Даўні Магілёў – пра што пісала ў гэты дзень дарэвалюцыйная гарадская прэса

Як дзялілі спадчыну – малодшы брат ударыў старэйшага камянем па твары і ў нервовым прыпадку абкусаў сабе рукі. Надзвычайная шчырасць гарадскога рамізніка патрапіла на старонкі газеты.

Mogilev.media пачынае новую рубрыку – цікавыя звесткі з гарадской прэсы дарэвалюцыйнага часу. Вашай увазе ўрыўкі хронікі з газеты “Магілёўскі веснік” за 26 чэрвеня.

Магілёўская прэса ў асноўным была засяроджаная на агульнадзяржаўных і палітычных тэмах, аднак у сярэдзіне нумароў змяшчаліся так званыя “Мясцовыя звесткі” – кароткія нататкі з гісторыямі гарадскога жыцця. Вось некалькі звестак з “Магілёўскага весніка” за 1911 год.

У 1912 годзе ў гэты дзень разыгрываліся трагічныя і драматычныя падзеі.

Працяг будзе.

П’яны жартаўнік у Магілёве “замініраваў” гандлёвы цэнтр

Вечарам 25 чэрвеня ў адзін з гандлёвых цэнтраў Магілёва зайшоў нецвярозы 42-гадовы мужчына і паведаміў ахоўніку, што ў яго ў заплечніку знаходзіцца выбуховае прыстасаванне. Работнікі магазіна націснулі кнопку трывожнай сігналізацыі, пасля чаго жартаўнік уцёк.

Мужчыну хутка знайшлі па прыкметах. Ён быў затрыманы проста на прыпынку побач групай затрымання аддзела Дэпартамента аховы МУС. Высветлілася, што 42-гадовы магілёвец пажартаваў, а ў заплечніку ў яго насамрэч знаходзяцца асабістыя рэчы – паведамляе БелТА.

Цяпер мужчыне пагражаюць штраф і крымінальная адказнасць са зняволеннем да сямі гадоў.

Фота ілюстрацыйнае

Паглядзіце, як пафасна адкрывалі дзіцячую пляцоўку ў Кіраўску

З чырвонай стужкай, з высокімі прамовамі мясцовых чыноўнікаў адкрылася новая дзіцячая пляцоўка ў Кіраўску.

Сёлета ў райцэнтры павіна з’явіцца тры дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, якія прапішуцца ў дварах каля шматкватэрных жылых дамоў. І вось першая з іх – каля дома па вул.Валадарскага, 34, была ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыта на гэтых выходных. 

Адбылося цэлая пафаснае мерапрыемства. Спачатку кіраўнікі раёна і дырэктар кіраўскага будаўнічага прапрыемства разрэзалі чырвную стужку, а затым пачаліся прамовы на публіку паведамляе раённая газета “Кіравец”. 

Пасля прамоваў кіраўніцтва раёна, былі яшчэ і песні.

Па заканчэнні афіцыйных ўрачыстасцяў гульнявую пляцоўку жыва запоўніла дзетвара, у паветры загучаў вясёлы дзіцячы смех, а ўсе элементы дзіцячай зоны пачалі актыўна выкарыстоўвацца.   

Фота: “Кіравец”.

26 чэрвеня ў гісторыі. Здарэнне ў Гамельне. «Люблю Беларусь!». Статут ААН. Мінск – горад-герой. Нарадзіліся У. Матыль, Ю. Несцярэнка

Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным зваротам (International Day Against Drug Abuse and Illicit Trafficking, з 1987 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН для стварэння міжнароднага грамадства, свабоднага ад наркаманіі.

Да 60% насельніцтва Беларусі ва ўзросце да 21 года можа быць аднесена да групы рызыкі.

За апошнія 8-9 гадоў колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія ўжываюць наркотыкі, узрасла амаль у 8 разоў. Колькасць смяротных выпадкаў ад ужывання наркотыкаў за апошнія 10 гадоў павялічылася сярод насельніцтва ў Беларусі ў 12 разоў, а сярод дзяцей – у 42 разы.

Рост наркаманіі рэзка абвастрае праблему СНІДу. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі ВІЧ-інфіцыраваных штогод падвойваецца. Сярод іх 80% – наркаманы. Колькасць асоб, якія эпізадычна ўжываюць наркатычныя рэчывы дасягае больш за 8,3 тысячы чалавек. Сярэдні ўзрост хворых 20-22 гады.

Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў (International Day in Support of Victims of Torture, з 1987 года).

Менавіта ў гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Нягледзячы на нормы міжнароднага і нацыянальнага права, прынцыпы чалавечнасці і роўнасці, у некаторых краінах працягваюцца катаванні. Прагрэсіўнае чалавецтва асуджае любыя дзеянні, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

Катаванні з’яўляюцца злачынствам у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права.

1284 год. У нямецкім Гамельне здарылася маркотнае здарэнне, распачатае са спробы выгнання з горада пацукоў, якія распладзіліся.

Жыхары гатовы былі прапанаваць любыя грошы таму, хто выратуе іх ад пошасці. І вось нечакана з’явіўся незнаёмы. З маёмасці пры ім была толькі дудачка. Але якраз з яе дапамогай ён падахвоціўся вывесці грызуноў з Гамельна за добрую плату.

І сапраўды, зайграў на сваім інструменце і вывеў зачараваных музыкай жывёл. “Як проста!” – закрычалі гараджане і адмовіліся плаціць. 

На наступны дзень на вуліцы зноў пачуліся гукі дудкі. І 130 гамельнскіх хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся ў шлях за “ведзьмаком”, які завёў іх у раку Везер, дзе ўсе патанулі.

Гэта гісторыя добра вядомая з казкі пра “Гамельскіх пацукоў” братоў Грым, напісанай у XIX стагоддзі.  

1863 год. У Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы (Чырвоны ронд).

Цэнтр кіраўніцтва паўстаннем 1863-1864 гадоў на чале з Якубам Гейштарам і членамі К. Каліноўскім і У. Малахоўскім.

Паролем для вызначэння прыхільнікаў паўстання было: 

-«Каго любіш?» 

-«Люблю Беларусь» 

-«То, узаемна».

Паўстанне выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне».

1909 год. Нарадзіўся Антон Адамовіч (1909-1998)

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі, Сябра Рады БНР.

Даследчык творчасці М. Гарэцкага, рэцэнзент кніг, у тым ліку Н. Арсенневай «Сягоння».

Аўтар грунтоўных прадмоў да шматлікіх эмігранцкіх выданняў, у тым ліку У. Дубоўкі, Якуба Коласа, А. Мрыя, аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Супрацоўнік радыёстанцыі «Свабода».

Пахаваны на Беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

1923 год. У г. Горкі нарадзіўся Аляксандр Слука (1923–2007).

Сусветна вядомы эканоміка-географ, ганаровы прафесар МДУ імя М.Ламаносава, Ганаровы член Рускага геаграфічнага таварыства, доктар геаграфічных навук.

Выхаванец Горацкай СШ №2. Праз усё сваё жыццё ён пранес сапраўдную любоў, “геаграфічныя пачуцці” да вывучэння праблем насельніцтва, захаваў зусім адмысловае, вельмі цёплае, трапяткое і ўважлівае стаўленне да Беларусі.

Акрамя радзімы, яго другое каханне – Францыя, якую ведаў лепш за большасць французаў.

1927 год. У г. Лепелі нарадзіўся Уладзімір Матыль (1927-2010).

Рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. Народны артыст Расіі.

Вядомы значнаму колу гледачоў па фільмах «Жэня, Жэнечка і „кацюша“», «Белае сонца пустыні» (Дзяржаўная прэмія), «Зорка чароўнага шчасця». 

1940 год. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб пераходзе на васьмігадзінны працоўны дзень, на сямідзённы працоўны тыдзень і аб забароне самавольнага сыходу з працы”.

Згодна з пастановай, рабочыя і служачыя, якія самавольна пайшлі з дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх прадпрыемстваў або ўстаноў, а таксама самавольна перайшлі з аднаго прадпрыемства на другое, аддаваліся суду і маглі падвяргацца турэмнаму зняволенню тэрмінам ад 2 да 4 месяцаў. За прагул без паважлівай прычыны рабочыя і служачыя караліся папраўча-працоўнымі работамі па месцы працы на тэрмін да 6 месяцаў з утрыманнем з заробку да 25%.

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Куляшоў (1941-1999).

Беларускі акцёр, народны артыст.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і ўсё жыццё прысвяціў служэнню ў коласаўскім тэатры (Віцебск).

