне вёскі Лапічы рыбак Віталь Дубовік выцягнуў са Свіслачы гіганскага сома. Яго вага склала каля 40 кілаграмаў, а даўжыня большая за 180 сантыметраў. Але заканадаўства не дазволіла скарыстацца ўловам.
Сам Віталь распавёў пра рыбалку так:
– Недзе 5 дзён таму паехаў на рыбалку з прыяцелем, узялі намёт і печ. У першы дзень проста адпачывалі, на другі ламалі лёд і крыху рыбачылі (таварыш зачапіў сазана на 10 кг), а на трэці дзень лёд сагнала. Мы пайшлі [на лодцы] па рацэ і пабачылі ў эхалоце некалькі добрых сілуэтаў. Я закінуў вуду і зачапіў сама. Гэта было фізічна складана. Каля 30 хвілін змагаўся з ім і выцягнуў на бераг. На гэтым гісторыя і скончылася. Рыба больш не ішла. Ну як? Яна была, але пайшла пад лёд, і дастаць яе адтуль было амаль нерэальна.
Для Віталя гэты сом – самы вялікі, якога ён калі-небудзь злавіў. Але рыба была выпушчана ў Свіслач, бо з 1 лістапада па 31 сакавіка, дзеля захавання папуляцыі, забаронены лоў сома. Як запэўнівае рыбак, ён не забраў бы яго дадому ў любым выпадку, бо не ест сома, які амаль такі ж тлусты, як сала. А вось карп і сазан яму сапраўды смачныя.
Рыбакі кажуць, што ў Свіслачы шмат самоў. У апошнія гады рыбакі часта атрымліваюць трафеі з вады па 25-30 кілаграмаў.
31-гадовы жыхар Касцюковіцкага раёна здзейсніў крадзёж электрарухавіка на малочна-таварнай ферме, дзе працаваў жывёлаводам. Гэта адбылося яшчэ ў красавіку 2022 года і з таго часу мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб невыездзе і добрых паводзінах. У жніўні 2022 года ён, аднак, уцёк у Расію. У дачыненні да яго завочна абралі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту і аб’явілі вышук. У верасні 2022 года мужчына быў затрыманы ў Расіі і экстрадаваны ў Беларусь. Цяпер яму прызначаны штраф у 40 базавых велічынь – піша “Родная ніва”.
Выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў канчатковае рашэнне адносна рэгламента Чэмпіяната краіны па футболе на 2023 год.
У сувязі з тым, што каманда з першай лігі “Макслайн”, што прабілася ў вышэйшы дывізіён праз стыкавыя матчы, занадта маладая і не з’яўляецца сябрам федэрацыі патрэбныя два гады, яна была выключаная з розыгрышу чэмпіяната. Просьбу кіраўніцтва каманды прымяніць у дачыненні да “Макслайн” з Рагачова выключэнне адхілілі. У выніку колькасць каманд Вышэйшай лігі будзе няцотнай – 15 клубаў.
У эліце застаецца “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла 12-ты радок з 30 ачкамі за 30 гульняў. “Днепр” з 12 баламі заняў апошні радок турнірнай табліцы ў 2022 годзе і вылецеў у Першую лігу.
Чэмпіянат стартуе 17 сакавіка, а завершыцца 3 снежня. Гуляць, дарэчы, будуць афіцыйным мячом чэмпіянату свету-2022, піша pressball.