Акрамя тэатральных пастановак, быў задзейнічаны ў кіно – зняўся ў амаль 40 фільмах, у тым ліку “На Чорных Лядах”, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, “Плач перапёлкі”, “Дуброўскі”, “Знак бяды”, “Палеская хроніка”, “Людзі на балоце”.

Памёр 22 верасня 1999 года.

1941 год. Расстраляны НКУС у лесе пад Мінскам Зэлік Аксельрод (1904-1941).

Беларускі яўрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш.

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці». Пасля гэтага здарэння быў арыштаваны.

1945 год. Прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сярод стран-заснавальніц былі і Беларусь, і Украіна.

Статут уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945 года і гэта дата адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

1965 год. У в. Прыбар Быхаўскага раёна нарадзіўся Юрый Несцярэнка.

Беларускі кампазітар, музыка, краязнавец, выдавец, педагог.

Стваральнік гуртоў “Рок-транс-аўта” (Мінск),  “White Night Blues” (Бялынічы), удзельнік  мінска-полацкай калабарацыі “Тутэйшыя”, магілёўскіх гуртоў “Рынка”, “Фэт Джон” і іншых.

Аўтар артыкулаў ў “Дзеяслове”, кніг для дзяцей, па гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна, выпусціў 7 дыскаў.

Разам з А. Макарэвічам запісаў беларускамоўныя каверы на вядомыя песні “Машыны часу”.

1974 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

Да гэтага, у 1966 годзе такіх званняў ўдастоены Масква, Ленінград (цяпер- Санкт-Пецярбург), Сталінград (цяпер Валгаград), Кіеў, Адэса, Севастопаль, Брэсцкая крэпасць (Крэпасць-Герой), у 1973 – Новарасійск, Керч.

У гонар гэтай падзеі ў 1985 годзе ў беларускай сталіцы ўзведзены архітэктурна-скульптурны комплекс. Ён уключае абеліск (45 м вышынёй) і бронзавую скульптуру «Радзіма-маць».

2016 год. Памёр Сяргей Картэс (1935, Сан-Антоніа, Чылі-2016).

Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, на  «Беларусьфільм», у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.

2018 год. Памёр Алесь Зайка (1948-2018).

Беларускі краязнавец. Лаўрэат прэміі імя Тадэвуша Касцюшкі. Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна.

Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, загадваў школьным этнаграфічным музеем у роднай в. Заполле Івацэвіцкага раёна.

Збіраў фальклор, запісваў народныя словы і выразы, фатаграфаваў традыцыйную архітэктуру.

Укладальнік выданняў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны». Аўтар кніг некалькіх кніг прозы, працы «Мікратапаніміка Івацэвіччыны».

Яго клопатам у 25 найбуйнейшых населеных пунктах Івацэвіцкага раёна з’явіліся мемарыяльныя дошкі са звесткамі аб першым згадванні вёскі ці мястэчка.

Фота з адкрытых крыніц.

На Мсціслаўшчыне развальваецца барочны храм ХVIII стагоддзя, а прыход цешыцца новенькай драўлянай царквой

Праваслаўныя вернікі аграгарадка Сялец Мсціслаўскага раёна адзначаюць пяцігадовы юбілей новай драўлянай царквы Ануфрыя Вялікага, а побач знаходзіцца старая барочная Свята-Ануфрыеўская царква ў закінутым стане, хоць яна і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

У вёсцы Сялец Мсціслаўскага раёна ёсць адно ўнікальнае і атмасфернае месца – Свята-Ануфрыеўская царква ХVІІІ стагоддзя, якая была пабудаваны ў стылі барочнага класіцызму. Узведзена яна была як уніяцкая пры даўнім праваслаўным манастыры, а пасля паўстання 1830-1831 года была перададзена праваслаўным. 

Храм захаваўся няблага, але выглядае досыць сумна, бо патрабуе грунтоўнай рэстаўрацыі. У 2007 годзе Свята-Ануфрыўская царква ХVІІІ стагоддзя была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як аб’ект гістарычнай спадчыны рэспубліканскага значэння. Але на гэтым усё і скончылася, бо ўнікальны помнік сакральнай архітэктуры так і застаецца гібець, пакрысе развальваючыся пад уплывам часу. 

Шмат год у Сяльцы не было дзеючай царквы, бо стары манастырскі корпус за савецкім часам быў пераабсталяваны пад школу, а царква – пад спартыўную залу. У 1950-х гадах улады разабралі металічны дах будынка, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Мясцовыя вернікі раней звычайна ездзілі за 17 кіламетраў у Мсціслаў, каб пабыць у царкве. Аднак шэсць год таму жыхары Сяльца сабралі подпісы і хадайнічалі аб аднаўленні царкоўнага жыцця.

Духавенства дала згоду на аднаўлення праваслаўнага прыхода, аднак аднаўляць старадаўні помнік сакральнай архітэктуры не сталі, а ўзяліся за будаўніцтва новай драўлянай царквы. Сродкі на будаўніцтва храма дапамагалі збіраць не толькі мясцовыя жыхары, але і вернікі з Мсціслава. 

У верасні 2017 года ў Сяльцы пачалося будаўніцтва царквы, а 18 лютага 2018 года храм асвяціў біскуп Сафроній. Горацкі лясгас даў лес для будучага храма, а водаканал зрабіў зруб. Будаваць царкву дапамагалі манахі з Пустынскага мужчынскага манастыра, які знаходзіцца пад Мсціславам. 25 чэрвеня царква адзначыла першае прастольнае свята. 

Драўляны храм атрымаўся невялікі і камерны – на дваццаць чалавек. Царква прыпісная, адносіцца да прыходу храма ў гонар абраза Тупічаўскай Божай Маці. Набажэнствы ў ёй вядзе клірык сабора Аляксандра Неўскага іерэй Мікалай паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Па словах старажылаў, у колішнія часы ў прастольнае свята на царкоўнай тэрыторыі заўсёды праходзіў Ануфрыеўскі кірмаш. Сюды з’язджалася шмат людзей са ўсёй акругі. Гандлявалі сельскагаспадарчымі прадуктамі, начыннем. Адным словам, тут можна было набыць усё патрэбнае. І людзей на службу прыходзіла шмат, нават не заўсёды хапала ўсім месца ў храме.

Адзначым, што Свята-Ануфрыеўская царква на прасторах Магілёўшчыны з’яўяецца важным аб’ектам архітэктуры, які пры жаданні можна адрэстаўраваць і прывесці ў належны выгляд, бо яна няблага захавалася да сённяшняга дня. Больш за тое, краязнаўцы ўжо зрабілі графічную рэканструкцыю храма, згодна якой царква выглядае прыгожа і ўзнёсла.  

Фота: “Святло кастрычніка” і radzima.org

У Дашкаўцы пад Магілёвам ваду ў калодзежы прызналі непрыдатнай для піцця

У студні па адрасе – Дашкаўка, вуліца Паўночная, дом 20 якасць вады не адпавядае гігіенічным нарматывам па санітарна-хімічных і мікрабіялагічных паказчыках. Пра гэта паведамілі ў Дашкаўскім сельвыканкаме са спасылкай на Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Да атрымання вынікаў лабараторных выпрабаванняў, якія сведчаць аб адпаведнасці патрабаванням бяспекі, выкарыстоўваць ваду для піцця нельга.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”

У Мсціславе пабудуюць інклюзіўную дзіцячую пляцоўку – дапамог каталіцкі фонд

На тэрыторыі Мсціслаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіцца новая інклюзіўная дзіцячая пляцоўка коштам 15 000 рублёў – паведамляе “Святло Кастрычніка”. Як расказала дырэктар цэнтра Святлана Цітова, спонсарам для ўладкавання пляцоўкі выступіла дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Грошы былі выдзелены пад мікрапраект “Інклюзіўная сэнсарна-дынамічная пляцоўка як сродак развіцця рухальнай актыўнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

– Наш калектыў сумесна з бацькамі выхаванцаў распрацаваў гэты праект для ўдзелу ў конкурсе дабрачынных праектаў “Рух у радасць”. Усяго да ўдзелу было прадстаўлена 45 работ з усёй Беларусі. Па выніках конкурсу наша ўстанова заняла другое месца. Прызам стала фінансаванне дзіцячай пляцоўкі. – распавяла дырэктар цэнтра карэкцыі.

Фота: “Святло Кастрычніка”

У Бабруйску прайшоў жаночы забег, дрэс-код ружовы – фота

На гэтым тыдні ў Бабруйску студэнткі будаўнічага коледжа правялі першы ў горадзе жаночы забег. Абавязковым атрыбутам у ім быў ружовы колер вопраткі – паведамляецца на сайце коледжа.

Фота: “Бабруйскае жыццё”

Дзіцячы парк у Крычаве ператварылі ў ідэалагічную пляцоўку

Крычаўскі дзіцячы парк за апошні час ператварыўся ў пляцоўку, якая насычана асноўнымі ідэалагічнымі пастулатамі дзяржавы. У ім можна пабачыць алеі вайны і міру, выявы мясцовых партызанаў і спартоўцаў, сярод якіх – Аксана Мянькова, якую пазбавілі алімпійскай узнагароды за допінг. 

Парк лакалізуецца ў старой частцы горада, зусім блізка з сярэдняй школай № 1. У мінулым годзе ў парку былі ўсталяваны банэры, якія ілюструюць савецкія дывізіі, што вызвалялі Крычаў. Яны размешчаны такім чынам, што вядуць да брацкай магілы салдатаў, якія палеглі ў баях падчас абароны горада. Гэтая брацкая магіла ў старой частцы Крычава, дарэчы, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю горада. 

Акрамя таго, былі ўсталяваны банэры з выявамі і асноўнай інфармацыяй пра самых вядомых удзельнікаў партызанскага руху на Крычаўшчыне, імёнамі якіх названы вуліцы горада. 

На гэтым “банерызацыя” дзіцячага парка не скончылася, а працягнулася ў выглядзе ўсталявання стэндаў з выявамі спартоўцаў, якія бралі ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях і паходзяць з Крычава. Напрыклад, Аксана Мянькова, якая на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне ў дысцыпліне кідання молата здабыла залаты медаль. Аднак Алімпійскі камітэт яшчэ ў 2016 годзе дыскваліфікаваў Мянькову і пазбавіў залатога медаля з-за знойдзенага ў тэстах спартсменкі допінгу.  

Адзначым, што некалькі год таму з’явілася і алея воінаў-інтэрнацыяналістаў, што дадае героікі ідэалагічна насычанаму гарадскому дзіцячаму парку. 

А літаральна два месяцы таму побач з алеяй воінаў-інтэрнацыялістаў з’явіўся яшчэ адзін падобны аб’ект – алея міра і стваральнай працы. Пагэтаму ў дзіцячым парку цяпер дзве алеі, якія спалучаюць вайну, мір і стваральную працу ў адзін сэнсавы клубок.

 

Праўда, ідэалагічная нагрузка дзіцячага парка, які афіцыйна называецца скверам імя 60-годдзя Кастрычніка, пачалася яшчэ за савецкім часам. Менавіта тады з’явілася брацкая магіла савецкіх салдатаў і канечне ж, побач быў пабудаваны дом піянераў і помнік Леніна. Цяпер колішні дом піянераў трансфармаваўся ў філіял Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут”, а летась знік і помнік Леніна, пра што пісалі mogilev.media.

Аднак, ідэалагічная апрацоўка зялёнай зоны адпачынку ў цэнтры горада працягваецца, з’яўляюцца новыя ідэалагічна “правільныя” аб’екты, што ствараюць новыя сэнсы і мэседжы.  

Фота: mogilev.media

Невялікае паніжэнне тэмператур, пахмурнае з дажджамі надвор’е.

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць невялікае паніжэнне тэмператур, у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-усходнія і паўночныя. Сярэднія сутачныя тэмпературы пад +20°С. Удзень да +16 +27°С, начныя тэмпературы ад +13  да +15°С. Працягласць дня будзе змяншацца па хвіліне, да 17:04 у пятніцу. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:31, зойдзе ў 21:35.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 26 чэрвеня. У ноч з нядзелі на панядзелак да +14°С, раніцай да +14°С, удзень і ўвечары да +26°С. На працягу сутак будзе воблачна, у другой палове дня значная верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія, хуткасць да 2-3 м/с. Месяц расце.

У аўторак, 27 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, месцамі магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-усходнія вятры, хуткасць да 2-5 м/с. Уноч і ўранні каля +14°С, днём тэмпература крыху падрасце і дасягне рыскі +16°С, месцамі да +18°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на адзнацы не ніжэй за +16°С. Месяц расце.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 28 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна з ападкамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +14°С, у другой палове дня да +23°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія і паўночныя вятры хуткасцю 4-5 м/с. Месяц расце.

У чацвер, 29 чэрвеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-усходні хуткасцю 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +27°С. Месяц расце.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 30 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць на працягу сутак дажджы, панаванне паўночна-заходніх і паўночных вятроў хуткасцю да 2-3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +15°С, удзень і ўвечары да +27°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media